Лацінская мова
Лацінская мова | |
lingua Latina | |
Ужываецца ў | Ватыкан |
---|---|
Рэгіён | Ляцыюм (першапачаткова), Апэніны Рымская імпэрыя і пазьнейшая Эўропа (падчас росквіту) |
Колькасьць карыстальнікаў | — |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Афіцыйны статус | |
Афіцыйная мова ў | Ватыкане, Мальтыйскім Ордэне |
Рэгулюецца | Папская акадэмія лаціны[d] |
Статус: | 9 выключна другая мова[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо і лацінскі альфабэт[d] |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | la |
ISO 639-2(Б) | lat |
ISO 639-2(Т) | lat |
ISO 639-3 | lat |
SIL | LTN |
Лаці́нская мо́ва, лаці́на (саманазва: lingua Latina) — мёртвая мова лаціна-фаліскай групы італійскай галіны індаэўрапейскай сям’і моваў, якая ў часы свайго росквіту, спрычыненага ранейшай да гэтага раманізацыяй Заходняй Эўропы, учыніла вялікі ўплыў на многія мовы сьвету.
Афіцыйная мова Ватыкану, Мальтыйскага ордэну і часткова каталіцкай царквы. Выкарыстоўваецца ў біялёгіі і мэдыцыне. Альфабэт — лацінскі. Паводле граматычнага ладу — флектыўная.
На лаціне размаўляла племя лацінаў у вобласьці Ляцыюм (Latium), у заходняй частцы сярэдняй Італіі. Першыя старажытныя пісьмовыя помнікі датуюцца 6-м стагодзьдзем да нашай эры. Напрыканцы ІІ ст. да н. э. стала дзяржаўнай мовай Рымскай рэспублікі (пазьней аднайменнай імпэрыі), у тым ліку заваяваных тэрыторыяў — Брытаніі, Дакіі, дзе як дзяржаўная мова ўплывала на тамтэйшыя мясцовыя мовы (кельцкія, ібэрыйскія, германскія і г. д.). У выніку на пэрыфэрыі Рымскай імпэрыі фармаваліся дыялекты лацінскай мовы (вульгарная лаціна), якія ў некаторых рэгіёнах выцесьнілі папярэднія карэнныя мовы (напрыклад, у Галіі і Дакіі) і разьвіліся ў новыя мовы на аснове лацінскай. Гэтыя мовы аб’ядноўвае агульнае паходжаньне ад лаціны, яны аб’ядноўваюцца як мовы раманскай групы. Найбольш прадстаўнічымі раманскімі мовамі зьяўляюцца гішпанская, француская, партугальская, італьянская ды румынская мовы.
У Сярэднявеччы лаціна сталася ў Эўропе міжнароднай мовай навукі, адукацыі, філязофіі й дыпляматыі. На ёй пісалі Ісак Ньютан, Томас Мор, Мікалай Капэрнік, Мікола Гусоўскі. Яе добра ведалі Францішак Скарына і Сымон Будны. У часы Адраджэньня беларуская моладзь Вялікага Княства Літоўскага вучылася ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы, вывучаючы ў іх лацінскую мову.
Пра ўплыў лацінскай мовы на беларускую сьведчаць шматлікія запазычаныя словы: адукацыя, аркуш, водар, гонар, літара, мэта, статут і г. д.
Па сёньняшні дзень лацінская мова выкарыстоўваецца для абазначэньня дыягназаў, лекаў у мэдычнай дакумэнтацыі, для абазначэньня біялягічных відаў. Лацінскія афарызмы часам выкарыстоўваюцца ў кніжнай мове.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Шаўчэнка, Г. І. Лацінская мова : вучэб. дапам. / Г. І. Шаўчэнка, А. В. Гарнік, К. А. Тананушка. — Мінск: БДУ, 2012. — 343 с. — ISBN 978-985-518-589-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Вікіпэдыя мае вэрсію лацінскай мовай |