Вольга Піліпаўна Якушка
Вольга Піліпаўна Якушка | |
---|---|
Дата нараджэння | 18 сакавіка 1921 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 жніўня 2012 (91 год) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Бацька | Піліп Васілевіч Якушка[d] |
Род дзейнасці | географ |
Навуковая сфера | лімналогія і геаграфія |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар геаграфічных навук |
Навуковае званне |
|
Альма-матар | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды |
Вольга Піліпаўна Якушка (18 сакавіка 1921, Мінск — 21 жніўня 2012, Мінск) — беларускі географ і лімнолаг, доктар геаграфічных навук (1970), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980)[1].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бацька — Піліп Васілевіч Якушка, з сялян, брат архітэктара Герасіма Якушкі, таксама вучыўся на архітэктара, як інжынер-будаўнік браў удзел у вялікіх будоўлях першых савецкіх пяцігодак, у т.л. галоўнага корпуса БДУ (цяпер корпус геаграфічнага факультэта БДУ), Аршанскага льнокамбіната, апошняй чаргі Дома ўрада. Маці працавала ў бібліятэках Мінска.
У 1938 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы № 5 г. Мінска, нягледзячы на жаданне бацькі, каб дачка стала будаўніком або інжынерам, паступіла на геолага-глебава-геаграфічны факультэт БДУ і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць 3 курсы. Вайна заспела Вольгу Піліпаўну на вучэбнай практыцы на Каўказе, потым яна апынулася за Уралам, у Кургане, пасля даведалася, што бацька мабілізаваны на вялікую ваенную будоўлю ў раёне Куйбышава (Самары), і паехала да яго, жыла ў гарадку пры станцыі Безымянка, якая неўзабаве ператварылася ў буйны цэнтр аднаўлення авіяцыйных заводаў вывезеных з Масквы. Працавала на маторабудаўнічым заводзе № 24.
У 1943 годзе даведалася аб аднаўленні працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і вяртаецца на вучобу на станцыю Сходня пад Масквой. Гэтым часам знаёміцца з В. А. Дзяменцьевым, які чытаў курс фізічнай геаграфіі. В. А. Дзяменцьеў аказаў вялікі ўплыў на яе далейшую навуковую дзейнасць і лёс як навукоўца.
У 1945 годзе пасля вызвалення Мінска Вольга Філіпаўна адна з першых вяртаецца ў горад, дзе разам з выкладчыкамі і студэнтамі ўдзельнічае ў аднаўленні будынкаў універсітэцкага гарадка БДУ. У тым жа 1945 годзе скончыла геаграфічны факультэт з адзнакай[1], паступіла ў аспірантуру, якую скончыла ў 1948 годзе.
Пасля сканчэння аспірантуры, з 1948 года працуе выкладчыкам кафедры фізічнай геаграфіі геаграфічнага факультэта БДУ[1]. У1949 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму «Геамарфалогія паўднёвай часткі Мінскага ўзвышша». Уся далейшая Працоўная, навуковая і педагагічная дзейнасць В. П. Якушка звязана з універсітэтам, дзе яна за 40 гадоў прайшла шлях ад выкладчыка да доктара геаграфічных навук, прафесара.
У 1952 годзе была зацверджана ў вучоным званні дацэнта кафедры фізічнай геаграфіі.
У 1954 годзе стала членам геаграфічнага таварыства СССР. З 1995 па 1990 год-удзельнік усесаюзных з’ездаў геаграфічнага таварыства СССР.
На працягу многіх гадоў прафесар А. Ф. Якушка выконвала вялікую грамадскую працу. З 1959 па 1961 год абіралася дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працаўнікоў. З 1967 па 1971 год з’яўлялася дэпутатам Ленінскага раённага Савета дэпутатаў працаўнікоў г. Мінска. Таксама была членам партыйнага і прафсаюзнага камітэтаў універсітэта.
У 1970 годзе абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Гісторыя развіцця і сучасны стан азёр поўначы Беларусі» і становіцца першай у Рэспубліцы жанчынай-доктарам геаграфічных навук. У гэтым жа годзе была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна».
З 1970 па 1973 гады ўдзельнічала ў навукова-турыстычных паездках па краінах Усходняй Афрыкі: Танзанія, Замбія, Мадагаскар, Маўрыкій.
У 1972 годзе зацверджаны ў вучоным званні прафесара па кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін. У 1973 годзе арганізавала і ўзначаліла кафедру агульнага землязнаўства і навукова-даследчую лабараторыю возеразнаўства БДУ[1].
