Мелхіседэк (Паеўскі)

Мітрапаліт Мельхіседэк
Мітрапаліт Мельхіседэк
Архіепіскап Енісейскі і Красняярскі
10 верасня 1928 — 17 мая 1931
Царква Руская праваслаўная царква
Папярэднік Нікан (Дзегцярэнка)
Пераемнік Павел (Паўлоўскі)
Епіскап Мінскі і Тураўскі
1926 — 1927
Папярэднік Георгій (Ярашэўскі)
Пераемнік Павел (Вількоўскі)
Епіскап Слуцкі,
вікарый Мінскай епархіі
26 чэрвеня 1919 — 1921
Папярэднік Феофилакт (Клеменцьеў)
Пераемнік Уладзімір (Кірылаў)

Адукацыя
Дзейнасць святар
Нараджэнне 15 лістапада 1879(1879-11-15)
Смерць 17 мая 1931(1931-05-17) (51 год)
Пахаванне
Бацька Леў Паеўскі
Прыняцце свяшчэннага сану 1904
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мелхіседэк, свецкае імя: Міхаіл Львовіч Паеўскі (верасень 1878, с. Вітулін[pl] Канстанцінаўскага павета Седлецкай губерні (цяпер Падляскае ваяводства, Польшча) — 17 мая 1931, Масква) — праваслаўны святар, царкоўны дзеяч, мітрапаліт.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Сын Льва Сямёнавіча Паеўскага, археолага, краязнаўцы, святара. Быў другім з дзевяці дзяцей у сям’і. З дзяцінства дапамагаў бацьку ў царкоўным служэнні.

Пасля заканчэння Жыровіцкага духоўнага вучылішча паступіў у Санкт-Пецярбургскую семінарыю, але праз праблемы з лёгкімі, вымушаны быў перабрацца на поўдзень, у Сімферопаль, дзе скончыў Сімферопальскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння семінарыі, паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, дзе на першым курсе прыняў пастрыжэнне ў мантыю з імем Мелхіседэк. На другім курсе акадэміі падаў прашэнне аб накіраванні ў Пекінскую місію, аднак паехаць туды не атрымалася.

У 1904 скончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя і быў прызначаны выкладчыкам Магілёўскай духоўнай семінарыі, дзе чытаў курсы асноўнага, дагматычнага і маральнага багаслоўя.

З 1905 выконваў абавязкі настаяцеля Магілёва-брацкага Богаяўленскага манастыра, быў сябрам Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага брацтва. 18 снежня 1906 прызначаны настаяцелем Брацкага манастыра ў сане ігумена. Узнагароджаны паліцай. 24 студзеня 1907 пераведзены ў Бялыніцкі манастыр Магілёўскага павета ў сане архімандрыта. З верасні 1907 настаяцель Херсонскага Уладзіміраўскага манастыра Таўрычаскай губерні. У 1909 пераведзены ў Спаса-Праабражэнскі манастыр у г. Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай губерні. З 1910 назіральнік Уладзікаўказскага духоўнага вучылішча. З 1914 рэктар Тыфліскай духоўнай семінарыі.

8 верасня 1916 хіратанісаны ў епіскапа Кранштацкага, вікарыя Петраградскай епархіі. З 17 чэрвеня 1917 епіскап Ладажскі, вікарый Петраградскай епархіі. 26 чэрвеня 1919 года прызначаны епіскапам Слуцкім, вікарыем Мінскай епархіі. У 1921 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду кіраўніка Мінскай епархіі з тытулам епіскап Мінскі і Тураўскі.

Выступаў супраць абнаўленцаў, якія арганізавалі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. У маі — чэрвені 1922 выклікаўся ў АДПУ з мэтай схіліць да супрацоўніцтва з абнаўленцамі.

23 ліпеня 1922 года ў Мінску адбыўся епархіяльны з'езд, які вырашыў стварыць аўтаномную беларускую мітраполію і абраў Мелхіседэка мітрапалітам з тытулам Мінскі і Беларускі. 18 жніўня 1922 года была абвешчана Беларуская аўтаномная царква.

