Янка Купала
Янка Купала лац. Janka Kupała | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Іван Дамінікавіч Луцэвіч |
Псэўданімы | Адзін з «парнасьнікаў»; Вайдэльота; Здарэнец; Левы; Марка Бяздольны; Ня-Гутнік; Стары Мінчук; Янук з-пад Мінска; Янук Купала; К.; І.К.; Я.К.; К-а; Л.; І.Л.; Л.І. |
Нарадзіўся | 7 ліпеня 1882[1] |
Памёр | 28 чэрвеня 1942[2][1] (59 гадоў) |
Пахаваны | |
Род | Луцэвічы |
Бацькі | Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч Бянігна Іванаўна Валасевіч |
Жонка | Уладзіслава Францаўна Станкевіч |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, драматург, публіцыст |
Гады творчасьці | 1903—1942 |
Жанр | паэзія, драматургія |
Мовы | беларуская, польская |
Дэбют | «Modlitwa» // часопіс «Ziarno», №13, 1903[3] |
Значныя творы | паэма «Адвечная песьня» (1908), камэдыя «Паўлінка» (1912), драма «Раскіданае гняздо» (1913) |
Прэміі | Народны паэт БССР (1925) Сталінская прэмія (1941) |
Узнагароды | |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Творы на сайце Knihi.com | |
Творы на сайце Kamunikat.org | |
Я́нка Купа́ла (сапр. — Іва́н Даміні́кавіч Луцэ́віч; 7 ліпеня [ст. ст. 25 чэрвеня] 1882; в. Вязынка, цяпер Маладэчанскі раён, Менская вобласьць, Беларусь — 28 чэрвеня 1942) — клясык беларускае літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, заснавальнік (разам зь Якубам Коласам) новае беларускае літаратуры і беларускае літаратурнае мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН Беларусі і АН Украіны (1929). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941) за зборнік «Ад сэрца».
Творчасьць Купалы прызнаецца за летапіс жыцьця беларускага народу, адбітак яго нацыянальнага характару і сьветаразуменьня[4]. У сваіх сатырычных камэдыях «Паўлінка» (1912) і «Тутэйшыя» (1922), драмы «Раскіданае гняздо» (1913) выявіў духоўную прыгажосьць і маральныя заганы розных сацыяльных супольнасьцяў беларускага грамадзтва, складаны гістарычны лёс народу і самабытнасьць беларускае культуры. У раньняй паэзіі, блізкай да фальклёру сваёй вобразнасьцю, адлюстраваў цяжкую долю беларускага народу, адметныя рысы яго гістарычнага шляху і характару, сьветаўспрыманьня (зборнікі вершаў «Гусьляр», 1910; «Шляхам жыцьця», 1913; паэмы «Адвечная песьня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «Магіла льва», 1913) і іншыя[5].
З 1944 году дзейнічае Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы. У гонар паэта ў 1957 годзе была заснаваная Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы. З 1995 году сыстэматычна праводзяцца штогадовыя Купалаўскія чытаньні — прафэсійны форум для абмеркаваньня навуковых дасягненьняў і праблемаў купалазнаўства. У 1996 годзе быў створаны Міжнародны фонд Янкі Купалы. Імем паэта названы Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы, Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы, парк у Менску і станцыя менскага мэтрапалітэну.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяцінства і юнацтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся 7 ліпеня 1882 году (па новым стылі) у фальварку Вязынка пад Менскам (цяпер у Маладэчанскім раёне Менскай вобласьці). Бацькі — Дамінік Ануфрыевіч Луцэвіч і Бянігна Іванаўна Валасевіч — належалі да дробнай зьбяднелай шляхты, арандавалі зямлю ў памешчыцкіх фальварках. Пры хрышчэньні 12 ліпеня 1882 году[6] ў Радашкавіцкім касьцёле Івана Луцэвіча запісалі дваранінам, але пазьней паводле афіцыйных дакумэнтаў ён належаў да мяшчан. У 1898 годзе Купала закончыў Бяларуцкае народнае вучылішча. Пасьля сьмерці бацькі ў 1902 годзе працаваў на гаспадарцы, таксама на пасадах хатняга настаўніка, пісара ў судовага сьледчага ў Радашкавічах (1903), практыканта на бровары ў Яхімоўшчыне і іншых.[7]
Першыя публікацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя творы Купалы — некалькі сэнтымэнтальных вершаў на польскай мове, надрукаваных ў 1903—1904 гадох у часопісе «Ziarno» пад псэўданімам «К-а». Першы верш на беларускай мове — «Мая доля» (датуецца 15 ліпеня 1904 году). Першае беларускамоўнае выступленьне ў друку — публікацыя 15 траўня 1905 году ў газэце «Северо-Западный край» верша «Мужык». Першая публікацыя ў беларускамоўнай прэсе — верш «Касцу», надрукаваны ў «Нашай Ніве» 11 траўня 1907 году. Улетку таго ж году ў «Нашай Ніве» зьяўляюцца й іншыя творы Купалы. Яго раньнім вершам уласьцівае падабенства да фальклёру й беларускай паэзіі XIX стагодзьдзя.
