Сухоты

Рэнтгенаграма лёгкіх хворага на сухоты

Сухо́ты, або тубэркулёз (лац. tuberculum— бугарок) — інфэкцыйнае захворваньне чалавека і жывёлаў, якое выклікаецца некалькімі разнавіднасьцямі кіслотаўстойлівых мікрабактэрыяў (састарэлая назва — палачка Коха)[1]. Сухоты звычайна паражаюць лёгкія, радзей закранаючы іншыя органы й сыстэмы. Mycobacterium tuberculosis перадаецца паветрана-кропельным шляхам пры размове, кашлі й чханьні хворага[2]. Часьцей за ўсё пасьля інфікаваньня мікабактэрыямі захворваньне працякае ў бессымптомнай, схаванай форме (тубінфіціяванасьць), але прыкладна адзін зь дзесяці выпадкаў схаванай інфэкцыі ў рэшце рэшт пераходзіць у актыўную форму.

Клясычнымі сымптомамі сухотаў лёгкіх ёсьць працяглы кашаль з макроцьцем, часам з крывахарканьнем, якое зьяўляецца на больш позьніх стадыях, ліхаманка, слабасьць, начная патлівасьць і значнае пахуданьне. Дыягностыка заснавана на флюараграфіі й рэнтгенаграфіі органаў і сыстэм, мікрабіялягічным дасьледаваньні рознага біялягічнага матэрыялу, рэакцыі Манту, а таксама мэтадзе малекулярна-генэтычнага аналізу й іншых. Лячэньне складанае й доўгае, якое патрабуе прыём прэпаратаў на працягу мінімум шасьці месяцаў. Асобаў, якія кантактавалі з хворым, абсьледуюць флюараграфічным мэтадам або з дапамогай рэакцыі Манту, з магчымасьцю прызначэньня прафіляктычнага лячэньня процітсухотнымі прэпаратамі.

Прыкметныя складанасьці ў лячэньні сухотаў узьнікаюць пры наяўнасьці ўстойлівасьці ўзбуджальніка да процісухотных прэпаратаў асноўнага і, радзей, рэзэрвовага шэрагу, якая можа быць выяўлена толькі пры мікрабіялягічным дасьледаваньні. Устойлівасьць да ізаніязіду й рыфампіцыну таксама можа быць усталяваная мэтадам ПЦР. Прафіляктыка сухотаў заснаваная на скрынінгавых праграмах, прафаглядах, а таксама на вакцынацыі дзяцей вакцынай БЦЖ або БЦЖ-М.

Сухоты суправаджалі чалавецтва спрадвеку. Яшчэ ў астатках костак старажытных людзей знаходзілі сьляды сухотнай паразы. Апісаньне хваробы знаходзілі ў эгіпецкіх герогліфах, старых пэрсыдзкіх кнігах, індыйскіх ведах. У бабілёнскіх законах Хамурапі ўстаноўлена права на развод з жанчынай, калі мужчына захварэў на сухоты. Старажытнагрэцкі лекар Гіпакрат у канцы V — на пачатку IV стагодзьдзя да н. э. апісаў праявы сухотаў і апісаў ягоны патагенэз, але лічыў гэтую хваробу спадчыннай, паколькі яна паражала цэлыя сем’і. Арыстотэль першым апісаў сухотны грудок, а Кляўдыюс Гален у Старажытным Рыме сьцьвярджаў, што гэтая хвароба зьяўляецца заразнай.

Відавочна, пад гэтай хваробай апісваліся розныя хваробы, якія суправаджаюцца інтаксыкацыяй, высільваньнем, крывохарканьнем, крывацёкамі, таму й узьнікла такая назва як сухоты (лац. phthisis), што азначае зьнясіленьне. Пад тэрмінам tuberculum разумелі зьмены, якія назіраюцца на паверхні органаў, або што-небудзь, што выступала над ягонай паверхняй пры выкрыцьці. У старажытных рускіх летапісах таксама згадваецца гэтая хвароба як запаленьне рэгіянальных лімфатычных вузлоў. Тады яе лячылі хірургічным мэтадам і прыпяканьнем. Так лячылі ў прыватнасьці кіеўскага князя Сьвятаслава Яраславіча ў 1076 годзе.

Нягледзячы на значнае распаўсюджваньне сухотаў ў Сярэднявеччы, навукоўцы ў асноўным карысталіся трактатамі старажытнагрэцкіх аўтараў, а працы Гіпакрата й Галена лічылі бясхібным. Толькі ў XVI стагодзьдзі вэнэцыянец Джыраляма Фракастора сьцьвярджаў, што сухоты заразныя й іх пераносіць нейкае «насеньне». У 1678 годзе галяндзкі лекар Францыск Сыльвіё апісаў сухотны горбік у лёгкіх памерлага й назваў яго tuberculum. Аднак ён лічыў, што гэта зьменены лімфатычны вузел. У 1689 годзе ангельскі лекар Рычард Мортан апублікаваў свой ​​трактат пад назвай «Фтызіялёгія, або трактат пра сухоты», дзе выклаў падобныя здагадкі[3][4]. Толькі ў 1793 годзе таксама ангелец Бэйлі даказаў, што тыя горбікі — ня зьмененыя лімфатычныя вузлы, а спэцыфічныя стварэньні, характэрныя толькі для сухотаў, і якія могуць зьлівацца й распадацца.

