Хэйлунцзянская кампанія — серыя бітваў у правінцыі Хэйлунцзян паміж войскамі Кітайскай рэспублікі і Японскай імперыі, што адбыліся ў час японскага ўварвання ў Маньчжурыю.
Да пачатку наступу японцаў на Маньчжурыю губернатар Хэйлунцзяна Вань Фулінь знаходзіўся ў Пекіне. 16 кастрычніка Чжан Сюэлян тэлеграфаваў Ма Чжаньшаню пра яго прызначэнне часовым кіраўніком і ваенным камандуючым правінцыі. Прыбыўшы ў Цыцыкар 20 кастрычніка, Чжаньшань заявіў, што не здасць горад. 4 лістапада Ма Чжаньшань парушыў загад Гаміньдана і сустрэў агнём японскі авангард ля моста праз Нуньцзян. Адступіўшы, кітайцы пазней контратакавалі, аднак пад агнём танкаў і артылерыі не змаглі адбіць мост і адышлі да Цыцыкара. 15 лістапада, да якога кітайцы страцілі 400 чалавек забітымі і 300 параненымі, японцы высунулі ўльтыматум пра здачу горада, на які Ма Чжаньшань адказаў адмовай. 17 лістапада ліку ў паўднёвым прыгарадзе Цыцыкара адбылася вырашальная сутычка: 3500 японцаў супраць 8000 кітайцаў. Японская кавалерыя атакавала ў першым шэрагу, за ёй ішла пяхота. Кітайская кавалерыя паспрабавала зайсці з фланга, але была пабіта агнём артылерыі і бамбардзроўшчыкаў, неўзабаве з поля бою бегла і пяхота. 18 лістапада Ма Чжаньшань адступіў з горада да вярхоўяў Нуньцзяна, дзе здолеў рэарганізаваць войскі. Японцы ж засцераглі тылы і маглі наступаць на Харбін.