Ліцьвіны

Гэтая назва мае некалькі сэнсаў. Калі вас цікавяць іншыя сэнсы, глядзіце таксама Ліцьвіны (неадназначнасьць), Літоўцы (неадназначнасьць).
Ліцьвіны ў народных строях, канец XIX — пачатак XX ст.

Ліцьвіны[1] (літвіны[1], літва; ст.-бел. литвины[2]) — назва тытульнага народу Вялікага Княства Літоўскага, гістарычнае найменьне і саманазва беларусаў эпохі ВКЛ[a], якая ўжывалася поруч з русінамі[4][5][6][7][8]. Па Крэўскай уніі «ліцьвінамі» называліся каталікі ВКЛ у канфэсійным сэнсе, а таксама ўсё жыхарства ў нацыянальным сэнсе, «русінамі» ў ВКЛ называліся пераважна праваслаўныя ў канфэсійным сэнсе; таксама праваслаўныя жыхары ВКЛ называліся «ліцьвіны рускае веры», «ліцьвіны грэчаскага закону людзі» і да т. п.[9][10] Паводле энцыкляпэдыі «Этнаграфія Беларусі» 1989 году, 4-га тому Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі (1997 год) і 9-га тому Беларускай энцыкляпэдыі (1999 год), гэта назва жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, пераважна заходніх беларусаў і ўсходніх летувісаў у XIV—XVIII стагодзьдзях, якая ў XVI—XVIII стагодзьдзях набыла гучаньне палітоніму — дзяржаўна-палітычнага вызначэньня ўсяго насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага[11][12]. У XVI—XVIII стагодзьдзях назва «ліцьвіны» была найбольш абагульняльнай этнанімічнай формай самасьвядомасьці літоўскага (беларускага) народу і адлюстроўвала найбольш шырокі ўзровень яго нацыянальнае кансалідацыі[13][14].

Ліцьвіны ў народных строях, канец XIX — пачатак XX ст.

Дзеля вызначэньня беларусаў назва «ліцьвіны»[b] шырока ўжывалася яшчэ ўсё XIX стагодзьдзе і захоўваецца ў сучасным частковым ужытку ў якасьці саманазвы вясковага жыхарства Беларусі[16][17]. Як адзначае беларускі гісторык Уладзімер Арлоў у кнізе «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае», «Мы — беларусы, але мы і ліцьвіны, спадкаемцы гісторыі і культуры магутнай эўрапейскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага»[18].

Назва

Першы пісьмовы ўпамін Літвы (лац. «Litua» — чытаецца як «Літва»), 1009 г.
Асноўны артыкул: Літва

Назва «літвін» (наймя ў такой форме — «литвин», «Litwini») вядома ў розных крыніцах ад XIII стагодзьдзя: у рускамоўныхсъ Лукою съ Литвиномъ» — у Сафійскім першым летапісе пад 1267 годам[19][20]; «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ» — у Траецкім летапісе пад 1289 годам[21], «литвин родом» у жывоце Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[22], «Василко литвинъ» — у наўгародзкай грамаце 1370-х гадоў[23]), а таксама ў шматлікіх лацінамоўных крыніцах, як літоўскіх, так і з суседніх Літве краінаў (Litowini — хроніка Генрыка Латвійскага пад 1221 годам[24]; Letvinis — хроніка Вартбэрга пад 1236 годам[25]; Letwinis — у акце судовага працэсу Тэўтонскага ордэну з Казімерам Куяўскім 1259 году; rex Litwinorum — у (імаверна, падробленай крыжакамі) грамаце Міндоўга 1261 году[26]; Littwini — у лісьце ліфлянцкіх біскупаў 1277 году[27]; Lethwinorum — у крыжацкім лісьце 1298 году[28]; litwini — у лісьце вармійскага біскупа 1323 году[29]; LETHVINORVM — на пячаці вялікага князя Гедзіміна 1323 году[30]; Litwini — у лісьце тэўтонскага магістра 1331 году[31] ды іншых)[32].

Найстарэйшы вядомы ліст з азначэньнем «літвін» у старабеларускай мове — арыгінал[33] ярлыка ардынскага цара Тактамыша каралю Ягайле 1393 году («Вы пак послали есте к нам посла вашего литвина на имя Невойста»)[34].

Традыцыйнае гістарычнае беларускае вымаўленьне гэтай назвы (у якім знайшла адлюстраваньне такая адметная ўласьцівасьць беларускай мовы, як цеканьне[c]) засьведчыў у 1870 годзе Іван Насовіч у сваім слоўніку: «Кузьма и Дземьянъ два Лицвины, принешли горшочекъ боцвиння» (з народнай песьні)[36]. Яшчэ ў лацінскім дакумэнце 1323 году форма «Lecwinorum» значылася ў тытуле вялікага князя Гедзіміна[37][d], а напісаньне «Лицвин» сустракаецца ў Рэестры расходаў места Магілёва за 1688 год[39][e], аднак звычайна ў старых беларускіх тэкстах цеканьне — як і дзеканьне — не адлюстроўваліся пры напісаньні. Апроч Івана Насовіча, бытаваньне сярод беларусаў формы «ліцьвіны» засьведчылі: пісцовая кніга Гарадзенскай эканоміі (1558 год[44]), інвэнтар Люцынскага староства (1765 год[45]), Кур’ер Літоўскі (1811 год[46]), Ян Чачот (1819 год[47]), абвестка Сэнату Расейскай імпэрыі (1836 год[48]), Tygodnik Literacki(pl) (1840 год[49][50]), Стэфан Куклінскі (1856 год[f][52]), Павал Шэйн (1873 год[53], 1902 год[54]), Міхал Федароўскі[g][55], Аляксандар Сержпутоўскі (1910 год)[56], Ян Станкевіч[57], Яўхім Кіпель[58], Канстантын Міцкевіч (Якуб Колас)[59], Аляксандар Яцэвіч (Алесь Змагар)[60], Францішак Чарняўскі[61] ды іншыя[62][63][64][65]. Таксама народжаны ў Вызьне на гістарычнай Случчыне мастак і празаік шляхецкага паходжаньня Браніслаў Залескі (1820—1880) карыстаўся псэўданімам «Lićwin»[66][67][68] (поруч з польск. «Litwin»)[69]. Форму «ліцьвіны» пасьлядоўна ўжывалі ў сваіх працах гісторыкі Вацлаў Пануцэвіч і Павал Урбан.

Таксама існавала старажытная зборная форма «літва», якую ставяць у адзін шэраг з такімі славянскімі паводле формы (але не этымалёгіі) зборнымі назвамі, як «масква», «мардва», «татарва» ды іншымі (у адрозьненьне ад шэрагу русь, чудзь, перм ды іншых)[70].

Форма «літоўцы», што таксама ўжывалася ў значэньні ліцьвінаў[71][72][73], ёсьць пазьнейшай[h] і не сустракаецца ў старых беларускіх тэкстах.

Паходжаньне

Пячаць Багуслава I(uk), князя люцічаў, 1170 г.

Наконт этнічнага паходжаньня ліцьвінаў існуюць розныя погляды:

Тым часам расейская (савецкая) і летувіская гістарыяграфіі ў рэчышчы палітыкі летувізацыі традыцыйна атаясамліваюць ліцьвінаў з «старажытнымі летувісамі» (найперш — з этнаграфічнымі «аўкштайтамі», фактычна вынайдзенымі ў другой палове XIX ст.), аднак такое меркаваньне зьняпраўджваецца ўжо адным толькі бракам адэкватнага тлумачэньня назвы «літва» з балтыйскіх моваў. Пададзеныя яшчэ ў савецкіх слоўніках[2] летувіскія этымалёгіі непераканаўчыя і маюць шмат слабых бакоў. Праявай хісткасьці летувіскіх гіпотэзаў і прыкметай таго, што этымалягічныя пошукі ў гэтым кірунку заходзяць у тупік, стала вылучэньне Артурасам Дубонісам новай вэрсіі, дзе Літва супастаўляецца з назвай служылага стану лейцяў[82].

Тытульны народ у праўных крыніцах Вялікага Княства Літоўскага

Адным зь першых сьведчаньняў нацыянальнае кансалідацыі тытульнага народу ліцьвінаў у Вялікім Княстве Літоўскім ёсьць утварэньне Літоўскае мітраполіі ў 1299 годзе. Дакумэнты гэтае мітраполіі не захаваліся, але ў бізантыйскіх крыніцах яе мітрапаліт меў тытул «мітрапаліта Літвы» (μητροπολίτης Λιτβων). Бізантыйскія афіцыйныя лісты 1364 і 1380 гадоў паведамляюць, што Літоўскую мітраполію аднавілі ў 1354 годзе «на жаданьне народу Літвы»[83].

Паводле прывілею Ягайлы 1387 году і ліста Ягайлы і Вітаўта да віленскага біскупа Васілы ад 1397 году, Віленскае каталіцкае біскупства стваралася для «нацыі ліцьвінаў» (nacione Lithvanos), «народу літоўскага» (gentem Lithuanicam)[84]. Віленскае біскупства абыймала ўсе землі ўласна ВКЛ з Падняпроўем і Палесьсем (якія і называліся «Літвой» або «Літоўскім княствам»), у той час як створанае ў 1417 годзе Жамойцкае біскупства, паводле прывілею вялікага князя Вітаўта, прызначалася для асобнага «жамойцкага народу» (gens Samagitarum). Першыя віленскія біскупы адзначаліся ў дакумэнтах як «літоўскае нацыі» або «родам ліцьвін»: Якуб Пліхта (1398—1407) (vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue), Мікалай Дзяжковіч (1453—1467) (Nicolaus Dzierzgowicz dictus, natione Lituanus), Андрэй Гасковіч (1481—1491) (Andreas Petri Goschovicz de Vilna, natione Lituanus)[85].

Тытульны ліст Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году

У дзяржаўных дакумэнтах Вялікага Княства Літоўскага XV—XVI стагодзьдзяў назва «Ліцьвіны» (або «Літоўскі народ») азначае як каталікоў (або жыхарства Літвы ў вузкім сэнсе), так і, у шырокім сэнсе, увесь народ уласна Вялікага Княства Літоўскага (без Жамойці). У дамовах з Псковам 1440 і 1480 гадоў вялікі князь Казімер ужываў назву «ліцьвіны» як агульнае азначэньне ўсяго народу Вялікага Княства Літоўскага («а мне вялікаму князю Казіміру блюсьці Пскавіціна как і сваяго Ліцьвіна; також і Псковічам блюсьці Ліцьвіна, как і Пскавіціна»); прытым у дамове 1480 г. выраз «нашого Литвина» тоесны з выразамі «нашы купцы» і «люди нашы» і выразна стасуецца як да віленцаў, так і да палачанаў[86][87][88]. Земскі прывілей Кіеўскай зямлі 1507 году абумоўліваў «…а Кіяніна, как і Ліцьвіна, ва чці дзяржаці»[89][90]. На Віленскім сойме 1565 году разглядалася пытаньне «садночаньня народу Літоўскага з Рускім»[91] (то бок касаваньня канфэсійных перапонаў паміж ліцьвінамі-каталікамі і русінамі-праваслаўнымі, дакананае Гарадзенскім прывілеем 1568 году), прытым прывілеі 1563—1568 гадоў зьвярталіся да «шляхты літоўскай», «станаў літоўскіх» (то бок да ўсёй шляхты і ўсіх станаў ВКЛ)[92].

У 9-м артыкуле трэцяга разьдзелу Літоўскага Статуту рэдакцыі 1566 году зазначаецца, што тытульнымі нацыямі Вялікага Княства Літоўскага ёсьць адно ліцьвіны і русіны, у той час як жамойты адносяцца да ліку «обчых, чужаземцаў і загранічнікаў»[i][93]:

« У том панстве Вялікам Княстве Літоўскам і ва ўсіх землях яму прыслухаючых дастойнасьцей духоўных і сьвецкіх гарадоў, двароў і грунтаў, староств у дзяржаньні і пажываньні і вечнасьцей жадных чужаземцам і загранічнікам ані суседам таго панства даваці ня маем; але то ўсё мы і патомкі нашы Вялікія Князі Літоўскія даваці будуць павінны толька Літве а Русі, родзічам старажытным і ўражонцам Вялікага Княства Літоўскага і іных земль таму Вялікаму Княству належачых. <…> Але на дастаенства і ўсякі ўрад духоўны і сьвецкі ня маець быці абіран, ані ад нас Гаспадара стаўлен, толька здаўна продкаў сваіх ураджэнец Вялікага Княства Літоўскага Ліцьвін і Русін. »
Ліцьвіны (Lituani), 1598 г.[94].

У Гарадзенскім прывілеі 1568 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст пісаў, што хоць народ Вялікага Княства Літоўскага падзяляецца на «літву» і «русь» (у канфэсійным сэнсе — «рымскага закону Літве і грэчаскага Русі»), гэта адзіны народ ВКЛ (заступнікамі якога ёсьць «шляхта літоўская», «станы літоўскія»)[95]:

« …што вышэй аб народзе том слаўнам Вялікага Княства, аж двоега закону хрысьціянскага людзей, але аднаго і аднакага народу апісана і памянёна… <…> …роўна і аднака яка і рымскага і ўсякага хрысьціянскага закону і веры людзех у Вялікам Княстве Літоўскам і ва ўсіх землях ку нему прыслухаючых належыць, гды ж супольне межы сабою і з сабою ў адном панстве Вялікам Княстве Літоўскам і землях яму прыслухаючых і ў граніцах адных мешкаюць і адным народам суць »

У акце Люблінскае уніі, выдадзеным прадстаўнікамі ВКЛ на сойме ў Любліне 1 ліпеня 1569 году, «літоўскі народ» (адзін з стваральнікаў Рэчы Паспалітае «абодвух народаў») прадстаўлялі: гетман вялікі літоўскі і кашталян віленскі Рыгор Хадкевіч, ваявода троцкі Стэфан Збараскі, падканцлер і кашталян троцкі Астафей Валовіч, маршалак вялікі літоўскі і староста ковенскі Ян Хадкевіч, біскуп віленскі Валяр’ян Пратасевіч, падскарбі земскі Мікалай Нарушэвіч, маршалак дворны Мікалай Крыштап Радзівіл, крайчы літоўскі Ян Кішка, стольнік літоўскі Мікалай Дарагастайскі, а таксама паслы зь зямель і паветаў ВКЛ: з Троцкага ваяводзтва — падкаморы Андрэй Дзежка, харужы Троцкай зямлі Касьпер Раецкі, Міхайла Варона, з Жамойцкай зямлі — падкаморы Мікалай Станкевіч Білевіч, зь Віцебскага ваяводзтва — гараднічы віцебскі Андрэй Кісель, падсудак віцебскі Тымафей Гурко, з Амсьціслаўскага ваяводзтва — Ісай Шчолкан, Грыгор Макароўскі, зь Менскага ваяводзтва — харужы дворны ВКЛ Васіль Рагоза, зь Вількамірскага павету — Мікалай Конча, Крыштаф Размысовіч, зь Пінскага павету — войскі пінскі Станіслаў Шырма, падсудак пінскі Іван Дамановіч, з Мазырскага павету — Фёдар Лянковіч, Ян Клопат, з Рэчыцкага павету — пісар земскі рэчыцкі Андрэй Халецкі, Ізмайла Зянковіч, ды іншыя[96].

Назва «літва» ў якасьці агульнанацыянальнай (назвы ўсяго народу ўласна Вялікага Княства Літоўскага цалкам) ужывалася ў афіцыйных дакумэнтах ВКЛ, напрыклад: у пастановах Гарадзенскага сойму 1567 году («Тэж уфаляем, абы панове ваяводаве, староставе, дзяржаўцы, цівунове, Літва і Палякаве, усі асобамі сваімі на вайну ехалі з почты…»)[97], у статуце менскага цэху рымароў 1634 году («…aby towarzyszów polakow i litwę do roboty y warstatów swych przymowali… »)[98].

У Сэнаце Рэчы Паспалітае «літоўскі народ» прадстаўлялі канцлер ВКЛ, падканцлер, маршалак земскі, маршалак дворны, падскарбі земскі, біскуп віленскі, біскуп жамойцкі, ваяводы і кашталяны. У 1569—1795 гадох гэтыя пасады займалі пераважна роды Сапегаў, Радзівілаў, Хадкевічаў, Валовічаў, Вішнявецкіх, Агінскіх, Слушкаў, Тышкевічаў, Пацеяў ды іншыя.

Леў Сапега

У прадмове да Літоўскага Статуту 1588 году падканцлер Леў Сапега адзначаў, што літоўскія правы і Статуты пісаны «ўласным языком» тытульнага народу ВКЛ:

« І то ёсьць наша вольнасьць, катораю ся мы межы іншымі народы хрысьціянскімі хвалім, жа пана, іж бы водле волі сваее, а ня водле праў нашых панаваў, над сабою ня маем, а яка славы ўчцівае, так жывата і маетнасьці вольна ўжываем. <…> А есьлі катораму народу ўстыд праў сваіх ня ўмеці, пагатоў нам, каторыя ня обчым якім языком, але сваім уласным правы сьпісаныя маем і кождага часу, чаго нам патрэба ку адпору ўсякае крыўды, ведаці можам. »

У акце «Каэквацыі літоўскіх станаў» 1697 году (таксама вядомым як акт Каэквацыі «літоўскага народу») ВКЛ прадстаўлялі: кашталян віцебскі Міхал Коцел, харужы ашмянскі Станіслаў Пазьняк, цівун і пісар троцкі Міхал Шчука, інстыгатар ВКЛ і войскі гарадзенскі Станіслаў Рукевіч, кухмістар ВКЛ і староста ваўкавыскі Крыштаф Камароўскі, падсудак Віцебскага ваяводзтва Язэп Гурко, падкаморы берасьцейскі Людвік Пацей, харужы амсьціслаўскі Марцыян Валовіч, староста менскі і чачэрскі і дэпутат ад Менскага ваяводзтва Крыштаф Завіша, староста мазырскі Міхал Халецкі ды іншыя[99].

Назвы «літва», «літвіны», «літоўскі» ў нацыянальным сэнсе шырока ўжываліся ў розных дакумэнтах ВКЛ усё XVIII стагодзьдзе, напрыклад, у пастанове сойміку Віленскага ваяводзтва 1729 году, у пастанове сойміку Наваградзкага ваяводзтва 1756 году ды іншых (гл. ніжэй).

