Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка
Планаваная аўтаномія ў складзе Расіі; непрызнаная дзяржава; статус у складзе Румыніі афіцыйна не вызначаны | |||||
Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка | |||||
---|---|---|---|---|---|
Republica Democratică Moldovenească | |||||
| |||||
Гімн: Гімн Румыніі | |||||
| |||||
| |||||
Сталіца | Кішынёў | ||||
Мова(ы) | малдаўская (румынская) | ||||
Афіцыйная мова | румынская | ||||
Рэлігія | праваслаўе | ||||
Плошча | 44 399 км² | ||||
Насельніцтва | 2,7 млн чал. (1917) | ||||
Форма кіравання | Рэспубліка | ||||
Кіраўнікі дзяржавы | |||||
Прэзідэнт | |||||
• 1917—1918 | Іон Інкулец | ||||
Старшыня Сфатул Цэрый | |||||
• 1917—1918 | Іон Інкулец | ||||
• 1918 | Канстанцін Стэрэ | ||||
Кіраўнік урада | |||||
• 1917—1918 | Панцеляймон Ерхан | ||||
• 1918 | Думітру Чугурану | ||||
• 1918 | Петру Казаку | ||||
Гісторыя | |||||
• 15 снежня 1917 | Абвяшчэнне аўтаноміі ў складзе Расіі | ||||
• 24 студзеня 1918 | Абвяшчэнне незалежнасці | ||||
• 27 сакавіка 1918 | Аб'яднанне з Румыніяй | ||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Малдаўская Дэмакраты́чная Рэспу́бліка (рум.: Republica Democratică Moldovenească) — рэспубліка, абвешчаная па Лютаўскай рэвалюцыі на тэрыторыі Бесарабскай губерні Расіі. Паслядоўна абвешчана спачатку як аўтаномія ў складзе федэратыўнай Расіі (15 снежня 1917 года), потым — як незалежная рэспубліка (24 студзеня 1918 года). Увайшла ў склад Румыніі 27 сакавіка гэтага ж года і канчаткова ліквідавана ўказам румынскага караля Фердынанда І 10 снежня 1918 года.
Утварэнне ў першыя гады свайго існавання кантралявала толькі частку сваёй тэрыторыі. Акерманскі павет на поўдні кантраляваўся бальшавікамі і Адэскай Савецкай Рэспублікай, на тэрыторыі МДР вяліся баі між сіламі іншых дзяржаў: румынскай арміяй, бальшавікамі і войскамі Украіны. У выніку гэтага Сфатул Цэрый, вярхоўны орган у кіраванні краінай, прагаласаваў за ўвод румынскіх войскаў у краіну, з-за чаго МДР поўнасцю апынулася пад кантролем Румыніі. Пасля гэтых падзей Сфатул Цэрый сваёй большасцю прагаласаваў за ўваходжанне ў склад Румыніі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі па ўсёй Бесарабіі актывізавалася дзейнасць Саветаў, значную колькасць месцаў у якіх займалі бальшавікі. Разам з гэтым, губернатар Бесарабіі сышоў у адстаўку і перадаў свае паўнамоцтвы Канстанціну Мімі, які заняў пасаду камісара Часовага ўрада Бесарабіі. Ягоным намеснікам стаў Уладзімір Крыстэ.
З узнікненнем Саветаў рэзалюцыя пра прызнанне савецкай улады спачатку была прынятая ў Бендэрах на сумежным паседжанні эсэраў, сацыял-дэмакратаў і прафхаўрусаў гораду, якое адбылося 28 кастрычніка 1917 года, 22 лістапада савецкую ўладу прызнаў Кішынёўскі савет. У Ціраспалі былі прадпрыняты спробы пераўтварэння саветаў у органы ўлады[1]. Побач з гэтымі падзеямі мясцовы сялянскі кангрэс, які адбыўся ў кастрычніку 1917 года, прагаласаваў за зацвярджэнне на пасадзе камісара Іёна Інкулеца, якога з мэтай авалодання сітуацыяй паслаў Аляксандр Керанскі. Аднак Інкулец сутыкнуўся з апазіцыяй у асобе арыстакратыі, таму ён быў вымушаны стаць намеснікам Уладзіміра Крыстэ. Аднак прызнанне Саветаў у рэгіёне, а таксама беспарадкі ў вясковай мясцовасці і курс Цэнтральнай Рады Украіны на атрыманне незалежнасці прымусілі Сфатул Цэрый 15 снежня 1917 года прыняць дэкларацыю, у якой абвяшчалася ўтварэнне Малдаўскай Дэмакратычнай Рэспублікі[2] як аўтаномнай часткі федэратыўнай Расіі[3].
Па абвяшчэнні рэспублікі Крыстэ сышоў у адстаўку і перадаў свае паўнамоцтвы Інкулецу[4]. Тым часам у Сфатул Цэрый ішлі дэбаты з прычын назвы рэспублікі, у прыватнасці, адным з варыянтаў была назва «Бесарабская рэспубліка». Тым не менш, на думку Ерхана назва рэспублікі мусіла засноўвацца на назве колькасна пераважнага народа, з-за чаго галоўным пунктам гледжання стала назва на аснове этноніму[2].
