Наша Ніва (1906)

«Наша Ніва»
Наша Ніва № 3 (1906), кірылічная версія
Наша Ніва № 3 (1906), кірылічная версія
Арыгінальная
назва
Наша Ніва
Тып газета
Заснавана 10 (23) лістапада 1906
Спыненне публікацый 7 (20) жніўня 1915
Мова беларуская
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Наша Ніва» (тагач. лац. «Nasza Niwa», «Naša Niwa») — штотыднёвая грамадска-палітычная, навукова-асветніцкая і літаратурна-мастацкая газета нацыяльна-адраджэнскага кірунку. Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, у перыяд 10 (23) лістапада 1906 — 7 (20) жніўня 1915. Друкавалася кірыліцай, да 18 (31) кастрычніка 1912 таксама і лацінкай. Звычайны тыраж складаў 4.5 тыс. асобнікаў. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні ў час Першай сусветнай вайны.

Дом № 5 па Віленскай вул. ў Вільні, у якім размяшчалася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1911—1913 гадах

У 1906 годзе рэдакцыя размяшчалася ў доме па адрасе вул. Басанавічуса, 17 (J. Basanavičiaus g. 17). У 1907 годзе рэдакцыя «Нашай Нівы» пераехала на новае месца па вуліцы Завальнай, 51 (Pylimo g. 51). У тым жа годзе яна часова знаходзілася і ў палацы Тышкевічаў на той жа вуліцы. З 1908 па 1910 год рэдакцыя знаходзілася на Віленскай вул. (Vilniaus g.; дом не захаваўся, знішчаны ў час Другой Сусветнай вайны). Адны з самых плённых гадоў, з 1911 па 1913 год, для рэдакцыі прайшлі ў доме на рагу вуліц Завальнай і К. Каліноўскага (Pylimo g. 5 / K. Kalinausko g. 1)[1].

У 19131914 гг. рэдакцыя газеты пад кіраўніцтвам Янкі Купалы знаходзілася ў доме па вул. Віленская, 14 (Vilniaus g. 14). Цяпер на гэтым доме знаходзіцца мемарыяльная дошка ў гонар Янкі Купалы і «Нашай Нівы»[1].

Рэдактары і выдаўцы

[правіць | правіць зыходнік]

Заснавальнікі — кіруючая група Беларускай сацыялістычнай грамады (Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і інш.) Тая ж група кіравала газетай і пасля распаду Беларускай сацыялістычнай грамады да сакавіка 1914. Заснаванне газеты было вынікам рашэння віленскай канферэнцыі БСГ (3—4 чэрвеня 1906). А. Луцкевіч пішучы паказанні следчаму НКУС, успамінаў, што непасрэдная ініцыятыва закладання беларускага друку належала яго брату Івану[2].

Супрацоўнікі і наведнікі газеты «Наша Ніва» каля будынку рэдакцыі на Завальнай вуліцы ў Вільні. Фота 1910-х гг. З фондаў БДАМЛМ

Рэдактары-выдаўцы:

Супрацоўнікі рэдакцыі «Нашай Нівы» разам з сям’ёй Менке падчас вандроўкі па ваколіцах Вільні. Злева направа стаяць: Антон Грыневіч, Іван Луцкевіч, Лявон і Вольга Менке, Аляксандр Уласаў, Менке-маці, Кароль Менке-бацька, Юльяна і Люцык (Алойз) Менке. Вясна 1915 г. З фондаў БДАМЛМ

Рэдактары аддзелаў у розны час: Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Хведар Імшэнік (заг. канторы і сакратар рэдакцыі да 1909), Вацлаў Ластоўскі (з 1909 сакр. рэдакцыі), Ядвігін Ш., Сяргей Палуян (С. Ясяновіч), Альгерд Бульба (В. Чыж).

Першы нумар газеты выйшаў у друкарні Марціна Кухты.