Гісторыя

Раньнія часы

Хоць этнакультурная сытуацыя ў Літве X—XIII стагодзьдзяў застаецца няяснай, гісторыкі адзначаюць пашырэньне тут славянскай культуры і хрысьціянства ўжо ў XI—XII стагодзьдзях[100][101][102]. Сярод іншага, такое меркаваньне знаходзіць пацьверджаньне ў археалягічных знаходках (велізарны масіў старажытных усходнехрысьціянскіх могілак у Кернаве)[103].

Тым часам пісьмовыя крыніцы сьведчаць пра шчыльныя і прыязныя дачыненьні літвы з полацка-менскімі князямі: у 1128—1132 гадох кіеўскія князі хадзілі «во Литву ко Изяславу» і «…а Киянъ тогда много побиша Литва», у 1180 годзе літва дапамагала полацка-менскім князям у вайне супраць смалянаў, у 1198 годзе літва разам з палачанамі хадзіла на Вялікія Лукі. Летапісы Вялікага Княства Літоўскага апавядаюць пра літоўскага князя Гінвіла-Юрыя (паводле хронікі Ратунда, ён хрысьціўся ў праваслаўі ў Наваградку ў 1148 годзе, а памёр у 1199 годзе ў Воршы), што ён «з пскавяны і з смаляны ваяўваў ся доўга а граніцы прылеглыя». Ад 1200 году літва разам з полацка-менскімі князямі ваявала проці крыжакоў: полацкі княжыч Усевалад быў зяцем літоўскага князя Даўгердааднаго з найбольш магутных ліцьвінаў»), «быў як яго зяць для іх амаль сваім», «часта ачольваў іхныя войскі» і «заўжды памагаў ліцьвінам і радаю, і справаю». У 1216 і 1223 гадох полацкія князі зьбіралі «вялікае войска з русінаў і ліцьвінаў» для паходу на крыжакоў[104].

Гісторыкі таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ў Цьвярскім летапісе, напісаным пры двары цьвярскіх князёў, якія ў XIII—XIV стагодзьдзях мелі шчыльныя кантакты зь Літвой (паводле першага Наўгародзкага летапісу, у 1245 годзе на службе ў цьвярскіх князёў знаходзіліся князі-ліцьвіны Явід і Эрбэт, а ад 1289 году цьвярскім япіскапам быў сын колішняга полацкага князя Гердзеня Андрэй, і ўрэшце, вялікі князь Альгерд ажаніўся зь цьвярской князёўнай Ўльлянай[105]), літва пералічваецца ў ліку славянскіх плямёнаў[106][j][k]:

« ...а ад Ляхаў празвашася Паляне, Ляхаве жа друзі Люціцы, а іныі Літва, іныі Мазаўшане, іныі Памаране. »

Вялікае Княства Літоўскае

Кароль Міндоўг

Сярод лістоў першага вялікага князя літоўскага Міндоўга ёсьць меркаваная[l] грамата 1261 году, дзе ён мянуе свой народ на лаціне «Litwinos», а сябе тытулуе «rex Litwinorum» — «гаспадар ліцьвінаў» (лац. «Mindowe, Dei gracia rex Litwinorum»)[110].

Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда мяркуе, што назва «ліцьвіны» ў першым пэрыядзе Вялікага Княства Літоўскага, да Крэўскай уніі (у 1238—1385 гадох) была назвай мясцовай эвангелісцкай канфэсійнай супольнасьці і ўласна «Літоўскім» Вялікае Княства падчас яго стварэньня назвалі менавіта з такім канфэсійным сэнсам, — чым тлумачыцца імклівае пашырэньне ідэнтычнасьці «ліцьвінаў» у ВКЛ, крыжовыя паходы на ВКЛ розных каталіцкіх дзяржаваў (з адпаведнай фразэалёгіяй: «вераадступныя хрысьціяне ліцьвіны» (лац. «perfidos christianos Letoinos», 1245 год), пагроза «для веры» палякаў у 1294 і 1319 гадох і да т. п.), стварэньне Літоўскай мітраполіі ў 1299 годзе, славянізацыя ліцьвінаў ды іншыя гістарычныя факты[111].

Польскі дакумэнт 1257 году сьведчыў, што Лукаў (Польшча)(pl) (за 70 км на захад ад Берасьця) месьціўся «на мяжы зь ліцьвінамі» (лац. «in confinio Letwanorum»[112]). Практычна тое ж пазначае і дакумэнт 1373 года Мазавецкаму князю, дзе пазначаецца пра «суседства зь ліцьвінамі»[113]. Крыжацкія крыніцы XIII—XIV ст. шматкроць засьведчылі, што Горадня месьцілася ў Літве, а ў Гарадзенскай зямлі жылі ліцьвіны (Lethowini)[114]. Сярод іншага, Пётар з Дусбургу у сваёй хроніцы двойчы (пад 1296 і 1305 гадамі) пішучы пра змаганьне нямецкіх рыцараў зь літоўскімі (ліцьвінамі) заўважаў, што апошнія былі «рускімі»[115]. Тым часам у Галіцка-Валынскім княстве князь Леў Данілавіч надаў вёску ў валоданьне двум «зь Літоўскае зямлі… браценцам» — Туценію і Мойжаку[116]. У крыжацкім помніку «Паведамленьні аб літоўскіх дарогах» (складзены між 1384 і 1401 гадамі) «Аўкштота або верхняя Літва» (Auxteten oder Ober-Littauen) абыймала Вільню, Горадню, Ваўкавыск, Слонім, Наваградак, Крэва і Валожын[117]. Складзены ў канцы XIV ст. у Кіеве (Вялікае Княства Літоўскае) «Сьпіс рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», дзе пералічваліся гарады (замкі), падначаленыя ўладзе праваслаўнага («рускага») мітрапаліта — баўгарскія, валаскія, польскія (падольскія), кіеўскія, валынскія, літоўскія, смаленскія, разанскія і залескія — улучаў большасьць гарадоў на этнічнай тэрыторыі беларусаў у разьдзел літоўскія гарады[118], сярод іх Ворша, Полацак, Віцебск, Слуцак, Менск, Наваградак, Барысаў, Крычаў[6].

Віленскія мучанікі-ліцьвіны Антоні (Круглец), Ян (Кумец) і Яўстах (Няжыла) (выява каля 1417 г.)

У 1299 годзе ўтварылася Літоўская мітраполія, якая абыймала Наваградзкае, Полацкае і Тураўскае біскупствы, менаваныя ў бізантыйскім лісьце 1361 году «літоўскімі» (грэц. «των Λιτβων»). Яе кіраўнік тытулаваўся «мітрапалітам Літвы» (грэц. «μητροπολίτης Λιτβων») і меў намесьнікаў у Горадні і Вільні («із старыны», як адзначаецца ў лісьце 1451 году)[119]. Літоўская мітраполія была першай установай, на грунце якой адбылася кансалідацыя тытульнага народу ВКЛ — народу ліцьвінаў — што ясна відаць зь бізантыйскага дакумэнту пра падзеі 1354 году, які сьведчыць, што Літоўскую мітраполію тады аднавілі на жаданьне «народу» Літвы[120]:

« …магутны князь Літоўскае зямлі <…> гатовы быў на ўсё, каб <…> яго край быў самастойным і быў паднесены на ўзровень мітраполіі, кіраванае ўласным мітрапалітам, пра што і прасіў сьвяты і высокі збор; і гэты збор <…> паставіў пасланага адтуль і прызнанага дастойным кандыдата (Рамана) на мітрапаліта таго краю, згодна з жаданьнем яго народу, зь мясцовымі патрэбамі і жаданьнем згаданага князя »
Віленская Прачысьценская саборная царква, збудаваная вялікім князем Альгердам у 1347 годзе (зь інвэнтару XVII ст. паводле перамалёўкі І. Трутнева, 1870 г.)

Ліцьвінамі былі віленскія мучанікі 1347 году — Кумец, Круглец і Няжыла, дваране вялікага князя Альгерда ў Вільні. Жывоты кажуць, што яны былі «родам Літвы…», а «…літоўскія ж ім імёны Круглец, Кумец, Няжыла»[121][122], прытым пабочныя зьвесткі яўна сьведчаць пра канфэсійны характар гэтай ідэнтычнасьці «літвы»[123][m].

Паводле дасьледваньня Алёхны Дайліды, шматлікія сьведчаньні розных крыніцаў пра Крэўскую унію і зьнітаваную зь ёй рэлігійную рэформу 1387—1388 гадоў у Літве паказваюць, што пераводзілі на каталіцтва (меншай часткай) і на праваслаўе (большай часткай) канфэсійную супольнасць ліцьвінаў (вернікаў былой Літоўскай мітраполіі), — з чаго робіцца зразумелым як пашырэньне ад таго часу назвы «літва», «ліцьвіны» ў якасьці агульнанацыянальнай, так і славянскі моўны і культурны характар гэтага тытульнага народу ВКЛ[125]. «Літоўскімі» ад таго часу называлі ўсіх князёў ВКЛ (незалежна ад веры[n], таксама існаваў «літоўскі» ваенны звычай (напрыклад, у друцкага князя Івана Бабы ў 1432 годзе: «изрядивъ свой полк с копьи по литовски»), літоўская мерная сыстэма (зь «літоўскі рублём», «літоўскім грошам», «літоўскім локцем», «літоўскім гарнцам» і г. д.)[126].

Ліцьвіны (направа) на Грунвальдзкім полі 15 ліпеня 1410 г.

У 1406 годзе, паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай, адзін з баяраў вялікага князя літоўскага Вітаўта — «Андрэй ліцьвін» — на перамовах, калі Вітаўт важыўся ўкласьці мір зь непрыяцелем, крыкнуў вялікаму князю: «Не міры, Вітаўце, не міры»[o], адмаўляючы вялікага князя ад некарыснага міру. Дзеля гэтага Вітаўт даў Андрэю прозьвішча «Няміра», і ад яго пайшоў баярскі род Неміровічаў[115].

У Грунвальдзкай бітве 1410 году ад Літвы бралі ўдзел віленская, наваградзкая, берасьцейская, ваўкавыская, віцебская, гарадзенская, дарагічынская, кіеўская, ковенская, крамянецкая, лідзкая, медніцквая, мельніцкая, пінская, полацкая, троцкая, тры смаленскія, старадубская ды іншыя харугвы. Разам, з 40 літоўскіх харугваў, 28 былі з этнічнай тэрыторыі беларусаў[127][128]. Усе яны выступілі пад гербам Пагоняй, апрача 10 вялікакняскіх, якія выступілі пад гербам Калюмнамі[129].

Віленскі біскуп Якуб Пліхта (1398—1407) паходзіў «зь Літвы, зь ейнага народу і мовы»[130] (лац. «Johannis dicti Plychta… vero vicarium Lythuanie, eiusdemque nacionis et lingue»[131]), пазьней віленскімі біскупамі былі Мацей зь Вільні (1422—1453) «родам ліцьвін» (лац. «origine Lytwanum»), Мікалай Дзяжковіч з Салечнікаў (1453—1467) «з народу ліцьвінаў» (лац. «natione Lituanus»), Ян Ласовіч зь Вільні (1468—1481) «ліцьвін» (лац. «Lithuanus»), Андрэй Гасковіч зь Вільні (1481—1491) «з народу ліцьвінаў» (лац. «natione Lituanus»)[132].

Ліцьвіны вызваляюць Полацак з-пад маскоўскай акупацыі, 1579 г.

У 1394 годзе поруч зь Вітаўтам упамінаецца ліцьвін Барыс[133]. У бітве пад Углічам (1447 год), паводле летапісца, загінуў «ліцьвін Юшка Драніца», які быў праваслаўным і валодаў сялом Пратасавам[134]. У летапісным апавяданьні пра бітву пад Хойніцамі 1454 году вялікі князь Казімер называў «мае верныя слугі літва» паноў Алёхну Судзімонтавіча, Багдана Андрушкавіча, Яна Кучука, Станьку Касьцевіча і Івана Ільлініча[135].

У 1456 годзе пасольства «ад імя ўсяго літоўскага народу»[136] да караля і вялікага князя Казімера ачольваў маршалак дворны Мікалай Неміровіч — прадстаўнік славутага роду Няміраў-Неміровічаў з Уселюбу ля Наваградку (Мікалай Неміровіч узвысіўся дзеля таго, што браў дзейны ўдзел у паднясеньні Казімера на вялікакняскі сталец). У 1492 годзе, у час паднясеньня на вялікакняскі сталец Аляксандра, маршалак дворны Літавор Багданавіч Храбтовіч ад імя ўсіх літоўскіх князёў і паноў (Алелькавічаў, Гальшанскіх, Глінскіх ды іншых) выступіў з прамовай да гаспадара, у якой казаў: «памятай, што над літвой пануеш» і «просім цябе, каб <…> праўдзівым літоўскім і Вітаўтавым прыкладам нас радзіў і судзіў»[137].

Літва. Мапа з атлясу 1692 году (перадрукоўвалася ў 1702 годзе)

У XV стагодзьдзі шмат ліцьвінаў езьдзілі навучацца ў Кракаўскі ўнівэрсытэт. Акты рэктарскага суду Кракаўскага ўнівэрсытэту мянуюць «ліцьвінамі» ўсіх студэнтаў з гістарычных земляў Вялікага Княства Літоўскага — то бо зь Беларусі (без Жамойці і Ўкраіны). Акты XV стагодзьдзя ведаюць ліцьвінаў: Вячаслава Рачковіча з Ваверкі (Lithwanus, 1444 год — пазьней дэкан віленскі), Барталамея Сьвіранковіча (Litwanus, 1449 год — пазьней кусташ і дэкан віленскі), Яна Андрышэвіча (1470 год — пазьней канонік і архідыякан віленскі), Сеньку Гарынскага (Szenko Horinsky, Lithwanus, 1475 год), Яна Філіповіча зь Вільні (Johannis Philipovecz de Vilna, 1480-я гады — пазьней канонік і кусташ віленскі) ды іншых[138]. Студэнты-ліцьвіны паходзілі зь Вільні, Дарагічына, Мельніку, Бельску, Сьвержаню, Менску, Полацку, Пінску, Клецку ды іншых местаў і мястэчак Вялікага Княства Літоўскага[139][140]. Як адзначае гісторык Алег Латышонак, усе беларусы выступаюць у актах унівэрсытэту як «ліцьвіны» (Lithuanus)[140]. «Ліцьвінам» у 1506 годзе запісаўся ў Кракаўскім унівэрсытэце і выдатны асьветнік і першадрукар Францішак Скарына, ураджэнец Полацку[141][p]. Паводле Кракаўскіх актаў цывільнага права, ліцьвінамі былі Ян зь Вільні («Jan Litphin de Wilna»), Марцін з Горадні («Martinus Lithwanus de Grodno») і Мацей з Старых Лепак на ПадляшшыMathis Litphanus barbitonsor de Lepky»)[143].

Ліцьвіны (Litvani) з «Nova et acurata totius Europae tabula», 1608 г.

Вялікі князь Жыгімонт Стары азначыў ліцьвінамі (літвой) жыхароў Ганявічаў[q], вялікая княгіня Бона Сфорца — жыхароў Дабучына[r], а кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза — праваслаўных жыхароў Менску[s].

Па ўтварэньні Рэчы Паспалітай (1569 год) магнаты і шляхта Вялікага Княства Літоўскага працягвалі падкрэсьліваць, што яны менавіта «ліцьвіны», чым выказвалі даволі высокі ўзровень дзяржаўна-нацыянальнай самасьвядомасці. «Мы і палякі, хоць і брацьця, але зусім адменных звычаяў», — пісаў у сваім лісьце да Крыштапа Радзівіла канцлер Леў Сапега ў канцы XVI стагодзьдзя[146][147]. Аршанскі староста Філон Кміта-Чарнабыльскі пісаў падканцлеру Астафею Валовічу: «Іно некаторыя мовяць: „Ня дай Бог ляху быць! Выражуць Літву, а Русь пагатову“. Даўно рэзаць пачалі ліцьвіна… Большы будзе жычліўшы народу польскаму, ніжалі сваяму!»[148]. У прамове Мялешкі, якая прыпісваецца кашталяну смаленскаму Івану Мялешку, зазначалася: «Але Жыґімонта Першага — салодкая памяць яго! Той немцаў, як сабак, не любіў, і ляхаў зь іх хітрасьцю вельмі не любіў, а літву і русь нашу [але нашу літву і русь нашу[149]] любіцельна мілаваў». Першы літоўскі (беларускі) мэмуарыст праваслаўны шляхціч Фёдар Еўлашоўскі ў сваім «Дзёньніку» (1603—1604) прыгадваў Варшаўскі сойм 1578 году, на якім зацьвердзілі папраўкі да Статуту, адзначаючы з захапленьнем, што «маршалкаваў межы пасламі наш ліцьвін — князь Лукаш Болька [Баляслаў[150]] Сьвірскі»[151]. Ён жа захапляўся выдатнымі дзеячамі Літвы (сярод іншага, пісаў пра Крыштапа Радзівіла, што той быў «стоўп панства Літоўскага»[151]), апавядаў пра іх добрыя справы і пры першай жа магчымасьці супрацьстаўляў іх палякам[152].

Паслы Ваўкавыскага павету ў 1577 годзе патрабавалі, каб Інфлянцкая зямля кіравалася «толькі чалавекам нашага народу літоўскага», а не «чалавекам іншага, ня нашага народу»[153]. У 1587 годзе наваградзкія паслы абвяшчалі: «А ўрады, якія занядбаныя, абы скончылі быць гэткімі, дакладней [пасадамі] падкормчага, канюшага, кухмістровага абы тут у нас, панове палякі, у Літве, не ўладалі, як і урадамі земскімі», і каб «у тых валоданьнях каралеўскіх, якія будуць належаць заўжды каралю. Абы там аканомы былі, але зь той умовай, што аканомам будзе ліцьвін, а не паляк»[154]. У 1594 г. адозва літоўскіх станаў[t] да Віленскай капітулы паведамляла, што «нічога іншага мы не жадаем, апроч таго, каб біскуп быў дан нам з нашага народу ліцьвінаў і нашага [літоўскага] асяродзьдзя, згодна з патрабаваньнямі нашых законаў, і што непарушнасьць нашых правоў і свабоды мусіць быць поўнасьцю захаванай»[u], а далей патрабавала не даваць Бэрнарду Мацяёўскаму(pl) катэдральных грошай, бо, маўляў, іх трэба зьберагчы для наступнага віленскага біскупа, якога Бог дасьць «зь літоўскага народу»[v] і якім пазьней стаў Бэнэдыкт Война[155].

