Віталь Сіліцкі
Гэты артыкул патрабуе ўдакладненьня артаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, адрэдагаваўшы яго (дапамога). |
Віталь Сіліцкі | |
Віталь Сіліцкі ў 2008 годзе | |
Дата нараджэньня | 25 сьнежня 1972 або 1972[1] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 11 чэрвеня 2011 або 2011[1] |
Месца сьмерці | |
Прычына сьмерці | Рак ныркі |
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт Ратгерскі ўнівэрсытэт |
Занятак | журналіст, палітоляг |
Навуковая сфэра | паліталёгія, сацыялёгія |
Месца працы | Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (з 2007 году — старшыня) |
Вядомы як | першы дырэктар БІСС, распрацоўшчык канцэпцыяў прэвэнтыўнага аўтарытарызму і аўтарытарнага інтэрнацыяналу, палітоляг, сацыёляг, аналітык |
Навуковая ступень | доктар філязофіі[2] |
Навуковы кіраўнік | Робэрт Р. Каўфман |
Віта́ль Сілі́цкі (25 сьнежня 1972, Менск — 11 чэрвеня 2011, Менск)[3] — беларускі палітоляг, аналітык, першы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў[4]. Доктар філязофіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (Нью-Джэрзі, ЗША), распрацоўшчык канцэпцыяў «прэвэнтыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадзкі дзяяч і блогер.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў Менску, маці — выхавальніца ў дзіцячым садку, бацька і брат — працоўных спэцыяльнасьцяў.
У 1989—1994 гг. навучаўся на аддзяленьні сацыялёгіі філязофска-эканамічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Атрымаў «чырвоны» дыплём. Тэма дыплёмнай працы: «Фармаваньне палітычнай эліты ў Беларусі». У 1993—1994 гг. навучаўся ў магістратуры Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту (Будапэшт). Атрымаў ступень магістра палітычных навук у 1994 г. Тэма магістэрскай дысэртацыі: «Палітычныя аспэкты працэсаў прыватызацыі ва Ўсходняй Эўропе»[5].
У 1994—1999 гг. навучаўся ў дактарантуры Ратгерскага ўнівэрсытэту (Нью-Джэрзі). У 1999 г. абараніў дысэртацыю на атрыманьне навуковай ступені доктара філязофіі (па праграме палітычнай навукі) на тэму «Вонкавыя абмежаваньні і кааліцыі: палітыка эканамічных рэформаў у краінах Цэнтральна-Усходняй Эўропы пасьля вяртаньня левых» (па-ангельску: Constraints and coalitions: Politics of economic reform in Central and Eastern Europe after the return of the left)[5][6]. Навуковы кіраўнік — Робэрт Р. Каўфман[7].
У 1999—2003 гг. — дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэту (ЭГУ) у Менску. За публічную крытыку палітыкі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі зьведаў ціск з боку ўладаў і адміністрацыі ЭГУ, у выніку чаго быў змушаны звольніцца[5].
У ЭГУ распрацаваў і выкладаў курсы: «Палітэканомія палітычнай рэформы ва Ўсходняй Эўропе і Лацінскай Амэрыцы», «Уводзіны ў міжнародную палітэканомію», «Міжнародная палітэканомія індустрыялізацыі ва Ўсходняй Азіі», «Эканамічная палітыка», «Палітычная эканоміка эўрапейскай інтэграцыі», «Ад таталітарызму да грамадзянскай супольнасьці: сацыяльная і палітычная трансфармацыя Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы»[5].
У 2004—2005 гг. стажыяваўся ў межах стыпэндыяльнай праграмы Рэйгана-Фасэла[8] пры Нацыянальным фондзе падтрымкі дэмакратыі (ЗША).
У 2006—2007 гг. быў запрошаным дасьледчыкам Цэнтру вывучэньня дэмакратыі, разьвіцьця і прававой дзяржавы ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, ЗША[5].
У якасьці незалежнага экспэрта браў удзел у дасьледаваньнях няўрадавай арганізацыі Freedom House (ЗША), супрацоўнічаў з Радыё Свабода і міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй Oxford Analytica[5].