Гэты напрамак дасьледаваньняў разьвіў і дапоўніў францускі вучоны Рэнэ Ляенэк (1881—1926). Ён даказаў, што горбік і казеозны нэкроз ёсьць унівэрсальны субстрат сухотаў. Ён таксама прапанаваў першую клясыфікацыю сухотаў і высунуў канцэпцыю пра апікакаўдальнае распаўсюджваньне сухотаў у лёгкіх. Прапанаваны ім мэтад аўскультацыі разам з распрацаванай яшчэ ў 1760 годзе Леапольдам Аўэнбругерам пэркусіяй, падалі шырокія магчымасьці для клінічнага распазнаньня сухотаў. 24 сакавіка 1882 году нямецкі мікрабіёляг Робэрт Кох апісаў сухотную мікабактэрыю(be) у сваім выступе з працай «Аб этыялёгіі тубэркулёзу»[5].

Распаўсюд і пашыранасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найчасьцей на сухоты хварэюць пры аслабленым імунітэце, хранічнай хваробе й алькагалізме[6]. На 2010 год каля 80% дарослага насельніцтва Зямлі былі носьбітамі сухотнай мікабактэрыі[7]. Доля людзей, якія захворваюць на сухоты кожны год ва ўсім сьвеце, не зьмяняецца, аднак з-за росту колькасьці насельніцтва абсалютная колькасьць новых выпадкаў працягвае павялічвацца. У 2007 годзе налічвалася 13,7 млн зарэгістраваных выпадкаў хранічных актыўных сухотаў, 9,3 млн новых выпадкаў захворваньня й 1,8 млн выпадкаў сьмерці, галоўным чынам у краінах, якія разьвіваюцца[8]. Акрамя таго, усё больш людзей у разьвітых краінах заражаюцца на сухоты, таму што іхная імунная сыстэма слабее з-за прыёму імунасупрэсіўных прэпаратаў, злоўжываньня псыхаактыўных рэчываў і асабліва пры ВІЧ-інфэкцыі. Распаўсюд сухотаў разьмеркаваны нераўнамерна па ўсім сьвеце, каля 80% насельніцтва ў многіх азіяцкіх і афрыканскіх краінах маюць станоўчы вынік сухотных пробаў, і толькі сярод 5-10% насельніцтва ЗША такі тэст станоўчы. Паводле некаторых дадзеных, на тэрыторыі Расеі тубінфіцыраванасьць дарослага насельніцтва прыблізна ў 10 разоў вышэй, чым у разьвітых краінах[9].

На 2005 год да 70% насельніцтва мела заражэньне сухотнай мікабактэрыяй[10]. Штогод у краіне выяўляецца 5 тысячаў новых выпадкаў захворваньня. На 2009 год на ўліку знаходзілася 12,8 тысячаў хворых[11]. Празь перапыненьне лячэньня звыш чвэрці выпадкаў хваробы ў Беларусі маюць множную лекавую ўстойлівасьць, што вымагае хіміятэрапіі цягам 1,5-3 год[12]. У 2010 годзе ад хваробы памерла блізу 700 жыхароў краіны[13]. Большасьць памерлых складаюць людзі працаздольнага веку[14]. На 2009 год дзель хворых сярод зьняволеных у 7 разоў перавышала адпаведную дзель сярод насельніцтва Беларусі[15].

Знаныя пацярпелыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Kumar, Vinay; Abbas, Abul K.; Fausto, Nelson; & Mitchell, Richard N. Robbins Basic Pathology. — 8th. — Saunders Elsevier, 2007. — P. 516—522. — ISBN 978-1-4160-2973-1
  2. ^ Konstantinos, A (2010). «Testing for tuberculosis». Australian Prescriber, 33:12-18.
  3. ^ Léon Charles Albert Calmette. Who Named It?
  4. ^ Trail R. Richard Morton (1637—1698)// Med Hist. — 14. — (1970) (2): 166-74. PMID 4914685.
  5. ^ Вольга Шаўко. «Белы рамонак» — супраць тубэркулёзу // Краіна здароўя. — 23 сакавіка 2010. — № 12 (181). — С. 5.
  6. ^ Ілона Іванова. Усенародная барацьба з сухотамі // Зьвязда : газэта. — 24 сакавіка 2006. — № 64 (25653). — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Сьвятлана Барысенка. Труба з палачкай // Краіна здароўя. — 18 верасьня 2010. — № 47 (216). — С. 5.
  8. ^ World Health Organization The Stop TB Strategy, case reports, treatment outcomes and estimates of TB burden // Global tuberculosis control: epidemiology, strategy, financing. — 2009. — P. 187—300. — ISBN 978 92 4 156380 2
  9. ^ «Основы. К проблеме вакцинации BCG» № 3 1999. Большой Целевой Журнал о туберкулёзе
  10. ^ Сьвятлана Барысенка, Натальля Карпенка. Гэтыя «цяжкія» лёгкія (частка 2) // Зьвязда : газэта. — 17 лютага 2005. — № 28 (25360). — ISSN 1990-763x.
  11. ^ Сьвятлана Барысенка. Палачка Коха на волі // Краіна здароўя. — 24 сакавіка 2009. — № 9 (123). — С. 6.
  12. ^ Сьвятлана Барысенка. Надта ўстойлівая // Зьвязда : газэта. — 24 сакавіка 2012. — № 57 (27172). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  13. ^ Вольга Юшкевіч. Сёньня, у Сусьветны дзень барацьбы з сухотамі, мэдыкі і валантэры разгарнулі актыўную кампанію па прапагандзе барацьбы з захворваньнем // Белтэлерадыёкампанія, 24 сакавіка 2011 г. Праверана 22 лютага 2013 г.
  14. ^ Алена Прус. Тубэркулёз: скарыцца нельга, перамагчы // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 лютага 2010 г. Праверана 22 лютага 2013 г.
  15. ^ Натальля Марцалева. Сёньня ў Менску адкрыўся Міжнародны форум па праблемах пэнітэнцыярнай мэдыцыны // Белтэлерадыёкампанія, 9 верасьня 2009 г. Праверана 22 лютага 2013 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]