У статуце Літоўскага ТрыбуналуСпосаб праў трыбунальскіх») 1581 году канцлер Астафей Валовіч пісаў: «На тых сойміках вышэй менаваных кождае ваяводзтва, зямля або павет абіраці маюць, і будуць павінны, межы сабою асоб годных богабойных, цнатлівых, праў і звычаеў онага панства Вялікага княства Літоўскага ўмеетных»[156], прытым зазначалася, што «зямля Жамойцкая іж сваі вольнасьці і звычаі асаблівыя маюць…»[157].

Бортнік ліцьвін (Lütwin[w]). Адна зь першых этнаграфічных выяваў беларусаў, 1730—1740-я гг.[158][159]

Пісьменьнік-палеміст, грамадзка-палітычны і царкоўны дзяяч Рэчы Паспалітай Мялеці Сматрыцкі, які ня мог ня ведаць рэальнай сытуацыі з мовай і рэгіянальнай сьвядомасьцю ў Вялікім Княстве Літоўскім[160], у сваім творы «Апраўданьне нявіннасьці» (Вільня, 1621 год) называе ліцьвінаў сярод рускіх народаў[161]:

« «Ты, [кожны з] вялікіх, шчыльнанаселеных і незьлічоных хрысьціянскіх народаў — валынцаў, падгорцаў, падляшцаў, палешукоў, падольцаў, Нізоўцаў, украінцаў, Літвы, Белай Русі і Чорнай, ад бэскідзкіх Татраў да Балтыйскага мора, на ўсход сонца і на поўдзень, у Кароне і ў Вялікім Княстве Літоўскім, [ты, кожны зь ліку] шырока расьселеных хрысьціянскіх рускіх народаў, у шаснаццаці шматлюдных япіскапскіх дыяцэзіях, пры тым, што Мітрапаліт мае шэсьць япіскапаў [і] сёмага архіяпіскапа пад уладай сваёй юрысдыкцыі, у час прыватных нарадаў ты ня мусіў быў стаяць за сьпінамі япіскапаў, аб’яднаных пад уладай аднаго і таго ж Пастыра. »

—Smotrycki M. Werificacia niewinności powtore wydana <…>. — Wilno, 1621. 8—8v.

Азначэньне «рускія князі літоўскага роду» атрымалі Адаеўскія, Бялеўскія, Бельскія, Глінскія, Варатынскія, Мязеўскія, Масальскія, Мсьціслаўскія ды іншыя служылыя князі — прытым як Гедзімінавічы, так і Рурыкавічы — якія ў XV—XVI стагодзьдзях пераходзілі на службу ў Маскоўскую дзяржаву зь Вялікага Княства Літоўскага[162]. Апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзелу на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначаў, што гэта былі «літоўскія людзі», удакладняючы: «амсьціслаўцы і крычаўцы»[163]. У прыказах Маскоўскай дзяржавы XV—XVII стагодзьдзяў «ліцьвінамі» называлі выхадцаў з усёй этнічнай тэрыторыі беларусаў. Напрыклад, у дакумэнтах XVII стагодзьдзя: «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин, родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[164], «белорусцы: Филип Белетцкий, руское имя тож, сказал родом литвин, Новгородцкого повету, отец и мать веру держали киевскую» (1623—1624 гады)[165], «…Давыдко Кученин в роспросе сказался: родом литвин белорусец Витепского повету»[166], «…в роспросе Васька [Степанов] сказался: родом литвин белорусец Шменского повету»[167] (абодва 1627 год), «…Ивашка Еремеев сказался: родом литвин Гродцкого повету <…> покиня он в Гродни детей своих <…> пошол от голоду з женою своею и с меншею дочерью с Анюткою в Серпееск» (1628 год)[168], «…в роспросе Микитка [Берников] сказался: родом литвин-белорусец ис Копыси, мещанский сын» (1629 год)[169], «…Матюшка [Михайлов] в роспросе сказался: родом он литвин, белорусец Мстиславского повету <…> жена его Полашка сказалась: родом литовка, белоруска Мстиславского ж повету»[170], «…Васька Ондреев в роспросе сказался: родом он литвин Полотцкого повету»[171] (абодва 1631 год), «…в роспросе сказались: Игнашко Григорьев, родом он литвин Оршанского повету» (1636 год)[172], «…[Федька Оксенов] в роспросе сказался: родом литвин, белорусец, Дубровенского повету» (1645 год)[173], «Никитка Семенов… в роспросе сказался родом литвин Могилевского уезда села Господова» (1649 год)[174], «…Казимeрко Репшовской в роспросе сказал: родом де он литвин Динаборского уезду» (1650 год)[175], «Осташко Троинский сказал: родом де он литвин, города Гродни» (1672 год)[176], «старец Манасия сказал: родом литвин, Смоленского уезду, государевы волости Ельни» (1674 год)[177], «…в роспросе один человек сказал: Гришкою зовут, Степанов сын, прозвище Новиков, родом он де литвин, Шкловского повету» (1684 год)[178], «…сказался Мартинко родом литвин города Слутца» (1684—1685 гады)[179][x]. Паводле гісторыка Івана Хімкі(uk), пад «літвой» расейцы традыцыйна разумелі славянаў, тым часам летувісаў азначалі як «самагітаў». Такое разьмежаваньне «літвы» і «самагітаў» засьведчыў адзін з старых расейскіх абразоў, дзе гэтыя народы выяўляюцца асобна[182][183], а таксама мініятура з рукапісу XVII ст., які захоўваўся ў Сафійскай бібліятэцы (Вялікі Ноўгарад), дзе «літва» пералічваецца пасьля «ляхаў», а «жмудзяне» пасьля «лаплянаў» (саамаў)[184].

Малюнкі сялянаў-ліцьвінаў[185][y] (рас. „литовский мужик“), 1770-я гг.

Тым часам складзены ў XVII стагодзьдзі ў Кіеве сынопсіс адзначаў, што ў Эўропе «…Татары Перакопскія, Славяне, Русь, Масква, Польшча, Літва, Мазоўша, Жмудзь, Курляндыя, Ліфлянты або Лівонія, Прусы…»[186], прытым сярод «нашых прашчураў славенарасійскіх» пералічваў адно «Масква, Росы, Палякі, Літва, Памаране, Валынцы»[187]. А ў першай палове XVIII стагодзьдзя ва Ўкраіне, дзе раней апынулася этнічна беларуская Старадубшчына, зьявіліся этнаграфічныя малюнкі мясцовых беларусаў, на якіх тыя называліся ліцьвінамі[158]. Яшчэ ў грашовых рахунках, якія вяліся ў 1388—1402 гадох пры двары караля польскага Ягайлы, «жмойціна» адрозьнівалі ад ліцьвінаў, прытым аднаго зь ліцьвінаў азначылі як «русін або ліцьвін»[188][189]. А кракаўскі дакумэнт 1514 году адрозьніваў «ліцьвіна з Горадні» ад «жмудзіна з Кейданаў»[190]. Увогуле, усе суседнія народы ў XIV—XVIII стагодзьдзях называлі беларусаў «ліцьвінамі», «літвой», тым часам жамойты ў Вялікім Княстве Літоўскім не называліся ліцьвінамі[z][193][194].

У 1636 годзе Крыштаф Радзівіл кінуў каралю — «калі ж кароль ня вызначыць, тое я яму пакажу, ці законна ігнараваць голас віленскага ваяводы. Так-та нас, Літву, у самой Літве палякі прыгнятаюць!». Сьледам за ім яго сын, Януш Радзівіл, «абвясьціў вайну палякам» (гэтак ахарактарызаваў яго словы Альбрыхт Радзівіл): «Пагарды, столькі разоў праяўленай, літоўскі народ няздольны зьнесьці! Прыйдзе час, калі палякі да дзьвярэй не патрапяць, праз вокна іх выкідваць будзем!»[195]. У 1669 годзе ў прадмове да сваёй «Гісторыі Літвы» Альбэрт Віюк-Каяловіч выслаўляў гетмана Паўла Яна Сапегу як героя Літвы і пісаў, што яго абралі ваяводам віленскім і вялікім гетманам літоўскім «просьбамі ўсіх, на жаданьне войска і паводле выбару арыстакратыі»[aa].

У запісах мэтрыкі папскае сэмінарыі ў Браўнсбэргу адзначаюцца ліцьвіны (Lithuanus або Lituanus): Мікалай Корсак, Ісак Капевіч, Юры Тамкевіч, Гаўрыла Календа[197], Марцін Белазор, Язэп Барвідовіч, Гіяцынт Сіркевіч[198], Палікарп Мігуневіч (Polycarpus Mihuniewicz[199]), Фабіян Блажэвіч, Язэп Аляшкевіч, Яўхім Скірмунд, Януары Агурцэвіч (Januarius Ohurcewicz… natione Lituanus)[200], Інацэнт Стэфановіч (natione Lituanus), Мялеці Дарашкоўскі (natione Lituanus)[201], Язэп Гудовіч ды іншыя. Сярод іх налічваецца 8 базылянаў, прытым у запісах мэтрыкі адзначаюцца і жамойты (Samogita)[202]. Сакратар караля і вялікага князя Павал Пясецкі сьведчыў у 1645 годзе, што Юры Радзівіл і Бэнэдыкт Война былі «ліцьвінамі паводле народнасьці» («Georgij Radziwil gente Lithuani <…> Benedicto Woyna gente Lithuano»)[203].

Сойм у Гарадзенскім палацы Сапегаў, 1716 г.
Тадэвуш Касьцюшка

«Каэквацыя» (ураўнаньне) правоў літоўскага народу 1697 году спрыяла ўтварэньню адзінага «Польскага» шляхецкага народу Рэчы Паспалітае, але патрыятычная шляхта Літвы ўсё XVIII ст. падкрэсьлівала сваю нацыянальную адметнасьць ад палякаў. «Літоўскія патрыёты» і «Айчына Вялікае Княства Літоўскае» сьцьвярджаюцца ў розных дакумэнтах соймікаў ВКЛ тых часоў[ab]. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1703 годзе шляхта ВКЛ (Міхал Карыбут-Вішнявецкі, Рыгор Антоні Агінскі, Марцін Валовіч і Людовік Канстантын Пацей) ва ўмове з маскоўскім гаспадаром Пятром I зазначала прадстаўніцтва «народу нашаму Літоўскаму наогул»[ac].

Пісьмовыя крыніцы XVII—XVIII стагодзьдзяў паведамляюць пра такую зьяву ў ВКЛ, як старалітва (стараліцьвіны): «яны сьвяты і пасты правяць паводле рускага абраду»[208], «яны ідуць да камуніі паводле лацінскага абраду, але захоўваюць грэцка-русінскія сьвяты і пасты»[209], «старажытныя ліцьвіны, г. зн. русіны» (лац. «Antiqui lithuani, id est ruteni»)[210], «старыя русіны або старалітва» (лац. «Rutheni Veteres, seu Stara Litwa»)[211][212]. Так, «стараліцьвінам» у лічбе камісіі, якая ў 1732 годзе апытвала жыхароў мястэчак Капылю і Пясочнага Слуцкага княства дзеля расьледаваньня скаргі на каталіцкага сьвятара з боку праваслаўных сьвятароў і жыхароў, азначылі мясцовага жыхара Якава Кісяля[213].

Апошні кароль Рэчы Паспалітае Станіслаў Аўгуст Панятоўскі казаў: «Мы лічым сябе радавітым ліцьвінам, бо нарадзіліся і прынялі сьвяты хрост у Воўчыне, а будучы ў рыцарскім стане, займалі пасаду Літоўскага стольніка»[214]. Апошні падскарбі вялікі літоўскі Міхал Клеафас Агінскі ў сваіх мэмуарах пісаў: «Найбольш славутыя роды Польшчы пераважна вядуць сваё паходжаньне зь Літвы. Чартарыйскія, Радзівілы, Агінскія, Сапегі, Тышкевічы, Пацы, Сангушкі — тое ліцьвіны»[215].

Водца паўстаньня 1794 году Тадэвуш Касьцюшка, ураджэнец Слонімшчыны, казаў: «Хіба я не ліцьвін, Ваш зямляк, Вамі абраны? Каму павінен дзякаваць [за рэкамэндацыю Берасьцейскага сойміка], калі ня Вам? Каго павінен абараняць, калі ня Вас і сябе самога?». У лісьце да маскоўскага гаспадара Аляксандра I за два гады да сьмерці ён пісаў: «Нарадзіўся я ліцьвінам…»[216].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

Шляхцянка-ліцьвінка ў сьвяточным строі (паводле моды таго часу). Ж. Гатын(ru), 1825 г.

З стратаю дзяржаўнасьці нацыянальная самасьвядомасьць жыхароў беларускай этнічнай тэрыторыі не зьмянілася. Яны ўсё роўна адчувалі сябе нашчадкамі Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, за часамі францускай акупацыі Менску, яго тагачасны прэзыдэнт Ян Барэйка Ходзька агалошваў месьцічам: «Ужо знойдзены сьляды тых шляхоў, якімі нашыя продкі хадзілі на поле славы. Браты Літоўцы, сыны адной маці Польшчы, там чакаюць і нас! Нам адкрыты шырокі шлях да славы і вялікіх подзьвігаў! Нас кліча герой сьвету, Збавіцель Польшчы, Вялікі Напалеон!»[217]. Таксама ён вядомы як аўтар камэдыі «Вызваленьне Літвы, або пераход Нёману», якую таксама паказвалі ў Менску[218]. «Kuryer Litewski»(ru) пісаў пра прыбыцьцё Напалеона ў Вільню: «Хутка паказаліся на берагах Вяльлі тыя ваяры, якія праславілі польскае імя на берагах Дунаю, Тыбра, Тагуса і нават Ніла. Сярод іх мы бачылі князёў: Радзівілаў, Сапег, Сангушкаў, графаў Красінскіх, Хадкевічаў; гэнэралаў: Сакольніцкага, Канопку, Хлапіцкага, Аксамітоўскага, Бранікоўскага; і мноства іншых, чые імёны будуць назаўжды каштоўны для літоўцаў»[219]. А ў час святкаваньня народзінаў імпэратара Напалеона жыхары беларускіх зямель сустракалі яго вершамі і шыльдамі з патрыятычным зьместам. У Наваградку было: «Напалеон! Ледзь ты ўступіў на нашую зямлю, зьнік двухгаловы арол, а твой Арол асяніў Літоўскую Пагоню. Дзякуючы тваёй моцы здарылася шчасьце для Літвы. Тое, што баязьлівы маскаль бязь бітвы саступіў гэтую ахвяру…»; «Гэтая камэта зьявілася ў Эўропе на нябёсах, а за ёй зьявіўся той, хто выратаваў Літву зь нябыцьця. Гэты прамень, які растапляе ледзяныя ланцугі, вяртае зьмярцьвелым расьлінам жыцьцё і вырастаньне. Ім Гасподзь на пасады новых цароў. Усемагутны справядлівы Бог праяўляецца ў Напалеоне»[220]. А гэтак было ў Лідзе: «Усепрасьвятлейшаму, Дзяржаўнейшаму, Непераможнейшаму Герою, Імпэратару і Каралю, Вялікаму Напалеону, свайму Збавіцелю, зямля магутных некалі Ягелонаў, вызваленая яго магутнай рукою жніўня, 15 дня, 1812»; «Напалеон, за нашую Айчыну вялікадушны мсьцівец, ганаровай Поўначы магутны пераможца, няхай Польскі Арол і Літоўская Пагоня спрыяюць тваім намерам!»; «У пятнаццатым стагодзьдзі, тут, у гэтых мураваных сьценах перамагала племя Ягелонаў. Калі дзікія орды ўварваліся ў Польшчу, адно імя Літоўцаў палохала ворагаў»; «Рака Ліда тады цякла крывёю іншаземцаў. Цяпер зь ёю зьліваюцца Нёман, Дняпро і Дзьвіна. Спраўджваюцца мары Літоўскае Пагоні, прайшлі часы пакут»[221]. У жніўні 1812 года Аляксандр Францішак Хадкевіч(ru) выдаў артыкул «Акты патрыятызму», дзе апавядаў пра тры ахвяраваньні для арміі, унесеныя Гарайнай, дачкой віленскага падкормія, Міхалам Нарашкевічам і Янам Маркевічам, абшарнікам Наваградзкага ваяводзтва[222]. Ён жа зазначаў: «Пры паступленьні ахвяраваньняў на патрэбы Айчыны, я буду паведамляць пра гэткіх у газэтах, каб мець магчымасьць паведаміць братам нашым, зь якімі мы аб’ядналіся, што любоў да радзімы ў Літоўцаў такая ж, як і ў жыхароў Герцагства Варшаўскага». Гісторык Вітаўт Кіпель зьвяртае ўвагу на тое, што перасяленцы з анэксаванага Расейскай імпэрыяй ВКЛ акцэнтавалі ўвагу на тым, што яны ліцьвіны, што яны паходзяць зь Літвы, а ня Польшчы: так, у пачатку XIX стагодзьдзя ў ЗША існаваў гурток «літоўскай шляхты» з Магілёва і зь Віцебшчыны[223].

