Беларусы ў Вялікабрытаніі

Беларусы Вялікабрытаніі — супольнасць, якая складаецца з мігрантаў-беларусаў і грамадзян Злучанага Каралеўства беларускага паходжання.

У 2001 годзе ў Вялікабрытаніі падчас перапісу налічвалася 1154[1] беларусаў, гісторык Наталля Гардзіенка ацэньвае агульную колькасць беларусаў Вялікабрытаніі — 5000[2]. Працавалі беларускія грамадскія цэнтры ў Лондане, Манчэстэры і Брэдфардзе, таксама было некалькі рэлігійных цэнтраў. Станам на пачатак 2016 года актыўнае беларускае грамадскае жыццё ёсць толькі ў Лондане.

Гісторыя і дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Табліца ў памяці беларусаў аддаўшых сваё жыццё ў барацьбе з нацызмам на востраве Джэрсі

На думку даследчыка Наталлі Гардзіенкі, першая хваля іміграцыі з Беларусі ў Вялікабрытанію адбылася ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Значная хваля беларускай эміграцыі ў Вялікабрытанію ўзнікла пасля ІІ сусветнай вайны. Аснову эміграцыі склалі беларусы, якія ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях саюзнікаў у складзе Другога корпуса арміі Андэрса. Паводле ацэнак, пасля вайны ў Вялікабрытанію ў агульнай складанасці эмігрыравала каля 10 да 15 тысяч беларусаў. Значная частка з іх пазней эмігравала ў іншыя краіны.

У 1947 заснавана Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ) з аддзеламі ў Лондане (1947), Брэдфардзе (1948), Манчэстэры (1948) і Бірмінгеме (1952). Праз давераных прадстаўнікоў ЗБВБ праводзіла работу ў Кембрыджы, Нотынгеме, Лідсе, Ковентры. У 1948 заснавана Хрысціянскае аб’яднанне беларускіх работнікаў у Вялікабрытаніі (ХАБР), Згуртаванне беларускіх камбатантаў, Беларускае хрысціянскае акадэміцкае аб'яднанне «Жыццё», Беларускі незалежніцкі народна-хрысціянскі рух, Саюз журналістаў. У 1949 створаны Каардынацыйны цэнтр беларускіх арганізацый у Вялікабрытаніі, які ўзгадняў культурную і грамадскую працу, наладжваў сувязі з сародзічамі ў іншых краінах.

Пасля легалізацыі ЗБВБ (1948) беларусы атрымалі ліцэнзію на стварэнне ўласных прадпрыемстваў. Былі адчынены бюро па перасылцы паштовых пасылак, стаматалагічная лабараторыя, фотастудыя. У 1948 беларусы купілі ў Лондане дом, дзе размясціліся рэдакцыі іх часопісаў і газет, бібліятэка, архіў, праводзіліся сходы, лекцыі, святкаванні нацыянальных угодкаў, працавала нядзельная школа. У 1949 пачаў дзейнасць беларускі клуб у Манчэстэры. На сабраныя грошы набыты дамы ў Брэдфардзе (1952) і Манчэстэры (1954), якія сталі цэнтрамі беларускага жыцця. У 1963 пры ЗБВБ заснавана дапамогавая секцыя, якая мае аўтаномію, кіруецца асобным статутам і распараджаецца фондам (папаўняецца сродкамі з касы ЗБВБ і ахвяраваннямі прыватных асоб). Фонд зарэгістраваны брытанскімі ўладамі і вызвалены ад падаткаў, што дае магчымасць фінансаваць працу замежных даследчыкаў у галіне беларусазнаўства, сельскай гаспадаркі, эканомікі, палітыкі, выплачваць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі, якія стажыруюцца ў ВНУ Вялікабрытаніі, аказваць дапамогу ахвярам Чарнобыля на Бацькаўшчыне. У 1964 у Беларускім доме ў Лондане адкрыты Беларускі юнацкі клуб, які аказваў моладзі дапамогу ў вучобе, працавала дадатковая школа для дзяцей, танцавальны гурток. У 1970 у Брэдфардзе адкрыты грамадскі клуб «Сакавік», які разам з брэдфардскім аддзяленнем ЗБВБ займаўся культурнай і грамадскай працай.

Беларуская бібліятэка ў Лондане

Цэнтрамі навукова-культурнага жыцця ў Вялікабрытаніі сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства (АБТ), якія ўзаемадзейнічаюць у арганізацыі і правядзенні семінараў, навуковых канферэнцый, выставак, літаратурных вечарын і інш. 3 нагоды 60-х угодкаў БНР у маі 1978 у Лондане дзейнічала Беларуская замежная пошта.

