Фларэнцыя
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Фларэнцыя (італ.: Firenze [fiˈrɛnʦe], лац.: Florentia, што перакладаецца як «Квітнеючая») — італьянскі горад-музей на рацэ Арно, у мінулым — цэнтр Фларэнційскай рэспублікі, сталіца герцагаў Медычы і Італьянскага каралеўства, цяпер — адміністрацыйны цэнтр рэгіёну Таскана. Насельніцтва — 373.200 чалавек (2012).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Фларэнцыю заснаваў у 59 да н.э. Юлій Цэзар на месцы старажытнага этрускага паселішча. У 774 горад увайшоў у Тасканскае княства, сталіцай якога тады была Лука. Каля 1000 года сталіцай дзяржавы стала ўжо Фларэнцыя. Залаты век фларэнційскага мастацтва пачаўся менавіта ў гэты час. У 1013 годзе было распачата будаўніцтва базілікі Сан-Маніята. Знешні выгляд баптыстэрыя быў перапрацаваны ў раманскім стылі паміж 1059 і 1128 гадамі. У гэты перыяд у заняпадзе знаходзіўся асноўны канкурэнт Фларэнцыі горад Піза, які ў 1284 годзе трываў паражэнне ад Генуі, а ў 1406 годзе быў далучаны да складу Фларэнційскай дзяржавы.
З XI стагоддзя Фларэнцыя была значным гандлёвым і эканамічным цэнтрам, галоўным чынам дзякуючы сукнаробству, з 1115 года горад з'яўляецца незалежнай камунай. Ад 1252 года Фларэнцыя біла залаты фларын, які стаў агульнаеўрапейскай валютай. З XIV стагоддзя тут узніклі мануфактуры. У XIV—XVI стагоддзях Фларэнцыя была адным з цэнтраў італьянскага Адраджэння, больш за ўсё вядомай Фларэнційскай школай жывапісу.
У XV стагоддзі Фларэнцыя стала адным з найбуйнейшых гарадоў Еўропы і мела значныя эканамічныя поспехі. Аднак жыццё не было ідылічным для ўсіх жыхароў, сярод мяшчан меліся значныя адрозненні ў ступені багацця[1]. У гэты час самым магутным і заможным чалавекам у горадзе стаў Козіма Медычы, пачынальнік знакамітага роду. Хоць горад афіцыйна базаваўся на дэмакратычным духу, Козіма, які меў сур'ёзны банкаўскі бізнес, паступова атрымаў кантроль над горадам. Козіма ўспадкаваў яго сын П'ера, якога ў 1469 годзе змяніў унук Козіма — Ларэнца. Ларэнца шчодра ставіўся да дзеячаў мастацтва, менавіта яго апека дазволіла раскрыцца Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы і Сандра Бацічэлі.
У 1532 годзе Фларэнційская дзяржава займала значныя тэрыторыі з гарадамі Піза, Ліворна і іншымі, стаўшы герцагствам, а з 1569 года — Вялікім герцагствам Тасканскім. У 1801—1807 гадах Фларэнцыя была сталіцай каралеўства Этрурыя, залежнага ад напалеонаўскай Францыі. З 1860 года знаходзілася ў складзе Сардзінскага каралеўства, якое з 1861 года стала Італьянскім каралеўствам, у 1865—1871 гадах горад нават быў сталіцай аб'яднанага Італьянскага каралеўства. У 1871 годзе сталіца была перанесена ў Рым. У 1943 годзе Фларэнцыя была акупаваная нямецкімі войскамі, але ўсё роўна яна стала адным з цэнтраў руху Супраціўлення. У жніўні 1944 года была вызваленая партызанамі і англійска-амерыканскімі войскамі.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўная частка забудовы Фларэнцыі (пераважна ў стылях готыкі і ранняга Адраджэння) месціцца на правым беразе ракі Арно. Захаваліся старажытна-рымская прамавугольная планіроўка горада, фрагменты сярэднявечных гарадскіх умацаванняў. У гістарычным цэнтры — сістэма звязаных паміж сабой трох галоўных плошчаў. На П'яцца дэль Дуома (Piazza del Duomo — Саборная плошча) знаходзіцца баптыстэрый Сан-Джавані з барэльефамі на дзвярах, сабор Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ (з 1296 года, архітэктар Арнольфа дзі Камбіа), кампаніла Джотта. На П'яцца дэла Сіньёрыя знаходзіцца палацца дэла Сіньёрыя (цяпер Palazzo Vecchio — палацца Век'ё), галерэя Уфіцы, Лоджыя дэі Ланцы (1376-80).
Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Станам на 2009 год 87,46 % насельніцтва горада складалі італьянцы. Паводле ацэнак у месце пражываюць каля 6 тысяч кітайцаў[2]. Найбуйнейшая група імігрантаў (3,52 % насельніцтва) з'яўляюцца еўрапейцамі, сярод якіх вылучаюцца румыны і албанцы. Імігранты з Усходняй Азіі (у асноўным кітайцы і філіпінцы) складаюць 2,17 %, з Амерыкі (у асноўным перуанцы) — 1,41 %, з Паўночнай Афрыкі (у асноўным мараканцы) — 0,9 %[3].
Музеі
[правіць | правіць зыходнік]Храмы
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Сандра Бацічэлі, італьянскі жывапісец
- Беноца Гоцалі, італьянскі жывапісец
- Арнольда Дзокі, італьянскі скульптар
- Марыа Дэль Монака, італьянскі оперны спявак
- Андрэа Дэль Сарта, італьянскі жывапісец
- Луіджы Керубіні, італьянскі і французскі кампазітар
- Ж.-Б. Люлі, французскі кампазітар, скрыпач, танцор, дырыжор і педагог
- Нікало Макіявелі, італьянскі палітычны і ваенны тэарэтык, гісторык, пісьменнік і дыпламат
- Флорэнс Найцінгейл, сястра міласэрнасці, грамадскі дзеяч Вялікабрытаніі
- Бенвенута Чэліні, італьянскі скульптар, ювелір
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Pallanti, Giuseppe (2006). Mona Lisa Revealed: The Identity of Leonardo's Model. Florence, Italy: Skira. pp. 17, 23, 24. ISBN 88-7624-659-2.
- ↑ Chinese immigrants to Italy build no ordinary Chinatown. Chicago Tribune
- ↑ Statistiche demografiche ISTAT Архівавана 14 жніўня 2013.. Demo.istat.it.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Фларэнцыя