У 2007—2011 гг. — першы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў,[9] аналітычнага цэнтру, заснаванага ў кастрычніку 2006 г. групай вядомых грамадзкіх дзеячоў і інтэлектуалаў. Інстытут распрацоўвае і прапануе станоўчыя альтэрнатыўныя сцэнары палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі краіны, а таксама шукае шляхі падвышэньня канкурэнтаздольнасьці Беларусі і дабрабыту яе грамадзянаў[10].
Ва ўспамінах аб Віталі Сіліцкім сябры і калегі адзначалі, што зь ім проста немагчыма было не сябраваць, ён трывала ўваходзіў у жыцьцё ўсіх, хто зь ім сутыкаўся. Віталь Сіліцкі быў таксама заўзятарам футбольнага клюбу «Лівэрпул». Іншымі фактамі пра сябе падзяліўся сам у публікацыі «25+1 выпадковых фактаў» у сваім фэйсбуку[11].
Калі ў ліпені 2010 г. Віталь даведаўся аб сваёй хваробе — раку ныркі — сябры і калегі падтрымалі яго. Апэрацыя па выдаленьні ныркі, праведзеная ў Беларусі, не дапамагла, і тады была арганізаваная міжнародная кампанія падтрымкі і збору сродкаў на лекаваньне. Доўгі час Віталь лячыўся ў Бэльгіі, аднак хвароба прагрэсавала, і ён вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў апошнія дні зь сябрамі і сям’ёй.
«Я паміраю. Але зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — пакінуў запавет сваім сябрам Віталь Сіліцкі ў адзін са сваіх апошніх дзён[12]. Памёр у 38 гадоў ад раку.
Асноўныя канцэпцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэвентыўны (апераджальны) аўтарытарызм: від аўтарытарызму, пры якім захаваньне ўлады ажыцьцяўляецца праз апераджальныя (прэвэнтыўныя) удары (у адрозьненьне ад рэактыўных пры маніпулятыўным аўтарытарызьме) супраць патэнцыйных пагрозаў (палітычных апанэнтаў, непадкантрольных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, недзяржаўных арганізацыяў), а таксама праз парушэньне выбарчага заканадаўства нават пры наяўнасьці безумоўных перавагаў і магчымасьці чэснай перамогі[13].
Аўтарытарны інтэрнацыянал: сумесныя высілкі аўтарытарных рэжымаў па барацьбе з распаўюдам дэмакратычнага «вірусу» і іх здольнасьць да арганізаванасьці на міжнародным узроўні і стварэньня чагосьці кшталту самаабароны. Гэтае апярэджваньне на міжнародным узроўні і здольнасьць аўтарытарных кіраўнікоў вучыцца на памылках сваіх калегаў і рабіць высновы з посьпехаў пабудовы дэмакратыі ў іншых краінах. Гэта працэс, люстэркавы працэсу «віруснага» распаўсюду дэмакратыі ў міжнародным вымярэньні[14].
Прэвентыўны аўтарытарызм (у тым ліку і на прыкладзе Беларусі) і яго разьвіцьцё да аўтарытарнага інтэрнацыяналу апісаныя ў працы Віталя Сіліцкага «Вірус стрыманы: прэвентыўны аўтарытарызм на постсавецкай прасторы (прыклад Беларусі)» (анг. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus)[14], 2006, для Цэнтру вывучэньня дэмакратыі, разьвіцьця і прававой дзяржавы ў Стэнфардзкім унівэрсытэце (анг. Center on Democracy, Development, and The Rule of Law).
Тэрыторыя свабоды: незалежная прастора, арганізацыя жыцьця людзей, ня згодных зь існым рэжымам, але аб’яднаных агульнымі цікаўнасьцямі і заняткамі; паралельнае грамадзтва, выдаткі існаваньня ў якім кампэнсуюцца высокім узроўнем узаемадапамогі і каардынацыі, што дае шанец дысыдэнцкаму руху перарасьці ў будучыні ў рэальную палітычную сілу[15].
Адкладзеная свабода: выданьне аднаго з найбольш істотных тэкстаў Віталя Сіліцкага, у якім на аснове параўнальнага аналізу апісваюцца працэсы зараджэньня і фармаваньня пэрсаналісцкіх рэжымаў уСэрбіі і Беларусі.