Дэкларацыя пра ўтварэнне МДР прадугледжвала ахову дэмакратычных правоў і свабод, перадачу зямлі сялянам без выкупу, васьмігадзінны працоўны дзень, кантроль над вытворчасцю і спажываннем, забеспячэнне насельніцтва таварамі першай неабходнасці і харчаваннем, павелічэнне заробнай платы, утварэнне нацыянальнай арміі, роўныя правы для ўсіх нацыянальнасцей і г.д. У сваёй сутнасці гэтая дэкларацыя паўтарала дэкларацыю пра стварэнне самога Сфатул Цэрый[1].
Дэпутаты Сфатул Цэрый праінфармавалі афіцыйнай тэлеграмай урад у Петраградзе. Рэспубліка была прызнана Петраградскім Саветам і Саветам Народных Камісараў. Кішынёўскі савет эсэраў і сацыял-дэмакратаў гарантаваў падтрымку ў ажыццяўленні дэкрэтаў пра мір, зямлю і працоўны кантроль[1].
Малдаване левабярэжжа Днястра (Прыднястроўе) таксама бралі актыўны палітычны ўдзел у стварэнні рэспублікі. У гэтым рэгіёне іх дзеля ў пачатку ХХ ст. складала каля 50% ад насельніцтва, і гэтая тэрыторыя мела намер далучэння да МДР. Па абвяшчэнні МДР адбыўся з'езд салдат левага берагу Днястра, на якім абмяркоўвалася мажлівае далучэнне рэгіёна да МДР. У наступным часе ў Грыгарыёпалі і Ціраспалі адбыліся яшчэ некалькі малдоўскіх з'ездаў, на якіх прысутнічалі прадстаўнікі Сфатул Цэрый. На з'ездах былі прыняты рашэнні пра культурнае і палітычнае адзінства Бесарабіі і Прыднястроўя і, адпаведна, пашырэнне МДР за кошт тэрыторыі гэтага рэгіёна, аднак гэта так і не было рэалізавана ў сувязі з цяжкай палітычнай сітуацыяй[5].
Палітыка
[правіць | правіць зыходнік]7 снежня 1917 года быў арганізаваны ўрад рэспублікі, вядомы як Рада Генеральных Дырэктараў (то бок, міністраў). Ён складаўся з дзевяці членаў на чале з Ерханам, які займаў яшчэ і пасаду міністра селськай гаспадаркі. Былі прызначаныя камісары ў паветах, ставіліся спробы стварэння арміі, ствараліся камітэты па выпрацоўцы законаў. Тым не менш, Сфатул Цэрый не меў дастатковых адміністрацыйных і фінансавых магчымасцей для падтрымкі грамадскага ладу ў рэспубліцы.
Тым часам адбывалася павелічэнне ўплыву Саветаў. Ствараліся атрады Чырвонай гвардыі, вызваляліся палітычныя вязні, здзяйсняўся кантроль на коштамі, канфіскоўваліся тавары ў спекулянтаў. Сітуацыю ў вёсках кантралявалі сялянскія камітэты, якія не дапускалі прадстаўнікоў Рады Генеральных Дырэктараў і захаплялі абшарніцкія землі; асабліва ўскладнялі абстаноўку прысутнасць частак расійскай арміі, якая на той момант у большасці сваёй распалася. Салдаты малдоўскай арміі адмаўляліся прыціскаць аграрны рух[1].
Пасля стварэння МДР у Бесарабіі ўсталявалася шматуладдзе. Розныя рэгіёны арыентаваліся на розныя ўрады і арганізацыі, прызнаваючы Расійскую Рэспубліку, Савецкую Расію, МДР, УНР, Адэскую Савецкую Рэспубліку, Бесарабскую ССР; у асобных рэгіёнах Бесарабіі і Буджаку ўлада адсутнічала.
На кіраванне паўднёвым усходам прэтэндаваў г.зв. Румчарад — Цэнтральны выканаўчы камітэт Саветаў Румынскага фронту, Чарнаморскага флоту і Адэсы. У выканаўчым камітэце арганізацыі прысутнічалі бальшавікі і левыя эсэры. Румчарад таксама кантраляваў усе рэвалюцыйна накіраваныя войскі рэгіёна, што ўскладняла становішча ў Малдове. Расійскія войскі Румынскага фронту перайшлі на бок УНР, камандаванне гэтых войскаў спрабавала выкараніць усе праявы бальшавізму ў сваіх шэрагах. Румчарад спрабаваў супрацьдзейнічаць гэтым сілам, у выніку чаго на тэрыторыі рэспублікі склалася супрацьстаянне дзвюх сіл, не зацікаўленых у існаванні МДР.
