Ян ван Эйк

Ян ван Эйк
нідэрл.: Jan van Eyck
Фатаграфія
Дата нараджэння каля 1390[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 9 ліпеня 1441[3] ці 9 чэрвеня 1441(1441-06-09)[4]
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Маргарэта ван Эйк[d]
Род дзейнасці мастак, ілюмінатар рукапісаў, архітэктар, рысавальнік, архітэктурны чарцёжнік
Месца працы
Жанр партрэтны жывапіс[d], рэлігійны жывапіс[d][5], жанравы жывапіс[5] і партрэт[5]
Мастацкі кірунак Адраджэнне
Заступнікі Філіп III Добры і Ёган III[d]
Уплыў Робер Кампен
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ян ван Эйк (нідэрл.: Jan van Eyck, каля 1385 альбо 1390 — пахаваны 9 ліпеня 1441) — буйнейшы фламандскі жывапісец ранняга Адраджэння, аўтар шматлікіх (больш за 100) кампазіцый на рэлігійныя сюжэты.

Быў адным з першых мастакоў, якія дасканала засвоілі тэхніку жывапісу алейнымі фарбамі, замест адыходзячай старажытнай тэхнікі тэмперы.

Біяграфічныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]

Дакладная дата нараджэння Яна ван Эйка невядомая. Нарадзіўся ў Паўночных Нідэрландах у г. Маасейк  (руск.). Вучыўся ў старэйшага брата Губерта  (руск.), з якім працаваў да 1426 года. Пачаў сваю дзейнасць у Гаазе пры двары нідэрландскіх графаў. З 1425 ён — мастак і прыдворны герцага Бургундскага Філіпа III Добрага, які высока цаніў яго як мастака і шчодра аплачваў яго працы. У 1427—1428 гг. у складзе герцагскага пасольства Ян ван Эйк адправіўся ў Іспанію, затым у Партугалію. У 1427 наведаў Турнэ, дзе быў прыняты з пашанай мясцовай гільдыяй мастакоў. Верагодна, сустракаўся з Раберам Кампенам, альбо бачыў яго працы. Працаваў у Ліль і Генце, у 1431 набыў дом у Бругэ і пражыў там да самай смерці.

Пасля смерці брата Губерта Ян ван Эйк працягнуў самастойную работу. Ён піша алтарныя кампазіцыі, шматлікія выявы мадонн, партрэты.

Ян ван Эйк памёр у Бругэ ў ліпені 1441 года (дата пахавання — 9 ліпеня 1441 года).

Меў некалькі вучняў, у іх ліку — знакаміты пасля жывапісец Петрус Крыстус.

" «Па ўсеагульным прызнанні, найбольш смелыя адкрыцці, якія пазначылі пералом у мастацкім развіцці (чалавецтва), належаць жывапісцу Яну ван Эйку (1385/90 - 1441). Найвялікшае яго стварэнне - шматсворкавы алтар (поліптых) для сабора ў Генце»
Э. Гомбрых  (руск.) «Гісторыя мастацтва»
"

Ван Эйка лічаць вынаходнікам алейных фарбаў, хоць на самай справе ён толькі ўдасканаліў іх. Але менавіта пасля яго алей атрымаў усеагульнае прызнанне, алейная тэхніка стала традыцыйнай для Нідэрландаў; у XV ст. прыйшла ў Германію і ў Францыю, адтуль — у Італію.

Адным з першых Яна ван Эйк засвоіў пластычныя і выразныя магчымасці алейнага жывапісу, выкарыстоўваў тонкія празрыстыя слаі фарбы, пакладзеныя адзін паверх аднаго — т. зв. фламандская манера шматслойнага празрыстага пісьма. Гэты жывапісны метад дазволіў яму дасягнуць выключнай глыбіні, багацця і святла сілы колеру, а таксама тонкасці святлоценявых і колеравых пераходаў. Яго жывапісныя адкрыцці значна паўплывалі на развіццё сусветнага жывапісу. Браты ван Эйк удасканалілі тэхніку і тэхналогію алейнага жывапісу, які пачалі выкарыстоўваць іншыя мастакі. Гэта дазваляла больш дакладна і рознабакова перадаваць з'явы навакольнага свету, разнастайнасць яго прадметнага багацця.