Роджэр Патоцкі, старшы дырэктар Эўразійскай праграмы Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (ЗША), сфармуляваў шэраг тэзаў, якія лейтматывам праходзілі праз асноўныя тэксты Віталя Сіліцкага:
- Працаваць у краіне, а не за яе межамі (Inside and Not Outside): Сіліцкі выступаў у падтрымку арганізацыяў, якія працуюць у Беларусі, і супраць стварэньня «дыяспары на Захадзе».
- Аб’яднаная апазыцыя (Unified Opposition): Віталь заўсёды выступаў супраць таго, каб дазваляць прыватным амбіцыям палітыкаў разьядноўваць апазыцыю, сьцьвярджаў, што моцная апазыцыя — гэта аб’яднаная апазыцыя.
- Палітычныя НДА (Political NGOs): Сіліцкі быў упэўнены, што недзяржаўныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітыцы, каб падтрымліваць і натхняць людзей.
- Уключанасьць (Be Engaged): Віталь верыў у абмеркаваньне, размову з Расеяй і Захадам. Патоцкі падкрэсьліў важнасьць міжнароднага дыялёгу для Беларусі сёньня.
- Глыбокі скептыцызм у адносінах да Расеі (Profound Skepticism of Russia): «Віталь зноў і зноў пісаў аб адмоўным уплыве Расеі ў тым, што тычыцца дэмакратычных каштоўнасьцяў». Роджэр Патоцкі ўдакладніў: Віталь ня верыў, што станоўчыя дэмакратычныя зьмены могуць прыйсьці ў Беларусь з Расеі.
- Разьвіцьцё дэмакратыі як годны ўчынак (Democracy Promotion as a Noble Act): Віталь разглядаў прасоўваньне дэмакратыі не як дывэрсію, але як жаданы, годны чын[16].
Ацэнка прафэсійнай дзейнасьці калегамі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па меркаваньні дацэнта паліталёгіі ўнівэрсытэту Таронта Лукана Вэя, Віталь Сіліцкі быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1990-х гг. і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюд дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сфэры распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсьліў канцэпцыю «прэвэнтыўнага аўтарытарызму» — па сутнасьці, гэта імкненьне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненьнем каардынацыі дзеяньняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі[17].
Хрысьці Фрыланд, рэдактарка выданьня «Томсан Рэйтэрс Дыджытал» (анг. Thomson Reuters Digital), належыць да экспэртаў, якія рэгулярна спасылаюцца на працы Віталя Сіліцкага. Адна з апошніх яе спасылак — на канцэпцыю аўтарытарнага інтэрнацыяналу ў аналізе для Рэйтэрс падзеяў у Эгіпце і Тунісе, пад назовам «Аўтарытарны інтэрнацыянал займае абарону» (анг. The Authoritarian International goes on the defensive), 4 лютага 2011 г.[18]
На думку Паўла Данэйкі, дырэктара Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру[19], Віталь Сіліцкі прадэманстраваў высокі ўзровень акадэмічнай аналітыкі. Да яго аналітыка ў Беларусі існавала альбо як эсэістыка, альбо мела ідэалягічную сутнасьць. Віталь прыцягнуў і зьяднаў вакол сябе новае кола экспэртаў. Гэтыя спэцыялісты зараз маюць разуменьне і здольнасьці прадстаўляць свае дасьледваньні на міжнародным узроўні[20].
Штэфан Малерыюс з фонду Конрада Адэнаўэра, Нямеччына (па-нямецку: Konrad Adenauer Stiftung), быў засмучаны, што побач зь Віталём не апынулася чалавека, здольнага распрацаваць на аснове яго дасьледваньняў плян палітычных дзеяньняў. Малерыюс адзначаў, што, зьяўляючыся аналітыкам і навукоўцам, Сіліцкі кансультаваў і даваў парады, калі яго пыталі, але ён ня быў паліттэхнолягам і не імкнуўся ім станавіцца[21].
Аб Віталі Сіліцкім таксама ўзгадвалі ў студзеньскім нумары «Journal of Democracy»(en) (2012), дзе ён быў названы «найлепшым палітолягам сваёй генэрацыі, які толькі мог зьявіцца на постсавецкай прасторы». Таксама ў траўні 2012 г. падчас сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя праграмы Рэйгана-Фасэла, аб Віталі Сіліцкім узгадвалі як аб «пладавітым аўтары і вядучым грамадзкім актывісьце»[22].
