Хостынг
Хостынг (англ.: hosting) — паслуга па выдзяленні ў карыстанне дыскавай прасторы для фізічнага размяшчэння інфармацыі на серверы, які ўвесь час падключаны да сеткі (часцей за ўсё Інтэрнэт)[1]. Таксама хостынгам называюць паслугу па размяшчэнні абсталявання кліента на баку правайдэра і падключэнню да высакахуткаснай сеткі (калакацыя, англ.: colocation).
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Агульны вэб-хостынг
[правіць | правіць зыходнік]Сайт размяшчаецца на тым жа серверы, што і многія іншыя сайты, пачынаючы ад некалькіх сайтаў да некалькіх сотняў. Звычайна ўсе дамены сумесна выкарыстоўваюць агульную сукупнасць рэсурсаў сервера, такіх як аператыўная памяць і цэнтральны працэсар[2]. Функцыі, даступныя з гэтым тыпам сэрвісу, могуць быць даволі простымі і нягнуткімі з пункту гледжання праграмнага забеспячэння і абнаўленняў. Кіраванне сайтам звычайна адбываецца праз вэб-панэль кіравання.
Віртуальны выдзелены сервер
[правіць | правіць зыходнік]Таксама вядомы як віртуальны прыватны сервер (англ.: VPS). У гэтым выпадку рэсурсы сервера падзяляюцца на віртуальныя машыны, якія здаюцца ў арэнду карыстальнікам хостынгу. Карыстальнікі могуць мець каранёвы доступ да сваёй віртуальнай прасторы і ўсталёўваць любое праграмнае забеспячэнне. Кліенты часам адказваюць за абслугоўванне сервера (некіраваны сервер), або пастаўшчык VPS можа адміністраваць сервер за кліента (кіраваны сервер). Віртуальны сервер дае карыстальніку больш магчымасцей і прывілеяў, а часта і больш рэсурсаў, чым агульны вэб-хостынг, але каштуе звычайна даражэй.
Выдзелены сервер
[правіць | правіць зыходнік]Выдзелены сервер (англ.: dedicated server) — тып хостынгу, пры якім карыстальнік арэндуе цэлы сервер, які не дзеліцца з іншымі карыстальнікамі. Ён выкарыстоўваецца для рэалізацыі нестандартных задач (паслуг), а таксама размяшчэння «цяжкіх» вэб-праектаў, якія не могуць суіснаваць на адным серверы з іншымі праектамі і патрабуюць усіх рэсурсаў сервера. Выдзелены сервер лічыцца найбольш эфектыўным і ў той жа час самым дарагім рашэннем сярод усіх відаў хостынгу. Кіраванне такім серверам патрабуе ад карыстальніка больш тэхнічных ведаў і навыкаў, чым кіраванне віртуальным хостынгам.
Воблачны хостынг
[правіць | правіць зыходнік]Воблачны хостынг (англ.: cloud hosting) — гэта тып хостынгу, пры якім сайт карыстальніка размяшчаюцца ў дэцэнтралізаваным кластэры сервераў, так званым «воблаку». Серверы могуць знаходзіцца далёка адзін ад аднаго, але з пункту гледжання карыстальніка працуюць як адзін магутны віртуальны сервер. Перавагай воблачнага хостынгу з’яўляецца адсутнасць прывязкі да рэсурсаў аднаго сервера: пры паломцы сервера, адключэнні электрычнасці ў дата-цэнтры ці нават пры прыродных катаклізмах іншыя серверы ў кластэры працягваюць працаваць і забяспечваць доступ да сайта. Таксама пры выкарыстанні воблачнага хостынгу карыстальнік можа плаціць толькі за тую колькасць рэсурсаў, якую непасрэдна спажывае. З іншага боку, з-за дэцэнтралізаванасці гэтага тыпу хостынгу карыстальнік можа не мець магчымасці кантраляваць месцазнаходжанне сваіх дадзеных.
Калакацыя
[правіць | правіць зыходнік]Калакацыя (англ.: collocation) — арэнда месца ў дата-цэнтры пастаўшчыка для кліенцкага абсталявання (звычайна шляхам мантажу ў стойку) і падключэнне яго да Інтэрнэту. Дае магчымасць выкарыстоўваць інфраструктуру дата-цэнтра, а менавіта сістэмы паветранага ахалоджвання, пажарную бяспеку і іншае. Гэтай паслугай карыстаюцца ў асноўным дасведчаныя кліенты, якія валодаюць дастатковымі навыкамі падключэння і адміністравання ўласных сервераў, альбо кампаніі, якія самі прапануюць інфармацыйныя паслугі.