Рускія ў Беларусі
Рускія ў Беларусі | |
---|---|
| |
Усяго: ~ 133 000 000[2] | |
Беларусь — 785 084 (8,26%)(2009 г.)[1]
| |
Этнічныя мовы | руская |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | праваслаўе, стараабрадства |
Блізкія этнасы | рускія, беларускія стараабрадцы, беларусы, украінцы |
Рускія ў Беларусі — найвялікшая этнічная меншасць Рэспублікі Беларусь, якая складала 785 084 чалавек (8,26%) паводле перапісу 2009 г.
З тытульнай нацыянальнасцю - беларусамі - рускіх аб'ядноўвае доўгая і даволі складаная сістэма этна-моўных кантактаў. Для сучаснай рэспублікі характэрны самы высокі ў краінах СНД узровень неадпаведнасці паміж рускай і рускамоўнай ідэнтычнасцю[3]. Так, рускімі сябе лічаць толькі 8,26 % насельніцтва, але рускую мову роднай называюць 40 %, а асноўнай - 70 % насельніцтва. Дасягнуўшы піка ў 1989 годзе (1,34 млн. або 13,2 %), доля і колькасць этнічных рускіх у краіне з тых часоў няўхільна скарачаецца, а рускамоўных - расце. Асаблівасцю рускага насельніцтва Беларусі з'яўляецца яго даволі дысперснае рассяленне па тэрыторыі краіны з максімальнай канцэнтрацыяй ў буйных абласных цэнтрах. Адметна і тое, што, у адрозненне ад Украіны, Казахстана, краін Прыбалтыкі, у Беларусі няма ні аднаго горада або рэгіёна, дзе б рускія складалі абсалютную ці хаця б адносную большасць насельніцтва. Максімальная канцэнтрацыя рускіх у Беларусі назіраецца ў г. Полацк (15%).
Гісторыя рассялення
[правіць | правіць зыходнік]Паміж беларусамі і рускімі заўсёды існавалі актыўныя адносіны ў гандлёвай, палітычнай і культурнай сферах. У межах гэтых кантактаў і адбываліся міграцыйныя працэсы. Можна вылучыць некалькі спосабаў рассялення рускіх на тэрыторыі Беларусі.
Першай формай сталі міждынастычныя шлюбы эліты Вялікага княства Літоўскага і рускіх княстваў. У XIV—XV ст. такія шлюбы былі дастаткова традыцыйнай з’явай. Досыць устойлівая традыцыя міждынастычных шлюбаў назіралася з вяселля князя Альгерда з Ульянай, дачкой цвярскога князя Аляксандра ў 1350 г. да 1495 г., калі адбыўся шлюб паміж вялікім князем літоўскім Аляксандрам і дачкой вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ. Нявесты з’яўляліся на тэрыторыі Беларусі са сваімі дварамі, якія сталі першымі асяродкамі рускіх у ВКЛ.
Другой формай можна лічыць захопы палонных у шматлікіх ваенных канфліктах паміж ВКЛ і рускімі княствамі (пазней Маскоўскай дзяржавай). Вядома, што Вітаўт пасля паспяховага паходу на Пскоў у 1405 г. пасяліў ваеннапалонных у Гародні (цяпер Гродна). Акрамя міждынастычных шлюбаў і захопу палонных пасля ваенных сутыкненняў рускія пранікалі на беларускія землі праз гандлёвыя сувязі. Гасціны двор для рускіх купцоў быў адчынены ў Вільні ў 1306 г.
