Тэльман (Брагінскі раён)

Пасёлак
Тэльман
Парк графаў Ракіцкіх
Парк графаў Ракіцкіх
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
другая палова XVIII стагоддзя
Ранейшыя назвы
Двор-Гарадзішча
Насельніцтва
107 чалавек (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
2344
Паштовыя індэксы
247637
Аўтамабільны код
3
Тэльман на карце Беларусі ±
Тэльман (Брагінскі раён) (Беларусь)
Тэльман (Брагінскі раён)
Тэльман (Брагінскі раён) (Гомельская вобласць)
Тэльман (Брагінскі раён)

Тэ́льман[1] (трансліт.: Teĺman, руск.: Тельман) — пасёлак у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці, на рацэ Брагінцы. Уваходзіць у склад Малейкаўскага сельсавета.

Размешчаны за 4 км на паўночны ўсход ад Брагіна, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на лініі Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), за 126 км ад Гомеля.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згадка пра фальварак Гарадзішча і грунт Гарадзішчаўскі. Фрагмент эксплікацыі да карты Брагінскага графства 1783 г.
Фальварак і слабада Гарадзішча на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

Фальварак Гарадзішча і грунт яго згаданыя ў эксплікацыі да карты Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 года. У метрычным запісе Астраглядаўскага касцёла за 31 ліпеня 1787 года аб шлюбе Яна Шандэра (Сандэра) з Барбарай Бялінскай месцам пражывання названа менавіта Гарадзішча, хоць і без указання статуса паселішча[A][2]. Паводле рэвізіі 1795 года, у паселішчах, прыналежных да фальварка Гарадзішча, налічвалася 2 848 душ прыгонных мужчынскага полу[3]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах той жа рэвізіі, вядома, што вёскі Гарадзішча (верагодна, і фальварак), Углы, Каманоў, Сялец, хутар Малейкі, саўладальнікамі якіх былі Людвік і Рафал Алаізі Ракіцкія, у «оренду поступлено капитану Сандеру»[4][B]. Будучы Двор-Гарадзішча пазначаны побач з аднаіменнай слабадой як фальварак таксама на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 года.

Недзе ў пачатку XIX стагоддзя тут, на правым беразе ракі Брагінкі, паўстала рэзідэнцыя графа Людвіка Ракіцкага[D] з радыяльна-рэгулярным у плане паркам. Аляксандр Ельскі пісаў пра «wspaniały pałac murowany», у якім гаспадар, маршалак Рэчыцкага павета, а пазней маршалак Мінскай губерні, шыкоўна і з густам бавіў свайго жыцця гады [6]. Людвік Ракіцкі, сам музыкант і вялікі знаўца музыкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, займеў выдатны аркестр з сарака музыкантаў; захоўваліся ў тым палацы і колькі твораў мастацтва. У шляхецкай рэвізіі 1811 года ў фальварку Гарадзішча засведчана пражыванне 37-гадовага ўладальніка графа Людвіка Ракіцкага[E], Міхала (16 г.), сына яго брата Рафала[F], Уладзіслава Аскеркі (17 г.), сына яго сястры Ізабэлы[G]. Там жа сярод «шляхетства беспоместного», акрамя дварэцкага, эканома, штальмейстара і іншых службоўцаў, названыя «директор музыки» Антоні Скібінскі (43 г.)[H], «мэтр музыки» Ян Пецэльд (37 г.), «при музыке» Казімір Казлоўскі (57 г.)[I] і яго сын Антоні (22 г.)[7][K].

Пад кіраўніцтвам запрошанага ў двор Гарадзішча ў 1814 годзе таленавітага музыканта, кампазітара, дырыжора і педагога Юзафа Дашчынскага[L] згаданы аматарскі аркестр дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад кіраўніцтвам Ю. Дашчынскага, на якія з'язджаліся слухачы з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў маёнтку Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах упершыню ў Беларусі прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[9].