На працягу 1906—1907 гадоў пішуцца паэмы «Зімою», «Нікому», «Адплата каханьня», 18 сьнежня 1908 году «Наша Ніва» публікуе паэму «У Піліпаўку». У тым жа годзе скончана праца над паэмамі «Адвечная песьня» і «За што?». Тэмаю гэтых твораў стала сацыяльная несправядлівасьць ды прыгнёт.
Віленскі і пецярбурскі пэрыяды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Восеньню 1908 году Купала пераяжджае ў Вільню, дзе супрацоўнічае з рэдакцыяй «Нашай Нівы». У віленскі пэрыяд узьнікаюць шмат шырокавядомых потым вершаў — «Маладая Беларусь», «Заклятая кветка», «Адцьвітаньне» ды іншыя, некаторыя зь іх друкуе «Наша Ніва».
У 1908 годзе ў Пецярбургу ў выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» выходзіць першы зборнік Купалы пад назвай «Жалейка». У кастрычніку таго ж году санкт-пецярбурскі камітэт па справах друку пры міністэрстве ўнутраных справаў вырашае канфіскаваць зборнік як антыдзяржаўны і прыцягнуць аўтара і выдавецтва да адказнасьці. Цаною нямалых клопатаў арышт з кнігі быў зьняты, аднак у 1909 годзе наклад кнігі паўторна канфіскаваны па загадзе віленскага генэрал-губэрнатара Кршывіцкага. Каб не зашкодзіць афіцыйнай рэпутацыі «Нашай Нівы», Купала кідае працу ў рэдакцыі.
У сьнежні 1909 году Купала падаецца ў Пецярбург. Там ён ад 1909 да 1913 году вучыцца на курсах Аляксандра Сяргеевіча Чарняева пры Пецярбурскім унівэрсытэце, дзе выкладалі вядомыя пецярбурскія вучоныя[4]. 8 ліпеня 1910 году[Крыніца?] асобнай кніжкай выходзіць паэма Купалы «Адвечная песьня», а 13 кастрычніка 1910 году[8] — другі яго зборнік «Гусьляр». У зьмешчаных у зборніку вершах гучаць заклікі да абуджэньня нацыянальнай годнасьці ды змаганьня за волю, але ж вершы з адкрытымі заклікамі да паўстаньня («Зваяваным» і іншыя) былі выкрэсьленыя са зборніку перад выданьнем, каб пазьбегнуць цэнзуры. У траўні 1910 году завершаная паэма «Курган», а ў жніўні таго ж году — драматычная паэма «Сон на кургане», адзін з найбольш значных твораў паэта, сымбалічная выява беднаснага становішча ў тагачаснай Беларусі, спроба вылучыць яго глыбінныя прычыны. Асобным выданьнем паэма выйшла ў 1912 годзе там жа, ў Пецярбургу.
У 1911—1913 гадох Купала ўлетку наведвае маці й сясьцёр у Беларусі, у фальварку Акопы. 3 чэрвеня 1912 году ён завяршыў свой першы сцэнічны твор — камэдыю «Паўлінка», якая ў наступным годзе была выдадзена ў Пецярбургу, а потым і пастаўлена на сцэне — спачатку ў Пецярбургу, потым у Вільні, нарэшце летам 1913 году ў Радашковічах. На спэктаклях прысутнічаў сам аўтар. У чэрвені 1913 году там жа, ў Акопах, завершана гістарычная паэма «Бандароўна», сьледам за ёю — паэмы «Магіла льва», «Яна і я», а таксама сцэнічны жарт «Прымакі».
Вясной 1913 году быў выдадзены трэці зборнік Купалы — «Шляхам жыцьця». У вершах, што склалі гэты зборнік, у адрозьненьне ад папярэдніх двух, прыметны значны ўплыў эстэтыкі мадэрну й сымбалізму. Сярод іншых твораў у зборніку была зьмешчана драматычная паэма «На папасе».
Верасьнем 1913 году датуецца цэнтральны твор у дарэвалюцыйнай творчай спадчыне Купалы — драма «Раскіданае гняздо». Ў ёй на прыкладзе адной сялянскай сям’і, якая застаецца безь зямлі й прытулку, адлюстраваная трагедыя беларускага народу. Купала ставіць перад сваімі героямі праблему выбару: вечнаму маўкліваму трываньню ды прыстасаваньню да абставінаў супрацьпастаўляецца ўтапічная ідэя «вялікага сходу», як адзіны паратунак ад несправядлівасьці. П’еса была пастаўлена на сцэне толькі ў 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі, а надрукавана яшчэ пазьней — у 1919 годзе ў Вільні.