Мітрапаліт Мелхіседэк рабіў усё магчымае, каб спалучыць інтарэсы царквы з ідэямі беларускага нацыянальнага адраджэння. Ён выступаў за выкарыстанне беларускай мовы ў царкоўным ужытку. З боку Савецкай улады абвяшчэнне Беларускай аўтаномнай царквы трактавалася як контррэвапюцыйнае дзеянне, накіраванае на падтрымку ідэі беларускай незалежнасці, у сувязі з чым была распачатая крымінальная справа.

З 1 чэрвеня 1924 мітрапаліт Мелхіседэк знаходзіўся пад следствам. У пачатку 1925 справа была перададзена ў суд. Уладыка Мелхіседэк і яго паплечнікі Л. Васюкевіч, А. Касцючэнка, А. Кіркевіч, Е. Сабіла былі абвінавачаны ва ўтойванні ў 1922 годзе царкоўных каштоўнасцей, раскраданні маёмасці, контррэвалюцыйнай прапагандзе, атрыманні і распаўсюджванні замежнай антысавецкай літаратуры. 17 жніўня 1925 Мелхіседэк быў прыгавораны да 3 гадоў пазбаўлення волі, яго паплечнікі атрымалі па аднаму-два гады ўмоўнага асуджэння. Аднак 22 снежня 1925 года мітрапаліт быў увязнены і змешчаны ў Бутырскую турму ў Маскве, адкуль вызвалены 4 мая 1926 года.

Пасля вызвалення мітрапаліт Мелхіседэк прымкнуў да руха, названага Грыгарыянскім расколам[ru], які выступаў за аднаўленне саборнасці ў кіраванні Рускай Праваслаўнай Царквой. Аднак, доўга ў гэтым расколе не пабыў, а ў канцы чэрвеня 1926 пакаяўся перад мітрапалітам Сергіем (Страгародскім) і падаў прашэнне аб складанні звання мітрапаліта Беларускага.

Быў высланы ў Сібір, пакаранне адбываў да вясны 1927 года ў Марыінскку Кемераўскай вобласці, дзе знаходзіўся на пасяленні. Пасля вяртання з ссылкі быў затрыманы 23 мая 1927 года органамі бяспекі і арыштаваны «за выкарыстанне рэлігійнага настрою масаў у антысавецкіх мэтах». Вызвалены 17 верасня 1927 з падпіскай аб нявыездзе.

На Вялікдзень 1928 быў узведзены ў сан архіепіскапа і 10 верасня 1928 прызначаны на Енісейскую і Краснаярскую кафедру. Тры гады ўладыка Мелхіседэк правёў у Краснаярску, дзе практычна штодзённа служыў у кафедральным саборы, пры гэтым заўсёды марыў вярнуцца ў Беларусь.

У маі 1931 быў выкліканы ў Маскву на Сінод РПЦ. Раптоўна памёр пры невысветленых акалічнасцях у час службы ў маскоўскім Дарагамілаўскім саборы (паводле іншых дадзеных у царкве Пакравоў Божай Маці на Краснасельскай).

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова быў пахаваны ў Кузьмінках у Маскве (паводле іншых дадзеных — на Сямёнаўскіх могілках). Пазней прах беларускага мітрапаліта перазахаваны на Праабражэнскіх могілках.

17 мая 2011 на будынку Інстытута тэалогіі БДУ ў Мінску па пр-це Незалежнасці, 24 (былы «архіерэйскі дом», дзе жыў Мельхіседэк) была адкрыта памятная дошка з барэльефам мітрапаліта Мінскага і Беларускага Мельхіседэка[1].

Зноскі

  1. Вольга Мядзведзева. Вяртанне архіерэя // «Звязда». — 18 мая 2011. — № 90, 26954. — С. 2.