Гэтыя ўмовы падштурхнулі Сфатул Цэрый пачаць перамовы з Румыніяй пра ўвод войскаў гэтай краіны ў Малдову. Звесткі пра факт гэтых перамоў трапілі ў прэсу, што выклікала масавыя пратэсты насельніцтва. Не чакаючы заканчэння перамоў, два палкі румынскай арміі 7 снежня 1917 года, з нагоды закупкі харчу, перайшлі Прут, занялі мястэчка Леова і некалькі памежных сёлаў. Бальшавікі кішынёўскага гарнізону здолелі выставіць заслон румынскім войскам, салдаты рэвалюцыйных поглядаў узялі пад кантроль памежную станцыю Унгень[1].
Пасля гэтых падзей 20 снежня ў Кішынёве і іншых гарадох былі распаўсюджаныя праклямацыі супраць Сфатул Цэрый, у якіх ён абвінавачваўся ў перадачы Бесарабіі Румыніі. Урад МДР адрынаў гэтыя заявы. 21 снежня ў газеце «Бессарабская жизнь» была апублікавана інфармацыя, што сёлы Пагэнешць, Сарат Рэзэшць і Вайнешць быццам бы аточаныя румынскай арміяй, якая страляе па насельніцтве. Рэзалюцыі супраць уводу румынскіх войскаў таксама апублікавалі сялянскія з'езды Хоцінскага і Бельцкага паветаў, другі з'езд Руічараду і г.д.[1]
28 снежня 1917 года на паседжанні Сфатул Цэрый ў Сялянскай фракцыі Панцеляймон Ерхан выставіў на галасаванне пытанне пра неабходнасць уводу войскаў у мэтах барацьбы з анархіяй, аховы харчовых складаў, чыгунак і заключэння замежнага крэдыту. Гэта прапанова была прынята 38 галасамі — большасцю галасоў Сфатул Цэрыя. Ваенны міністр МДР Герман Пынця заявіў, што малдоўскае насельніцтва, асабліва салдаты, раззлаваныя прыходам румынаў, мяркуючы, што румынскія сілы канфіскуюць у іх зямлю, здабытую ў выніку рэвалюцыі[1].
У той жа дзень у Кішынёве пачаў працу фронтавы аддзел Румчараду, дзейнасць якога была накіравана на супрацьдзеянне румынскім войскам.
Абвастрэнне сітуацыі
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку студзеня румынскія войскі перайшлі мяжу МДР і занялі гарады Балград, Кагул, Леова, Унгены і некалькі сёлаў. 6 студзеня 1918 года атрадам трансільванцаў была прадпрынятая спроба ўвайсці ў Кішынёў з боку Раздзельнай. Супраць іх выступілі частку фронтавага аддзела Румчараду і малдоўскія атрады, якія былі адпраўленыя на падтрымку румынскім вйоскам Радай Генеральных Дырэктараў, але перайшлі на бок бальшавікоў. Яны раззброілі трансільванцаў і адправілі іх у Адэсу[1].
8 студзеня румынскія войскі пачалі наступ на паўночныя і паўднёвыя раёны МДР. У адказ на гэта Бельцкі павятовы камітэт сялянскіх дэпутатаў стварыў рэвалюцыйны штаб па абароне Бесарабіі і чырвонагвардзейскі атрад. Таксама быў створаны рэвалюцыйны камітэт выратавання Малдаўскай рэспублікі, які складаўся з Саветаў Кішынёва, Бендэраў, Ціраспаля і Малдаўскага салдацкага камітэта Крыма. Тым не менш, гэты камітэт не здолеў аказаць супраціўленне і быў вымушаны пакінуць Кішынёў, які 13 студзеня занялі румынскія войскі. 10 студзеня ў Акермане адбыўся з'езд прыдунайскіх земстваў і самакіраванняў, на якім была асуджана палітыка Румыніі датычна Бесарабіі. У той жа дзень у Балградзе праходзіў з'езд шостай арміі. Падыход румынскай арміі стаў для яе раптоўным, таму ёй супрацьстаяла толькі 800 чалавек. Увечары горад быў заняты румынскімі войскамі. Тым не менш, часткі шостай арміі схаваліся ў навакольных вёсках і вялі лакальныя баі супраць румынскай арміі. У прыватнасці, адступленне было праведзена ў кірунку падкантрольнага бальшавікам Акерману і Маякоў[6].
На гэты момант у суседняй Украіне адбываліся ўзброеныя канфлікты між Украінай і савецкай уладай, на вызначанай частцы яе тэрыторыі ўжо існавала Савецкая Украіна. Яе ўлады і ўлады РСФСР адрэагавалі на ўвод румынскіх войскаў разрывам зносін з Румыніяй. Такім чынам, Румынія ўступіла ў вайну з Савецкай Украінай і РСФСР. Украінская Народная Рэспубліка таксама выразіла незадавальненне сітуацыяй, накіраваўшы ў Румынію ноту зпатрабаваннем спынення наступу на Хоцін, які лічыўся УНР часткай тэрыторыі Украіны[6].
