Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх

Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх

Спіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх — гістарычна-геаграфічны твор канца 14 ст., у якім змешчаны пералік «рускіх» гарадоў Усходняй Еўропы, часам з кароткімі тлумачэннямі (колькі ў іх «каменных сцен» і на якой рацэ яны стаяць). Гарады падзелены на групы: балгарскія і валошскія, польскія (падольскія), кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія, залескія; агулам названа 358 гарадоў.

«Спіс» захаваўся ў складзе рускіх летапісаў сярэдзіны 15 — пачатку 17 ст. Мяркуецца, што ён складзены ў канцылярыі мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі Кіпрыяна на аснове больш ранніх спісаў і адлюстроўвае населеныя пункты, падначаленыя ўладзе праваслаўнага («рускага») мітрапаліта. Беларускія гарады ў асноўным уключаны ў раздзел «літоўскія гарады». Сярод іх «Рша камен» (Орша з мураваным замкам), «Полтеск на Двине и на Полоте древян, а святая Софиа каменна о седми версех», «Видбеск, 3 стены камены, а река Видба и Двина», «Крев камен», Слуцк, Менск, Новагародак і іншыя. Адзін раз упамінаюцца і не лакалізуюцца на сучаснай карце гарады Беразуеск, Няміза, Мчэнеск. Шмат беларускіх гарадоў упамянута сярод кіеўскіх: Гомель, Магілёў, Рэчыца, Капыль, Тураў і іншыя. Сярод валынскіх гарадоў адзначаны Пінск, Берасце і іншыя. У «Спісе» ўпершыню адзначаны беларускія гарады і мястэчкі Горваль, Лоск, Магілёў, Стрэшын, Цяцерын. Падзел усходнеславянскіх гарадоў на групы адлюстроўвае, відаць, палітычныя межы больш ранняга часу.

«Спіс» мае вялікае значэнне для гісторыка-геаграфічных даследаванняў, вывучэння палітычнай гісторыі і змянення меж ва Усходняй Еўропе ў 14 ст.