Грамадзкая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Віталь Сіліцкі быў шчырым патрыётам, які сапраўды любіў Беларусь. Ён жадаў бачыць яе дэмакратычнай і эўрапейскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура[23].
Віталь як шэраговы грамадзянін прымаў удзел у мітынгах і шэсьцях апазыцыі, у тым ліку і ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 г. Віталь пайшоў на плошчу, калі быў ужо хворы, і брутальны разгон мірных дэманстрантаў аказаў гнятлівы ўплыў на яго стан. Пазьней ён удзельнічаў у акцыях салідарнасьці з затрыманымі і палітзьняволенымі.
У 1992 г. Віталь Сіліцкі, тады яшчэ студэнт, далучыўся да Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (пазьней Аб’яднанай грамадзянскай партыі), займаўся яе моладзевай арганізацыяй. І хоць доўгі час не браў актыўнага ўдзелу ў жыцьці партыі, афіцыйна выйшаў з АГП толькі ў 2010 г., у знак нязгоды з паводзінамі Яраслава Раманчука, партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 г., пасьля разгону мірных дэманстрантаў і арышту кандыдатаў у прэзыдэнты.
Віталь Сіліцкі быў вядомым і ў беларускай благасфэры як карыстальнік «Жывога журнала» nescerka. Але ўласнаручна выдаліў свой акаўнт, нягледзячы на папулярнасьць і больш за 500 падпісчыкаў. У хуткім часе ён вярнуўся ў «Жывы журнал» пад сваім імём, што, па яго прызнаньні, «накладае пэўную адказнасьць за базар», папярэдзіўшы, што «хуліганства і тролінга фэміністак» ад яго больш не дачакаюцца[24]. У ЖЖ vitalsilitski зьявіліся тры запісы і Віталь Сіліцкі перайшоў у Facebook, дзе яго профіль пераўтварыўся ў своеасаблівую дошку памяці[25].
Прэміі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 1991 г. стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлягаў, якая праходзіла ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава. Тэма даклада: «Токвіль і дэмакратычныя зьмены ва Ўсходняй Эўропе»[5].
У 1999 г. атрымаў[11] прэмію імя Маргарэт Тэтчэр ад Маладых эўрапейскіх кансэрватаў(en).
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 2011 г. у Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце (г. Будапэшт, Вугоршчына), дзе Сіліцкі атрымаў ступень магістра, была заснаваная стыпэндыя ягонага імя для беларускіх студэнтаў гэтага ўнівэрсытэту. Кандыдаты павінны прадэманстраваць посьпехі ў навучаньні, удзел у грамадзкай дзейнасьці і патрэбу ў дадатковай фінансавай падтрымцы. Заснавальнікі стыпэндыі палічылі, што памяць пра Сіліцкага стане прыкладам для будучых пакаленьняў беларускіх адмыслоўцаў[26].
Таксама ў 2011 г. Інстытутам эўрапейскіх досьледаў і міжнародных дачыненьняў (анг. The Institute of European Studies and International Relations (IESIR, Slovakia)) і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледваньняў, пры падтрымцы Славацкай агенцыі па каапэрацыі міжнароднага разьвіцьця(en) была заснаваная стыпэндыяльная праграма імя Віталя Сіліцкага для беларускіх студэнтаў на 5—6-месячнае навучаньне ў Славаччыне.
8 верасьня 2011 году ў Вашынгтоне Нацыянальным фондам у падтрымку дэмакратыі (ЗША), Цэнтрам стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў (па-ангельску: Center for Strategic and International Studies) і PONARS Eurasia была арганізаваная экспэртная панэль «Палітычная будучыня Беларусі», прысьвечаная памяці Віталя Сіліцкага[22].
29 лютага 2012 г. адбылася прэзэнтацыя пасьмяротна выдадзенай кнігі Віталя Сіліцкага «Адкладзеная свабода» (кніжная сэрыя «Бібліятэка „Беларускі калегіюм“»).
У гадавіну сьмерці Віталя Сіліцкага, 11 чэрвеня 2012 г., прайшоў вечар памяці з удзелам сяброў, калег, родных, прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу. Памяці Віталя Сіліцкага быў прысьвечаны першы беларускамоўны выпуск ангельскамоўнага штомесячніка Belarus Headlines[20].