Гісторык і этнограф Аляксей Лёўшын(ru) пісаў у сваіх «Пісьмах з Маларосіі» (1816 год), што «большая частка тутэйшых [чарнігаўскіх] жыхароў зьмяшана зь літоўцамі, а таму іх і называюць іншыя Маларасіяне Ліцьвінамі»[224]. Расейскі чыноўнік Аляксандар Башняк(ru) у выдадзеным у 1821 годзе дзёньніку свайго падарожжа 1815 году зь Вільні ў Кіеў пакінуў падрабязныя апісаньні прыроды і мескіх паселішчаў колішняга Вялікага Княства Літоўскага, а таксама адзначыў: «Наўрад ці Прыпяць ня варта лічыць прыроднаю мяжою Літвы <…>. Да Прыпяці жывуць літоўцы <…>; да Прыпяці гавораць і апранаюцца па-літоўску…» (рас. «Едва ли Припять не должно почитать природною границею Литвы <…>. До Припяти живут литовцы <…>; до Припяти говорят и одеваются по Литовски…»)[225]. Расейскі фальклярыст, этнограф і гісторык Іван Сьнегіроў(ru) зазначаў у 1834 годзе, што «Маларасіяне й Літоўцы абражаюць і дражняць Расейцаў і нават суатчычаў Маскалямі, Бурлакамі, Кацапамі, то бок казламі паводле бародаў, Філіпонамі ды Ліпаванамі паводле расколу ў Філіпаўшчыне…»[226]. Тым часам вікары Кіеўскае мітраполіі Мялеці Леантовіч(uk) у 1825 годзе адзначаў у сьпісе ўніяцкіх мітрапалітаў, што біскупы полацкія (Антон Сялява, Гаўрыла Календа, Кіпрыян Жахоўскі, Флярыян Грабніцкі і Ясон Смагаржэўскі), пінскі (Рафаіл Корсак), берасьцейска-ўладзімерскія (Іпаці Пацей і Піліп Валадковіч), а таксама мітрапалічы адміністратар (Язэп Велямін-Руцкі) былі «ліцьвінамі», адрозьніваючы іх ад «русіна» (Георгі Вініцкі), «валынца» (Леў Заленскі) і «палякаў» (Афанасі і Леў Шапціцкія)[227].

«Літоўскія сяляне» (у народных строях). Ф. Смуглевіч, канец XVIII ст.

Славуты паэт Адам Міцкевіч (1798—1855), які нарадзіўся і вырас на Наваградчыне і ў самім Наваградку, у сваёй знакамітай паэме (1832—1834) пісаў пра родны край: «О Літва, айчына мая!…»[228][229]. Разам з тым, Адам Міцкевіч у сваёй лекцыі пра літоўскі народ у Парыжы 24 сакавіка 1843 году сьцьвярджаў, што ліцьвіны завуць на сваёй мове палякоў — «lankas», а русінаў — «gudas», а Бога — «Dewas»[230][ad], ён жа зазначаў: «На беларускай мове, якую называюць рускай або літоўска-рускай, гавораць каля дзесяці мільёнаў чалавек; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзьнікла даўно і выдатна распрацавана. У пэрыяд незалежнасьці Літвы вялікія князі карысталіся ёй для сваёй дыпляматычнай перапіскі»[ae][233]. Раней, у сваёй лекцыі ў Парыжы 22 сьнежня 1840 году, кажучы пра славянскую агульнасьць, Адам Міцкевіч называў у ліку славянскіх народаў палякаў, расейцаў, чэхаў, ілірыйцаў, сэрбаў, ліцьвінаў і казакоў[af], а яшчэ раней, у час свайго знаходжаньня ў Коўне (1819—1823), паводле ўласнага прызнаньня, навучаў там «жмудзкіх лбоў» (польск. «Żmudzkich łbów»)[235].

«Ліцьвіны. Сяляне з ваколіцаў Вільні» (1841 г.) і «Тыпы беларусаў Магілёўскай губэрні» (1882 г.)

Заснавальнік новай беларускай драматургіі і адзін з стваральнікаў сучаснай літаратурнай беларускай мовы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808—1884), хоць і нарадзіўся і правёў цэлае жыцьцё на Рэчыччыне і Меншчыне, лічыў, што ён вырас «сярод ліцьвінаў»[236][115]. «Літвой» ён лічыў Менск, у якім тады жыў[237][229].

Народжанага на гістарычнай Случчыне беларускага паэта Ўладзіслава Сыракомлю (Людвіка Кандратовіча) (1823—1862) сучасьнікі называлі «лірнікам літоўскім»[229], «літоўскім паэтам», «песьняром Літвы». Сам ён неаднаразова казаў «Я — ліцьвін» і падкрэсьліваў, што і яго прапрадзед быў «шчырым ліцьвінам»[238]. У 1855 годзе Ўладзіслаў Сыракомля пісаў пра творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча: «Пекная гэта галіна славянскай мовы… і старая! Бо гэта мова нашага Літоўскага статута і заканадаўства… на ёй размаўлялі тры чвэрці даўняй Літвы, народ, шляхта і паны»[239]. А ў адным з сваіх вершаў паэт падкрэсьліваў: «Пра адно я толькі сьпяваю, хоць на розныя ноты: Хай жыве наша Літва! Хай жывуць ліцьвіны!»[ag][241].

«Ліцьвінка зь вербамі» пэндзьля Канута Русецкага: больш раньняя вэрсія, набытая Іванам Луцкевічам для Віленскага беларускага музэю (налева) і больш позьняя, якая патрапіла ў калекцыю Летувіскага мастацкага музэю (направа)

Беларускі пісьменьнік Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816—1884), які нарадзіўся на Полаччыне і жыў у Віцебску, пісаў у сваім творы: «Літва — родная зямелька». Ягоны верш «Ліцьвінам, што запісаліся ў мой „Альбом“, на разьвітаньне» (1858 год) адрасаваны маладым беларускім літаратарам. У ім аўтар усклікаў: «Чый гэта голас? Гэты словы нашы, браценькі-літоўцы»[237][242].

Славуты навуковец-дасьледнік, геоляг і мінэроляг Ігнат Дамейка (1802—1889), які вызнаваў сябе ліцьвінам («… усё роўна памру ліцьвінам») у сваіх успамінах пра Яна Чачота і Адама Міцкевіча адзначаў, што «Два нашы студэнты Наваградзкай школы з гадоў маленства добра ведалі наш літоўскі люд, палюбілі яго песьні, прасякнуліся яго духам і паэзіяй, да чаго, вядома ж, прычынілася і тое, што малое мястэчка Наваградак ня шмат чым адрозьнівалася ад нашых вёсак і засьценкаў. Школьнае жыцьцё было хутчэй сельскае. Сябры хадзілі на кірмашы, на царкоўныя ўрачыстасьці, бывалі на сялянскіх вясельлях, дажынках і хаўтурах. У тыя школьныя часы ўбогая страха і народная песьня распалілі ў абодвух першы паэтычны агонь. Адам хутка ўзьнёсься да высокай сфэры сваіх цудоўных твораў. Ян жа да сьмерці застаўся верны народнай паэзіі…»[243]. У сваёй кнізе «Мае падарожжы» Ігнат Дамейка, апісваючы інтэрнацыянальны склад паўстанцкіх аддзелаў, практычна ў кожным выпадку называе нацыянальную прыналежнасьць таго ці іншага афіцэра або жаўнера. Ён дакладна выдзяляе каронных (г. зн. палякаў), жамойтаў (сучасных летувісаў) і «нашых ліцьвінаў» (сучасных беларусаў). Прытым Дамейка не праводзіць ніякай нацыянальнай мяжы паміж літоўскай (беларускай) шляхтай і сялянамі. Для яго яны ўсе — «нашы ліцьвіны». У дыплёме ганаровага доктара мэдыцыны, выдадзенага Ігнату Дамейку ў Кракаўскім Ягелонскім унівэрсытэце ў 1887 годзе, пазначана «… слаўнаму мужу Ігнату Дамейку, ліцьвіну…»[244].

Народжаны на Берасьцейшчыне праваслаўны сьвятар і літаратар Плакід Янкоўскі (1810—1872) у час свайго побыту ў Жыровічах намагаўся зладзіць выдавецкі праект «Ліцьвіны» — стварэньне шэрагу адметных тыпаў жыхароў Літвы, у якім меліся ўзяць удзел вядомыя літаратары[245]. Ліцьвінамі сябе вызначалі народжаныя на Падляшшы беларускія гісторык Ігнат Даніловіч і мовазнаўца Міхал Баброўскі, дзеці ўніяцкіх сьвятароў[246]. Народжаны на Гарадзеншчыне гісторык Міхаіл Каяловіч, які пазьней стаў адным з пачынальнікаў ідэалёгіі г.зв. «заходнерусізму», сьпярша вызначаў сябе ліцьвінам[247]. У 1861 годзе, пачуўшы пра хваляваньні на радзіме Зыгмунт Мінейка вярнуўся зь Пецярбургу дамоў, каб распачаць антыцарскую агітацыю сярод сялянаў. Як сьведчыць у кнізе «Імёны свабоды» Ўладзімер Арлоў, у жніўні 1861 году агент III аддзелу даносіў расейскаму начальству, што «кадэт Зыгмунт Мінейка ходзіць пераапрануты селянінам і разносіць складзеную нейкім Марцінкевічам на народнай мове „Гутарку старога Дзеда“, дзе ў вершах паказваецца лёс Літвы і ўвесь прыгнёт прыпісваецца расейскаму ўраду»[ah][248]. «Продкі мае выйшлі зь літоўскіх балотаў», — пісаў пра Піншчыну Фёдар Дастаеўскі (1821—1881)[237][229]. Знакамітая пісьменьніца Эліза Ажэшка (1841—1910) неаднаразова падпісвалася як Габрыэла Ліцьвінка (польск. Gabriela Litwinka) або проста Li…ka (скарочаная форма: ліцьвінка)[249]. Паводле дзёньніку Алены Скірмунт, часткова апублікаванага ў 1876 годзе пад назвай «3 жыцьця літвінкі, 1827—1874»: «Рослаў. Павінна быць Смаленская губэрня, адна з складных частак Вялікарасеі? О, не! Гэта наша Смаленскае ваяводзтва! Людзі такога ж самага тыпу, з той жа мовай і ўборамі. Праўда, сядзібы ў многім сталі больш брыдкія, хаця і зараз вялікія»[250].

Першая старонка нявыдадзенай Мужыцкай праўды, кастрычнік 1862 г.

Беларускі герой-рэвалюцыянэр Кастусь Каліноўскі (1838—1864), які заўсёды зьвяртаўся да народу ў беларускай мове, менаваў свой родны край (ён нарадзіўся на Гарадзеншчыне) «Літвой». Створаны ім у час паўстаньня часовы ўрадовы камітэт ён назваў «Літоўскі ўрад». У 1989 годзе ў віленскім касьцёле Сьвятога Францішка Азіскага знайшлі рукапісны дакумэнт пад назвай «№ 6 Мужыцкая праўда». Тэкст газэты падрыхтавалі ў кастрычніку 1862 году, аднак зь нейкіх прычынаў не надрукавалі. Гэты варыянт лічыцца ўнікальным і вылучаецца з усяе сэрыі, бо тлумачыць сялянам, як раней называлася іхная краіна і якую назву мае тутэйшы народ[251][252]:

« Вы, дзецюкі, пэўне ня ведаеце, хто вы такія, як называецца гэта зямля, на якой нашы бацькі жылі <...> Зямля наша зь вякоў вечных называецца літоўская, а мы то называемся літоўцы. »

Разам з тым, у «Лістах з-пад шыбеніцы» Кастусь Каліноўскі ўжо гаворыць пра «літоўцаў і беларусаў» (аднак не ўпамінае «жмудзінаў» — як тады звычайна называлі летувісаў): «Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах учаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча»[253]. Пагатоў жамойцкі біскуп Матэвус Валанчус яшчэ перад паўстаньнем дамогся дазволу ад расейскіх уладаў адчыняць пры касьцёлах парафіяльныя школы з выкладаньнем па-жамойцку (па-летувіску)[254], а па здушэньні паўстаньня расейскія ўлады, увогуле, зрабілі летувіскую мовай навучаньня ў Мар’ямпальскай дзяржаўнай вышэйшай вучэльні, якая стала цэнтрам падрыхтоўкі летувіскай эліты. Тым часам выкладаньне беларускай мовы ў школах усіх узроўняў было пад забаронай[254].

Яшчэ выдадзены ў 1832 годзе расейскім літаратарам і перакладнікам Іванам Гур'янавым(ru) навучальны дапаможнік падаваў наступныя зьвесткі пра насельніцтва Смаленскай губэрні: «апроч расіянаў, частка літоўцаў»[255]. У 1851 годзе расейска-нямецкі навуковец Пётар Кёпэн(be) зьвяртаў увагу на тое, што расейцы і ўкраінцы называюць беларусаў «ліцьвінамі» або «літвой»[ai][256]. Францускі географ і гісторык Элізэ Рэклю(en) ў 5-м томе сваёй працы «Зямля і людзі» (1881 год, перавыдаваўся па-расейску ў 1883 і 1898 гадох[aj]) засьведчыў, што ў той час у Польшчы і Расеі ліцьвінамі традыцыйна працягвалі называць беларусаў, тады як летувісаў — жамойтамі[ak]:

« ...нават цяпер яшчэ ў Польшчы, як і ў Расеі, «ліцьвінамі» звычайна называюць беларускіх славянаў былой палітычнай Літвы, тады як літоўцам ва ўласным сэнсе[al][am] даюць назву «жамойтаў» альбо «жмудзінаў». »

—Реклю Э. Земля и люди. Т. 5, вып. 2. — СПб., 1883. С. 124.

Падобныя зьвесткі адзначыў у 1894 годзе заснавальнік сучаснай францускай школы геаграфіі і геапалітыкі Поль Відаль дэ ля Бляш(en): «…і сёння расейцы і палякі называюць беларусаў гэтай краіны [Белай Русі] літоўцамі, а літоўцаў жамойтамі»[an][262]. Яшчэ ў 1842 годзе адзначалася, што ўкраінцы называюць беларусаў ліцьвінам[263], у 1861 годзе пра гэта заўважаў украінскі фальклярыст Анатоль Сьвідніцкі(uk)[264]. У 1865 годзе народжаны на Чарнігаўшчыне генэрал і вайсковы гісторык Міхайла Дамантовіч(uk) сьведчыў, што ўкраінцы «гэтым імём [ліцьвіны]… называюць увогуле ўсіх беларусаў»[265]. У 1873 годзе ўкраінскі лексыкограф і этнограф Міхайла Леўчанка(uk) падаў у сваім слоўніку «народныя ўкраінскія назвы»: для Беларусі — «Литва», для беларуса — «литвак, литвин, білорусець»[266]. У часопісе «Этнаграфічны агляд» (1889 год) адзначалася, што «ліцьвінамі ўкраінцы называюць беларусаў»[267], а ў 1904 годзе Магілёўскія япархіяльныя ведамасьці паведамлялі, што ў Кіеў «штогод накіроўваюцца цэлыя натоўпы вернікаў зь Беларусі, якіх там называюць ліцьвінамі»[268]. Славяназнаўца Восіп Пэрвольф(uk) сьведчыў у 1893 годзе, што ўкраінцы дагэтуль называюць беларусаў ліцьвінамі[ao][269], а ў 1909 годзе ўкраінскі мовазнаўца і этнограф Канстантын Міхальчук(uk) зазначаў, што ўкраінцы дагэтуль называюць Беларусь Літвой, а беларусаў — ліцьвінамі або літвакамі[270]. Апроч таго, тагачасныя дасьледнікі зафіксавалі некалькі традыцыйных украінскіх выразаў пра беларусаў: «хіба лихо озме литвина, щоб він не дзекнув»[271] або «лихо (чорт) литвинка (литвина) нападе, як не дзєкне (коли не цвенькне)», а таксама «кортить литвинка (ляцвіну), як не дзєкне (щоб не дзєкнуть)»[272]. Тым часам яшчэ ў 1889 годзе адзначалася, што «і за Бугам, напрыклад у Седлецкай губэрні [цяпер Польшча], беларуса іначай не назавуць, як ліцьвінам»[ap]. Пра тое, што палякі-мазуры называюць беларусаў ліцьвінамі, сьведчылі ў 1907 годзе[274]. Увогуле, традыцыйнае называньне ва ўсходняй частцы Польшчы ліцьвінамі (польск. «Lićwini») мясцовых беларусаў адзначаецца і да нашага часу[275][276][aq]. Таксама ліцьвінамі традыцыйна называлі беларусаў Латгаліі (Латвія)[278]. Яшчэ ў 1899 годзе гісторык і краязнаўца Ўладзімер Міхневіч(ru) засьведчыў, што расейцы ў той час таксама ўсё яшчэ называлі беларусаў ліцьвінамі[ar][279]. «Тлумачальны слоўнік жывой вялікарускай мовы» расейскага навукоўца і пісьменьніка Ўладзімера Даля падае наступныя расейскія выразы пра беларусаў: «как не закаивайся литвин, а дзекнет», «только мертвый литвин не дзекнет», «разве лихо возьмет литвина. чтоб он не дзекнул»[280], «литвин нацокает, что и не разберешь его; поколе жив смолянин не нацокается»[281], а таксама прыводзіць назву «литвины мякинники» як «найменьне беларусаў і псковічаў»[282]. Увогуле, у пагранічных зь Беларусьсю раёнах Расеі назва ліцьвіны існавала да сярэдзіны XX стагодзьдзя[283]. Жыхары Курскай і Арлоўскай абласьцей Расеі называлі беларусаў «ліцьвінамі» ажно да Другой сусьветнай вайны[237][284].

Яшчэ ў 1864 годзе нямецкі этнограф і палкоўнік арміі Расейскай імпэрыі Радэрык фон Эркерт, які не прызнаваў беларусаў асобнай народнасьцю і па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў на заказ расейскіх уладаў дасьледаваў этнічную тэрыторыя беларусаў, пакінуў наступнае сьцьверджаньне[285]:

« Мову сваю прасталюдзін называе простай, а самаго сябе Рускім, часта нават Літоўцам (паводле палітычных паданьняў), ці проста селянінам <…> Польская шляхта, а асабліва каталіцкае духавенства, часта выкарыстоўвае тэрмін „Літоўцы“ датычна тых каталікоў, у якіх роднай мовай засталася руская. »

—Эркерт Р. Взгляд на историю и этнографию западных губерний России. — СПб., 1864. С. 8.

Паводле беларускай народнай песьні, добра вядомай з парыскай лекцыі пра Беларусь Аляксандра Рыпінскага[286] (1840 год), апісаньня Барысаўскага павету Яўстаха Тышкевіча[287] (1847 год), слоўніка Насовіча і зборніка беларускіх песень Пятра Бяссонава — «Кузьма і Дзям’ян два ліцьвіны, прынесьлі гаршочак бацьвіньня»[as], а паводле варыяцыі гэтай жа песьні на Піншчыне — «два літвіны із Дывін прынясьлі гаршчык батвін»[289]. Таксама ў аповесьці 1840 году беларускамоўны селянін называе сябе ліцьвінам («ja Lićwin»), адзначаючы, што ён прыехаў зь Нясьвіжу «ад нашага князя Радзівіла»[49].