Увосень 1913 году Купала вяртаецца ў Вільню, дзе спачатку працуе сакратаром Беларускага выдавецкага таварыства, а потым ізноў супрацоўнічае з «Нашай Нівай». З 7 сакавіка 1914 году газэта выходзіць за подпісам Купалы як рэдактара. Адначасова ён дапамагае Максіму Багдановічу ды Канстанцыі Буйло ў выданьні зборнікаў іх паэзіі.
Гады вайны і акупацыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У жніўні 1914 году пачынаецца першая сусьветная вайна, і Купала зь верасьня па сьнежань 1914 году працуе над цыклям антываенных вершаў «Песьні вайны». Таксама ён піша артыкулы ў «Нашай Ніве», накіраваныя супраць вайны. За артыкул «Думкі» Купала меўся быць прыцягнуты да судовай адказнасьці, але з прычыны набліжэньня фронту да Вільні ды пачатку эвакуацыі суд не адбыўся. У верасьні 1915 году Купала пераяжджае зь Вільні ў Акопы.
У канцы верасьня 1915 году ён едзе ў Маскву, там вучыцца ў Народным унівэрсытэце імя А. Л. Шаняўскага. Там жа ён 23 студзеня 1916 году жэніцца з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч ды пераяжджае ў Менск. У студзені 1916 году Купала прызываецца ў армію, трапляе ў дарожна-сапёрны атрад, які знаходзіўся ў Менску, а летам таго ж году быў пераведзены ў Полацак. Час нямецкай акупацыі правёў у Смаленску. З 1916 да восені 1918 году ніводнага твора ён не напісаў. У кастрычніку-сьнежні 1918 году стварае нізку вершаў-заклікаў, якая стане яго водгукам на падзеі тых гадоў — рэвалюцыі, акупацыі, абвяшчэньне БНР: «Час!», «На сход!», «Пчолы», «Званы» і іншыя. Атрымлівае пасьведчаньне грамадзяніна Беларускай Народнай Рэспублікі за №1042[9].
Купала вяртаецца ў Менск у студзені 1919 году. Ён піша новыя вершы і друкуе шматлікія артыкулы на тэмы нацыянальнага адраджэньня ды змаганьня за волю, адначасова перакладае на беларускую мову «Слова пра паход Ігараў». 24 чэрвеня 1920 году быў наладжаны банкет з нагоды 15-годзьдзя літаратурнай творчасьці Купалы. На ім паэт выступіў з прамовай, тэкст якой да 1988 году ня быў апублікаваны.
Пачатак 20-х гадоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатку 20-х гадоў, пасьля абвяшчэньня БССР, Купала працуе намесьнікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасьветы БССР, рэдагуе часопіс «Вольны сьцяг», дапамагае ўтварэньню Інстытута беларускай культуры, сапраўдным чальцом якога быў абраны ў 1922 годзе (па ўтварэньні на базе Інбелкульту Акадэміі навук у 1928 годзе Купала стаў акадэмікам). У сакавіку 1921 году Янка Купала быў пад хатнім арыштам. У яго на кватэры быў зроблены ператрус, а архіў адвезены ў ГПУ[10]. У 1922 годзе выходзіць зборнік «Спадчына», які складаецца як з новых вершаў, так і са створаных падчас першай сусьветнай вайны. Вершы «Паўстань з народу нашага, прарок…» і «Жыды!» былі выдаленыя са зборніку з цэнзурных меркаваньняў. У 1923 годзе падрыхтаваў літаратуразнаўчы слоўнік «Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва», які ўвайшоў у сэрыю «Беларускай навуковай тэрміналёгіі», выдаванай Інбелкультам.
24 студзеня 1922 году зьяўляецца верш «Перад будучыняй», а за ім — верш «Пазвалі вас…» У гэтых вершах Купала выказвае сваё стаўленьне да бальшавікоў і заклапочанасьць бягучай сытуацыяй. Абодва творы былі забароненыя. Першы нумар толькі што заснаванага часопісу «Адраджэньне», у якім быў надрукаваны верш «Перад будучыняй», быў канфіскаваны.
31 жніўня 1922 году ў Акопах Купала завяршае працу над трагікамэдыяй «Тутэйшыя» — іранічнай панарамай гарадзкога жыцьця акупацыйных часоў. Афіцыйная крытыка абвінавачвае аўтара ў «дробнабуржуазным народніцтве» ды «супрацьстаўленьні сябе пралетарскай дыктатуры». У тым жа 1922 годзе разам зь іншымі беларускімі паэтамі ўдзельнічае ў спробе стварыць літаратурную суполку пад назвай «Вір». Калі ДПУ пачало праверку будучых членаў суполкі, то амаль усе яны атрымалі адмоўныя характарыстыкі, у тым ліку Купала быў названы «беларускім пісьменьнікам-шавіністам». Суполку забаранілі.
