Карагод

А. Рабушкін, Карагод (1902)
М. Філіповіч. «Карагод (ляльнік)». 1921—1922

Карагод (каравод) — від народнага мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з харавым спяваннем і драматызацыяй паэтычнага зместу (часам з інструментальным суправаджэннем).

Пашыраны са старажытных часоў у народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара.

Карагоды бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. Вясенне-летнія карагоды «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў. Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца ў ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі; процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца; «пляценне»; шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртам. Зімовыя карагоды «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўленчыя элементы, перайманне рухаў жывёл. Тыповыя сюжзты карагодаў: выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця, вырошчванне лёну, канапель, маку і інш.

Мелодыі карагодаў інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі).

Лагатып Вікіцытатніка
Лагатып Вікіцытатніка
У Вікікрыніцах ёсць тэксты па тэме
Карагод
  • Владыкина-Бачинская Н. Русские хороводы и хороводные песни. — М.; Л., 1951;
  • Мажэйка З. Карагод // Беларуская энцыклапедыя ў 18 т. — Т. 8. — Мн., 1999.