Козьма-Дзям’янаўскі спуск
Козьма-Дзям’янаўскі спуск Мінск | |
---|---|
![]() | |
Агульная інфармацыя | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Раён | Цэнтральны |
Гістарычны раён | Цёмныя Крамы |
Пакрыццё | плітка |
Рух | пешаходны |
Найбліжэйшыя станцыі метро | ![]() |
Ранейшыя назвы | Козьма-Дзям’янаўская вуліца вуліца Францішка Скарыны вуліца Дзям’яна Беднага |
на Картах Google |
Ко́зьма-Дзям’я́наўскі спуск — спуск на пешаходнай зоне ў Мінску ад Свята-Духава сабора да вуліцы Максіма Багдановіча, злучае Верхні і Нізкі Рынак. Названы ў гонар колішняй Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы, якая фармавала вакол сябе гістарычную мясцовасць Цёмныя Крамы.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d6/Miensk%2C_Vysoki_Rynak._%D0%9C%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%2C_%D0%92%D1%8B%D1%81%D0%BE%D0%BA%D1%96_%D0%A0%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D0%BA_%281857-59%29.jpg/220px-Miensk%2C_Vysoki_Rynak._%D0%9C%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%2C_%D0%92%D1%8B%D1%81%D0%BE%D0%BA%D1%96_%D0%A0%D1%8B%D0%BD%D0%B0%D0%BA_%281857-59%29.jpg)
Назва вуліцы ўтварылася ад старадаўняга Казьмадзям’янаўскага праваслаўнага манастыра, які знаходзіўся на ўсходняй ускраіне старажытнага Менска і быў адным са збудаванняў, што мелі абарончае значэнне. Козьма-Дзям’янаўская вуліца была адной з найстаражытнейшых вуліц Менска. Яна пачыналася ад Нізкага Рынка і сканчалася побач з касцёлам Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі каталіцкага ордэна бернардзінак (цяперашні праваслаўны кафедральны Сабор Святога Духа).
Мураваны архітэктурны ансамбль Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы цалкам сфармаваўся яшчэ ў XVIII ст.[1] Забудова складалася з двух- і трохпавярховых дамоў, на першых паверхах якіх месціліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, гэтак у архіўных дакументах згадваецца «аддадзены ў 1829 годзе Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае ўтрыманне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца»[2]. У выхадныя і святы тут і на блізкіх вулачках разгортваўся людны гандаль.
У канцы XIX ст. у адным з двароў на Козьма-Дзям’янаўскай месцілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.
Ад 1926 года вуліцу планавалі пераназваць у гонар Францішка Скарыны[3], аднак у сувязі з пачаткам палітыкі русіфікацыі і масавых сталінскіх рэпрэсій у 1933 годзе яе перайменавалі ў гонар расійскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, акрамя крам, на вуліцы знаходзіўся шэраг устаноў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.
Да Другой сусветнай вайны мясцовасць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбардзіроўкі была амаль цалкам зруйнавана.
У наш час на гэтым месцы замест аднаўлення старадаўняй Козьма-Дзям’янаўскай вуліцы стварылі спрэчную паводле сваіх функцыянальна-планіровачных і архітэктурных якасцяў структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі са старой забудовай.[2] У 2018 годзе спуску ў пешаходнай зоне ад Свята-Духава кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча была нададзеная назва Козьма-Дзям’янаўскі спуск[4].
Галерэя[правіць | правіць зыходнік]
- 1930 г.
- 1941—1944 гг.
- Пачатак вуліцы з боку Нізкага Рынка, 1944 г.
- Спуск у 2013 г.
Зноскі
- ↑ Казьмадзям’янаўская вуліца // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 19
- ↑ а б Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007 Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ Вячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами Архівавана 21 студзеня 2012. на Мінск стары і новы
- ↑ Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска № 49/3/28 . Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (29 траўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13-11-2018. Праверана 13-11-2018.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.