ASCII

Табліца ASCII

ASCII (англ.: American Standard Code for Information Interchange — амерыканскі стандартны код абмену інфармацыяй) — код абмену інфармацыяй паміж камп’ютарамі і для перадачы інфармацыі па лініях сувязі.

Уяўляе сабой схему, у якой для літараў, лічбаў, знакаў прыпынку і іншых сімвалаў пазначаны лічбавыя значэнні-коды. ASCII утрымлівае стандартны набор значэнняў кодаў для сімвалаў, якія уключаны у табліцу, што забяспечвае абмен інфармацыяй паміж ЭВМ і іх праграмамі. ASCII утрымлівае 256 кодаў (шаснаццатковыя коды), згрупаваныя ў два наборы па 128 значэнняў: стандартны (базавы) і пашыраны. У асноўным стандартным наборы ASCII першыя 32 значэнні замацаваны за кодамі кіравання перадачай даных і работай прынтара (такія як вяртанне карэткі, табуляцыя, вяртанне курсора на адну пазіцыю і інш.). Гэтыя коды кантралююць перадачу даных ад аднаго прыстасавання да другога. Наступныя (пасля 32-х) 96 кодаў замацаваны за знакамі пунктуацыі, лічбамі ад 0 да 9, вялікімі і малымі літарамі лацінскага алфавіту. Пашыраны набор кодаў ад 128 да 255 адведзены для прысвойвання іх вытворцам камп’ютараў і распрацоўшчыкам праграмнага забеспячэння адпаведнаму падмноству сімвалаў. Гэтыя коды могуць прымяняцца па-рознаму ў розных камп’ютарах і праграмах — кадзіруюцца сімвалы псеўдаграфікі і літары нацыянальных алфавітаў. Такім чынам, пашыраныя сімвалы ASCII будуць інтэрпрэтавацца карэктна толькі тады, калі камп’ютар, прынтар і праграма разлічаны на гэтыя коды. Стандартны код сімвалаў ASCII з’яўляецца ўніверсальным для ўсіх відаў апаратнага і праграмнага забеспячэння мікракамп’ютараў.