Грамадзянская пазіцыя

[правіць | правіць зыходнік]

У праграмным артыкуле першага нумара падкрэслена агульнанацыянальная пазіцыя газеты: «Наша ніва» — газета не рэдакцыі, але ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае…". Выданне мела больш за 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў у паветах і губернскіх гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. Да выхаду ў свет газеты «Беларус» гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і кірункаў, якія выступалі за культурна-нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Нязменнымі ў «Нашай Ніве» заставаліся ідэя сацыяльна-палітычнага, эканамічнага і культурнага адраджэння Беларусі, яе супрацоўніцтва з іншымі народамі, апазіцыя да самадзяржаўя. Паводле ацэнкі Віленскага ахоўнага аддзела ў 1908 «Наша Ніва» напачатку была больш памяркоўная, чым «Наша доля», але пасля «стала змяшчаць артыкулы ўзбуджальнага характару, за што падвяргалася некалькі разоў канфіскацыі». Найважнейшай задачай «Наша ніва» лічыла ўсебаковае развіццё эканомікі, грамадскай духоўнай культуры народа, стварэнне нацыянальнага стылю культуры і нацыянальных школ у беларускай літаратуры, тэатральным, музычным і выяўленчым мастацтвах шляхам засваення айчынных этна-культурных традыцый і творчых здабыткаў сусветнай, а найперш рускай, украінскай і польскай мастацкіх культур. Падтрымлівала ўсе формы народнай эканамічнай і культурна-асветнай самадзейнасці, памагала прафесіяналізацыі ў галіне літаратуры, іншых відаў мастацтва.

Тэматыка і змест

[правіць | правіць зыходнік]

Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-папулярныя артыкулы, мела рубрыкі «У Думе і каля Думы», «Паштовая скрынка» і інш. Тэматыка, змест і характар падачы матэрыялаў мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі і складу рэдакцыі.

У 1906—07 шмат месца займалі матэрыялы агітацыйнага і крытычнага зместу. Адкрытая крытыка царызму і агітацыя на барацьбу за дэмакратычныя рэформы (цыкл артыкулаў 1907 Я. Коласа пад псеўдаімам Марцін «Дума і народ», «Партыі ў Думе» і інш.) пасля разгону 2-й Дзяржаўнай думы (чэрвень 1907) не знікала са старонак газеты, але набыла больш памяркоўны асветніцкі характар. «Наша ніва» пераарыентавалася на абарону адраджэнскіх ідэалаў Беларусі, мірнага і паступовага прагрэсу праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, выступала за стварэнне ўрада, адказнага перад парламентам, выбранага шляхам усеагульнага, роўнага і прамога галасавання, за ліквідацыю рэшткаў прыгонніцтва, рэарганізацыю сельскай гаспадаркі (развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі), культурна-нацыянальную аўтаномію, развіццё адукацыі, друку і кнігавыдання на роднай мове. Пад уплывам сацыяльна-эканамічнай праграмы БСГ «Наша ніва» заставалася выданнем, арыентаваным на абарону правоў і свабод беларускага працоўнага народа, крытыкавала палітыку П. Сталыпіна, асуджала рэпрэсіі супраць удзельнікаў вызваленчага руху, выкрывала дзяржаўную эксплуатацыю сялянства, прапаганду і правакацыі чарнасоценных палітычных груповак. У шэрагу артыкулаў і нататкаў абгрунтоўвала неабходнасць супрацоўніцтва беларусаў з нацыянальнымі меншасцямі на аснове раўнапраўя і асветы на роднай мове. «Наша ніва» выступала супраць шавінізму польскіх абшарніцка-клерыкальных колаў, асвятляла сацыяльнае бяспраўе сялян-беднякоў, рабочых, эмігрантаў у Еўропе і ЗША. Калі рэдактарам стаў Я. Купала, газета адмовілася ад прапаганды хутароў, даказвала бесперспектыўнасць для малазямельнага сялянства сталыпінскай аграрнай палітыкі, акцэнтавала ўвагу на спецыфічных умовах Беларусі, дзе з нацыянальнай праблемай звязана «справа сялянская і справа работніцкая». Выкрывала імперыялістычную сутнасць І сусветнай вайны.