У 1976 годзе была ўдзельнікам міжнароднага паліналагічнага кангрэса ў Індыі (г. Лакхнау).
У 1978 годзе была камандзіраваная ў Люблянскі універсітэт для навуковай працы, пазней адправілася ў Сафійскі універсітэт для чытання лекцый. У 1979 годзе праводзіла навуковую працу ў Якуцкім універсітэце. У 1981 годзе была камандзіраваная ў Балгарыю (г. Варна) на ХІІ з’езд географаў Балгарыі. У 1983 годзе чытала лекцыі ў Берлінскім універсітэце.
У 1990 годзе была ўдзельнікам ІХ з’езда геаграфічнага таварыства СССР і была абраная яго ганаровым членам.
Навуковая і педагагічная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Навуковыя інтарэсы
[правіць | правіць зыходнік]Навуковая дзейнасць звязана з вывучэннем і картаграфаваннем ландшафтаў, распрацоўкай схемы фізіка-геаграфічнага раянавання тэрыторыі Беларусі. Кірунак навуковай дзейнасці даволі шырокі. У тэарэтычнай геамарфалёгіі даследаванні вяліся па праблемах літамарфагенэза Беларускага Паазер’я і Мінскага ўзвышша, геамарфалагічнага раянавання, праяўлення карставых працэсаў і сучасных працэсаў фармавання рэльефу ў раёнах распаўсюджвання лёсападобных парод Мінскага і Навагрудскага узвышшаў і Аршана-Магілёўскай падвышанай раўніны. Шырокае прымяненне маюць працы прыкладной накіраванасці: па марфаметрыі рэльефу, інжынернай, ландшафтнай і экалагічнай геамарфалёгіі.
Навуковая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Будучы дацэнтам на кафедры фізічнай геаграфіі, Вольга Піліпаўна прымае актыўны ўдзел у ландшафтнай здымцы поўначы і цэнтра рэспублікі, а таксама ў стварэнні схем фізіка-геаграфічнага і геамарфалагічнага раянавання Беларусі.
З сярэдзіны 50-х гг. яна звяртаецца да вывучэння азёр Беларусі — новай праблемы ў геаграфічнай навуцы ў рэгіёне. Быў напісаны шэраг манаграфій, навучальных дапаможнікаў, асобных артыкулаў, у якіх на аснове працяглых даследаванняў была распрацавана комплексная лімналагічная класіфікацыя азёр. Вольга Піліпаўна вывучае гісторыю іх развіцця ў галацэне, заканамернасці эвалюцыі лімнасістэм, праблемы іх ўстойлівага развіцця, антрапагеннае эўтрафаванне ва ўмовах інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасці, навуковыя прынцыпы абгрунтавання ахоўных азёрных ландшафтаў і асобных азёр. Настольнай кнігай цэлага пакалення лімнолагаў сталі выданні: «Геаграфія азёр Беларусі» (1967), «Беларускае Паазер’е» (1971), «Азеразнаўства» (1981).
У 70-х гг. пры асабістым удзеле А. Ф. Якушкі сфармавалася школа палеагеографаў Беларусі.
У пачатку 80-х гг. пад кіраўніцтвам В. П. Якушкі і пры яе асабістым удзеле быў выдадзены першы даведнік па азёрах, які ўключаў комплекс дадзеных больш чым пра 500 азёр Беларусі. Гэтая праца шырока выкарыстоўваецца шматлікімі навуковымі і вытворчымі арганізацыямі: у практыцы меліярацыйных работ пры вырашэнні пытанняў рацыянальнага выкарыстання тэрыторый багатых азёрамі, рыбаразвядзенні.
В. П. Якушка прымала ўдзел у вывучэнні і картаграфаванні ландшафтаў, распрацоўцы схемы фізіка-геаграфічнага раянавання тэрыторыі Беларусі, развіцця айчыннага і замежнага ландшафтазнаўства. Сумесна з балгарскімі навукоўцамі яна ўнясла істотны ўклад у развіццё вучэння аб антрапагенных ландшафтах: былі вызначаны крытэрыі выдзялення таксанамічных адзінак азёрных ландшафтаў па комплексе прыродных і антрапагенных фактараў, якія не маюць аналагаў у лімналагічнай навуцы.