У 1924 годзе друкуе паэму «Безназоўнае», у якой усхваляе барацьбу за незалежнасьць папярэдніх гадоў і заклікае не спыняць змаганьня, замацоўваць ужо дасягнутае і пакінуць пасьля сябе цалкам вольную Беларусь. У 1925 годзе паэт атрымлівае тытул Народнага паэта БССР. Летам 1926 году ў часопісе «Полымя», што прыйшоў на зьмену «Адраджэньню», была надрукаваная нізка вершаў, многія зь якіх былі пратэставымі і трапілі пад строгую забарону: «Царскія дары», «Каб», «Акоў паломаных жандар…» і іншыя.
Канец 20-х і 30-я гады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1927 годзе Купала выступае ініцыятарам стварэньня літаратурнае суполкі «Полымя», якая аб’яднала пісьменьнікаў-«адраджэнцаў». 7 лістапада 1927 году беларускія газэты друкуюць паэму Купалы «З угодкавых настрояў», прысьвечаную 10-годзьдзю кастрычніцкага перавароту. У паэме ўхваляюцца падзеі кастрычніка 1917 году з надзвычай вялікім патасам, празь які праглядае яўная насьмешка.
Падчас візыту ў Чэхаславаччыну ў 1927 прадстаўнік эміграцыйнага ўраду БНР патаемна прапанаваў Купалу палітычны прытулак у Чэхіі. Паэт адмовіўся, спаслаўшыся на сваякоў у Беларусі[Крыніца?][11].
У наступныя гады пачынаецца хваля рэпрэсіяў сярод творчай інтэлігенцыі, і Купала, як і шмат іншых беларускіх ды расейскіх паэтаў, прымушаны пісаць на замову ўлады ўхвальныя вершы на тэмы «будаўніцтва сацыялізму». Ён шмат разоў выклікаўся на допыты па справе контрарэвалюцыйнай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусі» (СВБ), якая ў рэальнасьці не існавала. 20 лістапада 1930 году, ня вытрымаўшы зьдзекаў, Купала робіць спробу самагубства, але застаецца жывы. 21 лістапада першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі Канстантын Гей запатрабаваў «дабіцца» ад Купалы «выступленьня з асуджэньнем усіх сваіх твораў» і «арыштаваных па справе „СВБ“»[12]. 22 лістапада ў лісьце да старшыні Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай ССР Аляксандра Чарвякова Купала заявіў: «Я ў ніякай контрарэвалюцыйнай арганізацыі ня быў», і прасіў «рэабілітаваць мяне», вырваўшы «верш, зьмешчаны ў зборніку»[13][14]. Лежучы ў шпіталі, канчаткова зломлены, падпісвае г. зв. «Адкрыты ліст Я. Купалы» з адрачэньнем ад нацыянальнай ідэі. У гэтым лісьце, надрукаваным у газэце «Зьвязда» 14 сьнежня 1930 году[15], Купала «шчыра» раскайваецца ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці, у сваёй ідэйна-натхняючай ролі ў беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху. У 1935 годзе Купала разам з дэлегацыяй савецкіх журналістаў і пісьменьнікаў наведвае Славаччыну, у прыватнасьці маляўнічае мястэчка Сьвяты Юр.
Творчасьць Купалы 30-х гадоў складаецца з прасавецкіх вершаў ды артыкулаў, пазбаўленых мастацкае вартасьці, апроч цыклю вершаў 1935 году, створанага ў вёсцы Ляўкі («Сонцу», «Лён», «Дарогі» і іншыя), паэмы «Над ракою Арэсай» (1933), прысьвечанай калектывізацыі, паэмы «Барысаў» (1934) і паэмы «Тарасова доля» (1939) памяці Тараса Шаўчэнкі. У лістападзе 1937 г., акурат пасьля «Вялікага расстрэлу», Купала напісаў 8 слупкоў верша да 20-ай гадавіны кастрычніцкага перавароту 1917 году ў Расеі пад пагрозай расстрэлу Якуба Коласа і сваякоў[16]. Зь вершаў 30-х гадоў быў складзены зборнік «Ад сэрца» (1940), за які Купала ў 1941 годзе атрымаў Сталінскую прэмію ў галіне літаратуры і мастацтва.
Апошнія гады жыцьця
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Другая сусьветная вайна застала Купалу ў Коўне, дзе 22 чэрвеня 1941 году ён спыніўся па дарозе з Рыгі, вяртаючыся са зьезду пісьменьнікаў савецкай Латвіі. Забраўшы зь Менску жонку, пісьменьнік зьехаў у Маскву, а адтуль напрыканцы кастрычніка эвакуяваны ў Пячышчы (Татарстан). Ён стварае шэраг вершаў — зваротаў да свайго народу, у якіх заклікае да барацьбы з акупантамі: «Беларускім партызанам», «Зноў будзе шчасьце мець і волю…», «Паўстаў народ…» і іншыя.
