Станіслаў Солтан
![]() Станіслаў Солтан | |
![]() Герб «Сыракомля» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1746 або 27 жніўня 1756 |
Памёр | 1836 |
Род | Солтаны |
Бацькі | Станіслаў Солтан Алена з Ромэраў |
Жонка | Францішка Тэафілія з Радзівілаў Канстанцыя з Тапліцкіх |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Адам Лявон Людвік, Караліна, Ганна, Алена ад 2-га шлюбу: Станіслаў, Уладзіслаў, Алена |
Станіслаў Солтан (1746 або 27 жніўня 1756 — 1836, места Мітава) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Харунжы (з 1782) і падкаморы вялікі (з 1790), апошні маршалак надворны (1791—1795)[1]; генэрал-ад’ютант літоўскай польнай булавы.
Быў старостам слонімскім. Кавалер ордэнаў Сьвятога Станіслава (1782)[2], Белага Арла (1791) і Ганаровага легіёну (1813)[3].
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/57/Franci%C5%A1ka_So%C5%82tan_%28Radzivi%C5%82%29._%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0_%D0%A1%D0%BE%D0%BB%D1%82%D0%B0%D0%BD_%28%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB%29_%28J._Grassi%2C_XVIII%29.jpg/170px-Franci%C5%A1ka_So%C5%82tan_%28Radzivi%C5%82%29._%D0%A4%D1%80%D0%B0%D0%BD%D1%86%D1%96%D1%88%D0%BA%D0%B0_%D0%A1%D0%BE%D0%BB%D1%82%D0%B0%D0%BD_%28%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB%29_%28J._Grassi%2C_XVIII%29.jpg)
Паходзіў з шляхецкага роду Солтанаў гербу «Сыракомля», сын Станіслава, старосты амелянаўскага, і Алены з Ромэраў.
У 1781 годзе быў сябрам ложаў «Гарлівы літвін» і «Дасканалая еднасьць» таемнага таварыства Вольных муляроў[4]. У 1782 годзе атрымаў урад харунжага вялікага літоўскага і званьне генэрал-маёра войска Вялікага Княства Літоўскага, у 1790 годзе — урад падкаморага вялікага літоўскага.
У 1788 годзе абіраўся паслом на Чатырохгадовы Сойм (1788—1792). У час працы сойма ўваходзіў у патрыятычную групоўку і падтрымаў Канстытуцыю 3 траўня (1791). Тады ж атрымаў урад маршалка надворнага літоўскага.
У вайну Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году выступаў супраць далучэньня караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Таргавіцкай канфэдэрацыі, 24 чэрвеня эміграваў у Саксонію.
Актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794), па здушэньні якога расейскія ўлады выслалі яго ў Казань. У 1796 годзе вызвалены маскоўскім гаспадаром Паўлам I.
У 1806—1807 гадох разам з палкоўнікам Ф. Патоцкім рыхтаваў новае паўстаньне ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, у 1808 годзе выехаў у Варшаўскае княства. У вайну 1812 году Напалеон прызначыў яго старшынём часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага; адначасна ўзначаліў камітэт харчаваньня і магазынаў. Прыбыў у Вільню 18 ліпеня, аднак з прычыны кепскага стану здароўя з 24 жніўня да 6 лістапада не выконваў абавязкаў. Па сканчэньні вайны эміграваў.
Першы раз ажаніўся з Францішкай Тэафілій Радзівіл, другі — з Канстанцыяй Тапліцкай. У першым шлюбе меў сына Адама Лявона Людвіка і дачок Караліну, Ганну і Алену, у другім — сыноў Станіслава і Ўладзіслава, а таксама дачку Алену.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Іканаграфія Станіслава Солтана
- Невядомы мастак, 1788—1792 гг.(MNW)
- Невядомы мастак, XVIII ст. (MNK)
- Невядомы мастак, XIX ст.
- Э. Комар, XIX ст.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ерашэвіч А. Солтан Станіслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 620.
- ^ Dunin-Wilczyński Z. Order Świętego Stanisława. — Warszawa, 2006. S. 189.
- ^ Męclewska М. Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705-2008. — Warszawa: Zamek Królewski, 2008. S. 254.
- ^ Małachowski-Łempicki S. Wykaz polskich lóż wolnomularskich oraz ich członków w latach 1738-1821 // Archiwum Komisji Historycznej. T. XIV. — Kraków, 1930. S. 397.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Stanisław Sołtan (пол.). Sejm-Wielki.pl. Праверана 25 студзеня 2011 г.