Любчанскі замак
Замак | |
Любчанскі замак | |
---|---|
| |
53°45′07,31″ пн. ш. 26°04′07,74″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Любча |
Архітэктурны стыль | рэнесанс |
Заснавальнік | Ян Станіслававіч Кішка |
Дата заснавання | 1581 |
Дата пабудовы | 1581 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000453 |
Стан | аднаўляецца |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Любчанскі замак — колішні замак у гарадскім пасёлку Любча Гродзенскай вобласці Беларусі, на беразе ракі Нёман, за 150 км ад Мінска. Помнік палацава-замкавага дойлідства канца XVI — першай паловы XVII стагоддзя.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пабудаваны ў 1581 годзе, пра што сведчыць знойдзены ў замку флюгер з выбітай датай і гербам Кішак. Ініцыятарам будаўніцтва быў магнат Ян Кішка. У 1588 годзе быў складзены першы інвентар Любчанскага замка. Да 1592 года належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым яго брату Станіславу, а потым як пасаг дачкі апошняга Ганны перайшоў да Радзівілаў[1].
У пачатку XVII стагоддзя замак значна перабудаваны новым уладальнікам князем Крыштафам Радзівілам.
Так, паводле інвентара 1601 года, на замкавым двары стаялі дом вялікі на склепе высокім мураваным, клець, склеп памерамі меншы, хата сталовая з каморамі і святліцамі, дзе меліся печы кафляныя і «каморка патрэбная»[1].
З XVIII стагоддзя замак страціў сваё абарончае прызначэнне. У 1864—1870 гадах на тэрыторыі замка быў пабудаваны палац, які быў часткова разбураны ў гады Першай сусветнай вайны. У 1947—1949 гадах з выкарыстаннем фундаментаў і фрагментаў сцен палаца пабудаваная сярэдняя школа. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ад замка захаваліся толькі дзве вежы[1].
У 1983, 1984 і 1986 гадах на тэрыторыі замка праводзіў археалагічныя даследаванні Ігар Чарняўскі[1].
Аднаўленне
[правіць | правіць зыходнік]Першы праект аднаўлення быў распрацаваны ў 1986 годзе ВА «Белрэстаўрацыя» пад кіраўніцтвам архітэктара Л. Баркуна. Распрацаванаму архітэктурнаму праекту і будаўнічаму праекту па Кутняй вежы (першы этап аднаўлення) папярэднічалі археалагічныя даследаванні ў 1983—1985 гадах (І. Чарняўскі), гісторыка-бібліяграфічныя даследаванні (С. Адамовіч), а таксама архітэктурна-археалагічныя абмеры і натурныя вышуканні. У выніку прапанаваны праект прадугледжваў рэстаўрацыю замка як палацава-паркавага комплексу на пачатак XX стагоддзя з некаторымі дадатковымі аднаўленчымі працамі і прыстасаваннем комплекса пад санаторый «Лідсельмаша». У праекце захаваныя падмуркі сцен паміж вежамі павінны былі быць адбудаваныя на 1 м, каб захаваць візуальную сувязь паміж палацам і паркам, і толькі каля вежаў мелі аднаўленне гіпатэтычнага выгляду на ўсю меркаваную вышыню. Брамная і Кутняя вежы ў праекце атрымалі стромкі пірамідальны дах, крыты дахоўкай. Абрамленне аконных праёмаў і гзымсаў на вежах прадугледжвала выкананне сграфіта. Таксама аднаўляліся два драўляныя масты праз замкавы роў. З боку былога фальварка планавалася збудаваць сучасны будынак сталовай. Гэты праект не быў рэалізаваны[2].
У 2003 годзе быў створаны дабрачынны фонд «Любчанскі замак», які ўзначаліў Іван Антонавіч Пячынскі. Намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта была ажыццёўлена распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных работ на Любчанскім замку[1].