Міграцыйныя хвалі, аднак, не стварылі ўстойлівай этнічнай групы рускіх на тэрыторыі Беларусі. Першай сталай групай рускіх на Беларусі з’явіліся стараабрадцы (стараверы), якія ў сярэдзіне XVII ст. рассяліліся на беларускіх землях. У Маскоўскай дзяржаве ў першай палове XVII ст. адбылася рэформа Рускай праваслаўнай царквы. Яна раскалола грамадства на тых, хто падтрымаў змены, і на тых, хто адмовіўся. Апошніх пачалі называць стараверамі. Супраць іх улада праводзіла палітыку рэпрэсій, якая вымушала да эміграцыі. Значная частка тых, хто не прыняў царкоўную рэформу, адразу ж накіравалася ў Рэч Паспалітую.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай міграцыйныя хвалі на тэрыторыю Беларусі працягваліся і ў асноўным былі звязаны са стараабрадцамі. Паралельна разгарнуўся новы міграцыйны паток. Расійскія ўлады з мэтай узмацнення свайго ўплыву ў Беларусі пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчых рухаў сфарміравала новую мясцовую адміністрацыю выключна з рускага дваранства, запрошанага з Расіі. Толькі за другую палову XIX ст. рускае насельніцтва Беларусі павялічылася ў некалькі разоў і дасягнула лічбы 300 тыс. чалавек.
Колькасць стараабрадцаў да 1914 г. дасягнула 100 тыс. чалавек. Сталыпінская рэформа і Першая сусветная вайна таксама ўнеслі свае карэктывы ў этнасацыяльную структуру насельніцтва Беларусі. Значная колькасць беларусаў мігрыравала з Беларусі ці загінула падчас ваенных дзеянняў, а на тэрыторыі Беларусі з’явілася вялікая колькасць вайскоўцаў.
Міжваенны час
[правіць | правіць зыходнік]Раздзел артыкула яшчэ не напісаны. |
Вялікая Айчынная вайна нанесла велізарны ўрон насельніцтву рэспублікі. У аднаўлення эканомікі рэспублікі ўдзельнічалі многія рускія спецыялісты, якія тут заставаліся на пастаяннае месца жыхарства. Разам з тым, многія беларусы ў савецкі час мігравалі на тэрыторыю Казахстана, УССР, краін Прыбалтыкі, адпраўляліся на Крайнюю Поўнач, удзельнічалі ў засяленні Калінінградскай вобласці і г. д. У савецкі час у БССР з'явілася тэндэнцыя запісваць дзяцей ад змешаных шлюбаў рускімі, у выніку чаго адбывалася паступовае зніжэнне долі (але не колькасці) беларусаў і даволі хуткі рост долі і колькасці рускіх у рэспубліцы. Тым не менш, у БССР найбольш інтэнсіўна зніжалася колькасць і доля палякаў і яўрэяў, а расла - украінцаў. У постсавецкі перыяд доля і колькасць рускіх у рэспубліцы скарачалася хутчэй колькасці беларусаў і фактычна вярнулася на ўзровень 1960-х гг. Дадзены феномен не ў апошнюю чаргу тлумачыцца тым, што большасць дзяцей з змешаных шлюбаў больш не запісваюцца рускімі, а многія з раней запісаных змянілі самасвядомасць на беларускую.
Пасляваенны час
[правіць | правіць зыходнік]У XX ст. удзельная вага рускага насельніцтва пастаянна павялічвалася: у 1926 г. — 384 тыс. чал. (7,7 % усяго насельніцтва); 1959 г. — 659 тыс. чалавек (8,2 %); 1979 г. — 938 тыс. (10,4 %); 1989 г. — 1342 тыс. (13,2 %); 1999 г. — 1142 тыс. чалавек (11,4 %).
За апошняе дзесяцігоддзе XX ст. колькасць рускіх на Беларусі зменшылася за кошт міграцыі на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі і, верагодна, за кошт змены этнічнай самасвядомасці часткі беларусаў, якія раней далучаліся да рускіх. У канцы XX ст. у Беларусі на бытавым узроўні паміж беларусамі і рускімі істотных адрозненняў не назіралася (асабліва ў гарадах).