15 студзеня Сфатул Цэрый з ініцыятывы Інкулеца правёў урачыстае паседжанне з нагоды прыёму румынскага генерала Е. Брашцяну. У сваіх заявах Сфатул Цэрый запэўніваў насельніцтва, што румынскія войскі прыйшлі з мэтай пераадольвання анархіі і аховы чыгунак і складоў. той жа час румынскія войскі пачалі канфіскаваць маёмасць, за кошт якога планавалася палепшыць эканамічнае становішча ў пасляваеннай Румыніі. Апрача маёмасці, канфіскацыі таксама падлягалі прадукты харчавання са складоў.
Поўнач МДР трапіў пад кантроль войскаў Аўстра-Венгрыі, чатыры румынскія дывізіі, што занялі астатнюю частку Малдовы, прадаставілі калідор для перадыслакацыі нямецкіх войскаў у Адэсу. У Кішынёве пачаў працу губернскі сялянскі з'езд, але ён быў разагнаны, а яго члены былі абвінавачаныя ў антыдзяржаўнай палітыцы і расстраляныя паводле загаду каменданта Кішынёву Мавілэ[1].
Сутыкненні з мясцовым насельніцтвам
[правіць | правіць зыходнік]21 студзеня 1918 года румынскія войскі прадпрынялі спробу заняцця Ізмаіла. Матросы мясцовай флатыліі аказалі супраціўленне румынскім войскам, супраціву аказалі падтрымку мясцовыя працоўныя. Тым не менш, 22 студзеня горад трапіў пад кантроль румынскіх сіл з прычыны палітычнай нявызначанасці мясцвых уладаў, адна частка якіх падпарадкоўвалася МДР, іншая — Румчараду.
23 студзеня Румчарад аб'явіў Румыніі вайну. Румынскія войскі працягвалі наступ углыб рэгіёна, і 25 студзеня была занятая Кілія — стратэгічны порт мясцовасці. Па ўзяцці Кіліі на Дунаі пачаліся баі між румынскім флотам і мясцовай флатыліі. Дунайская флатылія прадпрыняла спробу прарвацца да Ізмаілу, але атака была адбіта, у адказ на гэта румынскія сілы пачалі наступ па вадзе. З 30 студзеня ўсе баі на Дунаі засяродзіліся каля Вілкава. Наступ на сушы стаў немажлівым, бо горад быў абкружаны плаўнямі. З гэтай прычыны цэнтральнае месца адводзілася флоту. Вілкава было ўзята ў пачатку лютага, што дазволіла румынскім войскам пачаць наступ на Татарбунары[6].
Тым часам 22 студзеня 1918 года міністр Панцеляймон Ерхан праінфармаваў Сфатул Цэрый, што Украінская Народная Рэспубліка абвясціла незалежнасць. На паседжанні ў ноч з 23 на 24 студзеня ва ўмовах дыслакацыі ў Малдове румынскіх войскаў Сфатул Цэрый таксама абвясціў пра незалежнасць. У выдадзенай дэкларацыі пра незалежнасць абвяшчаліся дэмакратычныя правы і вольнасці, роўнасць нацый, перадача зямлі сялянам. Тым часам буйныя баі вяліся каля Белгараду-Днястроўскага. З 28 па 30 студзеня ў горадзе ішлі вулічныя баі між прыхільнікамі Цэнтральнага савета УНР, якая, апрача Малдовы, таксама прэтэндавала на горад, і бальшавікамі. У выніку баёў горад трапіў пад кароткатэрміновы кантроль бальшавікоў. Тым часам, пэўная частка насельніцтва Малдовы працягвала супраціўленне румынскім сілам[2].
Так, абаронаю Бендэраў кіраваў мясцовы штаб на чале з Г. Барысавым, сумесна з аддзелам Румчарада. Першая спроба ўзяцця горада была прадпрынята 29 студзеня, аднак салдаты 5-га і 6-га Заамурскіх палкоў, працоўныя атрады і апалчэнцы здолелі адстаяць горад. 2 лютага румынскія сілы здолелі ўвайсці ў Бендэры, але іх дапамаглі адбіць расійскія войскі, якія прыбылі з-за Днястра, аднак 7 лютага горад быў узяты.
Тым часам, румынская армія, заняўшы іншыя рэгіёны Бесарабіі, паспрабавала фарсаваць Днестр. На гэта адрэагаваў камандзір групай войскаў Чырвонай арміі ва Украіне Міхаіл Мураўёў, які паслаў на Днестар 3000 салдат. Гэтая групоўка засяродзілася вакол Ціраспаля і Бендэраў, ёй таксама дапамагалі сілы Адэскай рэспублікі. Румынскія сілы прадпрынялі яшчэ адну спробу фарсавання ракі, але яна правалілася. У выніку гэтага было падпісана перамір'е, уся Бесарабія апынулася пад кантролем Румыніі[6].