18 чэрвеня 2012 г. у Фондзе Карнэгі, што ў Вашынгтоне (ЗША), адбыўся круглы стол «Беларусь: стабільная нестабільнасьць?», прысьвечаны памяці Віталя Сіліцкага[27].
У траўні 2012 г., напярэдадні гадавіны сьмерці Віталя Сіліцкага, быў утвораны Камітэт па ўшанаваньні ягонай памяці. Туды ўвайшлі грамадзкія і навуковыя дзеячы, якія былі блізкія зь Віталём[28].
Камітэт памяці Віталя Сіліцкага будзе займацца арганізацыяй мерапрыемстваў памяці, падрыхтоўкай да выданьня кніг Сіліцкага, заснаваньнем фонду і прэміі яго імя, арганізацыяй стыпэндыяльнай праграмы і г. д.
Працы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кнігі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аўтар кнігі аналітычных эсэ «Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі»[29], апублікавана ў часопісе «ARCHE» ў 2002 г.,[30] выдадзена пасьмяротна ў 2012 г.)[31].
Суаўтар другога выданьня «Гістарычнага слоўніка Беларусі», разам з Янам Запруднікам (Vitali Silitski and Jan Zaprudnik, Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe), 2007, ISBN 0810858126)[32].
У канцы 2015 году выйшла кніга «Доўгая дарога ад тыраніі: посткамуністычны аўтарытарызм і барацьба за дэмакратыю ў Сербіі і Беларусі» — зборнік прац Віталя Сіліцкага ў перакладах з ангельскай пад рэдакцыяй Алеся Лагвінца. Значная частка надрукаванага накладу была зьнішчана пры няясных абставінах[33].
Кнігі пад рэдакцыяй Віталя Сіліцкага
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларусь: вызовы социально-экономического развития / Под ред. В.Силицкого. — СПб.: Невский простор, 2011. — 192 с (рас.)
- Социальные контракты в современной Беларуси / Под ред. К.Гайдука, Е.Раковой и В.Силицкого. — СПб.: Невский простор, 2009. — 224 с (на рускай мове)
- Беларуская палітычная сцэна і прэзыдэнцкія выбары 2006 году / Пад рэд. В.Булгакава і В.Сіліцкага. — Інстытут Беларусістыкі, 2006.
Разьдзелы ў кнігах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006). — Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства, Інстытут беларусістыкі, 2012.
- Беларусь в международном контексте // Беларусь и Европейский Союз: от изоляции к сотрудничеству / Под ред. Х.-Г. Вика, Ш. Малериуса. — Вильнюс: 2011. — С. 14-23. — ISBN 978-609-95320-0-4
- Силицкий, В. Дилеммы выбора // Беларусь: ни Европа, ни Россия. Мнения белорусских элит. — Варшава: 2006. http://arche.bymedia.net/2007-knihi/silicki_bnenr_ru.htm (рас.). ARCHE. Архіўная копія ад 10 лістапада 2011 г.
- Расклад і тэндэнцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / Рэд.: В. Булгакаў. — Беласток: 2005. — ISBN 83-916658-0-1
- Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму // Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце. — Варшава: Вышэйшая школа гандлю і права, 2006. — С. 47-81. — ISBN 978-83-60694-01-5
- Дыягназ беларускай эканомікі // Беларусь: сцэнары рэформаў / Рэд.: А. Анціпенка, В. Булгакаў. — Варшава: Фонд імя Сцяпана Батуры, 2003. — С. 122-147. — ISBN 83-89406-09-8 Беларусь. Сцэнары рэформаў Архіўная копія ад 16 кастрычніка 2014 г.