Наступны праект паўстаў у 2004 годзе як фрагмент рэстаўрацыі замка ў выглядзе аднаўлення завяршэння Кутняй вежы і абарончай сцяны паміж Кутняй і Брамнай вежамі. Праект распрацаваны УП «МШ прафесара В. Аладава» (навуковы кіраўнік У. Кандратаў, Л. Баркун, А. Кропатаў; архітэктары В. Аладаў (ГАП), А. Шулаеў). Гэты праект прадугледжваў выкананне кансервацыйнага (фактычна часовага) спічастага гатычнага даха, аднаўленне гзымса, сграфіта на гзымсе і ў абрамленні вокнаў, адбудову лесвічнай цагляна-фахверкавай прыбудовы ў гіпатэтычнай форме на пачатак XVII ст., а таксама на той жа час адбудову абарончай сцяны ў гіпатэтычнай форме.
Канцэпцыя 2004 года засведчыла, што выкананне поўнай рэстаўрацыі замка на XVI ст. немагчыма, і было прапанавана дапрацаваць праект 1986 года з улікам новых даследаванняў: выканаць фрагментарную рэстаўрацыю Брамнай і Кутняй вежы, флігеля і бліндажа часоў Першай сусветнай вайны; аднавіць выгляд неагатычнага палаца на пачатак ХХ ст. і падпорнай сцяны ўздоўж Нёмана; аднавіць абарончы мур, палац Радзівілаў і масты з замка ў мястэчка і фальварак; выявіць сродкамі добраўпарадкавання дзве наднёманскія вежы, жылы корпус XVI ст. і іншыя пабудовы[2].
З 2011 года ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» вялася карэкціроўка праекта 2004 г. і распрацоўка новага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы на аснове праведзеных у 2009—2010 гадах натурных даследаванняў Брамнай вежы. Але замест цэласнага будаўнічага праекта рэстаўрацыі Брамнай вежы гэтым праектам была прадугледжана толькі рэканструкцыя купальнага завяршэння. У 2012 годзе ТАА «Цэнтр па рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый» быў распрацаваны канцэптуальны праект рэстаўрацыі замка, а ў 2013 годзе ААТ «Белрэстаўрацыя» гэты праект быў перапрацаваны і ўзгоднены Міністэрствам культуры. Праектам прадугледжана адбудова ў гіпатэтычнай форме паўночнай наднёманскай вежы замка, будаўніцтва драўлянага палаца на паўночна-ўсходнім баку замка, стварэнне альтанкі, якая нагадвае ўсходнюю вежу, што не захавалася, узвядзенне шкляной устаўкі паміж Брамнай вежай і флігелем замест колішняга драўлянага перахода, а таксама карэкціроўка папярэдніх праектаў з улікам ужо выкананых дэ-факта будаўнічых і аднаўленчых прац на замку, якія не ўвайшлі ў папярэднія праекты[2].
У 2017 годзе прыватным прадпрыемствам «Проектив» быў распрацаваны архітэктурны праект рэканструкцыі замка ў Любчы ў двух варыянтах. Асноўным падыходам захавання замка вызначана матэрыялізацыя адноўленых і новых форм на ўмоўнай паверхні. У адрозненне ад праекта 2013 года ў першым варыянце капітальная адбудова ў гіпатэтычных формах прадугледжана не толькі для паўночнай, але і ўсходняй вежы і часткова для некаторых сцен замка, а ў другім варыянце паўночная і ўсходняя вежы і сцены адбудаваны ў легкіх канструкцыях па тыпу «жалюзі». У той жа час няма аднаўлення драўлянага палаца і маста на паўночна-ўсходнім баку замка[2].
