Андрэй Ануфрыевіч Бембель
Андрэй Ануфрыевіч Бембель | |
---|---|
| |
Дата нараджэння | 17 (30) кастрычніка 1905 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 кастрычніка 1986 (80 гадоў) |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | СССР |
Жонка | Вольга Анатолеўна Дзядок і Марыя Вікенцьеўна Мякіннікава |
Дзеці | Клара Андрэеўна Бембель[d] і Алег Андрэевіч Бембель |
Род дзейнасці | скульптар |
Месца працы | |
Жанр | скульптура |
Вучоба | |
Уплыў | Міхаіл Аркадзевіч Керзін, Мацвей Генрыхавіч Манізер, Усевалад Усеваладавіч Лішаў[d], Роберт Раманавіч Бах[d] і Васіль Львовіч Сіманаў[d] |
Уплыў на | Уладзімір Пятровіч Слінчанка, Генадзь Ільіч Мурамцаў, Эдуард Барысавіч Астаф’еў, Яўген Аляксеевіч Колчаў і Карней Іосіфавіч Аляксееў |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Андрэ́й Ану́фрыевіч Бе́мбель (30 кастрычніка 1905, Веліж — 13 кастрычніка 1986) — беларускі савецкі скульптар. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939), Народны мастак БССР (1955), прафесар (1962)[1]. Яго сын, Алег Бембель, вядомы як дысідэнт.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Веліжы. Бацька, Ануфрый Емяльянавіч Бембель, служыў у павятовым казначэйстве бухгалтарам, а маці, Сцефаніда Дзмітрыеўна, займалася хатняй гаспадаркай. Сям’я была вялікай — 13 дзяцей, якія дапамагалі бацькам па гаспадарцы[2]. Паводле ўспамінаў, набожны Ануфрый Емяльянавіч канфліктаваў з сынам з прычыны рознасці светапоглядаў, і аддаў таго анафеме за ўдзел у разбурэнні царквы ў Веліжы[3].
Скончыў Веліжскую мужчынскую гімназію, дзе звярнулі ўвагу на яго малюнкі. Вучыўся ў беларускага скульптара М. А. Керзіна ў Веліжскай мастацкай школе, потым — у Віцебскім мастацкім тэхнікуме[2].
Вучоба ў Ленінградзе
[правіць | правіць зыходнік]У 1927—1930 А. Бембель вучыўся ў вядомых скульптараў і педагогаў Ленінградскага мастацкага інстытута — акадэміка М. Г. Манізера , прафесараў У. У. Лішава , Р. Р. Баха , В. Л. Сіманава. У час навучання ў інстытуце Бембель ажаніўся са студэнткай скульптурнага факультэта Вольгай Дзядок[4]. На апошнім курсе ў пары нарадзілася дачка Клара[3].
У той час да ўлады прыйшлі агрэсіўныя фармалісты і апалагеты «левага» мастацтва, пачалося не толькі звальненне старых прафесараў-выкладчыкаў, але і жорсткі наступ на ўсё рэалістычнае мастацтва. У знак пратэсту супраць гэтай палітыкі Андрэй Бембель не выйшаў на «суботнік» па знішчэнні ўнікальнага акадэмічнага музея антычных злепкаў. У факультэцкай насценнай газеце з’явілася на яго карыкатура пад якой красавалася «Прэч з інстытута!». На адным з падрыхтаваных загадзя сходзе, дзе выступалі прафесары са справаздачай аб сваёй творчай і педагагічнай дзейнасці, пасля чаго іх з трыбуны адзін за адным бэсцілі студэнты, Бембель нечакана выступіў у абарону Усевалада Усеваладавіча Лішава, ацэньваў яго ролю ў акадэміі, выяўляў прычыны наступу на яго, абрынуўшы знішчальную крытыку на лінію адыёзнага рэктара Фёдара Маслава, высмейваючы падтрымку партарганізацыяй мерапрыемстваў, якія накіроўваліся на развал вучобы студэнтаў. Пасля гэтага Бембеля знялі са стыпендыі, ён пайшоў працаваць у порт грузчыкам. Маслаў граміў «адшчапенца» Бембеля ў кожным сваім выступленні, з’явіўся нават тэрмін «бембельшчына». Дайшло да таго, што яго сябрам прапаноўвалі парваць адносіны з Бембелем пад пагрозай выключэння з камсамола. У дыпломе яму было адмоўлена як «акадэмічна не паспяваючаму», хаця ён вучыўся добра, была выдадзена толькі даведка аб праслухоўванні поўнага курса[4].
