Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі
польск.: Alexander Rypiński
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 10 (22) верасня 1809
Месца нараджэння
Дата смерці 8 (20) лістапада 1886 (77 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мастак, паэт, перакладчык, аўтар дзённіка, этнограф
Мова твораў беларуская
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі (Рыпінскі — Радван, польск.: Alexander Rypiński; 10 (22) верасня 1809, в. КукавячынаВіцебскага павет, цяпер Віцебскі раён — 8 (20) лістапада 1886[1], в. Страганы, цяпер Лёзненскі раён) — беларускі і польскі паэт, фалькларыст, кнігавыдавец, графік.

Паходзіў са шляхецкай сям’і. Дзяцінства прайшло ў дзедавым маёнтку Стайкі каля Віцебска. Скончыў Віцебскую гімназію, у 1829—1830 вучыўся ў Дынабургскай школе прапаршчыкаў. У гэты час пазнаёміўся з В. Кюхельбекерам, які адбываў пакаранне ў Дынабургскай крэпасці, што сам А. Рыпінскі лічыў значнай падзеяй.

Удзельнік паўстання 1830—1831 гадоў. Пасля падаўлення паўстання, разам са сваім атрадам перайшоў мяжу з Прусіяй.

У 1832—1846 жыў у Парыжы. Быў абраны членам французскай Акадэміі прамысловасці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Разам з Ф. Ходзькам адкрыў мастацкі магазін. У Парыжы блізка пазнаёміўся з А. Міцкевічам, іх звязвала адзінства грамадскіх і эстэтычных ідэалаў.

У 1846 годзе А. Рыпінскі пераехаў у Лондан. Разам з І. Яцкоўскім у 1852 заснаваў у прыгарадзе Лондана Тотэнхэме  (руск.) друкарню. Між іншага, з кастрычніка 1852 выдаваў эмігранцкую газету «Польскі дэмакрат». У 1859 годзе, пасля амністыі ў Расіі, А. Рыпінскі вярнуўся на радзіму. Пад наглядам паліцыі жыў у Кукавячыне, маёнтку свайго брата, адстаўнога штабс-капітана артылерыі В. Ф. Рыпінскага, пазней — у сваячкі Ксаверыі Аляксандраўны Рыпінскай у маёнтку Страганы (цяпер Лёзненскі раён).

Памёр 8 (20) лістапада 1886 года. Быў пахаваны на сямейных могілках роду Заблоцкіх у маёнтку Саланец.

Дзейнасць і творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў раннім юнацтве А. Рыпінскі вёў фальклорныя запісы, пазней захоўваў іх у ваенным ранцы, які згубіў у час паўстання 1830—1831 гадоў. У школьныя гады захапіўся паэзіяй і перакладамі. Лічыцца, што самы ранні верш А. Рыпінскага, на польскай мове, запісаны на тытульным аркушы рукапіснага зборніка школьнага сябра Гайкі з Пнёва. У 1827 пераклаў на польскую мову «Русалку» А. Пушкіна. На пасяджэнні Польскага літаратурнага таварыства ў Парыжы, 21.11.1839 прачытаў першы даклад пра беларускую этнаграфію і фальклор. У 1840 на аснове ўласных лекцый выдаў асобнай кнігай фалькларыстычна-этнаграфічнае даследаванне «Беларусь»[2], дзе ўпершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў беларускую народную вусную творчасць паводле жанраў і тэматыкі. Магчыма, па радзе А. Міцкевіча падрыхтаваў да друку ўспаміны з часоў паўстання — «Паўстанне Вілейскага, Завілейскага і Дзісенскага паветаў» (фрагменты выданы ананімна ў Парыжы, 1836). Працаваў над рукапісам «Выпісы польскіх гарадоў і вёсак, узгаданых у творы Нарбута „Гісторыя старажытнай Літвы“». У Лондане заняўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, таксама выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. У сваёй, супольнай І. Яцкоўскім, друкарні выдаў зборнікі сваіх польскіх вершаў «Паэтычныя творы» (1853), «Сяржант-філосаф» (1854). У 1853 выдаў беларускамоўную рамантычную баладу «Нячысцік»[3], адну з першых у беларускай літаратуры, у аснову яе пакладзены фальклорныя ўзоры. Быў шырока вядомы як мастак, сам афармляў свае кнігі, выявіў выключныя здольнасці да мастацкай фатаграфіі, стаўшы адным з піянераў фотамастацтва.

