Беларускі камітэт самапомачы
Беларускі камітэт самапомачы — беларуская калябаранцкая сацыяльна-культурніцкая арганізацыя ў III райху і акупаваных ім краінах на пачатку II сусьветнай вайны.
Улетку 1940 году беларусы, якія пражывалі ў Бэрліне, атрымалі дазвол на стварэньне пры Беларускім прадстаўніцтве ўласнай арганізацыі. Плянавалася назваць яе Беларускім нацыянальным камітэтам, аднак нямецкія ўлады не далі на гэта згоды. Беларуская ўстанова з азначэньнем «нацыянальнай» магла быць палічаная Саветамі за палітычную.
На чале камітэту стаў Мікалай Шкялёнак, сакратаром — былы консул БНР у Бэрліне Андрэй Бароўскі. У склад камітэту ўвайшлі таксама Мікола Абрамчык, Базыль Камароўскі, Аляксандар Крыт, Баляслаў Барткевіч.
Неўзабаве паўсталі аддзяленьні камітэту ў Познані і Лодзі, пазьней — у Варшаве, Празе, Торуні, Вене, Ляйпцыгу, Мюнхэне, Гамбургу.
Асноўнай мэтай дзейнасьці была арганізацыя сацыяльнай дапамогі над беларускім насельніцтвам, якое пражывала на тэрыторыі пад нямецкім уплывам, і культурніцка-асьветная дзейнасьць. Фінансаваньне адбывалася за кошт складкаў сяброў і продажу беларускай літаратуры. Фармальна камітэт быў незалежны, хоць фактычна знаходзіўся пад патранатам Міністэрства ўнутраных справаў Райху. Незадоўга да нападу Нямеччына на Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ён стаў таксама асяродкам палітычнай дзейнасьці. На пачатку 1942 року БКС атрымаў дазвол на правядзеньне ў Бэрліне беларускіх курсаў. Іх скончылі каля 30 асобаў, аднак гітлераўцы забаранілі ім выехаць на Беларусь для працы ў акупацыйная нямецкай адміністрацыі.
За час сваёй дзейнасьці камітэт выдаваў кнігі беларускіх аўтараў, напрыклад, повесьць «Сымон-музыка» Якуба Коласа, зборнік вершаў «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш, «Падручнік нямецкае мовы для беларусаў», «Гісторыю Беларусі ў картах». Ладзіліся сустрэчы, сэмінары, канфэрэнцыі і да т. п. На пачатку 1944 року камітэт налічваў каля 13 тысячаў сябраў. Са сканчэньнем вайны дзейнасьць была спыненая.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Turonek. Białoruś pod okupacją niemiecką, 1989. С.33