Студэнцкая работа — фарфоравая скульптурная група «Кастрычнік», у якой была адлюстравана кампактная група паўстанцаў з ліку пралетарыята Петраграда: рабочы, работніца, матрос з «Аўроры» і салдат, якія згуртаваліся вакол рэвалюцыйнага сцяга — экспанавалася на Усесаюзнай выстаўцы «Мастакі РСФСР за 15 гадоў». За яе Андрэй Бембель атрымаў прэмію ад Фарфоравага завода імя Ламаносава ў памеры 250 рублёў, пры тым што стыпендыя студэнта тады складала ў чатыры разы менш. Для маладой сям’і, якая жыла толькі на жончыну стыпендыю, гэта была добрая падтрымка[4].
Вяртанне ў Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]У 1931 годзе Андрэй Бембель вярнуўся ў Беларусь[2]. Спачатку разам з жонкай ён пасяліўся ў яе родным Гомелі, дзе арганізаваў мастацкую студыю для рабочай моладзі пры гарсавеце, прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Хутка перабраўся ў Мінск[4]. На першых жа выставах у беларускай сталіцы прадэманстраваў высокае прафесійнае майстэрства[2]. У 1932 годзе па праекце вядомага архітэктара Іосіфа Лангбарда ў Мінску пачалося будаўніцтва Дома ўрада, які мусіў быць упрыгожаны разнастайнымі формамі скульптуры і жывапісу. На чале з Міхаілам Керзіным многія мастакі ўдзельнічалі ў стварэнні скульптурных партрэтаў, якія былі пастаўлены на лесвічных маршах. Андрэй Бембель стварыў бюст М. В. Фрунзэ і вялікі 154-метровы гарэльефны фрыз для залы пасяджэнняў[2]. Да вайны Бембель паспеў прыняць удзел і ў стварэнні іншых манументальных аб’ектаў: помнікаў Леніну для Полацка і Слуцка (якія загінулі ў час вайны), афармленне інтэр’ераў залы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, Дома Чырвонай арміі (Дома афіцэраў), павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве. У 1938 годзе яму было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР»[4].
У 1932 годзе Андрэю Бембелю за працу над фрызам у Доме ўрада быў дадзены дом-майстэрня на вуліцы Беламорскай, 42[3], пабудаваны па праеце сябра сям’і Аляксандра Воінава. Вольга Дзядок у сваіх успаміх пісала: «Шырыня, вышыня. 5 печаў! У што ж абыйдзецца ацяпленне? Але Андрэй пра гэта не думаў, а яшчэ менш сам архітэктар — наш сябар, малады Аляксандр Пятровіч Воінаў. Да яго быў выкананы праект Макляцовай. Утульны, жылы катэдж. Але аддалі перавагу праекту Воінава»[5].
У гады Вялікай Айчыннай вайны мабілізаваны і ў якасці тэхніка-інтэнданта першага рангу залічаны ў полк камсаставу рэзерву Заходняй Асобнай ваеннай акругі ў Магілёве[4]. Уступіў у Камуністычную партыю[3]. Да лютага 1942 года быў курсантам шостага асобнага запаснога інжынернага палка Маскоўскай ваеннай акругі. Там пасля вучобы выкладаў на курсах малодшых афіцэраў, быў намеснікам камандзіра сапёрнай роты. У пачатку снежня 1943 года паступіў у распараджэнне Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання. У Маскве, яму, як і некаторым іншым беларускім творцам, прыкамандзіраваным да штаба, якім кіраваў першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка, далі магчымасць праявіць сябе ў якасці мастакоў ваенна-патрыятычнага напрамку. У маленькай майстэрні на Сходні, якая была прыпісана да штаба, Бембель распачаў свой галоўны твор ваенных гадоў — партрэт камандзіра эскадрыльі 207-га авіяпалка 42-й бамбардзіровачнай дывізіі капітана Мікалая Гастэлы[4]. У час вайны пазнаёміўся з хірургам-отарыналарынголагам Марыяй Вікенцьеўнай Мякіннікавай, якая пасля стала другой жонкай скульптара[3].
7 ліпеня 1944 г. разам са штабам А. Бембель вярнуўся ў вызвалены Мінск. З 1947 г. на педагагічнай рабоце, з 1953 г. у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (да 1978 г. загадчык кафедры скульптуры).
Адзін арганізатараў і першых выкладчыкаў Мінскага мастацкага вучылішча (1948—1950) і Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, прафесар (1962), загадчык кафедры скульптуры (1953—1978). У 1950—1954 гг. і з 1982 года быў старшынёй праўлення Саюза мастакоў БССР[1]. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967–1975 гг. Член ЦК КПБ з 1976[1] г.