Першая старонка працы М. Косіч пра ліцьвінаў-беларусаў, 1901 г.

У 1901 годзе беларуская фальклярыстка і этнаграфістка Марыя Косіч выдала працу «Ліцьвіны-беларусы Чарнігаўскай губэрні, іх побыт і песьні», прысьвечаную вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры ліцьвінаў (беларусаў) гістарычнай Старадубшчыны, улучанай расейскімі ўладамі ў склад Чарнігаўскай губэрні. Яшчэ сураскі шляхціч Рыгор Есімонтаўскі ў сваёй кнізе «Апісаньне Сураскага павету Чарнігаўскай губэрні» (1846 год) адзначаў, што «усё насельніцтва Сураскага павету… носіць народную назву ліцьвінаў»[at][290]. Тым часам, паводле сьведчаньня супрацоўніка Этнаграфічнага аддзелу Расейскага імпэратарскага музэю Данілы Сьвяцкага (1909 год), жыхары Трубчэўскага павету называлі сябе «літвой»[291]. А мовазнаўца Антон Палявы засьведчыў наступную інфармацыю пра жыхароў Навазыбкаўскага павету[292][293]:

« «Калі б вы папыталіся ў селака Навазыбкаўскага павету, прыкладам, гэтак: „Хто вы такія? да якое нацыі належыце?“ — то пачулі б такі адказ: „Хто мы?! Мы руськія“ [г.зн. праваслаўныя — заўвага Янкі Станкевіча]. Калі вы далей папытаецеся: „Якія „руськія“? — Велікарусы, ці што?“ дык узноў пачуеце адказ: „Ды не, якія мы там Велікарусы? Не, мы не Маскалі“. „Ды хто ж вы тады, Украінцы?“ „Не, і не Ўкраінцы!“ „Ды хто ж, наапошку: не Маскалі, не Ўкраінцы, а хто ж?“ І вось… скажуць вам: „Мы Літва, Ліцьвіны“» »

Антон Палявы паведамляў у сваіх чытаньнях для маскоўскай дыялекталягічнай камісіі ў 1925 годзе (пра ліцьвінаў Навазыбкаўскага павету): «Гэтыя песьні яшчэ больш пераконваюць у тым, што мова навазыбкаўскіх ліцьвінаў ёсьць мовай беларускай, а гэткім спосабам, і самі ліцьвіны — таксама ёсьць беларусамі»[294][295].

Менск Літоўскі. З вокладкі кнігі Аляксандра Ельскага, 1900 г.

Народжаны ў Смаленску географ Сяргей Меч(ru) адзначаў (у тым ліку на падставе ўласнай вандроўкі ў 1894 годзе), што ў басэйне Нёману беларусы называюць сябе ліцьвінамі, тым часам летувісаў «больш за ўсё ў Ковенскай і Віленскай губэрнях, дзе яны вядомыя пад імём жмудзінаў»[au][296]. Паводле апублікаванай у 1902 годзе працы этнографа Паўла Шэйна, беларускамоўныя сяляне Гарадзенскай губэрні «…не называюць сябе ні рускімі, ні беларусамі. Некаторыя лічаць сябе ліцьвінамі»[av][54]. Шырокае бытаваньне саманазвы «ліцьвіны» ў Лідзкім павеце Віленскай губэрні і Слонімскім павеце Гарадзенскай губэрні засьведчыў фальклярыст і этнограф Міхал Федароўскі, які зьбіраў этнаграфічную беларушчыну ў 1877—1904 гадох: «у Слонімскім павеце называе люд [беларускі]: сябе — ліцьвінамі, жмудзінаў — гіргатунамі»[aw][297]. Пра тое, што «тутэйшыя» да нядаўняга часу называлі сябе ліцьвінамі і што былі спробы ўтрымаць пры сабе гэтую назву з адрознасьцю ад «ковенскіх летувісаў» сьведчыла ў 1933 годзе выданьне Наваградзкага ваяводзтва міжваеннай Польскай Рэспублікі[ax]. Тым часам этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне саманазвы «ліцьвіны» ў Слуцкім і Мазырскім паветах Менскай губэрні[ay][56]. Апроч таго, ліцьвінамі вызначала сябе беларускамоўнае насельніцтва на поўдні гістарычнай Рэчыччыны (Харобічы і ваколіцы)[az][299][300].

Увогуле, шырокае бытаваньне сярод беларусаў саманазвы «ліцьвіны» ў пачатку XX ст. прызнавалі асобныя дзеячы летувіскага нацыянальнага руху. Ксёндз Ян Жылінскі(lt) ў летувіскай газэце Viltis(be) (№ 29, 1909 год)[301] сьведчыў: «Ёсьць шмат беларусаў, якія проста называюць сябе ліцьвінамі і хочуць імі быць, гэтак жа, як ліцьвіны, што гавораць па-польску. Добра было б, калі б і яны мелі сваё выданьне ў беларускай мове»[302]. Тым часам летувіскі гісторык Мечыслаў Давойна-Сільвястровіч(pl) у польскамоўным выданьні «Litwa» (№ 11/12, 1911 год) зазначаў: «беларусы, назва якіх належыць на больш новых, маюць права на назву ліцьвінаў [літоўцаў]… іх суседзі і яны самі сябе называюць ліцьвінамі, пісаны ў іх мове статут называецца літоўскім, храністы і старыя дакумэнты называюць іх мову літоўскай»[ba][303].

Ужываньне беларускай саманазвы «ліцьвіны» ў пачатку XX ст. засьведчыў клясык беларускай літаратуры Якуб Колас (Канстантын Міцкевіч) у сваёй аўтабіяграфічнай трылёгіі «На ростанях»[bb][304]: «Пан падлоўчы быў родам дзесь з Гарадзеншчыны і паходзіў, як ён казаў сам, з старога дваранскага роду. Тутэйшае жыхарства лічыла яго палякам, сам жа пан падлоўчы з гэтым не згаджаўся. „Я — ліцьвін“, — зь нейкаю гордасьцю зазначаў пан падлоўчы і сваю належнасьць да ліцьвінаў даводзіў, паміж іншым, і тым, што яго прозьвішча — Баранкевіч — мела канчатак на „іч“, тады як чыста польскія прозьвішчы канчаюцца на „скі“: Жулаўскі, Дамброўскі, Галонскі. Даведаўшыся, што прозьвішча новага настаўніка Лабановіч, падлоўчы пры спатканьні зь ім прыметна выказаў адзнакі здавальненьня, як гэта бывае тады, калі нам на чужыне прыходзіцца спаткацца зь земляком. — То і пан — ліцьвін! — весела сказаў ён маладому настаўніку і пастукаў яго па плячы. <…> Гаварыў падлоўчы Баранкевіч найбольш добраю беларускаю моваю»[59][115].

Паводле ўспамінаў беларускага грамадзкага дзеяча, пэдагога і актывіста беларускай дыяспары ў ЗША Яўхіма Кіпеля (1896—1969), назва ліцьвіны захоўвалася ў ваколіцах Бабруйску (гістарычная Рэччычына): «У Бабруйшчыне, і там, дзе я рос, тады яшчэ быў папулярны назоў „Літва“, а мы былі „ліцьвіны“. Было й німала тых, хто памятаў, што й край называўся „Літвой“. Было яшчэ таксама шмат сьветкаў паўстаньня 1863—1864 гадоў. Мой дзед па бацьку быў у паўстаньні, ды ў Машнічах, Слаўкавічах, Байлюкох і іншых суседніх вёсках і сёлах яшчэ былі жывымі сьветкі ды ўдзельнікі паўстаньня. „Мы — Літва“, — казаў мне заўсёды мой дзед. Ды й іншыя дзяды нам, дзецям, заўсёды казалі, што тут заўсёды была Літва. <…> Памяць пра Літву перахоўвалі ня толькі нашыя дзяды ды паны, як Быкоўскі, але й маладзейшыя людзі, і гэтыя ўспаміны перадавалі нам»[58]. Паводле ўспамінаў беларускага паэта Аляксандра Яцэвіча (Алеся Змагара), удзельніка Слуцкага збройнага чыну і кіраўніка эмігранцкай арганізацыі «Беларускі вызвольны рух», назва ліцьвіны таксама бытавала на гістарычнай Случчыне: «Што датычыцца майго дзеда па мацеры, то… ён быў таленавіты красамоўца — баечнік. Апавядаў ён вельмі цікавыя байкі, часта пераплятаючы з гістарычнымі слаўнымі падзеямі Вялікага Княства Літоўскага. „Ведайце, дзеткі, — казаў ён, — што мы ня рускія. Мы й не беларусы. Мы — ліцьвіны. Наша слаўнае калісь магутнае Вялікае Княства Літоўскае заваявалі маскалі, назвалі сябе рускімі, а нам далі назоў „беларусы“ дзеля падабенства з рускімі. Не забудзьце гэтага, як вырасьцеце. Любеце волю“»[60]. Тым часам народжаны на Ашмяншчыне беларускі рэлігійны дзяяч Францішак Чарняўскі пісаў у сваім лісьце да іншага ўдзельніка беларускага хрысьціянскага руху Пятра Татарыновіча, народжанага на Случчыне: «Да мяне прыходзіла „Наша Ніва“. Калі я быў у гарадзкім вучылішчы, адзін зь сяброў мяне запытаў: „Кім мы ёсьць: адны нас залічаюць да палякаў, другія да рускіх?“. Мой адказ, што мы не адно, ані другое. Ведаем з гісторыі, што наш назоў ліцьвіны, але нашы адраджэнцы ідуць да адражэньня пад назовам Беларусь. Незадоўга пасьля таго і школьная ўлада ведала за каго я сябе ўважаю. А калі пайшоў да інспэктара, каб атрымаць пасьведчаньне, якое было патрэбным пры ўступленьні ў сэмінарыю, той радзіў мне беларускасьцяй не займацца, бо гэта цемната і мова брыдкая… Я адважыўся сказаць; „Праўда, народ наш цёмны, але не са сваёй віны, а што датычыць мовы, то мне здаеца, што яна ёсьць харашэйшай і ад рускай і ад польскай“»[61].

Літоўская мова

Першы запіс

Вялікі князь Кейстут

У 1351 годзе князь Кейстут (брат вялікага князя літоўскага Альгерда) рушыў у Вугоршчыну ў выправу з вайсковымі аддзеламі з Трокаў, Горадні, Дарагічына і Берасьця. У час сустрэчы вугорскі кароль Людвік (Лаёш) Вялікі і князь Кейстут учынілі мір, і на знак замірэньня Кейстут загадаў зарэзаць быка і па забіцьці павярнуўся да свайго войска і пракрычаў «па-літоўску» (паводле вугорскай кронікі, lithwanice): «Рагаціна — розьні нашы. Госпад на ны!» (па-стараславянску «на ны» азначае «на нас»[bc][305]), у запісе кронікі — «rogachina roznenachy gospanany», што перамовілі яго ліцьвіны (Lithwani). З тым, што гэтая прамова ёсьць узорам славянскай мовы, пагаджаецца большасьць дасьледнікаў: Аляксандар Мяжынскі, Аляксандар Брукнэр, Стывэн Крыстафэр Роўэл, Андраш Золтан(be) ды іншыя[306].

Славянская літоўская мова

Асноўныя артыкулы: Старабеларуская мова і Беларуская мова
Пячаць Жыгімонта Кейстутавіча з Пагоняй, 1411 г.

За часамі Вялікага Княства Літоўскага беларускую мову азначалі літоўскай (мовай літоўскага народу) вялікі князь Ягайла ў агульназемскім прывілеі для Літвы 1387 году, першы віленскі біскуп (1388—1398) Андрэй Васіла ў сваім тэстамэнце ды іншыя ліцьвіны, а таксама замежнікі (напрыклад, чэскі тэоляг Геранім Праскі, які ў канцы XIV ст. быў місіянэрам у Літве, пісаў, што ў гэтай дзяржаве «мова народу ёсьць славянскай», а паводле назвы дзяржавы яе называюць «літоўскай»[141][284]). Беларуская мова, якая ў Вялікім Княстве Літоўскім называлася літоўскай, была мовай літоўскага народу і афіцыйнай мовай гаспадарства, на ёй складаліся ўрадавыя лісты і судовыя выракі, вялося дыпляматычнае ліставаньне з замежнымі краямі[bd].

Вітаўт Вялікі з гербам Калюмнамі

Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на вялікую колькасьць беларускіх тлумачальных тэрмінаў у граматах літоўскіх князёў і баяраў, складзеных у XIV—XV стагодзьдзях на лацінскай мове. Такое ўжываньне выняткова славянскіх тлумачальных тэрмінаў ня толькі ў дакумэнтах, пісаных у дзяржаўнай канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, але і аформленых па-за канцылярыяй звычайнымі ліцьвінамі, ёсьць беспасярэднім сьведчаньнем, што тыя карысталіся ўласнымі, а не чужымі моўнымі выразамі[308]. Пагатоў у многіх выпадках беларускія словы падаваліся з азначэньнем «народны» («гутарковы»), а самі такія дакумэнты нярэдка складаліся ў беларускіх мясцовасьцях, прылеглых да сучаснага беларуска-летувіскага этнічнага памежжа. У 1358 годзе дзеля вызначэньня дакладнай мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Мазоўшам у Горадні склікалі адмысловы сойм зь літоўскіх і мазоўскіх князёў і баяраў. У лацінскім акце разьмежаваньня, выдадзеным у Горадні 13 жніўня 1358 годзе князямі Кейстутам, Патрыкеем і Войшвілтам і баярамі Айкшам, Алізарам і Васком Кірдзеевічамі, ужылі трансьлітараваныя ў лаціну «гутарковыя» назвы памежных пунктаў «Каменны брод» (in vulgari a Kamyoni brod) і «вусьце вялікай стругі» (uscze welikey strugi)[309]. У лацінскай дароўнай грамаце касьцёлу ў Ашмянах ваяводы віленскага Альбэрта Манівіда ад 1407 году ўжываецца «народны» выраз «паўустаўнае» (vulgariter dictam pol ustavy)[310]. Князь Жыгімонт Кейстутавіч у сваёй лацінскай грамаце ад 1411 году згадваў гутарковую (vulgariter dicitur) меру «пуд воску» (pud vosku)[311]. А ў дароўнай грамаце ад 1434 году, якой Жыгімонт Кейстутавіч ужо будучы вялікім князем запісаў Віленскай катэдры наданьні ў Медніцкай, Дубінскай, Лынгмянскай і Немянчынскай валасьцях, згадваліся загароджы на рацэ, якія па-народнаму называліся «язы»[be] (vulgariter jazi). У лісьце да імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага ад 1420 году вялікі князь Вітаўт ужыў выраз «ловы, у народнай мове менаваныя „гайны“»[bf] (indagines, alias in vulgari hayn)[315]. У 1423 годзе ён зацьвердзіў дароўную грамату віленскага ваяводы Альбэрта Манівіда капліцы пры Віленскай катэдры, дзе загадвалася тром «сем’ям» (familiae vulgariter siemie) Цярэнцевічаў (Terentiewiczy) даваць «лукно пяціпяднае» (lukno petypedne) мёду, а братам Львовічам (Lwowiczy) і Небутовічам (Nebutowiczy) — «лукно шасьціпяднае» (vulgariter lukno szescipedne) мёду на карысьць той капліцы[316]. У дароўнай грамаце віленскага мяшчаніна Мацея Волаха і яго жонкі Дароты Віленскаму кляштару францішканаў ад 1422 году лацінскі выраз «situm circa fluvium Niemesz» («разьмешчаны ля ракі Нямежы») патлумачылі гутарковым выразам «на Нямежы» (in vulgari comuniter dicendo na Nemeszi)[316]. У 1434 годзе ў дароўнай грамаце, якой Андрэй Саковіч, дзедзіч Немянчына, надаваў Віленскай катэдры дзесяціну з свайго двара ў Сьвянцянах, згадваліся мясцовыя жыхары Войтка, два Мікіты, Кузьма Сямашыч (Cusma Semaszicz), Кастусь Пуршка (Costhus alius Purschka) ды іншыя. Некаторыя зь іх былі ўдзельнікамі суполак бортнікаў, якія па-народнаму называліся «сябрылы» (alias sabrili); супольнік такой сябрылы называўся «сябрыч» (alias sabricz)[316]. У грамаце 1436 году, якой Конрад Кучук (Cunradus alias Kuczuc), дзедзіч Жырмуноў, чыніў наданьне Віленскаму касьцёлу францішканаў, згадвалася мера мёду, якая па-народнаму называлася «шацец» (vulgariter dictam szathec)[316]. У грамаце 1437 году Станіслаў Даўгайла, харужы віленскі, надаваў Віленскай катэдры сваю зямлю Навіны (Nowiny) на дзесяць «бочак» (ad decem tunnas alias beczki)[317]. У 1451 годзе кашталян віленскі Сямён Гедыгольдавіч заснаваў касьцёл у сваёй вотчыне Вішневе і надаў яму зямлю «з пашняй» (cum agro alias z pasznia) і лугі, па-народнаму менаваныя «сенажаці» (prata alias sianozaczy). У 1452 годзе Магдалена, удава старосты лідзкага Ягінта, надала Віленскаму кляштару францішканаў «пашню» (agrum alias pasznia) зь людзьмі ў Тракелях. У 1459 годзе пан Андрэй Даўгердавіч надаў касьцёлу ў Лынтупах людзей, якія мусілі даваць «бязьмен» мёду (bezmien mellis) або «пуд» мёду (pud mellis), а таксама пэўную меру «грачыхі» (hreczychy)[317].

Ліцьвіны часта падавалі ў дакумэнтах свае славянскія народныя формы імёнаў або прозьвішчы на -віч: nos dominus Basilius alias Waschko Sakowycz (1444 год)[318], Petrus alias Dobrogost Narbutowicz[319] (1471 год)[320], Petrus alias Szenko Gyedygoldowicz (1485 год)[321] ды іншыя[322].

Ліст вялікага князя Вітаўта рыскаму бурмістру на беларускай мове з подпісам «Сам», 1399 г.

