Беларускі дзіцячы тэатр
Беларускі дзіцячы тэатр — тэатр, які дзейнічаў у Вільні ў 1916—1918 гадах. Створаны з дзяцей беларускіх школ-прытулкаў Вільні, што знаходзіліся пад апекай Беларускага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны. Арганізатар і кіраўнік С. Корф, аўтар большасці п’ес і інсцэніровак, пастаўленых у тэатры. У складзе калектыву — дзіцячы хор, танцавальныя групы, дэкламатары. Тэатр меў выхаваўчыя мэты, яго рэпертуар складаўся з улікам асаблівасцей дзіцячай псіхалогіі. Спектаклі былі сінтэтычнымі, асноўваліся на традыцыях фальклорнага тэатра. У праграме выступленняў паказы жывой батлейкі, містэрыі, інсцэніроўкі беларускіх казак, народныя песні і танцы ў суправаджэнні музыкантаў, дэкламацыя вершаў. Паказы праходзілі ў Беларускім клубе, Пажарным клубе і пад адкрытым небам.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускі дзіцячы тэатр // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — Т. 1. — 704 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0496-9.