Стары дом на Беламорскай быў знесены. У пачатку 1970-х сям’я перасялілася ў катэдж на вуліцы Якуба Коласа, 29а[6]. Новы дом для Бембеля пабудавалі так блізка ад старога, што яго працы пераносілі з будынка ў будынак на руках[6].
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска. На пахаванні Андрэя Бембеля ягоны сын-дысідэнт Алег у прысутнасці партыйных дзеячаў уклаў у рукі нябожчыка крыжык, абгорнуты лістком паперы з улюбёным вершам бацькі[3]. Пасля яго смерці доўга не маглі вызначыць статус катэджа, бо сваякі скульптара канфліктавалі паміж сабой[5], урэшце праз суд перайшоў да Саюза мастакоў БССР, які адкрыў у яго сценах музей скульптуры імя А. А. Бембеля[6].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]На першых жа выстаўках у Мінску паказаў высокае прафесійнае майстэрства. У 1932 па праекце архітэктара І. Лангбарда ў Мінску пачалося будаўніцтва Дома ўрада. Пад кіраўніцтвам М. Керзіна над аздабленнем памяшканняў працавалі З. Азгур, Г. Ізмайлаў, А. Арлоў, А. Глебаў і А. Бембель. А. Бембелю належыць, бадай што самая складаная частка работы: 44-метровы барэльефны фрыз, які ўпрыгожвае кулуары Залы з’ездаў (разам з У. Рытэрам). Для кулуараў былі зроблены такія работы, як «Парыжская камуна», «Абвяшчэнне Камуністычнага маніфэсту», «Каланіяльныя народы ўзнімаюцца на барацьбу», «Першая пяцігодка СССР» і іншыя[1].
Працягваючы ўдасканальваць тэхніку барэльефа, А. Бембель у наступныя гады працаваў пераважна над афармленнем інтэр’ераў грамадскіх пабудоў: некалькі кампазіцый у зале Прэзідыума ВС БССР (не захаваліся) — «СССР — індустрыяльна-калгасная дзяржава», шэраг рэльефных фігур у глядзельнай зале Дома афіцэраў у Мінску. Прымаў удзел у афармленні цэнтральнага рэльефу аванзалы павільёна БССР на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве (1939), дзе між іншым экспанавалася яго барэльефная шматфігурная кампазіцыя жанравага характару, выкананая ў мармуры, — «Уз’яднанне Заходняй Беларусі ў адзіную Савецкую Беларусь» (перададзена пазней у Дзяржаўны гістарычны музей). У 1936–1939 стварыў помнікі У. І. Леніну ў Полацку і Слуцку (знішчаны падчас Айчыннай вайны[1]).
У гады Вялікай Айчыннай вайны стварыў свой першы і галоўны твор ваенных гадоў — кампазіцыйны партрэт М. Ф. Гастэлы (бронза, 1943). Гэты твор шмат у чым вызначыў выяўленне вобразаў ў савецкім мастацтве.
Таксама працаваў над праектам помніка героям Сталінграда, барэльефам «Беларускія партызаны», партрэтамі Герояў Савецкага Саюза — Ф. І. Паўлоўскага, Д. Ц. Гуляева, П. З. Калініна[1]. Адзін з першых значных паваенных твораў — партрэт А. М. Матросава (1946)[1]. У пасляваенныя гады А. Бембель актыўна працаваў у абранай ім галіне — манументальнай і манументальна-дэкаратыўнай пластыцы, не забываючы пра станковыя выставачныя творы. Удзельнічае ў аднаўленні і рэстаўрацыі буйных скульптурных ансамбляў, пашкоджаных вайной. А. Бембелю належыць ці не першы вопыт творчага асэнсавання ў скульптурнай пластыцы матываў нацыянальнай арнаментыкі. Аўтар дэкаратыўных рэльефаў ляпнін у глядзельных залах Тэатра оперы і балета БССР і тэатра імя Я. Купалы[1]. На 1950-я прыпаў росквіт партрэтнай творчасці майстра, сярод мадэляў — людзі самых розных прафесій, узростаў, інтарэсаў, грамадскага становішча.
Працы Бембеля выстаўляліся ў Румыніі (1959). Выстаўка яго твораў прайшла ў Мінску (1955).