Яшчэ ў XIII ст. прускі храніст Хрысьціян пісаў: «Калісьці Вэнэдыя, цяпер Літванія, адсюль назва Вэнэдзкай затокі» і такім спосабам лічыў пачатковую Літву славянскай краінай[323]. У 1440-х гадох славянскай назваў літоўскую мову пісьменьнік і гуманіст, будучы рымскі папа Энэа Сыльвіё Пікаляміні: «Літва месьціцца на ўсход ад Польшчы. Мова народу — славянская»[bg][325][326][11]. Невядомы сучасьнік Яна Длугаша ў трактаце пра Памор’е (1464 год) пісаў, што «мову памаранаў аднолькава могуць разумець палякі, русіны, ліцьвіны і прусы[bh]»[11]. Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што хоць сам Длугаш адзначыўся супярэчлівымі сьцьверджаньнямі пра мову ліцьвінаў, якіх залічваў да славянізаваных балтаў гэтак званага «італійскага паходжаньня»[328], аднак апісваючы эпізоды хрышчэньня ліцьвінаў і жамойтаў храніст засьведчыў: пры хрышчэньні ліцьвінаў польскія сьвятары ня мелі патрэбы ў перакладніках, якія спатрэбіліся ім пры хрышчэньні жамойтаў[bi][330]. Тым часам вялікі князь Гедзімін запрашаў з Захаду ў Вялікае Княства Літоўскае дзеля хрышчэньня ліцьвінаў манахаў-прапаведнікаў, якія валодалі «польскай» і «рускай» мовамі[331].

У грамаце вялікага князя Аляксандра да біскупа віленскага Войцеха Табара ад 1503 году пан Іван Сапега, які працаваў у славянскім сакратарыяце Вялікага Княства Літоўскага і фактычна азначаўся ў дзьвюх папскіх булах ад 1501 году як «сакратар рускай мовы» («secretarius Ruthenicus», «in cancellaria Ruthenica secretarium et capitaneum»), характарызаваўся як «secretario nostro Litvano» («secretarius noster Litvanus»), што варта разумець як «сакратар літоўскай мовы»[332]. Паводле гісторыка Паўла Урбана, гэта ёсьць адным зь сьведчаньняў працэсу сьціраньня этнічнай мяжы паміж ліцьвінамі і русінамі ў XV—XVI стагодзьдзях[333]. Увогуле, атаясамліваньне Літвы і Русі адзначаў яшчэ польска-прускі гісторык і этнограф XVII ст. Мацей Прэторыюс(pl), тлумачэньне якому бачыў у агульным паходжаньнем рускіх і літоўскіх княскіх дынастыяў — «з Прусаў»[334]. Ён жа сьцьвярджаў паходжаньне назвы літвы ад люцічаў[335], а таксама сьведчыў, што «літоўская мова ёсьць настолькі пашыранай у Русі, што літоўскую мову называюць рускай і рускую — літоўскай»[bj][336], на што зьвяртае ўвагу Вацлаў Пануцэвіч[337]. Паводле гісторыка Андрэя Катлярчука, азначэньне старой беларускай літаратурнай мовы як «рускай» (паралельна зь яе азначэньнем «літоўскай» — як гутарковай мовы ліцьвінаў) тлумачыцца тым, што яна ўжывала на пісьме кірылічныя «рускія» літары[338].

Вялікі князь Жыгімонт Стары ў сваёй лацінамоўнай грамаце Дарагічынскай зямлі (Вільня, 1516 год) адзначаў, што ў «народнай літоўскай мове» (лац. vulgo Lituanico) судовыя выканаўцы называюцца «дзецкія» (Dzieczkie)[339][340]. Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст ва ўмове 1545 году з прускім герцагам Альбрэхтам Гогенцолернам, пляменьнікам свайго бацькі Жыгімонта Старога, назваў беларускую мову «роднай», «нашай»: лац. vsque ut lingua Teutonica vocant Rogort, nostra vero vulgari Raigrod[341]. Тым часам Альбрэхт Прускі ва ўласным выкладзе той умовы азначыў гэтую мову літоўскай: «Lithuanica vero volgari Raigrod»[342]. Літоўскія паны-камісары (Вацлаў, біскуп жамойцкі; Рыгор Осьцік, кашталян віленскі; Аляксандар Хадкевіч, ваявода наваградзкі; Ян Даманоўскі, пробст Віленскі; Мікалай Нарбут, капітан мазырскі) зьвярнулі ўвагу на неадпаведнасьць некаторых месцаў у лісьце прускага герцага да ліста вялікага князя, але абмінулі як нейкую неадпаведнасьць сьцьверджаньне, што «Райгрод» ёсьць назвай «у народнай літоўскай мове»[343].

Першая старонка Ярмолінскага летапісу(ru): «Бысть Словѣнскіи азыкъ отъ седмідесять і дву азыкъ едінъ… раззiдошася по земли и прозвашеся своимі имены, сѣдше на которомъ мѣстѣ… сѣдоша на Вислѣ рѣцѣ и прозвашася Ляхове, а инии Лютичи, а инии Литва, а иніи Мазовшане, а инiи Поморяне»[344]

Такія эўрапейскія навукоўцы, як Гэртман Шэдэль у «Сусьветнай хроніцы» (1493 год)[345][11], дырэктар Нюрнбэрскае гімназіі Ян Коклес Норык у «Дэкастыхоне» (1511 год)[bk][11], Ян Багемскі ў працы «Звычаі ўсіх народаў» (1538 год)[bl][11] і аўстрыйскі дыплямат Жыгімонт Гербэрштайн у «Гісторыі Масковіі» (1549 год) пісалі пра Літву, як пра славянскі народ. Усе яны залічвалі літоўскую мову да славянскіх моваў[348].

Жыгімонт Гербэрштайн, які наведваў Літву ў 1517—1526 гадох, пісаў:

  • «…бізона ліцьвіны ў сваёй мове называюць „зубар“ (Suber[bm])»[bn];
  • «…той зьвер, якога ліцьвіны ў сваёй мове называюць „лось“ (Loss), по-нямецку завецца Ellend („лось“ — нямецк.)»[bo];
  • «Гаспадар прызначае туды [ў Жамойць] ўрадоўцу [зь Літвы], якога ў сваёй мове яны [ліцьвіны] называюць „староста“ (Starosta)»[bp][348].

Вэнэцыянскі дыплямат Марка Фаскарына ў 1557 годзе пісаў, што «маскавіты размаўляюць і пішуць славянскай мовай, таксама як далматы, чэхі, палякі і ліцьвіны»[bq][353].

Успрыманьнем у Польшчы ліцьвінаў (разам з русінамі) як народу славянскай мовы, этнічна блізкага палякам, тлумачыцца пасольская інструкцыя для Эразма Цёлка на перамовы з новаабраным папам Юліюсам II, выдадзеная ў 1504 годзе ў канцылярыі Каралеўства Польскага, дзе сьцьвярджалася нібы «землі Літоўскага княства спакон веку былі заселеныя палякамі»[354]. Тым часам у творах паэта і пісьменьніка Мікалая Рэя, аднаго з заснавальнікаў польскай літаратуры, ліцьвіны гавораць па-беларуску (напрыклад, ліцьвін простага стану зь верша «Litwin co pytał Polaka iako gi zową», выдадзенага ў 1562 годзе[355]). Як падкрэсьліваў польскі гісторык літаратуры і мовазнаўца Аляксандар Брукнэр, «калі [Мікалай Рэй] пазьней апісваў русінаў, яны гаварылі „па-літоўску“ (г.зн. па-беларуску; ліцьвін у яго заўсёды быў толькі беларусам), ніколі па-ўкраінску»[br][356][357]. Таксама польскі паэт Вацлаў Патоцкі(pl) (1622—1696) у адным з сваіх твораў тлумачыў, што «boćwiny па-літоўску, па-нашаму ćwikły»[358].

Першая старонка катэхізісу Л. Зізанія (перавыданьне 1783 году, Горадня): «Книга, глаголемая по-гречески катехизис, по-литовски оглашение, русским же языком нарицается беседословие»

Апублікаваная ў 1578 годзе ў Кракаве Хроніка Эўрапейскай Сарматыі зазначала, што «…усе іншыя найбольшыя і найхрабрэйшыя народы ўсходніх і паўночных краінаў, якія ўжываюць славянскую мову, ёсьць баўгары, басьнякі, сэрбы, …ліцьвіны, што пануюць размашыста, кашубы… чэхі, палякі, мазуры… Ва ўсіх гэтых краінах, ад Ледавітага акіяну… да Міжземнага і Адрыятычнага мораў, жывуць народы славянскай мовы… Хоць многія зь іх свой бацькоўскі спосаб жыцьця зьмянілі на звычаі іншых народаў. Гэтак басьнякі, баўгары, сэрбы, рацы і далматы перанялі звычаі туркаў і вугорцаў… Ліцьвіны, русіны і мазуры зблізіліся з палякамі… Па-за гэтым, аднак, усе яны, хоць расьсяліліся сярод іншых народаў, гутараць, асабліва ў вёсках, на сваёй роднай, хай сабе адметнай, славянскай мове»[359]. Таксама пры апісаньні Масковіі паведамлялася, што «іншыя славяне, якімі ёсьць палякі, чэхі, ліцьвіны (літва) ды іншыя, якія ад мовы рускай адрозьніваюцца, іншым імём цара называюць, адныя Krol, другія Korol, альбо Kral…»[bs][bt]. А ў дапоўненым польскамоўным выданьні 1611 году зазначалася, што «…называе гэты танец русь і літва Korohodem»[bu] і «…як русь, і літва абутак сабе пляце, які літва называе Lapciami, а русь — Kurpiami»[bv][bw]. Нямецкі навуковец Герман Фаброніюс(de) у сваёй этнаграфічнай працы 1614 году («Newe Summarische Welt-Historia…»; перавыдавалася ў 1627 годзе[365]) зазначаў: «Мова ў іх, у палякаў і ліцьвінаў — вэндзкая, у русінаў таксама, а ў прусаў нямецкая каля мора, усярэдзіне краіны — вэндзкая. У Лівоніі, аднак, маюць часткова нямецкую, часткова асаблівую мову, але зь некаторымі словамі вэндзкага паходжаньня, як то „нябёсы“ называюцца па-славянску nebesih, па-польску niebiessich, па-лівонску debbessis[bx]… „Імя“ называецца па-вэндзку або па-славянску imi, па-польску imie… але па-лівонску waarz[by]. „Дзяржава“ называецца па-вэндзку Krailestuo, па-польску Krolestuvo, па-лівонску Walstibe[bz]… „Хлеб“ называе лівонец Mayse[ca]… паляк і багемец — Chlieba»[366].

Старонка слоўніка П. Бярынды (другое выданьне, Куцейна пад Воршай, 1653 г.): «Пѣтель: чэскі і рускі — когут, валынскі — півень, літоўскі — пятух»

Маскоўскі пісьменьнік Трыфан Карабейнікаў(ru) пры апісаньні свайго падарожжа празь Вялікае Княства Літоўскае адзначыў пра адно зь местаў: «А поставил тое полату, живеть в ней костянтиновской жилец, судья, по-литовски вой, именем Скряга»[367]. У вайсковым статуце Маскоўскай дзяржавы 1607 году(ru) зазначалася[368]: «…подобает большому Маршалке <…> держаши у себя книгу, именуемую по Француски ле Дроа, а по Немецки Спекулюм Саксоници юрис, а по Польски и по Литовски Статут, а по Руски судебник»[369]. У скарзе жыхара Наўгародзкай зямлі да маскоўскага гаспадара Васіля Шуйскага пра напад ў 1610 годзе на вясельны паязд адзначалася, што нападнікі крычалі «по-литовски: хапай, хапай, рубай, рубай»[370]. У Актах Маскоўскай дзяржавы (запіс ад 1618 году): «…выехали из деревни человек с пятнадцать, а на них магерки литовския, и почали им говорить по-литовски: не утекайте-де!»[371][141][cb]. У 1655 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч скардзіўся запароскім казакам на паклёпніцкія ў дачыненьні да Маскоўскай дзяржавы кнігі, якія за Янам Казімерам Паны-Рада надрукавалі ў розных местах «на польскай і на літоўскай мовах» (рас. «на польском и на литовском языках»)[374]. У дакумэнтах Маскоўскай дзяржавы адзначаецца «літоўскае пісьмо» (нароўні з «польскім пісьмом»[375], «лацінскім пісьмом»[376], «грэцкім пісьмом»[377], «нямецкім пісьмом»[378], «швэдзкім (сьвейскім) пісьмом»[379] ды іншымі, зь якіх рабіліся пераклады на расейскую мову): «Григорей Хоткевич … прислал … лист литовское писмо»[380] або «прислал … Григорей Александрович Ходкевич … лист, литовское писмо»[381] (1562 год), «списано с литовского письма» (1608 год)[382], «для литовского письма переводу» (1635—1639 гады)[383], «перевод с литовского письма» (1653 год)[384], «в той церкви (у Полацкім Сафійскім саборы)… пять сундуков с книгами печатными и с писмеными и со всякими литовскими письмами[385] <…> пять сундуков с рускими и с литовскими и с латынскими с розными книгами[386]» (1654 год), «два листа, писаны литовским писмом» (1658 год)[387], «прислал… из села Мигович Фадей Крыжевской вестовые писма на четырех листах литовским писмом» (1686 год)[388], «в списку с литовского письма» (1688 год)[389]. Існуюць дакумэнтальныя сьведчаньні, што ў Пасольскі прыказ Маскоўскай дзяржавы адмыслова бралі людзей дзеля «литовского письма»[390]. Увогуле, яшчэ ў 1918 годзе гісторык літаратуры і мовазнаўца Аляксандар Брукнэр зьвяртаў увагу на тое, што ў Маскоўскай дзяржаве беларуская мова афіцыйна вызначалася як «літоўская»[391]. Гэты ж факт прызнаюць летувіскія аўтары Станіславас Лазутка(lt), Ірэна Валіканіце і Эдвардас Гудавічус: «у канцылярыі вялікага князя маскоўскага дакумэнты, якія прыходзілі з ВКЛ, напісаныя на старабеларускай мове, вызначаліся як пісаныя „па-літоўску“»[cc][393].

Праваслаўны культурны дзяяч Ляўрэнці Зізані, ураджэнец Вялікага Княства Літоўскага, выдаў у 1627 годзе на заказ патрыярха Вялікі катэхізіс, у якім гэтак патлумачыў назву кнігі: «Книга, глаголемая по-гречески катехизис, по-литовски оглашение, русским же языком нарицается беседословие» і такім спосабам атаясамліваў літоўскую мову з старабеларускай, а рускую — з царкоўнаславянскай. Праз год маскоўскі гаспадар Міхаіл I Раманаў пытаўся ў яго: «По литовскому языку как вы говорите „собра“?», на што асьветнік адказваў: «Тожде и по литовскому языку „собра“»[141][284]. Іншы культурны дзяяч і лексыкограф Памва Бярында, ураджэнец Рэчы Паспалітай, таксама атаясамліваў літоўскую мову з старабеларускай: «пѣтель (царкоўнаславянская мова): чэскі і рускі — когут, валынскі — півень, літоўскі (г.зн. па-старабеларуску) — пятух»[394]. Тым часам невельскі бургамістар Грыгоры Радзецкі (зь мянушкай Каваль), які перайшоў на бок Маскоўскай дзяржавы ў час Смаленскай вайны 1632—1634 гадоў, апісваў, як змог падмануць полацкую варту празь веданьне «літоўскай» мовы: «И в острог вошедчи, литовских сторожей к себе приманил дву человек, — заговорил по-литовски, — и примоня их, и зарубил тех сторожей»[395]. А ў 1633 годзе апякун збора ў Сьвіслачы Станіслаў Пакаш прасіў даслаць яму сьвятара, «які б гаварыў па-літоўску» (польск. «któryby umiał po litewsku»)[396].

Каталіцкі катэхізм на беларускай мове, надрукаваны ў Вільні ў 1585 годзе[397]

У 1649 годзе Віленская капітула (у складзе канонікаў Гераніма Сангушкі, Аляксандра Хадкевіча, Адама Копаця, Юрыя Валовіча, Андрэя Грыгаровіча ды іншых) пастанавіла прымаць у сэмінарыю Віленскай дыяцэзіі толькі моладзь, якая належным чынам ведала «літоўскую мову» (лац. linguae lituanicae)[398]. Статут Віленскага біскупства 1669 году, укладзены біскупам Аляксандрам Сапегам, дазваляў даваць бэнэфіцыі толькі тым іншаземцам, якія ведалі «літоўскую» (лац. litvanica) мову, і загадваў прамаўляць казані ў касьцёлах Віленскага біскупства (абыймала Віцебск і Мазыр, але не абыймала Жамойці) паводле чаргі «адну ў літоўскай мове, адну ў польскай» (лац. «alteram in litvanica, alteram in polonica»)[399][400].