4 чэрвеня 1942 году Купала быў раптоўна выкліканы ў Маскву тэлеграмай ад старшыні Саўнаркаму БССР І. С. Былінскага. 28 чэрвеня ў Маскве Купала трагічна загінуў, упаўшы зь лесьвіцы ў гатэлі «Масква». Паэт быў пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках, а праз 20 гадоў яго прах быў перавезены ў Беларусь. Цяпер магіла Янкі Купалы знаходзіцца на Вайсковых могілках у Менску, побач з магілай Якуба Коласа. Тамсама знаходзіцца й магіла маці паэта Бянігны Іванаўны, якая памерла ў акупаваным Менску, перажыўшы сына на два дні[11].
Вэрсіі гібелі паэта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная вэрсія — няшчасны выпадак. Па заключэньні сьледчых, паэту зрабілася блага (паводле іншых зьвестак, ён быў у стане алькагольнага ап’яненьня), ён абапёрся на парэнчы, але не ўтрымаўся, перакуліўся празь іх і зваліўся ў лесьвічны пралёт.
- Другая вэрсія — забойства, справа рук НКВД. Ніякіх дакумэнтальных пацьвярджэньняў гэтаму няма, але шмат хто з дасьледнікаў прытрымліваецца гэтай вэрсіі. Ускосным пацьверджаньнем гэтага можна лічыць хіба тое, што ніякага грунтоўнага высьвятленьня абставінаў гібелі Купалы не праводзілася — кіраўнікі партыі толькі абвясьцілі: «Напіўся ды ўпаў…». У любым выпадку, у дасьледнікаў у 1960-х гадох так і не атрымалася знайсьці матэрыялаў крымінальнай справы пра сьмерць Янкі Купалы.
- Апошняя вэрсія — самагубства. Дэпрэсія, у якой знаходзіўся паэт, таксама магла аказаць вялізны ўплыў на ягоны псыхічны стан, тым болей, што паэт раней ужо рабіў спробу самагубства ў 1930 годзе.
Галоўнаю прычынаю ўсіх трох вэрсіяў сьмерці Янкі Купалы маглі стаць чуткі пра прысваеньне ў акупаваным Менску адной з вуліцаў імя Івана Луцэвіча. Ціск НКУС і пастаянныя даносы на паэта пра ягоныя сувязі з нацыстамі, падагрэтыя гэтымі чуткамі, уплывалі на псыхалягічны стан паэта і маглі стацца прычынаю забойства. Хоць насамрэч менская вуліца была названая ў гонар Івана Луцкевіча. А вуліца імя Янкі Купалы магла зьявіцца ў Менску яшчэ да вайны, аднак тагачасны сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка выкрасьліў з партыйнай пастановы прозьвішча паэта, унесенае з фармулёўкай «на прапанову працоўных»[11].
Літаратурная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адносна непрацяглы дарэвалюцыйны пэрыяд творчай актыўнасьці Янкі Купалы (1907—1913 гг.) зьяўляецца найбольш плённым ў ягонай літаратурнай біяграфіі. Менавіта ў гэтыя гады выходзіць тры зборнікі вершаў («Жалейка», 1908; «Гусьляр», 1910 і «Шляхам жыцьця», 1913) і тры з чатырох яго драматычных твораў (п’есы «Паўлінка», 1912; «Прымакі», 1913; «Раскіданае гняздо», 1913).
У гэты ж час Купала стварае трынаццаць з 18 сваіх паэмаў. Умоўна Купалавы паэмы гэтага пэрыяду падзяляюць на раньнія («Зімою», «Нікому», «Калека», «Адплата каханьня», усе 1907 г.), фальклёрна-рамантычныя («Курган», 1910; «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», усе 1913 г.), драматычныя («Адвечная песьня», 1908; «Сон на кургане», 1910; «На папасе», 1913) і апавядальныя («У Піліпаўку», «За што?», абедзьве 1908 г.).[17]
Асэнсаваньнем неадназначных лёсавызначальных падзеяў у жыцьці беларускага грамадзтва ў першыя пасьлярэвалюцыйныя гады прасякнуты зборнік вершаў «Спадчына» (1922), трагікамэдыя «Тутэйшыя» (1922), рамантычная паэма «Безназоўнае» (1924), лірыка-публіцыстычная паэма «З угодкавых настрояў» (1927).
Апошнія паэмы Купалы «Над ракою Арэсай» (1933), «Барысаў» (1934), «Тарасова доля» (1939) і зборнік вершаў «Ад сэрца» (1940) сталі сьведчаньнем трагічнага спыненьня творчага ўздыму паэта, пазбаўленага магчымасьці ствараць свабодна.
