Цыганка (балада)
Цыганка | |
---|---|
Жанр | балада |
Аўтар | Тамаш Зан |
Мова арыгінала | польская |
Дата напісання | 1820 |
«Цыганка» — балада Тамаша Зана, напісаная ў 1820 годзе і заснаваная на беларускім народным паданні.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Дзяўчына-сірата плача і сумуе па каханаму Ясю, якога ўланы забралі на вайну. Не дачакаўшчыся вяртання, яна шукае пацехі ў варажбе цыганкі, якая прадракае, што ён абавязкова вернецца. Тым часам уланы вяртаюцца з вайны і нясуць у труне цела забітага Яся, а дзяўчына, не маючы моцы перажыць смерць каханага памірае.
Балада мае патрыятычную ідэю, Аўтар сцвярджае, што смерць хлопца не была дарэмнай, бо ён аддаў жыццё за волю роднага края. Твор завяршае канцоўка: «лепей смерць, чым няволя».
Фальклорны матэрыял
[правіць | правіць зыходнік]Як адзначае Станіслаў Станкевіч, балада з'яўляецца вяршыняй намаганняў паэта ў галіне выкарыстання народага элементу[1].Тамаш Зан заснаваў змест твора на шырока распаўсюджанай ў Беларусі народнай песні[2][3][4][5][6], у якой гаворыцца пра тое, як жонка альбо сястра (радзей каханка) марна сумуе ды чакае вяртання з вайны свайго мілага. Урэшце, доўгачаканы вяртаецца, але нежывы.
Сцэна чараў цыганкі таксама заснаваная на народных таемствах. Цыганка ўбівае яйка ў ваду і паказвае дзяўчыне прывід каханага, які вяртаецца з вайны. Падобны спосаб чараў практыкавалі на Наваградчыне:
![]() | Цыганка наліе поўную шклянку вады і ўкіне туды два яйкі, і там ёй у вадзе пакажыцца той, каго яна хоча бачыць[1] | ![]() |
Моўныя асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Народнасць балады дасягае найбольшага выяўлення ў стылі і мове, выкарыстоўваючы простыя выразы і звароты, зачэрпнутыя з народнай песні. Пісьменнік і публіцыст Мар'ян Гавалевіч заўважыў, што:
![]() | Яна робіць уражанне, нібыта яе, расказаную ці праспяваную пры кудзелі, без усялякіх прэтэнзій на цудоўную форму і друк, наўпрост занатавалі на вячорках з вуснаў вясковай дзяўчыны[7] | ![]() |
Як адзначае Станіслаў Станкевіч, у баладзе шмат такіх параўнанняў, як «малако з крывёй твой твар», «лён, не валасы, у касе», якія ахвотна выкарыстоўвае народная песня. У народным стылі звяртаецца цыганка да дзяўчыны, называючы яе «мая лілея!», «галубка!», «зязюлька!», а таксама сяміскладовы верш балады блізкі да народай песні[1].
Зноскі
- ↑ а б в Станкевіч, С. Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. — С. 26. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6.
- ↑ Романов Е. Материалы по этнографии Гродненской губернии / Ред. Е. Романов ; Управление Виленского учебного округа.. — Вильно: Издание Управления Виленского ўчебного округа, 1911. — Т. 1. — С. 102. — 238 с.
- ↑ Романов Е. Сборник памятников народного творчества Северо-Западного края. — Вильно, 1866. — Т. 1. — С. 170.
- ↑ Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. — Москва, 1903. — Т. IV. — С. 137, 145.
- ↑ Довнар-Запольский М. Песни пинчуков. — Киев, 1895. — С. 52, 99.
- ↑ Булгаковский Д. Пинчуки. — Этнографический сборник. — 1890. — С. 137, 145.
- ↑ Gawalewicz M. Poeta promienisty. Z Filareckiej twórczości T. Zana // Kraj. — 1900. — № 41. — С. 543.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цьвірка, К. Вечны выгнаннік і пілігрым. Жыццё і творчасць Тамаша Зана. — 1994. — № 2. — С. 17—24.
- Філаматы і філарэты / Укладанне, пераклад польскамоўных твораў, прадмова, біяграфічныя даведкі пра аўтараў і каментарыі К. Цьвіркі,. — Мн., 1998. — С. 197. — 400 с. — (Беларускі кнігазбор).