Тым не менш, бальшавікі стварылі калегію румынска-расійскіх спраў, якая справакавала аднаўленне вайны сваімі патрабаваннямі пакінуць Бесарабію. Бальшавікі асцерагаліся ўзяцця румынамі Адэсы, з-за чаго Мураўёў патрабаваў ад Адэсы вылучэння 10 млн рублёў на працяг ваенных дзеянняў. Румыны тым часам працягвалі наступ, нанесшы ўдар па бальшавіках пры Рыбніцы. Нягледзячы на гэта, Мураўёў прапанаваў наступ на Малдову і Румынію, пачаўшы з гэтай экспансіі г.зв. сусветную рэвалюцыю. Аднак бальшавікі не мелі дастатковых рэсурсаў для гэтага, а Антанта пачала ціск на румынскі бок. У выніку гэтага 8 сакавіка 1918 года быў падпісаны пратакол ліквідацыі расійска-румынскага канфлікту[6].
Пад кантролем бальшавікоў заставалася частка паўднёвай Бесарабіі і буйны горад Белгарад-Днястроўскі. Па ўзяцці Татарбунараў румынскія войскі змаглі пачаць наступ на гэты горад і падкантрольныя бальшавікам тэрыторыі.
У другой частцы лютага бальшавікі разбілі румынскія часткі на лініі Рэзіна—Шалданешты і нанесці ўдар у раёне мястэчка Кіцканы. Румынскія ўлады былі вымушаныя пайсці на перамовы з Саветамі. 5 сакавіка румынскі бок падпісаў пратакол пра спыненне румынска-савецкага канфлікту, 9 сакавіка яго падпісалі бальшавікі. Пагадненне складалася з дзевяці пунктаў і прадугледжвала пакіданне Бесарабіі Румыніяй цягам двух месяцаў, пераход мясцовага кантролю ў рукі міліцыі адразу па падпісанні дагаворы, абмен арыштаванымі і палоннымі, адмова румынаў ад ваенных дзеянняў датычна мясцовага насельніцтва і Чырвонай арміі, наданне Румыніі лішкаў ежы пасля задавальнення патрэбаў бальшавіцкіх сіл, права на прытулак румынскай арміі на тэрыторыі пад кантролем бальшавікоў у выпадку неперадбачнай сітуацыі, атрэба ўстанаўлення кантакту між камандаваннямі абедзвюх армій у выпадку сумеснага дзеяння супраць трэціх дзяржаў, абавязак весці перамовы пры пасярэдніцтве ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў разе ўзнікнення новых супярэчнасцей[7].
З савецкага боку пагадненне падпісалі Х. Ракоўскі, М. Брашаван, У. Юдаўскі і М. Мураўёў, з румынскага — міністр замежных спраў і прадстаўнік рады міністраў Аляксандр Аверэску, але гэта пагадненне не паспела набыць моц. У выніку баёў з антыбальшавіцкімі сіламі Чырвоная армія была вымушана адступіць за Днестар, а Румынія, не выканаўшы сваіх абавязкаў, пачала далучэнне Бесарабіі да Румыніі, абапіраючыся на землеўласнікаў і Сфатул Цэрый[1].
На наступны дзень па спыненні агню Румынія скасавала пагадненне і заняла Белгарад-Днястроўскі, з-за чаго Румынія стала поўнасцю кантраляваць Бесарабію. На канец сакавіка баявыя дзеянні паступова спыніліся[6].
Дзяржаўная сімволіка
[правіць | правіць зыходнік]Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка мела герб і некалькі сцягоў. Першы сцяг рэспублікі не быў зацверджаны афіцыйна. Ён прадстаўляў з сябе чырвона-сіні прамавугольнік, парадак колераў у якім не быў упарадкаваны, з-за чаго ён мог вешацца як сінім, так і чырвоным колерамі дагары. Такая расфарбоўка сцягу атрымлівалася з-за выпарвання белай стужкі на расійскім сцягу[8].
Наступным сцяго МДР стаў сіне-жоўта-чырвоны трыкалор, які складаўся з гарызантальных стужак. Сцяг меў дугавідна-прамы надпіс Republica Democratică Moldovenească şi Independentă (бел.: «дэмакратычная і незалежная Рэспубліка Малдова») і герб краіны.
Герб МДР стылістычна быў падобны да гербу Малдаўскага княства, змяшчаючы выяву галавы тура, зоркі, ружы і маладзіка.
Сфатул Цэрый, як вышэйшы орган кіравання краінай, таксама меў уласны сцяг. Ён быў аналагічны дзяржаўнаму, але змяшчаў надпіс Sfatul Ţării (бел.: «рада краіны»), пад якім таксама знаходзіўся герб. Адзначаўся і іншы сцяг МДР, які быў падобны да сцягу Сфатул Цэрый, але адрозніваўся ад апошняга надпісам R.M. (скарачэнне ад Republica Moldova — «Рэспубліка Малдова»). Гэты сцяг выкарыстоўваўся радзей.