Фрагмэнт мапы ВКЛ (Вэнэцыя, 1690 г.) з назвамі Вільні на розных мовах: Widaw на нямецкай, Vilna на італьянскай, Wilenski [горад, замак] на літоўскай (г. зн. беларускай), Wilna на польскай, Vilne на францускай, Vilna на лаціне[401]

Гісторык мовы Сяргей Запрудзкі сярод сьведчаньняў называньня беларускай мовы «літоўскай», апроч Жыгімонта Гербэрштайна, Лаўрэція Зізанія і Памвы Бярынды, таксама прыводзіць аўтара лацінамоўнай польскай граматыкі Пятра Статорыюса-Стоенскага(pl)[cd] (XVI ст.), славацкага падарожніка Даніэля Крмана(uk) і пісара вялікага літоўскага Ўдальрыка Радзівіла, які заклікаў да рэформы літоўскай граматыкі на фанэтычнай аснове (XVIII ст.)[402]. Ён жа адзначае сярод тых, хто сьцьвярджаў, што ліцьвіны гаварылі на славянскай мове, апроч Гераніма Праскага, яшчэ Паолу Джовію Навакомскага(uk) і Конрада Геснэра(be)[403]. Гісторык Андрэй Катлярчук зьвяртае ўвагу на тое, што гістарычных ліцьвінаў да шэрагу славянамоўных народаў таксама залічваў швэдзкі навуковец Ёхан Гот Батвід(sv)[ce][404], а першы панславіст Юры Крыжаніч пастанавіў у сваёй працы 1663 году: «хачу выціснуць усіх іншаземцаў, узьнімаючы ўсіх дняпранаў, ляхаў, літоўцаў, сэрбаў, усякага, хто ёсьць сярод славянаў»[405]. Францускі палітык Блез дэ Віжэнэр(pl) у сваім «Апісаньні Польскага Каралеўства» (1573 год) зазначаў пра жыхароў Падольля, што «няма ніякага сумневу ў тым, што яны, падобна іншым, належаць да славянскага племені; бо і мова іхная, і норавы, і звычаі амаль тыя ж самыя, як у Русінаў, Валынян і Ліцьвінаў»[406], падаваў прыклады славянскай мовы ліцьвінаў[cf], а таксама зазначаў пра Жамойць: «толькі мова зусім не падобная, а таксама і тое, што там людзі тучнейшыя, ніж у Літве»[cg]. Далмацкі сьвятар і заснавальнік паўднёваславянскай гістарыяграфіі Маўра Арбініч(hr) паведамляў у 1601 годзе, што «русіны і ліцьвіны, асабліва ў гарадох, і сёньня прытрымліваюцца звычая хлопаць у далоні падчас танцу, прыпяваючы „Ладоні“»[ch], а саміх ліцьвінаў ён далучаў да славянскіх народаў[410]. Нямецкі пісьменьнік Якаб Борніц(en) зазначаў у сваёй кнізе (1625 год): «Іншыя народы, апроч германцаў, таксама ўжываюць напой зь мёду, які па-народнаму называецца Medonen, напрыклад, Мёд [Meth] у ліцьвінаў, русінаў, маскавітаў, палякаў»[ci]. Нямецкі дыплямат Яган Георг Корб(ru) у дзёньніку свайго падарожжа 1698 году ў Масковію праз Прусію, Жамойць і Літву (у тым ліку сталіцу Вільню) пры апісаньні Жодзіна адзначыў, што свае заезныя двары ліцьвіны называюць «круг»[412] (лац. «Diversoria sua Lithuani Krug appellant»[413]). На выдадзенай у 1690 годзе ў Вэнэцыі мапе Вялікага Княства Літоўскага падаваліся варыянты назваў асобных мясьцінаў на розных мовах, дзе для Вільні з пазнакай «Lit» (на літоўскай мове) падавалася славянская беларуская назва «Віленскі [горад, замак]» («Wilenski»)[401].

Удальрык Радзівіл

У канцы XVII — пачатку XVIII ст. у сваіх неапублікаваных лацінамоўных курсах філязофіі шэраг кіеўскіх прафэсараў называлі беларускую мову «літоўскай» — Lit(h)uanica[403]. У падрыхтаваным у гэты ж час на паўднёвай Чарнігаўшчыне або на паўночнай Палтаўшчыне зборніку вершаў Кліменція Зіноўіва(uk) беларуская мова таксама называецца літоўскай: «О теслях або теж о плотника(х) по моско(в)скии(и): а о дейлидах по лито(в)ски(и)»[403]. У дакумэнтах Чарнігаўскай кансысторыі і Гетманшчыны (1735[414], 1761[415] і 1765[416] гады) адзначалася пра ліцьвінаў (беларусаў) Севершчыны, што тыя «гавораць па-літоўску». У дакумэнце 1637 году, укладзеным у Бранску, упамінаецца жыхар Канстантынопалю (Асманская імпэрыя) пад турэцкім імём Рэзван, які «…был литвин и взят в полон в турки… …родом литвин… …а по литовску зовут ево Ондрюшкам»[417]. Паводле выдадзенай у 1899 годзе ў Вільні працы гісторыка Венядзікта Плашчанскага(uk), за часамі Рэчы Паспалітай дакумэнты на беларускай мове, якія паходзілі зь Літвы, ва Ўкраіне азначалі як пісаныя літоўскай мовай (лац. st. et idiom. lithuanico)[418]. Апроч таго, ліцьвіны — беларусы, якія размаўляюць на роднай беларускай мове — сталі трывалым кампанэнтам украінскіх інтэрмэдыяў XVIII стагодзьдзя[419], напісаных навукоўцам і пісьменьнікам Мітрафанам Даўгалеўскім(uk)[420] (які, магчыма, меў беларускае паходжаньне[421]), прафэсарам Кіеўска-Магілянскай акадэміі будучым магілёўскім япіскапам Георгіем (Каніскім) ды іншымі аўтарамі[422].

Выдадзены ў 1688 годзе «Геаграфічны слоўнік» Эдмунда Богуна(en) паведамляў, што Літву мясцовыя жыхары (якіх аўтар адрозьніваў ад палякаў) называюць «Litwa»[cj], а яе галоўныя месты — гэта Браслаў, Берасьце, Горадня, Менск, Магілёў, Наваградак, Полацак, Трокі, Вільня і Віцебск[423]. А ў 1693 годзе ў Лёндане пабачыла сьвет ангельскамоўнае выданьне энцыкляпэдыі «Le Grand Dictionnaire historique»(en), дзе таксама значылася, што жыхары Літвы называюць яе «Litwa» і што мова Літвы — славянскі дыялект (анг. «Lithuania <…> called by the inhabitants, Litwa; <…> Their language is a dialect of the Sclavonick»)[424]. У выдадзеным у Лёндане 34-м томе калектыўнай навуковай працы «Universal History»(en) (1762 год) зазначалася, што Літву карэнныя яе жыхары называюць «Litwa» (анг. «…Lithuania, called Litwa by the natives»)[425], а таксама што Літва мяжуе з Расеяй, Інфлянтамі, Валыньню, Чырвонай Русьсю, Польшчай, Падляшшам, Прусіяй і Жамойцю[426]. Падобныя памежныя рэгіёны (з удакладненьнем у выглядзе Малой Польшчы — замест Чырвонай Русі і Польшчы) пазначаліся ў выдадзеным у Пэрце 13-м томе «Encyclopædia Perthensis»(en) (1806 год[ck]), дзе таксама адзначалася назва «Litwa» і тое, што мова Літвы — славянскі дыялект (анг. «Lithuania, or Litwa <…> The language is a dialect of the Sclavonic»)[427]. А выдадзены ў 1765 годзе «Ўнівэрсальны гандлёвы слоўнік» францускага эканаміста Жака Савары дэ Брулёна(en) паведамляў, што «Літва: на літоўскай мове Litwa, <…> Вільня…: …на літоўскай мове Wilenski»[428]. Таксама выдадзеная ў 1767 годзе энцыкляпэдыя нямецкага лексыкографа і эканаміста Карла Гюнтэра Людовічы(en) сьведчыла, што «Літва, у літоўскай мове Litwa»[429].

Вокладка кнігі навукоўца Рэчы Паспалітай Яна Фрыдэрыка Бахстрама(pl): «Уступны мэдычны дыспут пра Plica Polonica, па-літоўску Kołtun, па-польску Goździec», 1723 г.

У прадмове да выдадзенай ў 1704 годзе кнігі «Лексикон треязычный», аднаго з галоўных слоўнікаў Маскоўскай дзяржавы, пісьменьнік і перакладнік Фёдар Палікарпаў-Арлоў(ru)[cl] адзначыў літоўскую мову сярод славянскіх: «Вместо же языка еврейскаго наш предпоставихом славенский, яко поистинне отца многих языков благоплоднейша. Понеже от него аки от источника неизчерпаема, прочиим многим произыти языком, сиречь польскому, чешскому, сербскому, болгарскому, литовскому, малороссийскому, и иным множайшым, всем есть явно»[431]. Польскі езуіт, натураліст і фізіёграф Габрыэль Жанчынскі(pl) пісаў у 1721 годзе, што матэрыялы з драўніны дуба (а менавіта бочкі) палякамі мянуюцца «Klepki», а дошкі, зь якіх яны робяцца, завуцца ў ліцьвінаў «Wanczos», у немцаў «Eichenebolen» і ў батаваў «Planken»[432]. Навуковец Рэчы Паспалітай Ян Фрыдэрык Бахстрам(pl) адзначыў на вокладцы выдадзенай у 1723 годзе кнігі, што лац. Plica Polonica — гэта «па-літоўску каўтун» (лац. Lithvanice Koltun). Таксама францускі прафэсар мэдыцыны Жан Аструк(en) у 1743 годзе (гэтая праца перавыдавалася ў 1755[433] і 1773[434] гадох) зазначаў, што «каўтун, у літоўскай мове Koltun»[cm][435], а таксама ў сваёй кнізе на лацінскай мове, выдадзенай у 1768 годзе: «Koltun — літоўская назва для лац. Plica»[cn][436], «koltun у літоўскай мове значыць лац. Paxillum»[co][437]. Першы прафэсійны расейскі літаратар Аляксандар Сумарокаў(ru) (1717—1777), прыводзячы назвы зямлі на розных мовах, зазначаў: «По Трансильвански Йерде : по Персидски Земин : а о Славенском, Польском и Литовском и поминать не чево; ибо сии языки теже, что и наш»[438]. Нямецкі гісторык і мовазнаўца Готліб Зыгфрыд Баер(ru) у сваёй працы «Geographia Russiae» (1747 год) зазначаў, што «вільцы — на літоўскай мове ваўкі»[cp][439]. Францускі лекар і натураліст Люі Даніэль Арно дэ Наблевіль(fr) у сваёй кнізе «Натуральная гісторыя жывёлаў» (1757 год) пісаў, што «лось… у польскай, у літоўскай і ў рускай мовах — Loss або Lozzi»[440]. Народжаны на Лідчыне гісторык-археограф Мацей Догель у сваёй працы «Limites regni Poloniae & magni ducatus Litvaniae» (1758 год) пры апісаньні выгляду межавога знаку Вялікага Княства Літоўскага на граніцы з Маскоўскай дзяржавай зазначаў, што той «па-літоўску» называецца капец (kopiec)[441]. Выдадзены ў друкарні Замойскай акадэміі(pl) «Каляндар польскі і рускі на рок панскі 1765», у пачатку якога зьмяшчалася прысьвячэньне кухмістру вялікаму літоўскаму Міхалу Вяльгорскаму і ягонай жонцы Альжбеце з Агінскіх, падаваў наступнае тлумачэньне да сельскагаспадарчай інфармацыі: «hreczki (па-русінску), gryki (па-нямецку) альбо greczychy (па-літоўску)»[442]. У камэнтарах да выдадзенага ў 1773 годзе францускага перакладу «Натуральнай гісторыі» Плініюса Старэйшага(be) адзначалася, што «byl на флямандзкай мове значыць сякера, біла[cq] [bila] на літоўскай мове значыць тое ж самае»[cr][443]. Гішпанскі езуіт і філёляг Ларэнца Гервас(en) у 1784 годзе зазначаў, што «літоўская мова вельмі падобная да польскай» (італ. «il Lituano è molto affine a Polacco»), а сам пералічваў яе як гаворку славянскай («ілірыйскай») мовы[444].

Апошні кароль Рэчы Паспалітае Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (які менаваў сябе «радавітым ліцьвінам») падчас наведваньня Нясьвіжу ў 1784 годзе зьвярнуўся да Караля Станіслава Радзівіла «па-просту»: «Пане гаспадару, каж віна даці, штоб у тваёй хаце ліха ня знаці»[445]. На Чатырохгадовым Сойме 1788—1792 гадоў віленскі земскі судзьдзя Тадэвуш Корсак прамаўляў «зь літоўскім акцэнтам», які ўражваў палякаў[446].

У канцы XVIII ст., ужо за часамі расейскага панаваньня, беларуская мова працягвала называцца літоўскай. Гэтак, прызначаны кіраваць новаўтворанай Менскай япархіяй Урадавага сыноду Расейскай імпэрыі Віктар Садкоўскі, адданы гаспадыні Кацярыне ІІ, пагражаў мясцовым прэзьбітэрам на слуцкім эпархіяльным зборы: «Ja was skoreniu, zniszczu, sztob i jazyka nie było waszoho proklatoho litowskoho i was samych, ja was u zsyłki pozasyłaju, albo u sołdaty pooddaju, a swoich z zakordonu ponawożu»[447][448][449][284]. У 1806 годзе расейскі царкоўны гісторык, археограф і бібліёграф Яўген (Балхавіцінаў)(ru), камэнтуючы ў сваім «Гістарычным слоўніку аб расейскіх пісьменьніках» сьцьверджаньне Шымана Старавольскага пра зробленыя Янам з Глогава (настаўнікам Францішка Скарыны[cs]) пераклады кнігаў бібліі на «славянскую мову» — мову Вялікага Княства Літоўскага[451] — адзначаў, што той напраўду перакладаў іх на літоўскую мову[ct][452]. Гэты ж аўтар у іншым сваім слоўніку (1827 год) азначаў «Катэхізіс вялікі» Лаўрэнція Зізанія як ад пачатку «напісаны на літоўскай мове» (рас. «писанный <…> на Литовском языке»)[453], такое азначэньне гэтага выданьня як ўкладзенага «на літоўскай мове» даў яшчэ ў 1822 годзе расейскі выдавец і філёляг Мікалай Грэч(be)[cu][454]. У выдадзенай у Харкаве працы «Найноўшы нарыс правілаў расейскай граматыкі»[455] (1810 год) Іван Арнатоўскі(uk) называў беларусаў літоўцамі і сьцьвярджаў, што «паўночна-заходняя частка Расеі запазычыла многа словаў, а яшчэ больш канчаткаў, уласьцівых мове літоўцаў»[456].

У бэрлінскім патэнце прускага караля Фрыдрыха Вільгельма II (1797 год), які прызначаўся жыхарам анэксаваных тэрыторыяў Рэчы Паспалітай (у тым ліку Гарадзенскага павету ВКЛ) і тычыўся «польскіх і літоўскіх да гэтых часоў дзейных правоў, статутаў і канстытуцыяў», зазначалася, што вытрымка з адпаведных крыніцаў права, калі яна «на польскай або літоўскай мове была напісаная» (ням. «in der Polnischen oder Litthauischen Sprache abgesasst ist», польск. po Polsku lub po Litewsku napisana była), мае мець нямецкі або лацінскі пераклад[457]. У 1807 годзе нямецкі географ Георг Гасэль(ru) у сваёй працы пра Расейскую імпэрыю[458] пісаў пра славянскі народ ліцьвінаў (літоўцаў), праваслаўных, якія жылі сярод палякаў у Віленскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрніях і зазначаў, што яны карыстаюцца сваёй асобнай мовай[459]. Ангельскі падарожнік Робэрт Джонстан адзначаў у дзёньніку сваёй вандроўкі Расейскай імпэрыяй, выдадзеным у 1815 годзе, што «старажытная Літва» пачынаецца ад мястэчка Лядаў[460], мясцовых сялянаў ён апісваў як «карэнных літоўцаў»[461], а мясцовую мову называў «літоўскім дыялектам»[462].

Адам Міцкевіч (1798—1855), які паводле сьведчаньня свайго сучасьніка Максымільяна Маркса, размаўляў з каханай Марыляй Верашчакай па-беларуску, а свае першыя вершы, не напісаныя, а агучаныя ўслых, прамаўляў па-беларуску[463], і паводле гісторыка беларускай літаратуры Міколы Хаўстовіча, зрэдку называў мову сваіх твораў «ліцьвінскай»[464], клапаціўся пра захаваньне і перадачу дзецям мясцовага вымаўленьня[465]:

« …няраз слухаючы нас, ён уздыхаў, што ў нас бясколерны, чужаземскі акцэнт. Ён бы хацеў чуць з нашых вуснаў мову сьпеўную, літоўскую, якая была яму мілейшая за ўсё. »

—Gorecka A. Wspomnienia o Adamie Mickiewiczu. — Kraków, 1897. S. 76.

У апублікаванай у 1840 годзе аповесьці «Панна Кацярына», дзе беларускамоўны селянін называе сябе ліцьвінам[49], адзначалася, што іншыя народы пазнаюць ліцьвінаў паводле іх «сьпеўнай мовы»[50]. У кнізе «Ўспаміны яснавяльможнага пана Севярына Сапліцы, чашніка парнаўскага», напісанай выхаваным на гістарычнай Меншчыне Генрыкам Жавускім, апавяданьне вядзецца ад імя «прыроджанага ліцьвіна, наваградзкага зямяніна», які наракае на тое, што ў час канфідэнцыйнай выправы праз Запароскую Сеч да крымскага хана сын менскага чашніка Міхал Ратынскі размаўляў «па-літоўску»[466] (г. зн. па-беларуску[467]), чым мог выдаць сваё паходжаньне[468]. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Генрык Сянкевіч, які меў літоўскае паходжаньне і часта бываў на Віленшчыне, у сваім найбольш вядомым гістарычным рамане «Агнём і мячом», напісаным у 1884—1888 гадох, апавядае пра літоўскага шляхціча Лонгіна Падбіпенту (у XVII ст. рэальны шляхецкі род Падбіпентаў валодаў Плісай на Полаччыне), які адзначаўся сваёй «сьпеўнай літоўскай гаворкай» і гаварыў з тыповым беларускім фрыкатыўным «г» (напрыклад, «Słuchać hadko»), што не ўласьціва ані палякам, ані летувісам. Тым часам іншы пэрсанаж раману зь імём «Жмудзін» адзначыўся летувіскімі выразамі: «Padłas!», «Panas Kmitas»[469].