У 2011 годзе ўсходні схіл замчышча раскопвала Ірына Ганецкая, была знойдзена мураваная сцяна, якая ішла ад брамнай да ўсходняй вежы, у бок мястэчка, а таксама рэшткі старога ганка, які знаходзіўся паміж замкавым флігелем і брамнай вежай. У 2012 годзе Андрэем Мяцельскім вывучаўся ўчастак прасла сцяны паміж Брамнай вежай і паўночна-заходняй. У ліпені 2014 года былі праведзены работы па выяўленні паўночна-заходняй вежы, якая стаяла на абрывістым беразе Нёмана. Акрамя падмурка вежы быў знойдзены і рэчавы матэрыял. Гэта ў асноўным кухонны посуд і пячная кафля XVII—XIX стст., керамічная дахоўка — чарапіца, зрэдку трапляецца шкляны посуд XVIII—XIX стст. Таксама плануецца адкрыць рэшткі чацвёртай — паўночна-ўсходняй вежы і рэшткі замкавай забудовы[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Любчанскі замкавы комплекс размешчаны на левым беразе Нёмана на насыпаным пагорку плошчай каля 0,7 га, якое ўзвышаецца на 6—7 метраў над поймай ракі. У плане — прамавугольнік памерамі 64x87 м, чатыры вуглавыя вежы, палац (не збярогся) і крапасныя сцены таўшчынёй 1,3 м утваралі замкнёны ўнутраны двор. Тэрыторыя з трох бакоў абкружана ровам шырынёй каля 30 м і глыбінёй да 7—10 м, а з чацвёртага — ракой. Такая замкнутая прасторавая кампазіцыя была тыповай для большасці палацава-замкавых ансамбляў XVI—XVII стагоддзяў. З чатырох вежаў замка захаваліся дзве. Вежы складзены з цэглы і валуноў[3]. Па свайму стылю замак знаходзіцца на мяжы готыкі і рэнесансу.
Вежы
[правіць | правіць зыходнік]Галоўная паўднёва-заходняя вежа, т.зв. Брамная, у плане кубічная (прыкладна 10х10 м), прыблізна з паловы вышыні пераходзіць у васьмярык, завершаны рэнесансным купалам з ліхтаром (арх. У. В. Трацэўскі). На сцяне, арыентаванай у бок панадворку, знаходзіўся гадзіннік. Вокны 2—3-га ярусаў былі прыстасаваныя для гарматнага бою, круглыя байніцы ўверсе — для ружэйнага. Астатнія паверхі з выкарыстоўваліся як жылыя і падсобныя памяшканні. Перакрыцце першага яруса — скляпеністае, другога і трэцяга — бэлечнае[3]. У вежы знаходзіцца брама і меўся пад’ёмны драўляны мост[3]. У мінулым толькі праз яе можна было трапіць ва ўнутраны двор замка. Вежу ўпрыгожваў флюгер з гербам Радзівілаў. Па сваёй аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі гэтая вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага, Навагрудскага і Віцебскага замкаў[4].
Квадратная ў плане (8,3х8,3 м) паўднёва-ўсходняя вежа пабудавана ў XVII ст., мае тры ярусы і накрытая шатровым дахам[3]. На першым паверсе мелася чатыры байніцы для стрэльбаў, на другім — чатыры гарматныя, на трэцім — 12 байніц для стрэльбаў. Цокальны паверх вежы ў 1601 годзе займала піўніца з драўлянымі дзвярыма на завесах і жалезнай кратай. Паверх, які знаходзіўся вышэй, тады выконваў ролю склепа і закрываўся абабітымі жалезам дзвярыма. Вокны былі закрытыя жалезнымі кратамі. Вежу ўпрыгожваў флюгер з гербам Радзівілаў[4]. За савецкім часам вежа была закінута і разбуралася, ад яе засталіся толькі падмуркі. У наш час адноўлена.