Улада
[правіць | правіць зыходнік]Фактычна МДР паводле формы дзяржаўнага кіравання з'яўлялася парламенцкай рэспублікай. Яе парламент, вядомы ў гістарыяграфіі паводле транслітарацыі румынскай назвы — Сфатул Цэрый, узнікнуў раней за саму рэспубліку 4 снежня 1917 года. Ягоным старшынёй стаў эсэр Іён Інкулец, віцэ-старшынёй — Панцеляймон Халіпа.
Выканаўчы органам Сфатул Цэрыя стаў г.зв. Дырэктарат — Рада генеральных дырэктараў. У яго склад уваходзілі дзевяць міністраў на чале з Панцеляймонам Ерханам. Гэты орган улады абіраўся народым галасаваннем. У 1917 годзе адбыліся першыя і адзіныя выбары ў Сфатул Цэрый[1]. У ім было 150 месцаў, з іх 105 мандатаў мелі малдаване, 15 — украінцы, 13 — яўрэі, 6 — рускія, 3 — балгары, па 2 — немцы і гагаузы, па адным мандаце — паляк, грэк і армянін; нацыянальнасць уладальніка апошняга мандату невядомая[9].
У паўнамоцтвы Сфатул Цэрыя ўваходзілі найважнейшыя галіны дзейнасці дзяржавы. Напрыклад, менавіта яго рашэннямі спачатку было зацверджана стварэнне МДР і наступнае ўваходжанне ў склад Румыніі. 10 снежня 1918 года, пасля ўваходжання Малдовы ў склад Румыніі, Дырэктарат і Сфатул Цэрый былі скасаваны ўказам караля Румыніі.
Прадпрымаліся спробы прыняцця Канстытуцыі. У сакавіку 1918 года група малдоўскіх юрыстаў распрацавала Канстытуцыю дзяржавы[1], якая, тым не менш, не стала асноўным законам краіны. Дырэктаратам ставіліся спробы арганізацыі арміі, распрацоўкі законаў і ўпарадкавання мясцовай улады, аднак падобныя захады не былі ажыццёўленыя, а пасля ўваходжання ў склад Румыніі страцілі сэнс.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дакладных граніцаў у МДР не існавала. Незважаючы на гэта, заходняя мяжа рэспублікі праходзіла былой румынска-расійскай мяжой (у цэлым супадаючы з сучаснай румынска-малдоўскай), размяшчаючыся па рэчышчах рэк Прут і Дунай. На поўдні мяжа выходзіла да Чорнага мора, а на поўначы нічым не абмяжоўвалася. Вузкая прастора на паўночным захадзе паміж Днястром і Прутам межавала з Букавінай, якая належала тагачаснай Аўстра-Венгрыі, гэты ўчастак таксама не меў вызначанай мяжы. Паводле III Універсалу, ракой Днестар праходзіў участак мяжы Украіны. Адначасова гэтая рака служыла ў якасці мяжы Малдовы, аднак доўгі час пытанне ўсходняе мяжы Малдовы было адкрытым. На ўсходзе межы рэспублікі таксама абмяжоўваліся Чорным морам[6].
На захадзе МДР праходзіла мяжа з Румыніяй, на паўночным захадзе — з Аўстра-Венгрыяй. На ўсходзе рэспубліка мела межы з УНР, Адэскай Савецкай Рэспублікай і Бесарабскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Усе гэтыя дзяржаўныя ўтварэнні ў той ці іншай ступені мелі тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Малдовы.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Сталіцай рэспублікі стаў горад Кішынёў, які знаходзіцца ў цэнтральнай частцы сучаснай Малдовы.
Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка, паўтараючы тэрыторыю былой Бесарабскай губерні, падзялялася на восем паветаў: Акерманскі, Бельцкі, Бендэрскі, Ізмаільскі, Кішынёўскі, Аргееўскі, Сароцкі і Хоцінскі. Адміністрацыйныя цэнтры трох паветаў — Акерманскага, Ізмаільскага і Хоцінскага (гарады Белгарад-Днястроўскі, Ізмаіл, Хоцін адпаведна), на цяперашні момант знаходзяцца ў складзе Украіны. Акерманскі павет падчас існавання рэспублікі знаходзіўся пад кантролем Адэскай Савецкай Рэспублікі, але ўжо ў сакавіку 1918 года яго тэрыторыю ўзялі пад кантроль румынскія войскі.
З мэтай забеспячэння кіравання на павятовым узроўні Сфатул Цэрый прызначыў у кожны павет па каменданце[1].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]У Малдаўскай Дэмакратычнай Рэспубліцы пражывала прыкладна 2 700 тыс чал.[10]. Аснову насельніцтва ў дзяржаве складалі малдаване, якія найбольшую дзелю ад насельніцтва складалі ў цэнтральных рэгіёнах краіны. Найменшая працэнтная доля малдаванаў была ў Буджаку — поўдні былой Бесарабскай губерні. Серад нацыянальных меншасцей адзначаліся рускія, украінцы, гагаузы, немцы, балгары, яўрэі, цыгане, албанцы і г.д. Украінцы напачатку ХХ ст. складалі 20% ад насельніцтва, яўрэі — 11%, рускія — каля 8%, балгары — 5%, гагаузы і цыгане — 4 і 0,6% адпаведна[11].