Тытульны аркуш царкоўнаславянска-беларускага слоўніка Лаўрэнція Зізанія ў публікацыі 1849 году

У 1836 годзе расейскі гісторык Міхаіл Пагодзін(ru) пісаў пра Ўкраіну: «Прыйшлі жа туды яшчэ пазьней літоўцы або беларусцы, з Гедзімінам, і ўвялі ў пісьмовы ўжытак сваю мову»[cv][470][cw]. Расейскі пісьменьнік і выдавец Павел Свіньін(be) у 1839 годзе адзначаў, што ўкраінская мова за Чарнігавым зьмяняецца на літоўскую (рас. «Язык Малороссийский <…> за Черниговым изменяется в Литовский»)[472]. У 1841 годзе расейскі пісьменьнік і аўтар шматлікіх падручнікаў расейскай мовы Іван Пенінскі ў прадмове да трэцяга выданьня «Славянскай хрэстаматыі», у якое ён дадаў вытрымкі зь Літоўскай мэтрыкі, зазначаў[473]: «Бракавала таксама ранейшым выданьнях Хрэстаматыі артыкулаў, якія пазнаёмілі б выхаванца з мовамі Беларускай і Літоўскай, слушна названымі мовай Заходне-Рускай; і ў гэтых адносінах кніга папоўненая цяпер здавальняльна» (рас. «Недоставало также в прежних изданиях Хрестоматии статей, которые познакомили бы воспитанника с языками Белорусским и Литовским, страведливо названными языком Западно-Русским; и в этом отношении книга пополнена теперь удовлетворительно»)[cx]. У 1849 годзе расейскі этнограф Іван Сахараў(ru) апублікаваў царкоўнаславянска-беларускі слоўнік Лаўрэнція Зізанія пад назвай «Літоўска-рускі слоўнік» (рас. «Литовско-русский словарь»)[474], у 1869 годзе ў часопісе Филологические записки(ru) адзначалася: «Слоўнік Л. Зізанія належыць да літоўскай пісьменнасьці. У ім славянскія словы, іншаземныя тлумачацца літоўскай мовай, бо і сам складальнік быў родам зь Літвы»[cy][475], а ў 1872 годзе пісьменьнік і пэдагог Аляксандар Чудзінаў(ru) пісаў пра слоўнік Л. Зізанія, што «аўтар родам зь Літвы, таму ўсе тлумачэньні словаў ім робяцца на літоўскай мове» (рас. «Так как автор родом из Литвы, то и все объяснения слов им делаются на Литовском языке»)[476]. Народжаны на Жамойці гісторык і археоляг Тадэвуш Валянскі(be) ў 1854 годзе залічваў літоўскую мову да славянскіх: «…трэба валодаць веданьнем усіх найгалоўнейшых, прынамсі, цяпер яшчэ жывых гаворак славянскіх, якімі лічацца: руская, польская, чэская, сэрба-далмацкая, ілірыйская, вэнэдзкая альбо вэндзкая і літоўская»[cz][477]. У часопісе «Вестник Европы»(ru) (1866 год) гісторык і этнограф Фэактыст Хартахай(ru) адзначаў: «у справах Літоўскага пасольскага прыказу захоўваецца ярлык Мэнглі Гірэя, перакладзены на тагачасную літоўскую мову. У гэтым ярлыку адзін татарскі ўрад [землямера] называецца адпаведным яму літоўскім урадам „каморніка»[da][478]. Этнограф Міхаіл Дзьмітрыеў(be) у сваім «Зборніку песень, казак, абрадаў і звычаяў сялянаў Паўночна-Заходняга краю» (1869 год) зазначаў, што «пахаваньне ў сялянаў Дзісьненскага і Вялейскага паветаў называецца літоўскім словам „хаўтуры“»[db][479]. У 1875 годзе адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў Агатон Гілер зазначаў у сваёй кнізе пра гісторыю паўстаньня, што багун (польск. Bagno) завецца «па-літоўску „bahun“»[480]. Украінскі гісторык Дзьмітры Багалей(uk) тлумачыў ў сваім навуковым артыкуле, апублікаваным у 1883 годзе ў гістарычна-этнаграфічным часопісе Кіевская старина(uk), што тэрмін «сябрынны» ўтварыўся ад «старажытнага літоўскага слова „сябар“»[481]. Гісторык і краязнаўца Сямён Пісараў(ru) у сваёй публікацыі ад 1897 году ўдакладняў, што старажытная частка (цэнтар) Смаленску — Княская мясцовасьць — гістарычна называлася «па-літоўску проста „места»[dc][482].

Захаваліся сьведчаньні, што яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. на захадзе этнічнай тэрыторыі беларусаў мясцовыя жыхары называлі беларускую мову літоўскай[483][dd]:

« На ўсходзе і паўночным усходзе яна мяжуе з мовай уласна беларускай, якая ў мясцовых жыхароў называецца літоўскай. Гэтай мовай гавораць ужо каля Сьвіслачы, Крынак, Ялоўкі і каля мястэчку Гарадку, пры якім сустракаюцца гэтыя два адценьні. »

—Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Вестник Императорского русского географического общества. Ч. 16. — СПб., 1856. С. 151.
Куклинский С. Заметки о западной части Гродненской губернии // Этнографический сборник. Вып. 3. — СПб., 1858. С. 105.

Моўная мапа з этнаграфічнага атлясу (Лёндан, 1850 г.): літоўская мова (Lithuanian) займае ўсю этнічную тэрыторыю беларусаў (ад Горадні да Смаленску), жамойцкая мова (Samogitian) — этнічную тэрыторыю летувісаў

Тым часам шырокае бытаваньне сярод беларусаў азначэньня ўласнай мовы як літоўскай (а ўласнай краіны — як Літвы) засьведчыў этнограф і фальклярыст Мікалай Янчук паводле вынікаў свайго падарожжа Менскай губэрняй у 1886 годзе[485]:

Іншая цяжкасьць паходзіць ад таго, што на мясцовай мове, а пагатоў на польскай, нярэдка зьмешваюцца назвы «Беларусь» і «Літва», беларуская мова і літоўская[de]… Спытаеце вы, напрыклад, якуюсьці мяшчанку, хто яна такая? — Polka [г. зн. каталічка — паводле сьведчаньня Мікалая Янчука[df]], адкажа яна вам. — Адкуль родам? — Z Litwy. Як гавораць дома? — Po litewsku. Між тым пры высьвятленьні больш дакладных зьвестак выяўляецца, што ні сама яна, ні яе родныя ні слова не разумеюць па-літоўску[dg], а гавораць выняткова па-беларуску.

Беларускі мовазнаўца Анатоль Літвіновіч зьвяртае ўвагу на тое, што расейцы, украінцы, палякі ды іншыя народы часта называлі беларускую мову «літоўскай» яшчэ ў XIX стагодзьдзі[487]. У 1839 годзе ўкраінскі і расейскі лінгвіст, гісторык і этнограф Міхайла Максімовіч(uk) зазначаў, што беларускую мову дакладней называць літоўска-рускай і даваў наступнае тлумачэньне: ва Ўкраіне гэтую мову называюць проста літоўскай, а тых, хто ёй гаворыць — ліцьвінамі, адпаведна і паўночна-заходняя частка Чарнігаўскай губэрні, дзе гавораць па-беларуску, называецца ўжо Літвой[488]. Тое, што вакол Гародні і Новага Места гавораць ужо «па-літоўску», адзначаў яшчэ ў 1786 годзе ўкраінскі гісторык і этнограф Апанас Шафорнскі(uk)[489]. У 4-м томе часопісу Biblioteka Warszawska(pl) за 1848 год захавалася сьведчаньне, што «…палякі звычайна называюць беларускую (крывіцкую) мову літоўскай, а літоўскую[dh] — жамойцкай» (польск. «…Polacy język biało-ruski (krzywicki) powszechnie nazywają litewskim, a litewski żmudzkim»[490])[di]. Польскі этнограф Оскар Кольбэрг пры апісаньні Падляшша (1890 год) зазначаў, што жыхары яго паўночнай часткі «размаўляюць на дыялекце руска-літоўскім, набліжаным да беларускага, які тут проста называюць літоўскім»[493]. Народжаны ў ваколіцах Бельску віленскі доктар Людвік Чаркоўскі сьведчыў у сваёй этнаграфічнай працы (1907 год), што падляскія мазуры і русіны называюць беларускую мову «літоўскай», а яе носьбітаў — «ліцьвінамі»[274].

Ян Станкевіч

Мовазнаўца Яўхім Карскі ў сваім дакладзе пра старабеларускую мову, зробленым у 1893 годзе, прывёў некалькі назваў беларускай мовы, сярод якіх былі літоўская і літоўска-руская[494]. Яшчэ ў 1825 годзе Пётар Кёпэн(be) прапаноўваў называць беларускую мову літоўска-рускай[495] і абгрунтоўваў гэта тым, што ўкраінцы называлі беларускую мову літоўскай і што такі лінгвонім сустракаецца ў катэхізьме XVII ст. Лаўрэнція Зізанія[496]. Літоўска-рускую мову таксама згадвалі ў 1828 годзе Міхайла Качаноўскі(uk)[497], у 1829 годзе — Павел Строеў(ru)[498], у 1842 годзе — Фёдар Шымкевіч[499], у 1852 годзе — Фёдар Галатузаў[500], у 1878 годзе — Іван Каратаеў(be)[501], у 1890 годзе — Пампей Бацюшкаў(uk)[502]. Назву «руска-літоўская мова» (рас. «Русско-Литовский язык») у 1854 годзе ўжыў гісторык і бібліёграф Міхаіл Палудзенскі(ru)[503]. Назву «літоўска-славянская мова» (рас. «литово-славянский язык») датычна беларускай мовы цытуе Мікалай Улашчык у біяграфічным нарысе Міхала Баброўскага[504].

Вацлаў Пануцэвіч

У 1918 годзе прафэсар славянскіх моваў і літаратураў Бэрлінскага ўнівэрсытэту Аляксандар Брукнэр апублікаваў артыкул «Зь беларускай нівы» (польск. «Z niwy białoruskiej»), дзе падкрэсьліваў, што гістарычная літоўская — гэта беларуская мова, якая была афіцыйнай мовай Вялікага Княства Літоўскага, што гістарычныя ліцьвіны — гэта беларусы, а гістарычная літоўшчына — гэта беларушчына: «…па-літоўску г. зн. па-беларуску пісаныя ўсе літоўскія акты, хронікі, статуты… …ліцьвін, г. зн. беларус… …літоўшчына, г. зн. беларушчына…»[dj][505]. У 1922 годзе прафэсар гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту Фэлікс Канечны(be) апублікаваў артыкул з прапановай тэрміналягічна аддзяляць летувіскую мову (польск. język letuwski) ад гістарычнай літоўскай (беларускай), а таксама Летуву (польск. Letuwa) — ад гістарычнай Літвы і летувісаў (польск. Letuwini) — ад гістарычных ліцьвінаў[dk]: «пасольства яго [Уладзіслава Ягайлы] у Кракаў (аб руцэ Ядвігі) не патрабавала перакладніка, бо яны выкарыстоўвалі беларускую мову. Тая мова вякамі лічылася „літоўскай“ і так нават часта называлася. У Польшчы нават ня ведалі пра існаваньне летувіскай мовы, пакуль яе не адкрыла парафіяльнае духавенства»[dl][508]. 18 сакавіка 1928 году гэтую прапанову абмяркоўвалі на паседжаньні Віленскага аддзелу Польскага гістарычнага таварыства, дзе Фэлікс Канечны выступіў зь лекцыяй «Этнаграфічная тэрміналёгія ў Вялікім Княстве Літоўскім», адзначаючы: «у крыніцах часта ўпамінаецца літоўская мова, але маецца на ўвазе не летувіская мова, а беларуская. Афіцыйнай мовай у Вялікім Княстве Літоўскім была беларуская»[dm][509].

Вокладка Вялікалітоўска-расейскага слоўніка (1989 г.), які захоўваецца ў Бібліятэцы Кангрэсу

У 1927 годзе аўтар месячніку літаратуры і культуры Заходняй Беларусі «Родныя гоні» Д. Масальскі паведамляў у сваім артыкуле: «ведама, што ў мінуўшчыні звычайна як самі Беларусы так і чужнікі Беларусь называлі Літвой. Беларусаў — Ліцьвінамі а мову беларускую — мовай літоўскай, у малой меры гэтыя назовы захаваліся нат дагэтуль»[202].

У 1926 годзе беларускі гісторык і мовазнаўца Ян Станкевіч на старонках віленскай газэты «Сялянская Ніва» зазначаў: «Вялікае значэньне мела імя Ліцьвін, Літва. Нашая мова часта завецца гэтым імем <…> Але нашыя продкі самі называлі сябе і далей па-старому: Крывіч, Ліцьвін, Крывія, Літва, мова крывіцкая, літоўская, руская»[57]. Пазьней ён папулярызаваў датычна беларускай мовы назву вялікалітоўская[dn], падрыхтаваў і выдаў на сродкі Вялікалітоўскай (беларускай) фундацыі імя Льва Сапегі «Вялікалітоўска-расейскі слоўнік» (анг. Greatlitvan-Russian Dictionary, рас. великолитовско-русский словарь), які захоўваецца ў найбуйнейшай у сьвеце Бібліятэцы Кангрэсу ЗША[510]. А ў працах беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча, які меў грунтоўную філялягічную падрыхтоўку і выдаваў у Чыкага навуковы часопіс «Litva», літоўская мова — гэта беларуская мова, як і ліцьвін — беларус, а Літва — Беларусь[511]. У фундамэнтальным двухтомным падручніку «Беларуская мова» Валентыны Пашкевіч (Таронта, 1978 год) — першай практычнай граматыцы беларускай мовы па-ангельску — зазначаецца: «літоўская мова была ўрадавай на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага… наш край праз больш, як паўтысяча гадоў зваўся Літвой, дзяржава — Вялікім Княствам Літоўскім, а нашыя прашчуры — ліцьвінамі»[512], што дадаткова сьцьвярджаецца ў пададзеным пры падручніку слоўніку: «Лятува [Летува] — present-day Lithuania; Літва — Lithuania (old name of present-day Byelorussia [Belarus]); Жамойць — Samogitia — old name (lasting almost until the end of the 19th c.) of present-day Lithuania»[513].

Балтыйская (неславянская) літоўская мова

Асноўныя артыкулы: Жмогусы, Прускія летувісы, Жамойты і Аўкштайты
Першая друкаваная летувіская кніга[514][515]у прускай мове»), выдадзеная дзеля жамойтаў («прусаў») Самбіі. Кёнігсбэрг, 1545 г.

Уласна літоўскія князі і баяры, пакінуўшы ў XIV—XV стагодзьдзяў у сваіх перакладных лацінскіх і нямецкіх граматах тузіны гутарковых беларускіх словаў і выразаў, не падалі ў іх ніводнага балтыйскага слова[do][516]. Паводле некаторых летувіскіх аўтараў[517], адным зь першых, хто пісьмова зафіксаваў такое балтыйскае слова, стаў італьянскі гуманіст Філіп Калімах (1437—1496). Ён быў асабістым сакратаром караля і вялікага князя Казімера Ягайлавіча і ў сваім творы, прысьвечаным жыцьцю польскага кардынала Зьбігнева Алясьніцкага, дае зьвесткі пра звычаі і мову ліцьвінаў: «…хвалілі [Ліцьвіны] лясы, камяні, аддалённыя месцы, азёры і розныя пачвары, асабліва вужаку[dp], які на іх мове мае назву „Gyvotem“»[dq] (па-летувіску gyvatė — гэта 'зьмяя', тым часам у беларускай міталёгіі «жывойтамі» называюць яшчарак — «зьмеяў на чатырох кароткіх лапах»[521][522]). Прытым сам Калімах выводзіў паходжаньне ліцьвінаў ад кельтаў, назву Літвы — ад невядомага слова Litifa, а ўшанаваньне зьмеяў прыпісваў таксама «басфорцам», пад якімі хутчэй за ўсё разумеў крымскіх татараў[523].

Катэхізм Мажвіда (1547 г.), які афіцыйна лічыцца ў Летуве першай друкаванай кнігай на летувіскай мове, тым часам па-беларуску яго азначалі як «катэхізм па-жамойцку друкаваны» (1580 г.)[524]

У 1564 годзе польскі храніст Марцін Бельскі, які адзначыўся супярэчлівымі зьвесткамі пра моўную сытуацыю ў Літве[dr], у адказ на зьяўленьне легенды пра Палямона напісаў у сваёй Хроніцы ўсяго сьвету: «Зь літоўскай гаворкай мы ўсе добра знаёмыя, а як гавораць, быццам яна падобная на лацінскую. Мне так не здаецца, як у гэтых словах убачыш „Superatus hodie astus demonis, cum ipse sit cum suis demonibus ambiciosus“ — „Isgaleta Jauesti Kitristas velino / Kuri saua sutrine Lampse velina“»[ds]. З прычыны вялікай адрознасьці дэкляраванага «літоўскага» перакладу адпаведнай лацінскай фразы ад яе сапраўднага летувіскага перакладу (лет. «Nugalėta jau šiandien velnio gudrystė, nors jis su savo demonais ir trokšta garbės») летувіскі мовазнаўца Зігмас Зінкявічус мусіў яшчэ ў 1996 годзе прызнаць, што пададзены Бельскім тэкст «занадта дэфармаваны»[dt][528].

Жамойць: літоўская (Samogitia) і пруская (Samaidae). В. Градзецкі(pl), 1570 г. (1558 г.)

Апроч таго, летувіскія гісторыкі і мовазнаўцы, а таксама тыя[529], хто іх цытуе, спрабуюць спасылацца на пэўныя сьведчаньні, у якіх не ўдакладняецца, што памянёная там «літоўская» ёсьць неславянскай (балтыйскай) або, увогуле, датычыцца жамойцкай (летувіскай) мовы:

Надрукаваны ў Вільні ў 1690 годзе пераклад папскай булы на летувіскую мову, якая ў дакумэнце называецца «жамойцкай мовай» (лац. Lingua Samogitica). Прызначаўся да чытаньня ў парафіях Жамойцкага біскупства, якое ахоплівала ня толькі Жамойцкае староства, але і Ўпіцкі павет, жыхароў якога за Расейскай імпэрыяй назвалі «аўкштайтамі» — «верхнімі або ўласнымі літоўцамі»
  • Лацінскі ліст вялікага князя Вітаўта да імпэратара Жыгімонта Люксэмбурскага 1420 году, у якім паведамляецца, што слова Жамойць «перакладаецца ў літоўскую як „ніжняя зямля“» (лац. «ideo Szomoyth vocatur, quod in lythwanico terra inferior interpretatur»).
    • Меркаваньне летувіскіх аўтараў пра тое, што Вітаўт пісаў, нібы слова Жамойць «па-літоўску азначае „ніжняя зямля“», зьняпраўджваецца ўласна зьместам ліста (пры адэкватным яго перакладзе з лацінскай мовы). Пагатоў у тым жа лісьце Вітаўт ужывае «народнае» слова «гайны», што азначае логвы (лац. «indagines, alias in vulgari hayn»): паводле Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы