Васіль Гарустовіч
Васі́ль Іо́сіфавіч Гарусто́віч (26 лютага 1914, Адэса — 15 сакавіка 1987, Пружаны) — лекар, хірург пружанскай цэнтральнай больніцы, які правёў больш за 20 000 апэрацыяў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 26 лютага 1914 ў Адэсе, куды ягоныя бацькі выехалі на пачатку XX стагодзьдзя ў пошуках лепшае долі. Перад самай вайной сям’я вярнулася ў родную вёску Табарыскі Сухопальскай воласьці. У сям’і было восем дзяцей.
Васіль атрымаў хатнюю адукацыю, а ў 1928 року паступіў у 5 клясу Шарашоўскай агульнаадукацыйнай гімназіі. Скончыўшы 7-ю клясу, вырашыў паступаць у Пружанскую сэмінарыю, аднак плата за навучаньне аказалася вельмі вялікай (500 злотых), таму працягнуў навучаньне ў 5-й клясе Пружанскай вышэйшай гімназіі (тут навучаньне каштавала 135 злотых)[1]. Адначасна падпрацоўваў рэпэтытарствам, вырабамі з лазы, каб аплочваць навучаньне і малодшага брата.
Скончыўшы гімназію ў 1935, працаваў настаўнікам да 1937 року, пасьля паступіў на мэдычны факультэт унівэрсытэту імя Стэфана Баторыя (Вільня). Да прыходу Саветаў пасьпеў скончыць два курсы, пасьля працягнуў вучобу ў Львоўскім мэдычным інстытуце (1939—41). Вайна спаткала яго падчас праходжаньня практыкі ў г. Віжніца (Украіна). Вярнуўшыся на радзіму, даведаўся, што ягоная родная вёска Табарыскі спаленая нацыстамі, а бацькі аселі ў Пружанах. Тут Васіль пачаў працаваць лябарантам у больніцы, а ў 1942 року паступіў на пяты курс мэдычнага факультэту Кёнігзбэрскага ўнівэрсытэту і праз рок атрымаў дыплём урача-хірурга. У гэтым самым року пачаў працаваць у Пружанскай больніцы[2].
Пасьля прыходу Саветаў у ліпені 1944 року прызначаны загаднікам хірургічнага аддзяленьня, з 1945 року — галоўны ўрач больніцы, пазьней паліклінікі. Аднак потым савецкія ўлады адмовіліся прызнаць ягоны нямецкі дыплём, пагражалі адхіленьнем ад працы. У 1949 року Васіль Гарустовіч быў залічаны на пяты курс Менскага мэдычнага інстытуту, які скончыў у наступным року, атрымаўшы другі дыплём. Вярнуўся на працу ў Пружанскую больніцу, у 1951—1973 — загаднік хірургічнага аддзяленьня, у 1973—1985 — урач-хірург[1].
Карыстаўся вялізным аўтарытэтам жыхароў, стаў знакамітым хірургам, адным зь першых атрымаў першую атэстацыйную катэгорыю. Праз усё жыцьцё пранёс пашану і любоў да роднай мовы, ахвотна ёю карыстаўся, любіў сьпяваць беларускія песьні. Меў двух сыноў, адзін зь якіх, доктар, памёр заўчасна. Бацька паставіў на ягонай магіле гранітны помнік зь беларускамоўным надпісам — адзін зь нямногіх падобных на пружанскіх могілках:
|
Памёр у 1987 року.
Публікацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гарустович В. И. К казуистике повреждения органов таза и брюшной полости // Вестник хирургии имени И. И. Грекова. — 1965. — № 11. — С. 111.
- Гарустович В. И., Козлов Г. Т. К патологии дивертикула Меккеля. // Здравоохранение Белоруссии. — 1966. — № 6. — С. 74.
- Гарустович В. И. Проникающее ранение мочевого пузыря и правого легкого у ребенка. // Здравоохранение Белоруссии. — 1966. — № 3. — С. 81.
- Гарустович В. И. Эхинококкэктомия при нагноившемся гидатидозном эхинококке левой доли печени. // Здравоохранение Белоруссии. — 1967. — № 4. — С. 83-84.
- Гарустович В. И., Козлов Г. Т. Проникающее ранение сердца. // Здравоохранение Белоруссии. — 1967. — № 6. — С. 75.
- Гарустович В. И., Козлов Г. Т., Ромашок Д.И. Разрыв гигатской кисты червеобразного отростка. // Здравоохранение Белоруссии. — 1967. — № 7. — С. 71-72.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Значык «Выдатнік аховы здароўя БССР» (1969)
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Здановіч І. Гарустовіч Васіль Іосіфавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 31. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
- ^ Здановіч І. Гарустовіч Васіль Іосіфавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 32. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вызначыліся ў працы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружанскага р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 385, 421—422.
- Здановіч І. Гарустовіч Васіль Іосіфавіч // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэньня з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Берасьце: «Альтернатива», 2008. — С. 30—33. — 80 ас. — ISBN 978-985-6843-85-6