На поўдні Буджаку раманамоўныя народы складалі 27%, у наваколлях горада Белгарад-Днястроўскі — 23%[6].
Аб'яднанне з Румыніяй
[правіць | правіць зыходнік]У сакавіку 1918 года быў апублікаваны праект Канстытуцыі МДР, распрацаваны групай малдоўскіх юрыстаў. Паводле Канстытуцыі прадугледжвалася, у прыватнасці, што Малдаўская рэспубліка складае незалежную і непадзельную дзяржаву, тэрыторыя якой не можа быць адчужанай. Нягледзячы на гэта, рэальная ўлада МДР распаўсюджвалася толькі на частку яе тэрыторыі.
Кіраўнікі Сфатул Цэрый Іён Інкулец і Думітру Чугурану некалькі разоў ладзілі паездкі ў Ясы з мэтай кансультацыяў па пытанні аб'яднання МДР і Румыніі з румынскім урадам, які знаходзіўся ў гэтым горадзе з прычыны акупацыі Германіяй Бухарэста. У выніку перамоў было вырашана, што рашэнне пра аб'яднанне прыме Сфатул Цэрый, пасля аб'яднання Бесарабія захавае аўтаномны статус, а Сфатул Цэрый засанецца органам вышэйшай улады і будзе абірацца ўсенародным галасаваннем.
27 сакавіка 1918 года адбылося наступнае паседжанне Сфатул Цэрый, на якім было пастаўлена пытанне пра аб'яднанне Румыніі і Бесарабіі. Падчас галасавання будынак, дзе адбывалася паседажнне, быў абкружаны румынскімі вайскоўцамі, на галасаванні прысутнічалі румынскія ваенныя ўлады. Збянтэжыўшыся прысутнасцю румынскіх войскаў у Кішынёве, прадстаўнікі балгарскай, нямецкай, гагаузскай меншасцей у сваю чаргу заявілі пра сваё ўстрыманне ад галасавання[12] і палічылі яго незаконным[9]. Прадстаўнікі сялянскай фракцыі В. Цвганко і прадстаўнік расійскай культурнай лігі В. Гракулаў заявілі пра мажлівасць вырашэння пытання далучэння або самастойнасці толькі шляхам рэферэндуму. Тым не менш, гэтыя аргументы не ўзялі ва ўлік і адбылося пайменнае галасаванне. За далучэнне прагаласавала 86 дэпутатаў, супраць — 3, устрымаліся — 36, адсутнічалі пры паседжанні — 13[1].
У рэгіёне пачалі адзначацца забастоўкі і паўстанні. У красавіку баставалі кішынёўскія чыгуначнікі, да якіх у маі і чэрвені далучыліся чыгуначнікі ўсёй Бесарабіі. У Бендэрах, Унгенах і Окніцы сталі падпальвацца і выбухоўвацца румынскія склады, у Каменцы і шматлікіх сёлах адзначаліся сялянскія хваляванні. На левым беразе Днястра пачаўся партызанскі рух.
У лістападзе пачалася парыхтоўка да мірнай канферэнцыі ў Парыжы, на якой Румынія жадала дабіцца міжнароднага прызнання аб'яднання. Румынскі ўрад арганізаваў скліканне Сфатул Цэрыя з мэтай прыняцця рашэння пра аб'яднанне, але ўжо без аўтаноміі. Так, генеральны камісар Бесарабіі пераконваў дэпутатаў Сфатул Цэрыя ў адмове ад аўтаноміі.
На паседжанні з 25 па 26 лістапада 1918 года ў прысутнасці кворуму з 45 галасоў з 125 было прынята рашэнне пра далучэнне Бесарабіі да Румыніі, паводле якога ліквідаваліся ўмовы акту ад 27 сакавіка 1918 года. Пасля прыняцця рашэння Сфатул Цэрый спыніў існаванне. Значная частка дэпутатаў патрабавала ад румынскаг ураду аднаўлення аўтаноміі, аднак рэакцыі на гэта не паследавала.
Наступны гістарычны перыяд акрэсліваўся існаваннем Бесарабіі ў складзе Румыніі ў якасці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі з той жа назвай і захаванымі межамі паветаў. Наступныя 22 гады Бесарабія знаходзілася ў складзе Румыніі, тады як малдоўская частка левага берагу Днястра атрымала статус аўтаноміі ў складзе УССР (спачатку ў якасці аўтаномнай вобласці, а потым — аўтаномнай ССР). Па атрыманні СССР кантролю над Бесарабіяй (што нярэдка вызначаецца ў гістарыяграфіі як акупацыя) яе тэрыторыя была аб'яднана з Малдаўскай АССР з утварэннем новай сайзнай рэспублікі — Малдаўскай ССР.