Важнае месца на яе старонках займалі праблемы вясковага самакіравання, нар. адукацыі, этычнай культуры, экалогіі [арт. Мацея Крапіўкі (Цёткі) «Як нам вучыцца», Гмырака «Жыла, жыве і будзе жыць!», «Мова ці гутарка», «Якой нам трэба школы?», «Аб вясковай інтэлігенцыі», «Земства і воласць» і інш.]. Шмат увагі аддавала папулярызацыі прыродазнаўчых, эканам., с.-г. і прававых ведаў. Друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве, выхаванні дзяцей.

На старонках «Нашай нівы» ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы (паэмы «Курган», «Бандароўна», 170 вершаў і каля 30 артыкулаў), Я. Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў, урыўкі з паэмы «Новая зямля»), М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, вершы і артыкулы З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца, У. Галубка, К. Буйло, А. Гурло, Я. Журбы, Г. Леўчыка, К. Лейкі, А. Паўловіча, Ядвігіна Ш., А. Петрашкевіча, Ф. Чарнушэвіча, Э. Будзькі, Старога Уласа, П. Беларуса, Л. Лобіка, І. Піліпава і інш. У газеце друкавала свае пераклады з рускай і польскай моў (асабліва для дзяцей) Тэрэза Гардзялкоўская, якая таксама фінансава падтрымлівала выданне кніжных серый «Нашай хаты», «Нашай нівы» і «Лучынкі».

Дзякуючы «Нашай ніве» адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі (артыкулы, нарысы, даследаванні Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Л. Гмырака, А. Бульбы, М. Гарэцкага, В. Ластоўскага, А. Луцкевіча, І. Луцкевіча У. Самойлы, Р. Зямкевіча і інш.). Пісьменнікі і крытыкі «Нашай нівы» арыентаваліся на літаратурна-эстэтычныя традыцыі крытычнага рэалізму і прагрэсіўнага рамантызму, выкарыстоўвалі творчыя здабыткі імпрэсіянізму, экспрэсіянізму і іншых авангардысцкіх кірункаў. Яе супрацоўніхі даследавалі народны побыт і фальклор, хатнія рамёствы, праводзілі арганізацыйную і навуковую працу па даследаванні гісторыі беларускай культуры і яе тагачаснага стану, стваралі музычна-тэатральныя гурткі, дапамагалі станаўленню Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, заснавалі Беларускі музей у Вільні.

На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. У палемічных артыкулах, памфлетах і вершах выкрывалася антыбеларуская палітыка польскіх і расійскіх шавіністаў, антыбеларускі кірунак рэакцыйнага друку («Минское слово», «Северо-Заладная жизнь», «Виленскнй вестник» і інш.). Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы Э. Ажэшкі, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, М. Канапніцкай, Ю. Славацкага, С. Жаромскага, Т. Шаўчэнкі, В. Стафаніка, Л. Талстога, А. Чэхава, М. Горкага, У. Караленкі, В. Брусава, Г. Хэрвега урыўкі з артыкулаў В. Бялінскага; адзначала юбілеі Л. Талстога, М. Гогаля, Т. Шаўчэнкі, Ю. Славацкага, Ф. Шапэна, Ч. Дарвіна.

Апублікаваныя ў ёй даследаванні — аўтарытэтныя крыніцы па агульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтве, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху, рэлігіязнаўстве. Сярод іх — ананімны артыкул «Сымон Канарскі», нарысы А. Пагодзіна «Уладыслаў Сыракомля», Д. Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне», Р. Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор», Власта (В. Ластоўскага) «Аб беларускім местачковым і вясковым хатнім рамясле», «3 мінуўшчыны гораду Быхава», «10-летні юбілей літоўскага друку», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага». У «Нашай ніве» ўпершыню апублікавана манаграфія В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910).

Пераследаванні і рэпрэсіі

[правіць | правіць зыходнік]
Рэдакцыя «Нашай Нівы» пасля паліцэйскага ператрусу. Фота 1910-х гг.

