Віталь Вольскі

Віталь Вольскі
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 23 жніўня (5 верасня) 1901
Месца нараджэння
Дата смерці 22 жніўня 1988(1988-08-22) (86 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Дзеці Артур Вольскі
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці драматург, літаратуразнавец, перакладчык, пісьменнік, дзіцячы пісьменнік, кінасцэнарыст, літаратар, краязнавец, навэліст
Гады творчасці з 1926
Жанр апавяданне і п’еса
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Партыя
Член у
Узнагароды
ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны» медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Віталь Вольскі, сапр.: Віталь Фрыдрыхавіч Зэйдэль-Вольскі (23 жніўня (5 верасня) 1901, Санкт-Пецярбург — 22 верасня 1988, Мінск) — беларускі празаік, перакладчык, драматург, сцэнарыст, літаратуразнавец, краязнавец, палітычны дзеяч. Кандыдат філалагічных навук (1934). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1971). Бацька Артура Вольскага і дзед Лявона Вольскага.

Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1918 года працаваў на Трубачным заводзе, потым у Камісарыяце гарадской гаспадаркі Петраграда. З 1919 года — у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Служыў у пагранічных войсках і органах ВЧК. З 1926 года — старшы інспектар Галоўрэперткома БССР, у 1927 годзе скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. З 1928 года — старшы інструктар кінафікацыі Белдзяржкіно, з 1929 — дырэктар Віцебскага мастацкага тэхнікума, з 1930 — дырэктар Беларускага драматычнага тэатра ў Віцебску. У 1932—1936 гг. працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. З красавіка 1942 г. загадваў аддзелам у рэдакцыі сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», з лістапада 1943 — у рэдакцыі часопіса «Беларусь». У 1948—1954 гадах — навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР. Узначальваў праўленне Літфонда БССР (1953—1966).

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934).

Памёр 22 верасня 1988 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска (Паўночныя-1, 76а/14/2)[1].

У 1932 годзе крытык і пісьменнік Віталь Зэйдэль-Вольскі напісаў артыкул-данос «Аб рэцыдывах нацыянал-дэмакратызму ў творчасці мастака Мініна[2]» пра тое, як беларускі мастак Яфім Мінін займаецца класавым шкодніцтвам, і кінуў на яго цяжкае ў той час абвінавачванне ў нацыянал-дэмакратызме.

У артыкуле аўтар пісаў: «Экслібрыс, зроблены для Шлюбскага, характэрны сваім голым этнаграфізмам. У цэнтры яго знаходзіцца курган. З левага боку кургана сядзіць стары селянін і грае на цымбалах. На кургане сядзіць таксама стары і грае ў дуду. Побач з ім яшчэ адзін стары ў саламяным капялюшы стаіць і грае на трубе. Нацдэм Шлюбскі з задавальненнем знаходзіў у гэтых экслібрысах работы Мініна яскравыя адбіткі беларускага „нацыянальнага адраджэння“».

Мастака Яфіма Мініна расстралялі ў 1937 годзе як сябра «польскай ваеннай арганізацыі». Этнограф Аляксандр Шлюбскі быў паўторна арыштаваны ў чэрвені 1935 года УНКУС па Ленінградскай вобласці. Асобай нарадай пры НКУС СССР 16 лістапада 1935 года прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі. Далейшы ягоны лёс невядомы.

Зяць Галубка, мастак Яўген Ціхановіч адзначае: «Дык хто ж напісаў п’есу "Несцерка"? (...) я пісаў аб тым, што бачыў рукапіс п’есы пры вобыску ў мінскай кватэры Галубка восенню 1937 г. (...) нікому другому, як Вольскаму-Зэйдэлю — чэкісту, пісьменніку і драматургу — далі матэрыял на экспертызу (...). усе тыя абвінавачванні, якія інкрымінаваліся Галубку Вольскі-Зэйдэль падпісаў уласнаручна. Халодны разлік забойцы такі: ніхто ніколі не дазнаецца, калі прысвоіць драматургічны твор — п’есу "Несцерка", тым больш што ніхто і ніколі не пачне варушыць творы "ворага народа". (...) мы даведаліся, хто падпісаў пратакол, з якога бачна, што Галубок аказаўся ворагам народа па экспертызе В. Вольскага-Зэйдэля. Зараз давайце паглядзім у твар Вольскага. Думаеце, па знешнім выглядзе ён нагадвае забойцу, стукача, правакатара. Зусім не — сярэдняга росту, вочы шэрыя і вельмі добрыя (...), бародка-эспаньёлка (...) Цяжка паверыць у тое, што такі чалавек загубіў не толькі Галубка, але і другіх, бо ён быў на пастаяннай службе па пошуках ворагаў народа сярод беларускай інтэлігенцыі (...). Мы хочам адабраць драматургічны твор у Вольскага — пасмяротна вярнуць яго сапраўднаму аўтару — У. Галубку...»[3]

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. «Несцерка»

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 годзе. Даследаваў народную творчасць і старажытную рукапісную літаратуру беларускіх татараў — кітабы. Першая кніжка — «Праблемы беларускай савецкай драматургіі» (1934). Напісаў манаграфію «Эдуард Самуйлёнак: Жыццё і творчасць» (1951), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму» (1958), адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), падручніка «Беларуская савецкая літаратура» для 9—10 класаў (1948—1954).

Аўтар п’ес «Цудоўная дудка» (1938, пастаўлена ў 1939), «Дзед і жораў» (1939, пастаўлена ў 1939), «Несцерка» (1940, пастаўлена ў 1941, аднайменны фільм па сцэнарыю аўтара, 1955), «Машэка» (1946, пастаўлена ў 1954) — усе яны ўключаны ў зборнік «П’есы» (1962), а таксама аўтар сцэнарыяў дакументальна-краязнаўчых фільмаў «Белавежская пушча» (1946), «Бярэзінскі запаведнік» (1965).

Напісаў кнігі краязнаўчых нарысаў і апавяданняў «Па лясных сцежках» (1948), «У лясах над Бярозай» (1955), «Месяц за месяцам» (1956), «На бабровых азёрах» (1957), «Чайкі над Нараччу» (1959), «Родны край» (1961), «Афрыканскае падарожжа» (1963), «Эль Махрыб» (1965), «Старонкі нашай гісторыі» (1966), «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), «Месяц за месяцам» (1969), «Палессе» (1971), «Кніга падарожжаў» (1971), «Лёс Дункана» (1978), «Дзень добры, Бяроза» (1984). У 1977 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову сатырычную паэму І. В. Гётэ «Рэйнеке-Ліс  (руск.)» (1940), раманы Вілі Брэдэля  (руск.), «Выпрабаванне» (1937), М. Кульбака «Зельманцы» (1960), асобныя вершы Баліса Сруогі, Барыслава Сцепанюка.

  • Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі
  • «Знак Пашаны» і медалямі.
  • Заслужаны дзеяч культуры БССР (1971).

Зноскі

  1. Брэская — Гарэцкі – Белліт  (14 ліпеня 2023). Праверана 28 ліпеня 2024.
  2. https://files.knihi.com/Knihi/Pieryjodyka/Viciebski_proletary.zip/1933-021.pdf
  3. Яўген Ціхановіч "Трэба вярнуць справядлівасць". Тэрмапілы №20 2016