Па вяртанні ў Расію, працаваў над гісторыяй беларускай літаратуры, быў першым біёграфам шэрагу пісьменнікаў. У прыватнасці, А. Рыпінскім напісаны біяграфіі Я. Баршчэўскага, Г. Марцінкевіча, В. Рэута, Ф. Рысінскага, Т. Заблоцкага, але гэтыя працы не захаваліся. Перапісваўся з пісьменнікам і публіцыстам А. Плугам. Дапамагаў маладым мастакам і літаратарам з Беларусі і Літвы, між іншых, віленскаму мастаку К. Рыпінскаму.

Асабісты архіў А. Рыпінскага, багаты на факталагічныя звесткі пра беларускую культуру 18-19 ст., не захаваўся. Некалькі сшыткаў А. Рыпінскага з каштоўнымі фальклорнымі і літаратурнымі запісамі ў 1930-я гады захоўваліся ў прафесара БДУ М. Піятуховіча. Некаторыя запісы па копіях Піятуховіча апублікаваў В. Скалабан у 1990 (Зборнік «Шляхам гадоў», 1-ы вып.).

Паэзіі Рыпінскага ўласціва фальклорна-рамантычная скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. А. Рыпінскі адзін са стваральнікаў жанру балады ў беларускай літаратуры. У гісторыі беларускай культуры А. Рыпінскі ўвайшоў як адзін з першых даследчыкаў літаратуры Беларусі і беларускай літаратуры. У мовазнаўства вядомы яго спробы ўпарадкаваць нормы беларускай арфаэпіі.

Рыпінскі быў першым аўтарам і выдаўцом, хто ўвёў ва ўжытак літару Ŭ — «у нескладовае» у лацінскім алфавіце — у беларускіх тэкстах у 1853-54 гг.[4][5]

У класічнай працы «Беларусь. Колькі слоў пра паэзію простага люду гэтае нашае польскае правінцыі, пра ягоную музыку, сьпевы, танцы, etc.», якая на польскай мове выйшла друкам у 1840 годзе ў Парыжы і заклала пачаткі беларускай этнаграфіі, а таксама спрычынілася да навуковага вывучэння беларускага фальклору, Аляксандр Рыпінскі заклікаў беларускіх жанчын-маці лічыць сваім першым абавязкам «навучыць дзіця вымаўляць святое імя Польшчы, калі яно яшчэ не гаворыць „мама“, не даваць дзіцяці патрэбнай ежы „да таго часу, пакуль яно не папросіць па-польску“…»[6]. У самой назве твора было азначана, што Беларусь — гэта частка («правінцыя») Польшчы.

  1. Метрическая книга Витебского костела об умерших. 1874–1893 гг. НГАБ, ф. 1781, воп. 26, спр. 1262, арк. 107 адв.
  2. Białoruś : kilka słów o poezji prostego ludu téj naszéj polskiéj prowincii; o jego muzyce, śpiéwie, tańcach, etc. Paryż, 1840.
  3. Асобнае выданне "Нячысціка" (1853) на polona.pl
  4. Packajeu, Mikalaj. Belarusian 19th century publishing efforts in London shaped the appearance of modern Belarusian writing [A Lecture by Mikalaj Packajeu Held at Anglo-Belarusian Society Meeting On 2 March 2003] (англ.). Anglo-Belarusian Society (19 студзеня 2017). Праверана 11 жніўня 2021.
  5. Packajeu, Mikalaj. "[1853 год, Лёндан]". Facebook. Роднае Слова.
  6. Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мінск: Навука і тэхніка, 1964. — С. 55.
Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Аляксандр Феліксавіч Рыпінскі