Значную частку літаратурнай спадчыны Янкі Купалы ўтварае ягоны перакладчыцкі набытак. Зь пяці моваў (расейскай, украінскай, польскай, францускай і нямецкай) Купала пераклаў 92 творы 36 аўтараў (у тым ліку 9 невядомых), зь іх 71 верш, 15 паэмаў ці ўрыўкаў зь іх, опэрнае лібрэта «Галька» С.Манюшкі, драму «Эрас і Псіха» Е. Жулаўскага і інш. Найчасьцей зьвяртаўся да творчасьці Т.Шаўчэнкі (пераклаў 26 твораў), М.Канапніцкай (12), М.Някрасава (6), А.Міцкевіча (5) і Ул. Сыракомлі (5).[18] Дзякуючы Купалу па-беларуску загучалі «Слова аб палку Ігаравым» (прозай і вершам), «Інтэрнацыянал», паэма А.Пушкіна «Медны коньнік» ды іншыя творы.
Творы Купалы перакладзены на 117 моваў сьвету.
Значэньне творчасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2012 год паводле вершаў Янкі Купалы стварылі звыш 200 сьпеўных твораў[19].
Купала — творца сусьветнай значнасьці, які шлях да унівэрсуму пракладаў праз роздум пра лёс Бацькаўшчыны. Прагнозы Купалы, на жаль, спраўджваліся: ён прадказваў фашызм, таталітарызм, панаваньне крывавых дэспатаў, папярэджваў пра ўзмацненьне энтрапіі і разладу, якія штурхаюць цывілізацыі на аблудны шлях. | ||
[Янка Купала] валодаў магутным і яркім талентам ідэйна-эстэтычнага абагульненьня. У яго творах глыбокае рэалістычнае адлюстраваньне рэчаіснасьці пераплятаецца з высокімі ўзьлётамі рамантычнае фантазіі, лятунковымі духоўна-ірацыянальнымі азарэньнямі героя. Яны ўслаўляюць сацыяльна-маральныя асновы і прынцыпы, спосабы і формы жыцьцядзейнасьці беларусаў у кантэксьце глябальных быційных працэсаў і пераўтварэньняў першае паловы ХХ стагодзьдзя. Лірыка і эпас Янкі Купалы адлюстравалі характэрныя асаблівасьці нацыянальна-гістарычнага лёсу беларускага народа, яго духоўнага сьветапогляду, інтарэсаў і памкненьняў. Яны скіраваныя да раскрыцьця глыбіняў чалавечага духу, яго ўзаемадзеяньня са сьветам сацыяльнае прыроды і грамадзкага разьвіцьця, да выяўленьня складанай і супярэчлівай філязофіі жыцьця на зямлі. | ||
Самае дарагое ў Купалы для мяне — гэта невынішчальная самакрытычнасьць. Уся творчасьць Купалы дапамагае нам адшукаць тую запаветную дарогу, па якой мы павінны далёка зьнесьці сваё нацыянальнае гора, зьнесьці Мікіту Зноска. Купала — самы яскравы выразьнік беларускае нацыянальнае мэнтальнасьці. | ||
Ушанаваньне памяці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дасьледаваньню жыцьця і творчасьці, захаваньню літаратурнай спадчыны беларускага песьняра прысьвечана праца Літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Менску, філій музэю ў Вязынцы, Ляўках, Харужынцах (філіял «Акопы»), Яхімоўшчыне, дзейнасьць Міжнароднага фонду Янкі Купалы.
Імём Янкі Купалы названыя Інстытут мовы і літаратуры Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі (разам з імём Якуба Коласа), Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1957 г.), вуліца, парк і станцыя мэтро ў Менску, мэмарыяльныя запаведнікі ў Вязынцы і Ляўках, Купалаўскі заказьнік у ваколіцах Акопаў, праспэкт у Горадні. У 1959 годзе пачала прысуджацца Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы (ад 1965 году прэмія мае статус дзяржаўнай).
2 ліпеня 1942 году была прынятая пастанова аб прысваеньні Беларускаму дзяржаўнаму унівэрсытэту імя Янкі Купалы. Пастанова так і не была ажыцьцёўленая, хоць дасюль і не адмянялася[11].
Папулярызацыю ведаў пра жыцьцё і творчасьць першага народнага паэта Беларусі маюць на мэце Купалаўскія чытаньні. За апошнія гады чытаньні сталі галоўным прафэсійным форумам для абмеркаваньня навуковых дасягненьняў і праблемаў купалазнаўства.
У дзень нараджэньня паэта ў 2012 годзе Google зьмяніла свой лягатып на Doodle з партрэтам Купалы для карыстальнікаў зь Беларусі і беларускай вэрсіі пашукавіка.[23]
Помнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Помнік у Радашкавічах, цырымонія адкрыцьця (скульптары Л. і М. Рабэрманы, архітэктар Л. Рымінскі, 1957 г., у 1982 годзе з-за нетрываласьці матэрыялаў заменены на помнік па скульптуры А. Глебава)[24]
- Помнік у Радашкавічах (скульптар А. Глебаў, 1982 г.)
