Пэн Дэхуай

Пэн Дэхуай
кіт.: 彭德怀
кіт.: 彭德懷
міністр нацыянальнай абароны КНР[d]
24 верасня 1954 — 17 верасня 1959
Пераемнік Лінь Бяа

Нараджэнне 24 кастрычніка 1898(1898-10-24)[1][2]
Смерць 29 лістапада 1974(1974-11-29)[1][2] (76 гадоў)
Месца пахавання
Жонка Pu Anxiu[d]
Партыя
Дзейнасць армія[3], civil–military relations[d][3] і Другая япона-кітайская вайна 1937-1945[3]
Прыналежнасць Кітай
Род войскаў People's Liberation Army Ground Force[d]
Званне маршал КНР[d]
Камандаваў People's Volunteer Army[d]
Бітвы
Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Пэн Дэхуай (кіт. 彭德怀, піньінь Péng Déhuái, 24 кастрычніка 1898 — 29 лістапада 1974) — дзеяч рэвалюцыйнага руху ў Кітаі, міністр абароны КНР у 1954—1959 гадах. Маршал КНР.

Родам з небагатай сялянскай сям’і, з ранняга дзяцінства зарабляў самастойна, працаваў пастухом і з трынаццаці гадоў на вугальных капальнях і капанні каналаў. У шаснаццацігадовым узросце пайшоў на вайсковую службу, даслужыўшыся да камандзіра ўзвода ў войсках хэнаньскіх мілітарыстаў. У 1922 годзе пайшоў на афіцэрскія курсы. У 1926 годзе пачаў службу ў войску Гаміньдана камандзірам роты, упершыню пазнаёміўся з ідэямі Сунь Ятсена. Удзельнік Паўночнага паходу, за год даслужыўся да камандзіра палка. У гэты перыяд зацікавіўся камуністычнымі ідэямі і стварыў у палку палітычныя курсы і салдацкі камітэт. Прыхільнік Ван Цзінвэя і Уханьскага часовага ўрада. Пазней некаторы час служыў на баку Чан Кайшы, у красавіку 1928 года стаў членам Камуністычнай партыі Кітая (КПК), прыхільнікам Маа Цзэдуна і Чжу Дэ. Удзельнік абароны Цэнтральнай рэвалюцыйнай базы КПК (разам з Лінь Бяа), далей прымаў удзел у Вялікім паходзе Кітайскай Чырвонай арміі. Прыхільнік Маа Цзэдуна на нарадзе ў Цзуньі (1935), спрыяў вылучэнню яго на цэнтральныя кіруючыя пасады ў КПК. Падчас япона-кітайскай вайны 1937—1945 гадоў Пэн Дэхуай быў адным з галоўных прыхільнікаў прымірэння з Гаміньданам і стварэння адзінага антыяпонскага фронту. У 1937 годзе быў камандуючым аб’яднаных кітайскіх войскаў супраціўлення ў Шаньсі, пасля 1938 года кантраляваў значную частку злучэнняў Восьмай нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі. У 1940 годзе камандаваў у «Бітве ста палкоў» — найбуйнейшай наступальнай аперацыі КПК падчас вайны. Далей быў адкліканы ў Яньань і не прымаў удзел у ваенных дзеяннях. Пасля капітуляцыі Японіі прызначаны камандзірам камуністычных сіл Паўночна-Заходняга Кітая. Пасля пачатку грамадзянскай вайны забяспечыў перамогу над сіламі Гаміньдана, садзейнічаў уключэнню Сіньцзяна ў склад новастворанай Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Пэн Дэхуай падтрымаў Маа Цзэдуна ў пытанні аб прамым удзеле НВАК у Карэйскай вайне і камандаваў «народнымі добраахвотнікамі» ў першыя паўгода вызваленчай аперацыі 1951 года на Карэйскім фронце. Досвед, набыты ў вайне, зрабіў Пэн Дэхуая перакананым прыхільнікам сучаснай навукова-тэхнічнай вайны і рэфармавання ўзброеных сіл КНР. Па ініцыятыве Пэн Дэхуая ў НВАК была ўстаноўлена абавязковасць воінскай службы, уведзена новая ваенная форма, назначана жалаванне для прафесійных ваенных, заснавана 18 воінскіх званняў. У 1955 годзе атрымаў званне Маршал КНР (1955) і назначаны віцэ-прэм’ерам Дзяржсавета КНР. Пайшоў на канфлікт з Маа Цзэдунам, паколькі не ўхваляў культ асобы і пярэчыў палітызацыі арміі. Пасля пачатку ажыццяўлення «Вялікага скачка» пайшоў на адкрытую канфрантацыю з Маа, якая праявілася падчас Лушанскага пленума ЦК КПК 1959 года. Быў абвінавачаны ў стварэнні «антыпартыйнай клікі правых апартуністаў», прымушаны да самапакаяння, і пазбаўлены ўсіх пасад, чыноў і званняў. Шэсць гадоў правёў пад хатнім арыштам ва Уцзя, вярнуў дзяржаве мундзір і ордэны.

У 1965 годзе па прапанове кіраўнікоў партыйнага крыла «прагматыкаў» Лю Шаацы і Дэн Сяапіна вернуты ва ўрад і прызначаны курыраваць ваеннае будаўніцтва ў Паўднёва-Заходнім Кітаі. Накіраваў на імя Маа Цзэдуна пасланне ў 80 000 іерогліфаў, у якім апісваў сваё служэнне народу і партыі, і патрабаваў рэабілітацыі, але атрымаў адмову. Падчас Культурнай рэвалюцыі быў падвергнуты шальмаванню хунвейбінамі па прамым загадзе Цзян Цын і Лінь Бяа. У 1966—1970 гадах быў шматкроць публічна падвергнуты «крытыцы і самакрытыцы», у тым ліку зневажэнням і катаванням. У 1970 годзе афіцыйна асуджаны ваенным трыбуналам як вораг Маа Цзэдуна і Камуністычнай партыі, і прыгавораны да пажыццёвага зняволення. У 1973 годзе пераведзены ў турэмны шпіталь, дзе і памёр ад непрадастаўлення дапамогі і абязбольвальных лекаў. Пасмяротна рэабілітаваны ў 1978 годзе на ІІІ пленуме ЦК КПК 11-га склікання.

Зноскі

  1. а б Peng Dehuai // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. а б Peng Teh-huai // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.