Аляксей Шкадарэвіч
Аляксей Шкадарэвіч | |
Дата нараджэньня | 27 кастрычніка 1947 (76 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт |
Занятак | навуковец |
Навуковая сфэра | лазэрная фізыка |
Месца працы | «Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне» |
Вядомы як | стваральнік вытворчасьці лазэрных прыбораў у Беларусі |
Навуковая ступень | доктар навук (1988) |
Узнагароды |
Аляксе́й Пятро́віч Шкадарэ́віч (нар. 1947, Капыль, Менская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі фізык-вынаходнік.
Доктар фізыка-матэматычных навук (1988) і прафэсар (1990). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000) за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока». Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014). Стварыў у Беларусі вытворчасьць лазэрных прыбораў для мэдыцыны і прамысловасьці, а таксама для касьмічных апаратаў[2]. Кавалер ордэнаў Францішка Скарыны (2008) і Пашаны[3].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1970 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і працаўладкаваўся дасьледнікам у Інстытут фізыкі Акадэміі навук БССР, а пазьней малодшым і старэйшым навуковым супрацоўнікам. У 1979 годзе перайшоў на Беларускае оптыка-мэханічнае аб’яднаньне (БелОМА)[4], дзе стаў начальнікам Міжведамаснага канструктарскага аддзелу. У 1984 годзе заняў пасаду намесьніка галоўнага інжынэра ЦКБ «Пеленг». У 1986 годзе выдаў кнігу «Фізыка і спэктраскапія лазэрных крышталяў»[2]. У 1988 годзе атрымаў навуковую ступеню доктара фізыка-матэматычных навук. У 1990 годзе стаў прафэсарам[4]. У 1992 годзе стаў 1-м кіраўніком дзяржаўнага прадпрыемства «Лазэры ў экалёгіі, мэдыцыне і тэхналёгіі» («ЛЭМТ») ў складзе БелОМА. Пры гэтым, стварыў «ЛЭМТ» на аснове ўдзелу 55 супрацоўнікаў ЦКБ «Пеленг»[5]. Напісаў навуковыя працы ў галіне лазэрнай фізыкі, оптыкі і оптаэлектронікі, а таксама пра стварэньне цьвёрдацельных перанастройвальных лазэраў з выбарачнай пампоўкай. Распрацаваў некалькі аптычных і лазэрных прыладаў для мэдыцыны і прамысловасьці. У 1997 годзе выдаў супольную манаграфію «Лазэры ў клінічнай хірургіі». Таксама ў 1997 годзе «ЛЭМТ» пачаў пастаўляць аптычныя прыцэлы для войска Швэцыі. У 1998-м стаў суаўтарам манаграфіі «Нізкаінтэнсіўныя лазэры ў клінічнай практыцы». У 2000 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкль працаў «Мэханізмы разьвіцьця, мэтады і сродкі лячэньня глаўкомы, катаракты, фотапашкоджаньняў сятчаткі вока»[4].
У 2004 годзе стаў сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ). Увёў у практыку звыш 20 новых лазэрных матэрыялаў. Выявіў фотатропны эфэкт на іёнах Cr4+ у крышталях гранату, які служыць асноўным матэрыялам для пасіўнага мадуляваньня мацунку неадымавых лазэраў. Дасьледаваў фізычныя ўласьцівасьці F2-цэнтраў афарбоўкі ў крышталях фторыстага ліцьця, на аснове якіх распрацаваў прамысловы спосаб атрыманьня лазэрных асяродзьдзяў для канструяваньня лазэрных прыбораў для дальнамэтрыі і касьмічных апаратаў. Асвоіў вытворчасьць лазэраў на александрыце і сапфіры з тытанам, лазэраў з дыёднай напампоўкай і бясьпечнай даўжынёй хвалі выпраменьваньня, а таксама палімэрныя лазэры на фарбавальніках. Распрацаваў і асвоіў вытворчасьць лазэрных прыбораў у Беларусі для лячэньня вачэй і скуры, а таксама ад раку і для прымяненьня ў хірургіі. Сярод іншага, стварыў вытворчасьць лазэрных прыбораў для дрэваапрацоўчай прамысловасьці і машынабудаваньня, паліграфіі і шыннай прамысловасьці. Стварыў звыш 370 навуковых працаў, у тым ліку звыш 90 вынаходзтваў, 5 манаграфіяў і 3 падручнікі[2].
19 лютага 2008 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 99 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь», паводле якога Аляксей Шкадарэвіч атрымаў ордэн Францішка Скарыны за заслугі ў галіне навукі[6]. Да 2013 году пад кіраўніцтвам Шкадарэвіча на «ЛЭМТ» распрацавалі цеплавізары і аптычныя прыборы для супрацьпаветранай абароны, прыцэлы саманавядзеньня і оптыку для бесьпілётнікаў. Пры гэтым, стварылі лябараторыю кантролю электронна-аптычных пераўтваральнікаў для прыбораў начнога бачаньня. У 2013 годзе стварыў участак вырабу асфэрычнай інфрачырвонай оптыкі з нанясеньнем алмазападобных пакрыцьцяў на аптычная паверхні лінзаў. Таксама на «ЛЭМТ» стварылі ўчастак аптычных дэталяў 1-й клясы чысьціні[7]. 17 лістапада 2014 году Агульны сход НАНБ абраў Шкадарэвіча акадэмікам па спэцыяльнасьці прыборабудаваньне[8].
25 кастрычніка 2021 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 417 «Аб узнагароджаньні» Шкадарэвіча ордэнам Айчыны 3-й ступені[9], які той атрымаў 27 студзеня 2022 году[10].
1 ліпеня 2023 году Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць Аляксея Шкадарэвіча[11]. У сьнежні 2023 году ён трапіў у санкцыйны сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[12].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ https://nasb.gov.by/bel/members/akademiki/shkadarevich.php
- ^ а б в Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ а б в Мікалай Савік. Шкадарэвіч Аляксей Пятровіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — С. 419. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ Вераніка Канюта, Алена Даўжанок. «Любы крызіс — час для актыўных людзей, які можна выкарыстацб з выгадай» // Зьвязда : газэта. — 9 лістапада 2021. — № 216 (29585). — С. 8, 9. — ISSN 1990-763x.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 лютага 2008 г. № 99 «Аб узнагароджаньні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 26 лютага 2008 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. Шлях на новыя сусьветныя рынкі ляжыць праз мадэрнізацыю // Газэта «Зьвязда», 21 сьнежня 2013 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ У НАН Беларусі выбраны 16 акадэмікаў і 28 членаў-карэспандэнтаў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 лістапада 2014 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 25 кастрычніка 2021 г. № 417 «Аб узнагароджаньні» // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 27 кастрычніка 2021 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ Беларусы дакладна ведаюць: усё ў нашых руках. Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам // БелТА, 27 студзеня 2022 г. Праверана 30 студзеня 2022 г.
- ^ Белорусский академик попал под украинские санкции (рас.) Народная Воля
- ^ Russia-related Designations; Belarus Designations; Issuance of Belarus General License (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2023-12-05). Праверана 2023-12-06 г.