Электрамабіль

Электрамабі́ль (грэц. ἤλεκτρον + лац. mobilis — бурштын + рухомы) — аўтамабіль, што прыводзіцца ў рух электрарухавіком зь сілкаваньнем ад акумулятара і супэркандэнсатара. Вызначаецца бясшумнасьцю, бяздымнасьцю, простасьцю кіраваньня і высокай рухомасьцю. У 1837 г. шатляндзкі хімік Робэрт Дэвідсан (1804—1894) пабудаваў першы такі самаход[1]. Выдатак зарада акумулятара павялічваецца, калі частка электрычнасьці ідзе на абагрэў самахода ўзімку. Пагатоў генэратар можа аднавіць частку зарада за кошт кручэньня колаў[2].

Зарадка электрамабіля Нісан Ліст (Амстэрдам, 2011 г.)
Электрамабіль Томаса Паркера (Ангельшчына, 1895 г.)

На 2004 г. сэрыйны выраб электрамабіляў ажыцьцяўляўся ў Ангельшчыне, ЗША і Расеі. Хуткасьць руху дасягала 90 км/гадзіна[1]. 4 кастрычніка 2008 г. на Сусьветным аўтапаказе(fr) ў Парыжы (Францыя) паказалі першы ў сьвеце спартовы электрамабіль Вэнтуры Фэтыш(fr), які разганяўся да 290 км/гадз., зараджаўся за 3 гадзіны і каштаваў 297 тыс. эўра[3]. 2 красавіка 2010 г. на Міжнароднай аўтавыставе ў Нью-Ёрку (ЗША) японскі аўтавытворца «Нісан» (Ёкагама) паказаў электрамабіль Нісан Ліст(ja), які каштаваў $35 тыс.[4] і стаўся найбольш прадаваным у сьвеце электракарам цягам наступных 5 гадоў. У пачатку чэрвеня 2010 г. на закрытым палігоне ў Японіі электрамабіль Дайхацу Міра(ja) праехаў рэкордныя 997 км на адным зарадзе акумулятара магутнасьцю 74 кіляват-гадзіна зь сярэдняй хуткасьцю 50 км/гадзіна[5]. 24 жніўня 2010 г. у штаце Юта (ЗША) электрамабіль Вэнтуры Каштанавая Куля(en) усталяваў новы сусьветны рэкорд сярэдняй хуткасьці на сушы — 495 км/гадзіна[6].

Пярэдні багажнік электрамабіля Тэсла Мадэль С (2012 г.)

На пачатак 2014 г. найбольшы ў сьвеце прабег у 480 км на адным зарадзе акумулятара меў электрамабіль Тэсла Мадэль С(en), што разганяўся да 100 км/гадз. за 5,4 сэкунды, меў найбольшую хуткасьць 200 км/гадз. і каштаваў $110 тысячаў[7]. На кастрычнік 2014 г. амэрыканскае прадпрыемства «Тэсла-рухавікі» (Пала-Альта, акруга сьвятой Клары, штат Каліфорнія) прапаноўвала хуткасную зарадку акумулятара на 80% за 40 хвілінаў[8]. У 2015 г. продаж электрамабіляў у сьвеце вырас на 50% параўнальна з 2014 годам. Найбольш прадалі ў Кітаі (каля 150 тыс.) і ЗША (каля 100 тыс.). У 28 краінах Эўрапейскага Зьвязу збылі 120 тыс. электрамабіляў[2].

16 жніўня 2013 г. сетка АЗС «А-100» прадставіла першы ў Беларусі электрамабіль Нісан Ліст(ja) на сваёй запраўцы ў вёсцы Баравая (Менскі раён)[9]. У 2014 г. выдаткі на 100 км язды складалі 12 тыс. беларускіх рублёў ($1,17), з улікам абагрэва ўзімку выдаткі на 100 км вырасталі на 25% да 15 тыс. рублёў[10] ($1,46)[11]. 9 кастрычніка 2014 г. АЗС «А-100» у в. Баравая (Менскі раён) займела першую ў Беларусі хуткасную зарадную станцыю магутнасьцю 50 кіляват, што дазваляла зарадзіць электрамабіль за 30 хвілінаў[12].