Віленская судовая палата ў чэрвені 1907 пачала судовае пераследаванне рэдактара А. Уласава за матэрыялы, апублікаваныя ў 8-м нумары (артыкулы «Дума і народ», «Зямельная справа ў Новай Зеландыі», верш Я. Коласа «Расійскія абразы»), 9-м (арт. «Работа Думы») і 12-м («Дзяржаўная Дума»), а таксама за аператыўна-інфармацыйныя рубрыкі «3 усіх старон», «3 Беларусі і Літвы», «Аб усім патроху». Паводле ацэнкі цэнзуры, артыкулы «напамінаюць падпольныя пракламацыі». Рэдактар абвінавачваўся за тое, што апублікаваў артыкулы, якія пабуджаюць да бунту і звяржэння існуючага ў дзяржаве грамадскага ладу. Рэдакцыя «Нашай нівы» плаціла штрафы, а А. Уласаў у 1910 быў зняволены. У 1915 такім самым абвінавачаннем пачалося судовае пераследаванне рэдактара Я. Купалы за артыкул А. Язмена «Думкі» (16.1.1915).

Выдавецкія ініцыятывы

[правіць | правіць зыходнік]

«Наша ніва» была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра. У 1907—1913 гадах яе намаганнямі апублікаваны зборнікі «Песні-жальбы» і «Апавяданні» Я. Коласа, «Вянок» М. Багдановіча, «Бярозка» Ядвігіна Ш., «Чыжык беларускі» Г. Леўчыка, літаратуразнаўчыя брашуры Р. Зямкевіча, перакладныя творы. Выпускала штогадовы «Каляндар „Нашай нівы“», альманахі «Зборнік „Нашай нівы“», «Калядную пісанку. 1913 год» і інш.

Архіў «Нашай нівы»

[правіць | правіць зыходнік]

Важнай крыніцай па гісторыі беларускай літаратуры, мовы, журналістыкі, мастацтва з’яўляецца архіў «Нашай нівы» Беларускага музея ў Вільні, рукапісная спадчына Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, М. Гарэцкага і інш. (захоўваецца ў архівах Літвы і ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва).

Выданні-пераемнікі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. а б Беларускія старонкі Вільні. Ля вытокаў незалежнай Беларусі (сярэдзіна XIX — першая палова XX ст.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2021. Праверана 26 студзеня 2019.
  2. Собственноручные показания А. И. Луцкевича // Луцкевіч, А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы / Антон Луцкевіч; [Уклад., прадм., камент., анатав. індэкс імёнаў А. Сідарэвіча]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 287 с. — С. 181. — ISBN 985-6730-09-0.
  • Александровіч С. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.
  • Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971.
  • Біч М. «Наша ніва» // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя: У 12 т. Т. 7. — Мн. : БелСЭ, 1973.
  • Ліс А. «Наша Ніва» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл. ; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. ; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. ISBN 985-11-0141-9.
  • Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 4. Беларусь у складзе Расійскай імперыі (канец XVIII — пачатак XX ст.) / М. Біч, В Яноўская, С.Рудовіч і інш. ; М. Касцюк (гал. рэд.) і інш. — Мн. : Экаперспектыва, 2005. ISBN 985-469-104-7.
  • Кветка Вітан. «Наша ніва» і Іван Луцкевіч // На суд гісторыі: Успаміны, дыялогі / Уклад. Б. І. Сачанка. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. С. 61-65.
  • Конан У. «Наша ніва» // Беларуская Энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11. — Мн. : БелЭн, 2000. С. 247—248.
  • Конан У. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.
  • Унучак, А. У. «Наша ніва» і беларускі нацыянальны рух (1906—1915 гг.) / А. У. Унучак. — Мінск : Беларуская навука, 2008. — 186 с.
  • Унучак А. «Нашаніўства» і «заходнерусізм»: да пытання ідэйнай барацьбы за беларускую інтэлігенцыю на пачатку 20 ст. // Гістарычны альманах. 2006. Т. 12. С. 108—122.
  • Унучак А. Сацыяльна-эканамічная публіцыстыка «Нашай нівы» // Гісторыя: праблемы выкладання. 2004. № 1. -- С. 49-53.
  • Хільмановіч У. Беларускае золата. — Беласток: СЕОРВ, 2014. — С. 106-107.
  • Каханоўскі А. Г. Белорусская интеллигенция: самоопределение и этапы становления в XIX — начале XX в. Архівавана 5 сакавіка 2016.
  • Маладая Беларусь // Наша слова.pdf № 17 (69), 26 красавіка 2023.