Ян ван Эйк адзін з першых у Еўропе майстроў партрэта, які ў яго творчасці вылучыўся ў самастойны жанр: «Цімафей  (руск.)» (1432), «Партрэт чалавека ў цюрбане  (фр.)» (1433), «Партрэт пары Арнальфіні» (1434), «Партрэт жонкі Маргарэты ван Эйк  (фр.)» (1439). Партрэтным вобразам уласцівы непрадузята праўдзівая і дакладная перадача знешнасці чалавека і галоўных рыс яго характару[6].

Значныя творы

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод шэдэўраў Яна ван Эйка — «Генцкі алтар», «Мадонна канцлера Ролена  (руск.)», а таксама партрэт купца, прадстаўніка банкірскага дому Медычы, Джавані Арнальфіні з жонкай — так званы «Партрэт пары Арнальфіні  (руск.)». Сярод іншых значных твораў мастака — трыпціх «Мадонна з дзіцем» (1437).

Генцкі алтар

Найбольш буйны твор — «Генцкі алтар», распачаты яго братам Губертам у 1420-х г., завершаны ў 1432. Ян ван Эйк працаваў над ім па замове багатага гентскага бюргера Ёса Вейта  (гал.) для яго сямейнай капліцы ў 1422—1432 гг. Гэты грандыёзны шмат'ярусны поліптых з 24 карцін з выявай 258 чалавечых фігур знаходзіцца ў саборы Святога Бавона  (англ.) ў Генце. Генцкі алтар — гэта вялікі паліптых з рухомымі драўлянымі бакавымі створкамі.

Мадонна канцлера Ролена

[правіць | правіць зыходнік]

«Мадонна канцлера Ролена» (каля 1436) — найбольш вядомы твор мастака. Галоўнага героя выявы аўтар паказвае перад Багародзіцай у выглядзе данатара (ад дарыцель — асоба, якая была заказчыкам мастацкага твора; данатара звычайна выяўлялі перад Хрыстом, Маці Боскай ці святымі ў малітоўнай позе). Але ў яго паставе, у выразе твару няма пакорлівасці верніка, набожнасці. У маўклівым псіхалагічным дыялогу паміж мадоннай і канцлерам за знешняй стрыманасцю апошняга адчуваецца актыўнасць характару, мэтанакіраванасць. Бясконцая панарама пейзажа, які адкрываецца праз арачныя пралёты, не складае з людзьмі гарманічнай еднасці, але выступае як важны самастойны вобраз. Невыпадкова Ролен паказаны на фоне жылых дамоў, а Марыя — цэркваў, а лініі размешчанага па цэнтральнай восі далёкага моста як бы ўстанаўліваюць сувязь паміж данатарам і благаслаўляючым жэстам рукі Хрыста[7].

Мадонна каноніка ван дэр Пале

[правіць | правіць зыходнік]

Тое, што было толькі акрэслена ў «Мадонне канцлера Ролена», «Партрэце пары Арнальфіні» (1434), у «Мадонне каноніка ван дэр Пале  (польск.)» (1436), набывае завершанае ўвасабленне. Мастак спрабуе пашырыць межы партрэта ў сакральнай выяве і ўключае прыёмы, тыповыя для бытавога жанру: падрабязнае і шматслоўнае апавяданне. Данатар, па сутнасці, з'яўляецца галоўнай дзеючай асобай кампазіцыі. Яго масіўная ўкленчаная фігура пануе ў карціне, да каноніка звяртаюцца Маці Боская і Святы Данат, якога прадстаўляе мадонне Святы Георгій — патрон заказчыка. Вобразы ўдзельнікаў сцэны набываюць матэрыяльную значнасць, яны не самапаглыбленыя, а ўступаюць у маўклівы дыялог са светам.[7]

Зноскі

  1. Netherlands Institute for Art History
  2. Jan van Eyck
  3. а б в The Fine Art Archive
  4. https://www.museabrugge.be/collection/work/id/0000_GRO0161_I Праверана 29 красавіка 2024.
  5. а б в RKDartists
  6. БЭ. Т. 18
  7. а б Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Эйк // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. / Рэдкал. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. С.49. ISBN 985-11-0295-4
  • Friedländer М. J., Die aitniederländische Malerei, Bd 1, B., 1924;
  • Baldass L., Jan van Eyck, L., 1952;
  • Panofsky E., Early Netherlandish painting. Its origins and character, v. 1—2, Camb. (Mass.), 1953.