Значны ўнёсак В. П Якушка ў стварэнне ў рэспубліцы сеткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, аснову якіх як правіла складаюць возера. Гэта заказнікі рэспубліканскага значэння «Ельня», «Блакітныя азёры», «Белае», «Крывое», «Доўгае», «Рычы», «Сіньша», «Чырвоны Бор»; нацыянальныя паркі «Нарачанскі» і «Браслаўскія азёры».
Педагагічная дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Навуковая дзейнасць спалучалася з педагагічнай. Якушка В. П. чытала лекцыі па асноўных геаграфічных курсах «агульнаму землязнаўству», «агульнай геамарфалёгіі» спецкурсам «сучасныя праблемы геамарфалёгіі», «лімналогія», «геамарфалогія Беларусі».
Навуковая дзейнасць Вольгі Піліпаўны пастаянна спалучаецца з падрыхтоўкай спецыялістаў геаграфічнага профілю. У 1973 годзе пры кафедры агульнага землязнаўства была арганізавана новая спецыялізацыя па геамарфалогіі і геафізіцы. З гэтай мэтай публікуюцца шматлікія артыкулы і навучальныя дапаможнікі.
Прымала ўдзел у стварэнні падручніка па геаграфіі БССР для сярэдняй школы, які вытрымаў 10 выданняў, хрэстаматый па геаграфіі для сярэдняй школы, падручнікаў для вышэйшай школы «Прырода Беларусі» і «Геаграфія Беларусі», шматлікіх спецыялізаваных зборнікаў.
Навуковыя працы Вольгі Піліпаўны Якушка атрымалі шырокую вядомасць у колах лімнолагаў, географаў, геамарфолагаў. Яна неаднаразова выступала з дакладамі, лекцыямі на міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх канферэнцыях і з’ездах у ПНР, НРБ, Індыі, СФРЮ, Ленінградзе, Маскве, Іркуцку, Вільне і Таліне. Вольга Піліпаўна — навуковы кансультант лабараторыі азеразнаўства якуцкага ўніверсітэта, яна мела цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам азеразнаўства АН СССР, з’яўлялася членам Савета Геагрфічнага таварыства СССР і БССР, актыўна праца ў БелСЭ як аўтар шматлікіх артыкулаў, член рэдкалегіі і навуковы кансультант.
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- 1968 — Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР;
- 1970 — Медаль «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна»;
- 1971 — Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР за поспехі ў развіцці вышэйшай адукацыі і навукі ў сувязі з 50-годдзем БДУ;
- 1977 — Нагрудны знак «За выдатныя поспехі ў працы» ў галіне вышэйшай адукацыі СССР;
- 1980 — Ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі БССР;
- 1984 — Медаль «Ветэран працы»;
- 1986 — Дзяржаўная прэмія Беларусі;
- 2001 — Медаль Францыска Скарыны.
Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Прырода Беларусі: Фізіка-геагр. агляд / В. А. Дзяменцьеў, А. Х. Шкляр, В. П. Якушка. — Мн.: Дзярж. вуч.-пед. выд-ва М-ва асветы БССР, 1959. — 315 c.
- Белорусское Поозерье.—Мн., 1971
- Край озёрный.—2 изд.—Мн., 1978
- Озёроведение: География озёр Белоруссии.—2 изд.—Мн., 1981
- Озера Белоруссии / О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.
- Асновы агульнага землязнаўства: Вучэб. дапаможнік для студэнтаў І курса геагр. фак. / Беларус.дзярж.ун-т. — Мн., 1993. — 53 с.
- Пра рэльеф Беларусі / А. В. Мацвееў, В. П. Якушка. — Мн.: Нар.асвета, 1994. — 72 с
- Геоморфология Беларуси: учеб. пособие для студ. геогр. фак. / О. Ф. Якушко, Л. В. Марьина, Ю. Н. Емельянов; под ред. О. Ф Якушко. — Мн., 2000. 172 с.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Якушка Вольга Піліпаўна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 787. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Гаспадыня беларускіх азер: Вольга Піліпаўна Якушка ― першая ў нашай краіне жанчына, якая стала доктарам геаграфічных навук, прафесарам, і гэта далёка не апошняе яе дасягненне / Лявон Целеш // Родная прырода. 2011. № 3. ― С. 22―23.
- т. 5. Биографический справочник. — Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- Моя судьба — географический факультет БГУ / О. Ф. Якушко. — Минск: БГУ, 2009. С. 64 Архівавана 20 кастрычніка 2021.