Убарць
Убарць | |
---|---|
Характарыстыка | |
Даўжыня | 292 км |
Басейн | 5 820 км² |
Расход вады | 23 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Каардынаты | 50°42′25″ пн. ш. 27°53′54″ у. д.HGЯO |
Вусце | Прыпяць |
• Каардынаты | 52°06′04″ пн. ш. 28°28′09″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Прыпяць → Дняпро → Дняпроўскі ліман[d] |
| |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Убарць — рака ва Украіне і Беларусі, правы прыток Прыпяці.
Даўжыня 292 км. Плошча вадазбору 5820 кв. км. Агульнае падзенне ракі — 96,3 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,3‰. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 24,4 куб. м/с.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва ракі Убарць (лац.: Hubort) упершыню згадваецца ў 1412 г. На некаторых картах XVII—XVIII стст. пазначалася назвай Алеўская (польск.: Olewsko), вярхоўе якой нагадвала Убарць, а вусце — Сцвігу.
Назва Убарць балцкага паходжання. У аснове назвы Убарць — корань ub-, які таксама ў назве ракі Убедзь (правы прыток Дзясны паміж Чарнігавам і Ноўгарадам-Северскім)[1]. Гэта фанетычны варыянт індаеўрапейскага корня ab-, які адносіцца да абазначэння рачных водаў[2]. Ад кораня ab- пайшлі балцкія гідронімы Abista, Абеста, Абстэрна, Обаль, Аболе[3][4].
«Глухія» варыянты гэтых каранёў далі літоўскае upė, латышскае upe (усходнябалцкае) і старапрускае ape «рака» (заходнябалцкае). У індаеўрапейскай першамове было два абазначэнні водаў: *uedor- абазначала ваду як матэрыял, а ab- — ваду як актыўную сілу і нават воднае боства[5].
Корань ub- у назве Убарць пашыраны з дапамогай пашыральніка -rt-, які вядомы ў літоўскім словаўтварэнні (kabti «віснуць» — kabartai «звіслая „бародка“ пад дзюбай пеўня») і ў балцкай гідраніміі: возера Тумерта на Верхнім Падзвінні, рака Уперта на Павоччы, літоўская рака Gomerta[6].
У назвах Убарць і Уперта адзін і той жа пашыральнік -rt-, а карані ўяўляюць сабой фанетычныя варыянты аднаго і таго ж кораня, што ўрэшце ўзыходзіць да індаеўрапейскага ab-. Уперта — прыток Упы ў басейне Акі, яе назва ў гэтым выпадку значыць «датычная да Упы», «Упская», або ў перакладзе «Рэчанька» (пры Упа — «Рака»).
Існуюць таксама і іншыя версіі паходжання назвы Убарць. Згодна з адной з іх, гэта славянскі тапонім, створаны па тыпу ландшафтных тэрмінаў «уборак», «прыбор» — мясцовасць ля бароў. Згодна з народна-этымалагічнай версіяй, «Убарць» пайшла ад «У борцей», бо некалі на дрэвах вешалі вуллі-борці і пчолы збіралі мёд, які потым даставалі гаспадары вулляў, бортнікі. Наконт гэтай версіі польскі гісторык Машынскі выказваўся, што малаімавернае збліжэнне гідроніма са старажытнаславянскімі «борць» — дупло, «уборць» — калодка, прыгатаваная для медазбору[7].
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца на вышыні 207,2 м над узроўнем мора каля вёскі Андрэевічы Емільчанскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны. Цячэ па Алеўскаму раёну Жытомірскай вобласці і Лельчыцкаму раёну Гомельскай вобласці Беларусі. Вусце за 2 км на паўднёвы захад ад горада Петрыкаў Гомельскай вобласці. На тэрыторыі Беларусі Убарць мае даўжыню 126 км і плошчу вадазбору 1910 кв. км.
Разводдзе пачынаецца звычайна ў першай палове сакавіка (найбольшая вышыня над межанным узроўнем 4 м, сярэдняя 1,8—2,7 м), заканчваецца ў сярэдзіне мая. Устойлівая межань наступае ў ліпені (працягласць у сярэднім 3 месяцы). Замярзае ў пачатку снежня. Расход вады за 44 км ад вусця найбольшы 659 м³/с (1932), найменшы 0,44 м³/с (1935).
Даліна невыразная, месцамі зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, яе шырыня ад 0,1—0,2 км у верхнім цячэнні да 1—5 км на астатнім працягу. У басейне ракі каля вёска Замошша і Свіднае наліўное вадасховішча Свіднае[8].
Рэчышча свабодна меандруе, звілістае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, зрэдку трапляюцца нізкія пясчаныя астравы. Шырыня рэчышча 10—15 м, у нізоўі месцамі да 60 м.
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Справа: Рудніца, Плотніца, Лохніца, Свідовец, Гурыстая. Злева: Нерасна, Літоша, Выгошча, Каросцінка.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]Горад: Алэўск. Гарадскі пасёлак: Лельчыцы.
Зноскі
- ↑ П. Л. Маштаков. Список рек днепровского бассейна. С.-Петербург, 1913. С. 206.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 166.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 35.
- ↑ Karulis K. Latviešu etimoloģijas vārdnīca. Rīga, 1992, 2001. С. 1087—1088
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 119.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии — Мн., 1974. — С. 381.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 256. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл. — ISBN 985-459-051-2