- Помнік у Ляўкі
- Памятная дошка на доме ў Санкт-Пецярбургу, дзе ў 1909—1913 гг. жыў паэт
- Помнік у Гданьску
- Памятны знак ў ізраільскім горадзе Ашдодзе (беларуская мова)
- Памятны знак ў ізраільскім горадзе Ашдодзе (іўрыт)
Янка Купала на памятных мэдалях
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памятны мэдаль, прысьвечаны 90-м угодкам Янкі Купалы, авэрс (Я. Раманоўскі, таніраваны сілумін, 1972, Менск)
- Памятны мэдаль, прысьвечаны 90-м угодкам Янкі Купалы, рэвэрс (Я. Раманоўскі, таніраваны сілумін, 1972, Менск)
Янка Купала на значках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памятны значок, прысьвечаны 80-м угодкам Янкі Купалы
(1962, Менск) - Памятны значок, прысьвечаны 80-м угодкам Янкі Купалы
(1962, Менск) - Памятны значок, прысьвечаны 90-м угодкам Янкі Купалы
(Г.Максімаў, 1972, Менск) - Памятны значок, прысьвечаны 90-м угодкам Янкі Купалы (1972)
- Памятны значок, прысьвечаны адкрыцьцю ў Ароў-парку (Манро, штат Нью-Ёрк) помнікаў Я.Купалу, Ў.Ўітмэну, А.Пушкіну і Т.Шаўчэнку
(1973, ЗША) - Памятны значок
(Г.Максімаў, 1977—1981, Менск) - Значок, прысьвечаны 110-м угодкам Янкі Купалы
(Г.Максімаў, 1992, Рыга, Латвія) - Значок, прысьвечаны музэю Янкі Купалы
(1992, Рыга, Латвія) - Значок, прысьвечаны 110-м угодкам Янкі Купалы і Вязынцы (1992)
Янка Купала на манэтах
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Памятная манэта Цэнтральнага банка Расеі, прысьвечаная 110-м угодкам Купалы (1992)
- Памятная манэта Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, прысьвечаная 120-м угодкам Купалы (2002)
Янка Купала на марках
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Марка пошты СССР, прысьвечаная Янку Купалу (1957)
- Марка пошты СССР, прысьвечаная 80-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа (1962)
- Паштовая марка, прысьвечаная 120-м угодкам Купалы (Беларусь, 2002)
Бібліяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Зборнікі вершаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Жалейка» (1908)
- «Гусьляр» (1910)
- «Шляхам жыцьця» (1913)
- «Спадчына» (1922)
- «Безназоўнае» (1925)
- «Адцьвітаньне» (1930)
- «Песьня будаўніцтву» (1936)
- «Беларусі ардэнаноснай» (1937)
- «Ад сэрца» (1940)
- «Беларускім партызанам» (1942)[27]
Паэмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Зімою» (1907)
- «Нікому» (1907)
- «Калека» (1907)
- «Адплата каханьня» (1907)
- «У Піліпаўку» (1908)
- «За што?» (1908)
- «Адвечная песьня» (1908)
- «Курган» (1910)
- «Сон на кургане» (1910)
- «На куцьцю» (1911)
- «На Дзяды» (1911)
- «Бандароўна» (1913)
- «Магіла льва» (1913)
- «Яна і я» (1913)
- «На папасе» (1913)
- «Безназоўнае» (1924)
- «З угодкавых настрояў» (1927)
- «Над ракою Арэсай» (1933)
- «Барысаў» (1934)
- «Тарасова доля» (1939)[28]
П’есы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Паўлінка» (1912)
- «Прымакі» (1913)
- «Раскіданае гняздо» (1913)
- «Тутэйшыя» (1922)[29]
У кіно
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Купала» (2020) — фільм пра Янку Купалу, у якім празь лёс паэта апавядаецца пра забарону беларускай мовы ўладамі Расейскай імпэрыі, зьнішчэньне беларускай інтэлігенцыі ў СССР, дэпартацыю беларусаў савецкімі ўладамі ды русіфікацыю краіны
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу] Крыніцы тэкстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Дасьледаваньні жыцьця і творчасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
| Артыкулы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ Janka Kupala // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Уладзімер Конан. Жанр малітвы ў паэзіі Янкі Купалы // Наша вера : Часопіс. — 2004. — № 2 (28).
- ^ а б Купала Янка // Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелЭн, 1998. ISBN 985-11-0108-7.
- ^ Купала Янка // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — ISBN 985-11-0277-6
- ^ Анатоль Кляшчук. Радашковіцкія куранты // Зьвязда : газэта. — 18 траўня 2012. — № 93 (27208). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Янка Купала // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. С. 317
- ^ Александровіч, С. Пуцявіны роднага слова (бел.).