20 жніўня 1818 года «jedyne dziecię i jedyna pociecha ojca» Л. Ракіцкага дачка Тэкля і сын Караля Прозара Уладзіслаў узялі шлюб[10], таму рэзідэнцыя з прыналежнымі да яе паселішчамі і ўгоддзямі з цягам часу дасталася роду Прозараў. У снежні 1831 года пан падкаморы рэчыцкі Уладзіслаў Прозар заключыў кантракт у 9 100 рублёў серабром на продаж гарэлкі з фальваркавых бровараў у Хойніках, Гарадзішчы і Ёлчы з бацькам і сынам Лейбай і Абрамам Шайковічамі[11], якія ўважаліся першымі ў гэткага кшталту камерцыі на ўвесь Рэчыцкі павет Мінскай губерні. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 20 асоб мужчынскага і 19 жаночага полу з ліку жыхароў фальварка Гарадзішча належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[12].

Маёнтак Гарадзішча ўладальніка Патона. Згадка 1887 г.

У парэформенны перыяд паселішча належала да Брагінскай воласці. У 1876 годзе сын і дочкі Мечыслава Прозара Канстанцін, Марыя, Зофія, Станіслава мелі ў дварах Гарадзішча, Астраглядавічы і Савічы разам 31 581 дзесяціну ўгоддзяў; яшчэ ў Гарадзішчы — 2 вадзяныя з гадавым прыбыткам у 1260 рублёў, 1 конны млын (50 р.), 1 вятрак (100 р.), сукнавальню (60 р.), завод па вытворчасці жалеза (70 р.)[13]. У 1886 годзе тут дзейнічалі бровар і вадзяны млын[14]. Паводле спісу землеўладальнікаў Мінскай губерні на 1889 год, уласнікам маёнтка Гарадзішча ў 3730 дзесяцін угоддзяў быў сапраўдны стацкі саветнік Уладзімір Мацвееў Ергольскі[15]. Але ў дадатку «Апісанне сумежных земляў» да плану надзела брагінскіх сялянак Аляксандры і Ганны Сідаравых Лаўрусенкаў, выкананым у 1887 годзе землямерам Вырвічам, засведчана, што маёнтак Гарадзішча належаў Патону[16]. У кнізе "Памяць. Брагінскі раён" без спасылкі на крыніцу сказана, што ў 1890 годзе двор Гарадзішча набыў расійскі аташэ ў Швейцарыі Аскар Пятровіч Патон[M]. На 1903/1904 год сярод зямельных уласнікаў Мінскай губерні, якія мелі 500 і болей дзесяцін, названы уладальнік маёнтку Гарадзішча, што ў Брагінскай воласці, спадчынны дваранін Пётр Аскаравіч Патон[17]. У 1913 годзе маёнтак Гарадзішча П. А. Патона складаў 2183 дзесяціны ўгоддзяў[18].

Валун «Камень кахання» ў парку двара Гарадзішча паноў Ракіцкіх і Прозараў, господ Патонов.[N]
Марына Мнішак і Дзмітры Самазванец у замкавым саду ў Самбары. Гравюра С. Ф. Галакціёнава, пач. XIX ст.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Двор Гарадзішча, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губернатарам) гетман Украінскай Дзяржавы Павел Скарападскі прызначыў былога ўладальніка маёнтка, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[19].

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Брагінская воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня яна разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.

8 снежня 1926 года Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласць вярнулі БССР. Тады ж утвораны Брагінскі раён. Найболей інтэнсіўна пасёлак Двор-Гарадзішча развіваўся ў 1920-я гады. У 1932 годзе арганізаваны калгас. Паводле Я. Н. Рапановіча, імя Э. Тэльмана паселішчу нададзена 25 кастрычніка 1934 года[20].

У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты забілі 13 жыхароў. Падчас баёў за вызваленне пасёлка ў кастрычніку 1943 года загінулі 6 савецкіх салдатаў, якія пахаваны ў брацкай магіле на могілках. На 2004 год, пасёлак знаходзіўся ў складзе калгаса імя Э. Тэльмана (цэнтр — вёска Сялец); працавалі клуб, крама.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • XX стагоддзе: 1909 год — у фальварку Гарадышча (Городыще) 1 двор, 17 жыхароў[21].
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 57 гаспадарак, 177 жыхароў; 2006 год — 55 гаспадарак, 169 чалавек, з якіх 50 ва ўзросце да 16 гадоў, 75 — у працаздольным і 44 — старэйшым за працаздольны; 2009 год — 133 жыхары[22]; 2021 год — 107 жыхароў[23].

Забудова[правіць | правіць зыходнік]

Сцяна ў двары Гарадзішча, пач. XX ст. Здымак з сямейнага архіва Афонскіх.
Рэшткі сцяны ў парку Ракіцкіх.

Планіроўка складаецца з крывалінейнай вуліцы, блізкай да мерыдыянальнай арыентацыі забудаванай драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу. Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Хойнікі.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

У канцы XVIII стагоддзя тут быў закладзены парк, які меў характэрныя прыметы барочнага паркабудавання. У планіровачную структуру парка арганічна ўключана рака, па беразе якой праходзіць алея. Растуць ліпа, клён, граб, дуб, вяз, вярба.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Але наўрад ці пан арандатар жыў у вёсцы Гарадзішча, хутчэй у фальварку.
  2. Ян Сандэр, капітан «польской службы», уладальнік у Рэчыцкім павеце 53 сялянскіх душ (гл.: Кондратьєв Ігор. Участь шляхти Речицького повіту у виборах в дворянські інституції Чернігівського намісництва в 1796 р. // Рэчыцкі край: да 150-годдзя з дня нараджэння Мітрафана Доўнара-Запольскага: зб. навук. арт. – Мінск: Беларуская навука, 2019. С. 307, 310).
  3. Менш як праз тры тыдні, ва ўзросце 19 гадоў, пакінула свет жывых ў выніку пасляродавай гангрэны; 26 студзеня пахавана на Сялецкіх могілках (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 245).
  4. У самым канцы XVIII ст. браты Ракіцкія вызначыліся з падзелам бацькоўскай фартуны. Рафалу і яго нашчадкам дастаўся Брагін з прылегласцямі, таму Людвік стварыў у Гарадзішчы новую рэзідэнцыю для сваёй часткі Брагінскіх добраў (Гарадзішчаўскі і Ёлчанскі ключы, фальваркі Пучын, Крыўча, Макрэц, Удалёўка і Углы)[5].
    Запіс аб хросце Тэклі Юзафаты Антаніны Ракіцкай, дачкі бацькоў z Pałacu Horodyszcza.
    Найранейшая згадка пра zamek Horodyski. 1812 г.
    Будаўнічы матэрыял з кляймом цагельні Ракіцкіх (спалучаныя тыльнымі бакамі літары R i K – ROKICKI). Фота Андрэя Лебедзева. 2022 г.
    Найраней pałac Horodyszcze згаданы 5 студзеня 1799 г. у метрычных кнігах царквы Сялецкага базыльянскага кляштару ў запісе аб хросце Тэклі Юзафаты Антаніны, дачкі Людвіка і Ганны з Плятэраў[C] Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касцёла. Кумамі былі кашталяніч менскі Рафал Ракіцкі з Брагіня і Тэкля з Сівакоўскіх Валовічава, шамбэлян Ксаверы Валовіч з Холмеча і Барбара Сандэрава, падстараста судовы рэчыцкі Ігнацы Аскерка і Антаніна Сандэраўна, лоўчы рэчыцкі Андрэй Солтан і Казімера Забэлаўна з Гарадзішча (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 3адв.). Але ў датаваным днём раней, 4 студзеня 1799 г., запісе ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 198) усё пададзена яшчэ не гэтак урачыста: і дзяўчынка названая адно Тэкляй, і кумамі ў той дзень была адна толькі пара — Ігнацы Аскерка і Тэкля Валовічава, і самы хрост адбыўся ў маёнтку Гарадзішча (in praedio Horodyszcze; пэўна, тут маем адпаведнік іншаму лацінамоўнаму выразу — in aula (у двары)). Увогуле, найчасцей ужываўся тэрмін «двор». Пазней жа, у 1812 (14 студзеня ўпершыню), 1815, 1818 – 1822 гг. колькі разоў згаданы «zamek Horodyski» альбо «zamek Horodyszcze» (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 47адв., 59адв., 60адв.,72адв.-73, 75, 77адв., 79адв.-82адв.). Магчыма, акрамя знаходжання на даўнім гарадзішчы з валамі (што могуць высветліць хіба спецыялісты-археолагі), той нібыта Вішнявецкіх замкавы мур, урэшце атачыўшы палац, часам і выклікаў у святароў Актавіяна Даўгерда і Максіміліяна Эйсманта жаданне называць яго «замкам».
  5. 5 жніўня 1774 г. ахрышчаны «толькі з вады» (ex aqua solum) грэка-уніяцкім прэсбітэрам Пракопіем Шумскім, парохам Ручаёўскай царквы, а 11 ліпеня 1775 г. з усімі ўжо касцёльнымі цырымоніямі – айцом Эгідыюшам Піатроўскім, вікарыем Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла (НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 160).
  6. Спачыў 14 мая 1802 г. у фальварку Людамонт Мінскага павета, пахаваны на Кальварыйскіх могілках (Минские губернаторы, etc. С. 212).
  7. Паводле метрычнага запісу Юравіцкага касцёла, пайшла з жыцця 13 мая 1794 г., пасля нараджэння сына; была парафіянкай касцёла ў Астраглядах, пахаваная ў Рудакове (НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 97).
  8. Антоні, сын Яна, Скібінскі, рыма-католік, на 1814 год названы ў сялецкіх метрыках канюшым, на 1816 год маршалкам двара Гарадзішча, згаданы і ў 1825 годзе (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 58, 66адв., 94адв.). Памёр 20 снежня 1844 г. у Малейках (НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 36адв.).
  9. Капельмейстар двара Гарадзішча Казімір Казлоўскі вядомы яшчэ ад 24 жніўня 1802 года з метрычнага запісу Сялецкага кляштара аб хросце яго і Барбары з Скрычэўскіх, парафіянаў Астраглядаўскага касцёла, дачкі Разаліі Эльжбэты Юзэфы (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 16адв.).
  10. Антоні Гаўсман з жонкай Марыянай, медыкі (konsyliarze medycyny) двара Гарадзішча, рыма-католікі, у метрычных запісах Сялецкага кляштару згаданы ў 1816 і 1819 г. (НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 1451. А. 67, 75, 76).
  11. У сувязі з пражываннем у двары Гарадзішча музыкантаў, бацькі і сына Казіміра і Антонія Казлоўскіх, варта задацца пытаннем: а ці наведваў тутэйшую сядзібу, браў удзел у канцэртах і даваў урокі музыкі Каралю Ельскаму менавіта Юзаф, сын Антонія, Казлоўскі, знакаміты кампазітар (гл.: Восіп Антонавіч Казлоўскі)? Тэму пачала В. Дадзіёмава; наведванні тыя, канешне, вельмі верагодныя. Але Міхал Ельскі згадаў толькі доктара Гаўсмана[J] і Казлоўскага, якія прызнаныя першымі скрыпкамі ў аркестры Л. Ракіцкага, а значыць былі сталымі яго музыкантамі. І хто той Казлоўскі? Можна дапусьціць, што бацька і сын даводзіліся адпаведна старэйшым братам і пляменнікам Юзафу. Ці мо нехта з іх даў колькі ўрокаў К. Ельскаму?.. Акрамя таго. А. Ахвердава, а потым і В. Дадзіёмава ў сваіх працах напэўна ж адвольна лакалізавалі Гарадзішча «пад Мінскам». І хоць С. Немагай тое ў свой час абвергла (Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага – помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21), расійская даследчыца А. Лебедзева-Ямеліна паспрабавала яшчэ неяк і ўдакладніць месцазнаходжанне сядзібы Л. Ракіцкага: «вблизи Минска (то есть, по дороге из Пропойска в Залесье Огинских)…» і «Городищи Ракицких отстоят от Дудичей Ельских на приличное расстояние (около 80 км)!» (А. Лебедева-Емелина. Осип Козловский » белорус? (Новое о композиторе) // Старинная музыка. 2015. № 2 (68). С. 9). Здагадка пра «по дороге...» А. Лебедзевай-Амелінай – штучная. І адлегласць паміж маёнткамі Ракіцкага і Ельскага была ў чатыры разы большая. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на працу якога, акрамя іншых, спасылалася і С. Немагай (Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169 – 171; № 23. S. 180 – 182), як і брат-энцыклапедыст Аляксандр, дакладна ведаў, што двор Гарадзішча маршалка Л. Ракіцкага месціўся ў Рэчыцкім павеце, а настаўнікамі іх бацькі ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі (S. 181, 182).
  12. Тытульны аркуш Канцэрта для фартэпіяна, прысвечанага Тэклі Прозар, народжанай графіні Ракіцкай. 1833 г.
    Юзаф, сын Даміяна, Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пенсію (ад 24 ліпеня 1828 г. дажыццёвае права на валоданне вёскай Пясочанка з сялянамі[8]), жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў, да апошніх дзён. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям — графу Людвіку Ракіцкаму і ягонай дачцэ Тэклі Прозар. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны паланез» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя творы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу.
  13. Вартае ўвагі тое, аднак, што А. П. Патон, паводле ўспамінаў сына Яўгена (Патон Е. О. Воспоминания. Литературная запись Ю. Буряковского. – Київ: Державне видавництво художньої літератури, 1933. С. 5, 12), быў знаёмы «по службе» з найталенавітым інжынерам Станіславам Валерыянавічам Кербедзем, які ўжо ў 1883 г. стаў уладальнікам маёнтку Брагін, пазней перайшоўшым да сына Міхала (гл. Брагін).
  14. Выглядае, што звязаная з гэтым валуном мясцовая "легенда" пра рамантычнае спатканне Ілжэдзмітрыя з Марынай Мнішак нават не ў Брагіне (што таксама было б фантасмагорыяй), а менавіта тут, з’явілася пад уплывам вершу "В Городище есть преданье:_У реки, где панский сад_Были встречи и свиданья_Много лет тому назад..." (поўны тэкст гл.: Памяць. Брагінскі раён. — Мінск, 2003. С. 47). Сам жа верш, дзеля забавы, мог скласьці не пазбаўлены мастацкага густу чалавек са службы П. А. Патона ў познім двары Гарадзішча альбо, — і гэта падаецца больш верагодным, — нехта з абазнаных у расійскай гісторыі паэтаў ужо савецкіх часоў. У кожным выпадку, натхненне выклікана сюжэтам, напрыклад (бо ёсць і іншыя), як у гравюры С. Ф. Галакціёнава "Марина Мнишек и Дмитрий Самозванец в саду Самборского замка" пачатку XIX ст.
  15. Назва паводле Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь -- Парк з рэшткамі сцяны замка Вішнявецкіх. Але пры князях Вішнявецкіх (малодшая галіна роду, XVI ст. — пачатак 1670-х гг., і пасля немалога перапынку Міхал Сервацы са старэйшай галіны і апошні з мужчын у родзе, 1730-я — 1740-я гг.; гл. Брагін) у Гарадзішчы не было мураванага замка і нават драўлянай панскай сядзібы. На 1609 год ёсць звестка пра дарогу гарадзішчаўскую, 1742 і 1750 — пра млыны, 1754 — пра дзве халупы (хаты) у вёсцы Гарадзішча (гл. Гарадзішча). На здымку, верагодна, — рэшткі сцяны ў комплексе мураваных збудаванняў вялікапанскай сядзібы маршалка Людвіка Ракіцкага, якая з цягам часу перастала быць патрэбнай наступным уладальнікам і яе пачалі разбіраць, магчыма, яшчэ ў канцы XIX ст.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 211-211адв.
  3. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 206
  4. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72, 74
  5. Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793–1917): биографический справочник / сост. Ю. Н. Снапковский; редкол.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Беларусь, 2016 (далей: Минские губернаторы, etc.). С. 211
  6. Słownik geograficzny Krółewstwa Polskiego і innych krajów słowiańskich. — Warszawa, 1882. T. III. S. 143
  7. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 77, 206
  8. НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27: Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года.
  9. А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65).
  10. Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. – Poznań, 1895. Rocznik XVII. S. 151 – 152
  11. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 831. А. 9
  12. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381адв.
  13. Памяць. Брагінскі раён. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. С. 61
  14. Волости и важнейшие селения Европейской России. Вып. 5. — С.-Петербург, 1886. С. 111
  15. Список зелевладельцев Минской губернии. 1889 г. – Минск, 1889. С. 368
  16. НГАБ. Ф. 1477. Воп. 1. Спр. 2620
  17. Памятная книжка Минской губернии на 1904 г. — Минск: Издание Минского губернского статистического комитета, 1903. Приложение. С. 58
  18. Spis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 110 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r.
  19. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  20. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск: Навука і тэхніка, 1986. С. 58, 168
  21. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 43
  22. Насельніцтва Гомельскай вобласці па выніках перапісу 2009 года Архівавана 11 кастрычніка 2020. (руск.)
  23. Малейкаўскі сельскі савет(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2021. Праверана 5 верасня 2021.
  24. НГАБ. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]