Выяўленыя ў 2014 годзе падчас раскопак рэшткі паўночна-заходняй вежы залягалі на глыбіні 3,85-5 м ад узроўню сучаснай паверхні і былі заглыблены ў грунт яшчэ на глыбіню 3,5 м. Памеры яе ў аснове складалі прыкладна 11,6х12,6 м. Падмурак вежы быў складзены з велізарных валуноў у два рады на вышыню каля аднаго метра. Затым узводзіліся сцены вежы шырынёй каля метра са знешняга і ўнутранага боку з цэглы-пальчаткі. Прастору паміж сценамі запаўнялі бітай цэглай, вапнай, валунамі і дробнымі камянямі. Кладка рэнесансная (трохслойная) — чаргаванне суцэльных радкоў лажкоў і тычкоў. Акрамя Любчы, яна зафіксавана, напрыклад, пры раскопках умацаванняў Віцебскага замка. Вежа паступова звужалася і набывала выгляд усечанага конуса. На вышыні 3,5 м ад асновы яе памеры былі ўжо 9,4х9,4 м. Шырыня заходняй, усходняй і паўночнай сцяны вежы была 2,2 м, а паўднёвай — 1,2 м. Унутраная прастора вежы займала плошчу каля 30 кв. м. Вежа арыентавана сценамі па баках свету. З паўднёвага боку яна спалучаецца з праслам сцяны, што ідзе да Брамнай вежы[1].
Палац
[правіць | правіць зыходнік]У ХІХ ст. на тэрыторыі замка існаваў мураваны палац з рысамі неаготыкі. Палац меў сіметрычную трохчасткавую кампазіцыю, якую стваралі прамавугольныя ў плане бакавыя аднапавярховыя накрытыя двухсхільнымі дахамі крылы (галоўны двухпавярховы аб’ём з вальмавым дахам). Фасады галоўнага аб’ёма былі вылучаныя рызалітамі: паўночна-ўсходнім, які завяршаўся трохвугольным франтонам, паўднёва-заходнім і цэнтральным, які завяршаўся парапетам. У месцах раскрапоўкі і на вуглах размяшчаліся вежы, аформленыя зубцамі. Сцены тарцоў бакавых крылаў завяршалі ступеньчатыя франтоны з прамавугольнымі праёмамі. Прамавугольныя вокны палаца былі ўпрыгожаныя сандрыкамі. У галоўным аб’ёме размяшчаліся залы і жылыя пакоі, планіроўка — калідорная, у бакавых крылах — гаспадарчыя памяшканні. Інтэр’еры залаў і пакояў мелі багатую лепку, кафляныя печы. Тры лесвіцы, якія вялі з першага на другі паверх, былі ўпрыгожаныя балясінамі[3].
Іншыя пабудовы
[правіць | правіць зыходнік]Па перыметры замкавага панадворку размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы. Ва ўсходняй частцы крапасной сцяны была фортка, якая выходзіла на другі мост[3]. На ўчастку ад паўднёва-ўсходняй вежы і да ўязной брамы стаяў «дом на падклеце», тры «гмахі» і «дварэц», дзе жылі ўраднікі, а побач — замкавы бровар[4]. За таксама землянымі ўмацаваннямі знаходзяцца два двухпавярховыя корпусы, пабудаваныя на месцы старажытных збудаванняў у канцы XVII — першай палове XIX ст.
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ЛЮБЧАНСКІ ЗАМАК: НОВАЯ ЗНАХОДКА(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г З. В. Савельеў. ПРАЕКТЫ РЭСТАЎРАЦЫІ ЗАМКА Ў ЛЮБЧЫ Ў 1986—2017 гг.(недаступная спасылка)
- ↑ а б в г д е Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ а б в Міхась Ткачоў. Страчаная спадчына. Мінск, «Беларусь», 2003
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Чарняўскі, І., Саітгарэева, С. Замак у Любчы // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі — 4/1984
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — С. 19—20. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 400. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Любча́нскі за́мак // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 442. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Любчанскі замак
- Афіцыйны сайт фонду «Любчанскі замак» (бел.)
- Любчанскі замак на Radzima.org
- Любчанскі замак на WikiMapia.org
- Афіцыйны сайт фонда «Любчанскі замак» Архівавана 3 ліпеня 2012.
- Любчанскі замак на сайце «Легенды Беларуси»(недаступная спасылка)
- Славутасці на партале globustut.by (на рускай мове)
- Артыкул «Фотоохота за достопримечательностями: Любча» на Interfax.by Архівавана 21 красавіка 2010. (на рускай мове)
- Любчанскі замак на сайце «Архіварта»