Значную ролю ў духоўным і культурным жыцці беларусаў Вялікабрытаніі адыгрывае царква. Місіі Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы існуюць у Лондане, Манчэстэры, Брэдфардзе, Нотынгеме, Кембрыджы. У 1947 створана Беларуская каталіцкая місія. Пры Доме марыянаў у Лондане дзейнічае царква св. Пятра і Паўла, у 1961—75 тут працавала Беларуская школа Кірыла Тураўскага для хлопчыкаў. У 1989 у Лондане створаны Беларускі камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, які ўзначаліў айцец Аляксандр Надсан. У Лондане дзейнічае нядзельная школа св. Кірылы Тураўскага, а пры ёй бацькоўска-настаўніцкая асацыяцыя[3]. У 2015 годзе пачалося будаўніцтва царквы св. Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Апекуноў Беларускага Народа.

Выдавецкую дзейнасць ажыццяўляюць ЗБВБ, ХАБР, АБТ, Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны і інш. На беларускай мове выходзілі грамадска-палітычныя часопісы «Беларус на чужыне» (1947—50), «Аб'яднанне» (з 1948), «Патрыёт» (з 1949). Па-англійску выдаваўся «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў», 1965—88). Выходзілі часопісы царкоўныя «Божым шляхам» (1957—80), «Званіца» (1974), «На шляху» (1946—51), «Голас часу» (1989—95); маладзёжныя «Наперад» (1948—53), «Да мэты» (1948), сатырычны «Крапіва» (з 1949), бюлетэні «Змагар» (Згуртавання беларускіх камбатантаў, 1949—50), «Жыццё» (1948) і «Рунь» (Беларускае хрысціянскае акадэміцкае аб'яднанне, 1950), «Чарнобыль у Беларусі» (з 1992), камунікаты Беларускага выдавецкага фонду (1950), Беларускага незалежнага народна-хрысціянскага руху (1948—49). Выдаюцца «Камунікат ЗБВБ» (з 1946), «Веснік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1982).

Прафесійны саюз беларусаў у Вялікабрытаніі (PUBB) — лонданскі клуб беларускіх спецыялістаў, у асноўным тых, хто працуе ў лонданскім Сіці. Члены клуба ўключаюць у сябе банкіраў, кіраўнікоў інвестыцый, юрыстаў, бухгалтараў, спецыялістаў нафтавай галіны, навукоўцаў, архітэктараў і іншых спецыялістаў. Клуб быў створаны ў 2009 годзе для наладжвання асабістых, сацыяльных і бізнес сувязяў паміж беларускімі спецыялістамі, якія працуюць у Вялікабрытаніі, і іх сувязяў з Беларуссю і стварэння асяроддзя, якое спрыяе карыстанню беларускай мовы ў прафесійных колах Вялікабрытаніі. Клуб арганізуе штоквартальныя сустрэчы (часта з запрошанымі дакладчыкамі) і розныя імпрэзы.

Новазбудаваная царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Заступнікаў Беларускага Народа 24 лістапада 2016 г.

З пачатку існавання Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане ў 1947 годзе беларусы маліліся ў Марыйным доме, бо сваёй асобнай царквы тут не было. У 2016 годзе ўзведзена Царква Святога Кірылы Тураўскага і Усіх Святых Заступнікаў Беларускага Народа — драўляны грэка-каталіцкі храм у раёне Паўночны Фінчлі ў Лондане. Гэта першая беларуская грэка-каталіцкая царква, пабудаваная па-за межамі краіны.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Country-of-birth database. Organisation for Economic Co-operation and Development. Праверана 8 April 2010.
  2. http://budzma.org/foreign/natallya-hardziyenka-byelaruskaya-dyyaspara-w-vyalikabrytanii-z%e2%80%99yava-wnikalnaya-na-zakhadzye.html Архівавана 19 мая 2010. Наталля Гардзіенка: «Беларуская дыяспара ў Вялікабрытаніі — з'ява ўнікальная на Захадзе»](недаступная спасылка)
  3. zbsb.org
  • Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Наталля Гардзіенка; пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн.: Медысонт, 2010. — 620 с. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; кн. 18). ISBN 978-985-6887-63-8
  • Ляднёва А. Беларусы ў Вялікабрытаніі // Вялікабрытанія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4). С. 355