- Матывацыя эканамічных рэформаў у Беларусі // Беларусь: сцэнары рэформаў / Рэд.: А. Анціпенка, В. Булгакаў. — Варшава: Фонд імя Сцяпана Батуры, 2003. — С. 148-154. — ISBN 83-89406-09-8
- Пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі Беларусі // Беларусь: сцэнары рэформаў / Рэд.: А. Анціпенка, В. Булгакаў. — Варшава: Фонд імя Сцяпана Батуры, 2003. — С. 317-345. — ISBN 83-89406-09-8
- Рэжым Лукашэнкі паміж дзьвюма выбарчымі кампаніямі: вонкавыя і ўнутраныя фактары (дэ)легітымізацыі // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. — Менск: Аналітычны Грудок, 2003. — ISBN 83-916658-0-1
- Крызіс апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. — Менск: Аналітычны Грудок, 2003. — ISBN 83-916658-0-1
- Зьмяненьне палітычнага раскладу пасьля мясцовых выбараў і пэрспэктывы наступных выбарчых кампаній // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі. — Менск: Аналітычны Грудок, 2003. — ISBN 83-916658-0-1
- Эканамічная палітыка Лукашэнкі // Беларуска-расейская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
- Belarus // Nations in Transit 2007: Democratization from Central Europe to Eurasia / ed. by Jeanette Goehring. — New York, NY [etc.]: Freedom House, 2007. — ISBN 9780932088260
- Chapter 8 Belarus // Nations in transit 2008 : democratization from Central Europe to Eurasia / Ed. by J. Goehring. — New York: Freedom House, 2008. — ISBN 9780932088635
- Nations in Transit 2009: Democratization from Central Europe to Eurasia / Ed. by L. Mootz. — New York: Freedom House, 2009. — ISBN 9780932088710
- Nations in Transit 2010 : democratization from Central Europe to Eurasia / Ed. by L. Mootz. — 14th edition. — New York: Freedom House, 2010. — ISBN 9780932088727
- Nations in Transit 2011: Democratization from Central Europe to Eurasia. — Lanham: Rowman & Littlefield(pl) Publishers, 2011. — ISBN 9781442213494
- Jarabik, B.; Silitski, V. Belarus // Is the European Union Supporting Democracy in its Neighbourhood? / R. Youngs (Ed). — FRIDE in association with the European Council on Foreign Relations, 2008. — P. 101-120. — ISBN 978-84-612-8013-1 Is the European Union Supporting Democracy in its Neighbourhood? (PDF) Архіўная копія ад 21 чэрвеня 2010 г.
- Belarus and Russia: Comradeship-in-arms in Preempting Democracy // Political Trends in the New Eastern Europe: Ukraine and Belarus. — Strategic Studies Institute U.S. Army War Co, 2007.
- Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus) // Waves and Troughs of Post-Communist Transitions / Michael McFaul and Kathryn Stoner-Weiss, eds. — Johns Hopkins University Press, 2007.
- Different Authoritarianisms, Different Patterns of Change // Civil society and Electoral Change in Central and Eastern Europe. — Bratislava: German Marshall Fund, 2006.
- Signs of Hope Rather Than Electoral Revolution // Prospects for Democracy in Belarus / Pavol Deves, David Marples, and Joergg Forbig. — German Marshall Fund, 2006.
- Internal Developments in Belarus // Changing Belarus. Chaillot Paper. — Paris: Institute for Security Studies, 2005.
- Belarusian Economy: Diagnosis and Motivation for Reform; Perspectives of European Integration for Belarus // Belarus: Catching Up with Europe. — Warsaw: The Bathory Foundation, 2004.
Артыкулы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Грамадскі сектар у Беларусі — паўсядзённае жыццё і арганізацыйныя працэсы. — 2012. Грамадскі сектар у Беларусі – паўсядзённае жыццё і арганізацыйныя працэсы Архіўная копія ад 18 кастрычніка 2014 г.
- Балючае вяртанне ў рэальнасць // Наша Ніва — 2009.
- Debating the Color Revolutions: What Are We Trying to Explain? // Journal of Democracy. — 2009. — Vol. 20. — № 1.
- Reading Russia: Tools of Autocracy (анг.) // Journal of Democracy, vol. 20 no. 2, 2009
- Belarus — a country in transition? The State, elections, and opposition (анг.) // Back from the cold? The EU and Belarus in 2009 / Chaillot Paper no. 119, 2009
- Belarus: Learning from Defeat (анг.) // Journal of Democracy, vol. 17 no. 4, 2006
- Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus) (анг.) // Center on Democracy, Development, and the Rule of Law, Working Paper, 2006
- Still Soviet? Why Dictatorship Persists in Belarus // Harvard International Review, Vol. 29. no. 1, 2006
- Preempting Democracy: The Case of Belarus (анг.) // Journal of Democracy, vol. 16 no. 4 2005
- The Quintessential Dissident (анг.) // Journal of Democracy, vol. 16 no. 3 2005
- Color Blind in Belarus (анг.) // Foreign Policy, 2005
- Is the Wave of Post-Soviet Electoral Revolutions Over? (анг.). Democracy at Large. Архіўная копія
- The Deadlock of Brotherhood: Politics of Russia-Belarus Integration // Ab Imperio, no.3, 2002. (анг.)
