Міхаіл Бакланаў

Міхаіл Бакланаў
Род дзейнасьці дойлідзтва
Дата нараджэньня 12 лютага 1914
Месца нараджэньня Іванаўка, Марыюпальскі павет, Кацярынаслаўская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 23 студзеня 1990
Месца сьмерці Менск, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца пахаваньня Паўночныя могілкі (Менск)
Грамадзянства Савецкі Саюз
Месца вучобы Харкаўскі інжынэрна-будаўнічы інстытут (1936—1940)
Прафэсія дойлід
Месца працы Інстытут «Белдзяржпраект» (1948—1983)
Гады дзейнасьці 1944—1983
Вядомы як праектавальнік Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі (1954)
Сябра ў Саюз архітэктараў СССР[d]
Бацька Іван Бакланаў
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені
Мэдаль «Партызану Айчыннай вайны» І ступені
Грамата Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР (1949, 1954, 1969)

Міхаі́л Іва́навіч Бакла́наў (12 лютага [ст. ст. 30 студзеня] 1914, Іванаўка, цяпер Валнаваскі раён, Данецкая вобласьць, Украіна — 1990, Менск, цяпер Беларусь) — беларускі дойлід.

Заслужаны архітэктар Беларусі (1969). Яго асноўнымі працамі ў Менску былі Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі (1954), жылая забудова па вуліцы К. Маркса, на рагу вуліцы Захарава і Першамайскай вуліцы (1958), а таксама Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт (1966). Сярод іншага, стварыў дом адпачынку «Сосны» на возеры Нарач ў Мядзельскім раёне (1975)[1]. Кавалер ордэнаў Айчыннай вайны 2-й ступені і Працоўнага Чырвонага Сьцягу.

Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі (2010 год)

У 1931 годзе скончыў школу фабрычна-заводзкай адукацыі ў Данецку і працаўладкаваўся рысавальнікам на Данецкі мэталюргічны завод (Украінская ССР). У 1932—1936 гадох навучаўся ў Харкаўскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме[2]. У 1936—1940 гадох навучаўся ў Харкаўскім інжынэрна-будаўнічым інстытуце [3]. У сьнежні 1940 году быў закліканы ў Чырвоную армію, дзе праходзіў вайсковую службу ў 17-м асобным дывізіёне аэрастатаў пад Беластокам (Беластоцкая вобласьць, Беларуская ССР)[4]. У ліпені 1941 году на пачатку Нямецка-савецкай вайны трапіў у нямецкі палон і апынуўся ў канцэнтрацыйным лягеры ў Генэрал-губэрнатарстве. У сакавіку 1943 году ўцёк з канцлягеру, пасьля чаго ўступіў у партызанскую брыгаду «Народныя мсьціўцы». Быў ўзнагароджаны мэдалём «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені за ўдзел у баях. 22 ліпеня 1944 году паступіў на працу ў архітэктурна-плянавальную майстэрню Ўправы ў справах архітэктуры пры Савеце народных камісараў БССР. Пры гэтым, атрымаў запрашэньне на працу ад выканаўцы абавязкаў начальніка гэтай Управы Аляксандра Воінава. У 1946 годзе быў прыняты ў Саюз архітэктараў БССР[2].

Юрыдычны факультэт БДУ (раней Менскі мэдінстытут; 2019 год)

У 1945—1948 гадох сумесна зь Ёсіфам Лянгбардам распрацаваў праект рэкаструкцыі Клюба харчавікоў у менскі кінатэатар «Перамога»[5], які ўзьвялі ў 1950 годзе[6]. У верасьні 1948 году перайшоў на працу архітэктарам у інстытут «Белдзяржпраект»[4]. У 1949 годзе атрымаў Грамату Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР[2]. У 1950 годзе стаў дойлідам перабудовы Расейскага драматычнага тэатру імя Горкага ў Менску[3], для якога ў 1952 годзе распрацаваў афармленьне фасаду. У 1952 годзе ў стылі савецкага нэаклясыцызму выканаў афармленьне набярэжнай Сьвіслачы ў цэнтры Менску[2]. У 1954 годзе ягонымі працамі ў нэаклясычным стылі былі Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, Дзяржаўная карцінная галерэя БССР і жылая забудова па вуліцы К. Маркса ў Менску[3], а таксама Менская абласная статыстычная ўправа. У 1954-м быў узнагароджаны за гэтыя працы Граматай Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР, а ў 1958-м — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сьцягу[2]. 5 лістапада 1957 году скончылі 7-гадовае будаўніцтва Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР па вуліцы Леніна, д. 20[7], што было побач з домам Міхаіла Бакланава[8].

Галоўны корпус БДУ (2018 год)

У 1957-м паводле яго праекту ўзьвялі дзяржаўнае лецішча ў Віскулях (Пружанскі раён)[9]. У 1958-м стаў распрацоўнікам забудовы на рагу вуліцы Захарава і Першамайскай вуліцы ў Менску. У 1960 годзе яго працай быў Беларускі інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі, прыбудовай якога займаўся ў 1973—1979 гадох[3]. У 1962 годзе паводле сумеснага праекту з Абрамам Духанам узьвялі галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У 1965-м згодна зь ягоным праектам пабудавалі юрыдычны факультэт БДУ[2]. У 1966-м паводле яго праекту ўзьвялі Менскі мэдычны інстытут і факультэт радыёфізыкі БДУ (у саўтарстве з Натальляй Дзяменцьевай)[3]. У 1966 годзе спраектаваў помнік Якубу Коласу ў Мікалаеўшчыне (Стаўпецкі раён), скульптарам якога стаў Заір Азгур[2]. У 1968 годзе быў дойлідам турысцкай базы «Сосны» на возеры Нарач ў Мядзельскім раёне, які дабудаваў у 1975-м у дом адпачынку[3]. У 1969 годзе атрымаў годнасьць заслужанага архітэктара БССР і Ганаровую грамату Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР. У 1974—1983 гадох працаваў групы дойлідаў «Белдзяржпраекту»[2].

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 12 лютага 2014. — № 26 (27636). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б в г д е ё ж Заслужаны архітэктар БССР Міхаіл Іванавіч Бакланаў. Да 100-годзьдзя з дня нараджэньня // Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, 12 лютага 2014 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  3. ^ а б в г д е Бакланаў Міхаіл Іванавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — С. 230. — 480 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0061-7
  4. ^ а б Бакланаў Міхаіл Іванавіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 20 лютага 2021 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  5. ^ Будынак кінатэатра «Перамога» // УП «Менская спадчына», 2022 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  6. ^ Дар’я Амяльковіч. Мультыплекс пасьляваеннага Менска // Культура : газэта. — 8 студзеня 2011. — № 1-2 (973-974).
  7. ^ 1957 год – новая старонка ў гісторыі музэя (архіўныя фотаздымкі) // Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, 2022 г. Праверана 22 лютага 2022 г.
  8. ^ Натальля Сьцяпура. Яны стваралі скарбніцу // Рэспубліка : газэта. — 15 студзеня 2019. — № 7148. — ISSN 1991-5322.
  9. ^ Уладзімер Пугач. Дзяржаўная дача ў Віскулях // Белавеская пушча. — Кастрычнік 1998. — № 5 (14). — С. 3.