Да найбольш значных работ А. Бембеля, прысвечаных гістарычным дзеячам мінулага: Д. І. Мендзялееў (устан. ў 1952 перад будынкам хімічнага факультэта МДУ), станковая кампазіцыя «Адам Міцкевіч» (1979), партрэты Я. Купалы (1978) і А. Блока (1980)[1]. Ці не самы цудоўны твор А. Бембеля як скульптара-манументаліста — статуя «Беларусь сацыялістычная» перад павільёнам БССР на ВДНГ у Маскве (1950-я). Адной з асноўных работ гэтага часу з’яўляецца гарэльеф «9 Мая 1945 года» — кампазіцыя галоўнага фасада Манумента Перамогі ў Мінску (1954)[1]. А. А. Бембель — адзін з аўтараў Кургана Славы Савецкай Арміі (архітэктар А. А. Стаховіч, 1969 Дзяржаўная прэмія БССР 1970), мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» (1971, саўм. з А. П. Кібальнікавым і У. А. Каралём)[7]. У 1978-80 стварыў помнік У. І. Леніну ў Салігорску[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Узнагароджаны сярэбраным медалём імя М. Грэкава (1972). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1939), Народны мастак БССР (1955). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1970) за Курган Славы Савецкай Арміі.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У першым шлюбе са скульптарам Вольгай Дзядок (1906—1974) меў двух дзяцей: Клару і Алега, беларускага філосафа, паэта і антыкамуністычнага дысідэнта. У другім шлюбе з хірургам-отарыналарынголагам Марыяй Вікенцьеўнай Мякіннікавай, з якой пазнаёміўся на фронце[3].
Ушанаванне памяці
[правіць | правіць зыходнік]- У 1995 у Мінску, у доме-майстэрні А. Бембеля, адкрыты Музей сучаснай беларускай скульптуры імя А. А. Бембеля. На доме ўстаноўлена мемарыяльная дошка[2].
- У Віцебску на доме, дзе жыў Андрэй Бембель, усталявана мемарыяльная дошка[8][2].
- У 2005 годзе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь увяло ў паштовы ўжытак мастацкі канверт з арыгінальнай маркай «100 гадоў з дня нараджэння А. А. Бембеля»[2].
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]Быў захоплены кветкаводствам, любіў бэз, з лесу прывёз ландышы, якія дагэтуль растуць пад майстэрняй[5]. І. Ахрэмчык сваю знакамітую карціну «Бэз», якая захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, напісаў з вялікага куста ў садзе Бембеля[6].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к Бембель Олег Онуфриевич // Белорусская ССР: краткая энциклопедия: [в 5 т.]. — Т. 5: Биографический справочник. — Минск: БелСЭ, 1982. — 738 с. — С. 54
- ↑ а б в г д е ё ж ДОСЬЕ: К 110-летию народного художника Беларуси Андрея Бембеля 26.10.2015
- ↑ а б в г д е ё СЕМЬЯ С ИСТОРИЕЙ. Устроить праздники из будней — к этому всегда стремились в доме Бембелей 7 октября 2016 Архівавана 1 жніўня 2019.
- ↑ а б в г д е ё «Фармаліст, але малайчына!..» № 36 (1214) 05.09.2015(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 8 жніўня 2022. Праверана 1 жніўня 2019.
- ↑ а б в Особняки знаменитых белорусов: Дом Купале построили, несмотря на его гибель, а скульптуры Бембеля в новое жилье переносили на руках(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г Дом, где разбиваются сердца
- ↑ Большая Cоветская Энциклопедия. — 3-е изд. — Т. 12.: Кварнер — Коигур. / Гл. ред. А. М. Прохоров. — м.: 1973. — 624 стр., илл., 35 л. илл. и карт. (статья Кибальников, Александр Павлович)
- ↑ Мемарыяльная дошка Андрэю Бембелю
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Беларускі саюз мастакоў: энцыкл. давед. — Мн., 1998. — С. 62.
- Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3). — С. 94—95.
- Бембель Андрэй Ануфрыевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. — С. 12.
- Крэпак Б. А. Андрэй Бембель: (фотаальбом твораў) / Б. А. Крэпак; фота В. А. Бараноўскага і інш. — Мн.: Беларусь, 1988. — 115 с.
- Орлова М. А. О. Бембель. — М., 1958.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- «ЛАД» прадставіць прэм’еру фільма аб патрыярху беларускай скульптуры Андрэю Бембелі Архівавана 23 мая 2015.
- Інтэрнэт-партал Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Архівавана 5 сакавіка 2016.
- Прыроджаны рэаліст Андрэй Бембель
- Барыс Крэпак. Андрэй Бембель і яго лінія жыцця Архівавана 20 лістапада 2015.
- СЕМЬЯ С ИСТОРИЕЙ. Устроить праздники из будней — к этому всегда стремились в доме Бембелей Архівавана 1 жніўня 2019. (руск.)