Парад Перамогі
Пара́д Перамо́гі — парад, які адбыўся 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве на Чырвонай плошчы ў гонар перамогі над нацысцкай Германіей у Вялікай Айчыннай вайне. 22 чэрвеня 1945 года ў цэнтральных газетах СССР быў апублікаваны загад Вярхоўнага галоўнакамандуючага № 370.
- Для адзначэння перамогі над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне прызначаю 24 чэрвеня 1945 года ў Маскве на Чырвонай плошчы парад войскаў Дзеючай арміі, Ваенна-Марскога Флоту і Маскоўскага гарнізона — Парад Перамогі. На парад вывесці: зводныя палкі франтоў, зводны полк наркамата абароны, зводны полк Ваенна-марскога Флоту, ваенныя акадэміі, ваенныя вучылішчы і войскі Маскоўскага гарнізона. : Парад Перамогі прыняць майму намесніку Маршалу Савецкага Саюза Жукаву. Камандаваць Парадам Перамогі Маршалу Савецкага Саюза Ракасоўскаму. Агульнае кіраўніцтва па арганізацыі параду ўскладаю на камандуючага войскамі Маскоўскай ваеннай акругі і начальніка гарнізона горада Масквы генерал-палкоўніка Арцем'ева.
- Вярхоўны Галоўнакамандуючы, Маршал Савецкага Саюза І. Сталін
Парад прымаў Маршал Савецкага Саюза Г. К. Жукаў. Камандаваў парадам Маршал Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскі. Жукаў і Ракасоўскі праехалі па Чырвонай плошчы на белым і вараным канях. Іосіф Сталін назіраў за парадам з трыбуны Маўзалею Леніна. На трыбуне таксама прысутнічалі Молатаў, Калінін, Варашылаў, Будзённы і іншыя члены Палітбюро.
На парадзе ўрачыстым маршам прайшлі зводныя палкі франтоў у наступным парадку: Карэльскага, Ленінградскага, 1-га Прыбалтыйскага, 3-га, 2-га і 1-га Беларускіх, 1-га, 4-га, 2-га і 3-га Украінскіх, зводны полк Ваенна-Марскога Флоту. У складзе палка 1-га Беларускага фронту спецыяльнай калоннай прайшлі прадстаўнікі Войска Польскага. Наперадзе зводных палкоў франтоў ішлі камандуючыя франтамі і войскамі, Героі Савецкага Саюза неслі сцягі праслаўленых часцей і злучэнняў.
Марш зводных палкоў завяршала калона салдат, якія неслі 200 апушчаных сцягоў і штандараў разгромленых нацысцкіх войскаў. Гэтыя сцягі былі кінуты на адмысловы памост ля падножжа Маўзалею Леніна. Першым быў кінуты асабісты штандарт Гітлера.
Потым урачыстым маршам прайшлі часці Маскоўскага гарнізона: зводны полк Наркамата абароны, ваеннай акадэміі, ваенныя і сувораўскія вучылішчы, зводная конная брыгада, артылерыйскія, мотамеханізаваныя, паветрана-дэсантныя і танкавыя часткі і падраздзяленні.
Параду Перамогі прысвечаны аднайменны фільм, зняты ў 1945 годзе, адзін з першых каляровых фільмаў у СССР.[1]
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Конь Жукава быў церскай пароды (мянушка — Кумір). Конь Ракасоўскага быў караковай пароды. Яго мянушка — Полюс.
- Рашэнне аб правядзенні Параду Перамогі было прынята Сталіным у сярэдзіне мая 1945-га, практычна адразу пасля разгрому апошняй групоўкі нямецка-фашысцкіх войскаў 13-га мая.
- Падчас Параду Перамогі ліў дождж, гэта добра відаць на кінахроніцы.
- Беспрэцэндэнтная з'ява ва ўсёй сусветнай гісторыі парадаў пераможцаў — Парад Перамогі прымаў не сам Вярхоўны Галоўнакамандуючы (Сталін), а яго намеснік (Жукаў).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сто военных парадов. — Москва: Воениздат, 1974.
- Парад Победы. Жизни и судьбы.(недаступная спасылка) — Тверь: ЗАО «Хлеб», 2005.
- Варенников В. Парад Победы. — Москва: Вагриус.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Парад Перамогі
- [1] Архівавана 20 красавіка 2007., [2] — Фатаграфіі з Параду Перамогі
- Рэстаўраваны кінафільм аб Парадзе Перамогі, 1945
- Відэаздымка Параду Перамогі Архівавана 27 верасня 2007.
- Відэа на youtube