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]На сучасным этапе ў рускага насельніцтва Беларусі ёсць усе магчымасці для развіцця ўласнай культуры. Рэспубліка Беларусь мае цесныя сувязі з Расійскай Федэрацыяй, на беларускай тэрыторыі шырока прадстаўлены расійскія і рускамоўныя электронныя СМІ, ствараюцца расійскія грамадскія арганізацыі. Напрыклад, у 1992 г. узнікла Мінскае гарадское таварыства расійскай культуры «Русь», мэтай якога было вывучэнне і прапаганда расійскай культуры, умацаванне братэрства расійскага і беларускага народаў.
Сістэма рассялення рускіх па тэрыторыі Беларусі мае дысперсны характар. Значныя групы рускіх прадстаўлены ва ўсходніх раёнах Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, у сталіцы і прамысловых цэнтрах, дзе яны складаюць да 20 % насельніцтва. Большасць рускага насельніцтва Беларусі (прыкладна 85 %) пражывае ў гарадах і ў значнай ступені акультурана ў беларускую этнічную прастору, аднак захоўвае сваю самасвядомасць, саманазву, мову і рэлігійную прыналежнасць. Заканадаўча аформленае двухмоўе і шырокае распаўсюджанне рускай мовы стварае рускаму насельніцтву нармальныя перспектывы рэалізацыі этнічных і культурных патрэб.
Грамадскія арганізацыі
[правіць | правіць зыходнік]Няўрадавыя
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускае грамадскае аб’яднанне «Русь»
- Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Рускае таварыства»
- Расійскі культурніцкі цэнтр «Русь»
- Моладзевае сацыяльна-культурнае грамадскае аб’яднанне «Русь маладая»
- Міжнародная асацыяцыя моладзевых арганізацыяў расійскіх суайчыннікаў у Беларусі
- Грамадскае аб’яднанне «Рускае культурна-асветніцкае таварыства»
- Магілёўскае абласное аб’яднанне «Рускі дом»
- Віцебскае грамадскае аб’яднанне «Рускі дом»
- Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Русь адзіная»
- Беларускі саюз грамадскіх аб’яднанняў расійскіх суайчыннікаў
- Міжнародны рух «Інтэрнацыянальная Расія»
- Інфармацыйна-аналітычны партал «Імперыя» [1] Архівавана 17 мая 2014.
- Мінскае таварыства рускай культуры «Русь»
- Культурна-асветніцкі праект «Западная Русь»
- Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Беларускае казацтва»
- Рэспубліканская грамадская арганізацыя «Усебеларускае аб’яднанае казацтва»
- Казачы конна-спартовы клуб «Ярмак»
- Ваенна-патрыятычны клуб «Казачы спас»
- Нацыянал-бальшавіцкая партыя Беларусі (незарэгістраваная)
- Рух «За Саюз Беларусі і Расіі»
- Інфармацыйна-аналітычны партал «Заходняя Русь» [2]
- Грамадскае аб’яднанне «Новая эканоміка»
- Віцебская гарадская грамадская арганізацыя «Рускі культурны цэнтр «Русь»
- Гомельскае грамадскае аб’яднанне «Рэгіён»
Фондавыя
[правіць | правіць зыходнік]- Цытадэль
- Фонд «Рускі мір»
- Інстытут рускага замежжа
- Расійскі Інстытут стратэгічных даследаванняў
- Фонд публічнай дыпламатыі імя А.М.Гарчакова
- Інстытут краін СНД (Інстытут дыяспары і інтэграцыі).
Дынаміка насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж БелСтат. Национальный состав населения Республики Беларусь(недаступная спасылка) (2 лістапада 2011). Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2011. Праверана 12 студзеня 2017.
- ↑ People: Russian(нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 27 мая 2012. Праверана 28 лютага 2012.
- ↑ Легко ли быть русским в Белоруссии / Империя / Новости в мире(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2018. Праверана 8 мая 2014.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Т. А. Навагродскі [і інш.] Этналогія Беларусі: традыцыйная культура насельніцтва ў гістарычнай перспектыве. Вучэб.-метад. дапам. — Мінск, БДУ, 2009. — 335 с. іл. ISBN 978-985-518-121-8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рускія ў Беларусі