- ^ Ларыса Цімошык, Вольга Мядзьведзева. Вопыт і ўрокі гісторыі: БНР як нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасьці // Зьвязда : Газэта. — 26 сакавіка 2013. — № 55 (27420). — С. 1, 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Міхась Скобла (7 ліпеня 2002) Віталь Скалабан: “Янка Купала яшчэ ў 1921 годзе быў пад хатнім арыштам”. Радыё Свабода.
- ^ а б в г Васючэнка, Пятро; Кастусь Лашкевіч (7 ліпеня 2007) Купала прадказаў таталітарызм і глабалізацыю. «Труд-7». Праверана 8 лютага 2009 г.
- ^ Канстантын Гей. Аб пакушэнні Янкі Купалы на самазабойства // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 281. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
- ^ Глеб Лабадзенка. 80 гадоў таму Янка Купала зрабіў харакіры // Жырандоля. — 20 лістапада 2010. — № 27 (115). — С. 5.
- ^ Тэкст ліста ў Вікікрыніцах
- ^ Янка Купала. Ідэйна і арганізацыйна парываю з беларускім нацыянал-дэмакратызмам // На крутым павароце / Расьціслаў Платонаў. — Менск: БелНДІДАС, 1999. — С. 305-307. — 385 с. — 100 ас. — ISBN 985-6099-48-x
- ^ Пётра Садоўскі. Кніга пра мяне // Беларуская Салідарнасьць, 27 сьнежня 2013 г. Праверана 3 студзеня 2014 г.
- ^ Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Паэма». — Мн., БелСЭ, 1986. — С.469.
- ^ Энцыклапедычны даведнік «Янка Купала». Артыкул «Пераклады Янкі Купалы». — Мн., БелСЭ, 1986. — С.472.
- ^ Міхась Шавыркін. Явар і каліна // Зьвязда : газэта. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Пятро Васючэнка. Ад тэксту да хранатопу. Артыкулы, эсэ, пятрогліфы.. — Менск: 2009. — С. 18.
- ^ Мікола Мікуліч На іржышчы часу... // Літаратура і мастацтва. — Менск: 2012. — В. 16 лістапада. — № 46. — С. 6. — ISSN 0024-4686.
- ^ Пінігін: «Састарэлыя дэкарацыі ў «Тутэйшых» - гэта хлусьня» Радыё Свабода Праверана 1 траўня 2013 г.
- ^ Google святкуе юбілей Янкі Купалы — фота // Наша Ніва, 7 ліпеня 2012 г. Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- ^ Янка Купала ў выяўленчым мастацтве.1882—2002 / Каталёг твораў выяўленчага мастацтва Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы. — Мн., 2003. — С. 77—81.
- ^ а б Медалі купалаўскія // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 389.
- ^ Л. Банькоў Значкі купалаўскія // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 252.
- ^ Першыя выданьні зборнікаў паэзіі Янкі Купалы // Беларускі навукова-дасьледніцкі цэнтар электроннай дакумэнтацыі Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- ^ Першыя выданьні паэмаў Янкі Купалы // БелНДЦЭД Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- ^ Першыя выданьні п’есаў Янкі Купалы // БелНДЦЭД Праверана 26 сакавіка 2013 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы артыкула: |
- Twitter-старонка навінаў і спасылкаў аб Янку Купалу Праверана 17 студзеня 2022 г.
- Вершы Янкі Купалы // Сайт «Родныя Вобразы» Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- Цытаты Янкі Купалы // Сайт «Dumki.org» Праверана 08 верасьня 2015 г.
- Класік сусьветнай літаратуры Янка Купала // БелНДЦЭД Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- Вершы Я. Купалы ў перакладзе на ангельскую мову
- Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы і яго філіі
- Анатоль Сідарэвіч. Вечна жывы Купала // ARCHE Пачатак : Часопіс. — 2002. — № 3 (23). — ISSN 1392-9682.
- Уладзімер Някляеў. Шлях // Дзеяслоў : Часопіс. — Травень-чэрвень 2007. — № 3 (28). — ISSN 2076-1309.
- Сяргей Дубавец, газэта «Свабода». Янка Купала. Нараджэньне і сьмерць паэта // Наша Ніва, 6 ліпеня 2007 г. Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- Уладзімер Ліпскі. Янкаў вянок // Культура : Газэта. — 6 ліпеня 2007. — № 27 / 793.
- Міхась Скобла. Купала Янка і лаянка // Радыё «Свабода», 13 сьнежня 2011 г. Праверана 26 сакавіка 2013 г.
- Сяргей Чыгрын. Янка Купала — неба беларускае нацыі // Czasopis : Часопіс. — Травень 2012. — № 5. — С. 46-47. — ISSN 1230-1876.
- Я. Купала і Я. Колас. Мэдалі // Культурна-асьветны клюб «Спадчына» Праверана 26 сакавіка 2013 г.
|