На кастрычнік 2015 г. Менскі аўтамабільны завод (МАЗ) распрацаваў электробус на 20 км ходу. Зарадка мела ажыцьцяўляцца ў дэпо і на разваротных кольцах[13]. Першых 10 пробных электробусаў МАЗ паставіў для выкарыстаньня ў якасьці грамадзкага транспарту ў Менску[14]. 11 лютага 2016 г. у Менску па вул. Харужай адчынілі першую электразапраўку айчыннай вытворчасьці, што стала 4-й электразапраўкай у сталіцы. Працягласьць хуткаснай зарадкі электрамабіля склала 2 гадзіны. Зарадка ад хатняй разэткі займала 6 гадзінаў. Тым часам, сярод сталічных таксі зьявілася 5 першых электрамабіляў, што патрабавалі ўдвая ніжэйшых выдаткаў за самаходы з рухавіком унутранага згараньня[15]. У пачатку красавіка 2016 г. МАЗ прадаў каля 100 удасканаленых электробусаў у Расею[16]. На 1 траўня 2016 г. у Беларусі налічвалася каля 100 электрамабіляў. Кіроўцы пераважна ставілі самаходы зараджацца на ноч ад хатняй разэткі з напругай 220 вольт. Цана такой хатняй начной зарадкі на 170 км прабегу складала каля 20 тыс. беларускіх рублёў ($1,04)[17]. Пры АЗС працавалі 10 электразаправак хуткай зарадкі, дзе працягласьць запраўкі складала да 2 гадзінаў. Цана ўстаноўкі хуткай электразарадкі на АЗС складала 20 тысячаў эўра[2].

За 2021 год лік электрамабіляў падвоіўся і да чэрвеня 2022 году перавысіў 10 000[18].

  1. ^ а б Электрамабіль // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 87. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  2. ^ а б в Зьміцер Цітоў. Электракары - хіт продажаў у Эўропе // Белтэлерадыёкампанія, 1 траўня 2016 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  3. ^ Валер Каліноўскі. Аўтамабілі з разэткамі // Радыё «Свабода», 21 кастрычніка 2008 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  4. ^ Электрамабілі ды гібрыдныя аўто - будучыня // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 1 красавіка 2010 г. Праверана 12 траўня 2016 г.
  5. ^ Новы рэкорд электрамабіля: 1000 км на адным зарадзе // «Альтэрнатыўная энэргетыка», 17 чэрвеня 2010 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  6. ^ Усталяваны новы сусьветны рэкорд хуткасьці // Generation.by, 27 жніўня 2010 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  7. ^ Валер Саўко. Электрамабілі заваёўваюць рынак // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 студзеня 2014 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  8. ^ Пяць рэчаў пра будучыню аўтамабіляў, якія мы зразумелі дзякуючы «Тэсла» // Часопіс «Ідэя», 29 кастрычніка 2014 г. Праверана 12 траўня 2016 г.
  9. ^ Першы электрамабіль у Беларусі прадставіць А-100 // «А-100», 15 жніўня 2013 г. Праверана 12 траўня 2016 г.
  10. ^ Руслан Кулевіч. Гаспадар першага ў Горадні электрамабіля: усё пачалося з кубачка кавы // Радыё «Твой стыль», 3 чэрвеня 2015 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  11. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2014 год (10 260,18 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  12. ^ Першую ў Беларусі станцыю экспрэс-зарадкі для электрамабіляў адкрылі на выезьдзе з Менска // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 9 кастрычніка 2014 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  13. ^ Андрэй Крывашэеў. Аляксандар Лукашэнка наведаў пляцоўку атамнай станцыі, якая будуецца // Белтэлерадыёкампанія, 7 красавіка 2016 г. Праверана 12 траўня 2016 г.
  14. ^ Андрэй Крывашэеў. Прэзыдэнт Беларусі наведаў Менскі аўтамабільны завод // Белтэлерадыёкампанія, 7 красавіка 2016 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  15. ^ Ян Пашкевіч. Разьвіцьцё экалягічных відаў транспарту ў сталіцы атрымала новы імпульс // Белтэлерадыёкампанія, 11 лютага 2016 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  16. ^ Андрэй Крывашэеў. На тыдні прэзыдэнт наведваў Менскі аўтамабільны // Белтэлерадыёкампанія, 10 красавіка 2016 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  17. ^ Афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, які ўстанаўліваецца на 01.05.2016 // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 траўня 2016 г. Праверана 11 траўня 2016 г.
  18. ^ Колькасьць электрамабіляў у Беларусі дасягнула 10 тыс. // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 17 чэрвеня 2022 г. Праверана 17 красавіка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]