- Усе артыкулы Віталя Сіліцкага на партале «Наше мнение»
Супраца са сродкамі масавай інфармацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сталы аўтар часопіса «ARCHE» і газэты «Наша ніва», парталу «Наше мнение(ru)»[34], экспэрт беларускай службы «Радыё Свабода» і інш.
Меў больш за 100 публікацыяў у выданьнях Беларусі, ЗША, краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Расеі. Спэцыялізаваўся ў пытаньнях палітыкі эканамічных рэформаў, дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы, электаральных рэвалюцыях і прэвэнтыўным аўтарытарызьме, палітыцы Эўрапейскага Зьвязу на постсавецкай прасторы, адносінах Беларусі з Расеяй і ЭЗ[35].
Крытыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Савецкая экзотыка, расейская правінцыя ці эўрапейская дзяржава? ARCHE. — # 2. — 2003.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Sìlìckì, Vìtalìj Vjačaslavavìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Vitali Silitski
- ^ У памяць Віталя Сіліцкага Архіўная копія
- ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
- ^ а б в г д е ё Vitali Silitski. Curriculum Vitae (анг.) Праверана 3 верасьня 2012 г.(недаступная спасылка)
- ^ Constraints and coalitions: Politics of economic reform in Central and Eastern Europe after the return of the left (анг.). ProQuest (кастрычнік 1999).
- ^ Robert R. Kaufman (анг.)
- ^ Reagan-Fascell Democracy Fellows Program (анг.)
- ^ http://belinstitute.eu/index.php?lang=be
- ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра інстытут
- ^ а б Vitali Silitski. 25+1 random facts about me (анг.)
- ^ Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі Архіўная копія ад 17 кастрычніка 2014 г.
- ^ Preempting Democracy: The Case of Belarus, Journal of Democracy Volume 16, Number 4, October 2005 pp. 83-97.
- ^ а б Silitski, V. (2006) Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus) (анг.) CDDRL working papers Архіўная копія
- ^ Віталь Сіліцкі (2006) Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца Архіўная копія ад 3 лютага 2012 г.
- ^ R. Potocki. Decalogue for a Democratic Activist. (анг.)
- ^ Andrew Kuchins, Cory Welt, Mitchell Orenstein, Lucan Way, Rodger Potocki, «Vitali Silitski (1972—2011)», Journal of Democracy Volume 23, Number 1, January 2012 pp. 188—189.
- ^ Chrystia Freeland The authoritarian international goes on the defensive (анг.) Архіўная копія ад 19 жніўня 2012 г.
- ^ Белорусский экономический исследовательско-образовательный центр Архіўная копія ад 18 верасьня 2012 г.
- ^ а б Belarus Headlines. Памяці Віталя Сіліцкага Архіўная копія ад 8 кастрычніка 2012 г.
- ^ Belarus Headlines ІХ Архіўная копія ад 8 кастрычніка 2012 г.
- ^ а б Advancing the Legacy of Vitali Silitski | National Endowment for Democracy (анг.)
- ^ Быць беларусам: Віталь Сіліцкі Архіўная копія ад 18 кастрычніка 2014 г.
- ^ vitalsilitski (бел.)
- ^ Віталь Сіліцкі ў Facebook
- ^ Vitali Silitski Supplementary Annual Scholarship at CEU (анг.) Архіўная копія ад 22 чэрвеня 2013 г.
- ^ Беларусь: стабильная нестабильность? (рас.)
- ^ Создан комитет по увековечению памяти первого директора BISS Виталия Силицкого(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Сіліцкі, В. Адкладзеная Свабода. Посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і беларусі Праверана 2012 г. Архіўная копія ад 18 кастрычніка 2014 г.
- ^ Адкладзеная свабода: Посткамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі і Беларусі Архіўная копія ад 16 красавіка 2012 г.
- ^ Прэзентацыя кніг В.Сіліцкага і А.Анціпенка
- ^ Amazon.com: Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe) (анг.)
- ^ http://belisrael.info/?p=5661
- ^ Артыкулы Віталя Сіліцкага на партале «Наше мнение»
- ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра нас