«Бесарабскае пытанне»
[правіць | правіць зыходнік]Далучэнне рэгіёна да Румыніі што стала прычынай узнікнення г.зв. Бесарабскага пытання — савецка-румынскага дыспуту наконт прыналежнасці Бесарабіі. Савецкі бок аргументаваў сваю пазіцыю тым, што Бесарабія да 1918 года не ўваходзіла ў склад Румыніі, і трапіла ў склад Расіі ў 1812 годзе паводле вынікаў вайны з Асманскай імперыяй. Частка мясцовага насельніцтва ідэнтыфікавала сябе як малдаване[1] і жадала стварэння або незалежнай малдоўскай дзяржавы альбо аўтаноміі[1]. Румынскі бок настойваў на волевыяўленні народу ў асобе Сфатул Цэрыя.
Эканамічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Эканоміка МДР зазнала значныя страты праз вынікі Першай сусветнай вайны і грамадзянскай вайны ў Расіі, пры гэтым эканоміка рэгіёна была ў кепскім стане яшчэ да рэвалюцыі. Аднак у параўнанні з 1913 годам колькасць прадпрыемстваў скарацілася з 14 500 да 10 000, кошты на тавары ўзраслі ў сярэднім у 7-12 разоў, колькасць пасеўных плошчаў скарацілася на 19%[13]. Значны ўплыў на тагачасную малдоўскую эканоміку аказаў адток рабочых рук. Працаздольных мужчын прызывалі ў армію і адпраўлялі на фронт, у сувязі з чым не хапала рабочых рук у сельскай гаспадарцы і прамысловай вытворчасці[13]. У сувязі з крызісам у краіне, павялічылася колькасць спекулянтаў, але з імі змагаўся ўрад МДР.
Малдова была пераважна аграрнай краінай. У сёлах пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адбывлаася пераразмеркаванне зямель,у прыватнасці падзел былых памешчыцкіх уладанняў. Для ажыццяўлення гэтага на мясцовым узроўні ствараліся сялянскія камітэты.
На тэрыторыі МДР знаходзіліся ваенныя склады з харчом, якімі карысталіся ў гарадох краіны. Румынія, якая таксама панесла страты ў выніку вайны, вырашыла ўзнавіць яе з дапамогай бесарабскай. Для гэтага румынскія войскі атрымлівалі загад па канфіскацыі ўсёй маёмасці былой Расійскай імперыі[6]. Дамовай ад 9 сакавіка 1918 года гэты працэс быў фактычна ўзаконены[7].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п Асацыяцыя вучоных Малдовы імя Н. Мілеску-Спэтару. Istoria Republicii Moldova: din cele mai vechi timpuri pină în zilele noastre. — 2-е, перапрацаванае і дапоўненае. — Кішынёў: Elan Poligraf, 2002. — С. 182-190. — 360 с. — ISBN 9975-9719-5-4.
- ↑ а б в Стати В. История Молдовы. — Кишинёв: Tipografia Centrală, 2002. — С. 272-308. — 480 с. — ISBN 9975-9504-1-8.
- ↑ Michael Bruchis. The Republic of Moldavia: from the collapse of the Soviet empire to the restoration of the Russian empire. — East European Monographs, 1996. — 205 с.
- ↑ Ion Nistor, ст. 279
- ↑ Жаркуцкий И. И. Из истории левобережья Днестра (XIX - начало XX века). — Dacoromania. The history of Bessarabia, Moldova and Romania.
- ↑ а б в г д е ё ж з Савченко В. А. Военный конфликт в Бессарабии. Война советских войск против армии Румынии (январь — март 1918) // Двенадцать войн за Украину. — Харьков: Фолио, 2006. — 415 с.
- ↑ а б Богатуров А. Д. Системная история международных отношений. — М.: Московский рабочий, 2000.
- ↑ Молдавская народная республика, 1917 (руск.). Russian Centre of Vexillologyu and Heraldry (17 студзеня 2014).
- ↑ а б Gh. Cojocaru, Ioan Scurtu. Itinerarul Basarabiei spre realizarea unităţii româneşti (1917-1918). — Marea Unire din 1918 în context european. — Bucureşti: Enciclopedică, Academiei Române, 2003. — С. 110-111.
- ↑ Population of Eastern Europe (англ.)(недаступная спасылка). Tacitus Historical Atlas (17 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 8 студзеня 2018. Праверана 24 студзеня 2014.
- ↑ Берг Л. С. Население Бессарабии. Этнографический состав и численность. — Петроград, 1923.
- ↑ King, C. The Moldovans: Romania, Russia and the Politics of Culture. — Hoover Institution Press, 2000. — С. 35.
- ↑ а б И. А. Ожог, И. М. Шаров. Краткий курс лекций по истории румын. Новая история. — 1992. Архівавана 5 сакавіка 2009.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Дыков И. Г. Румчерод и борьба за ўстановление Советской власти на Румынском фронте // Исторические записки. — М., 1956. — Т. 57.
- И. Э. Левит. Год судьбоносный. От провозглашения Молдавской Республики до ликвидации автономии Бессарабии. Ноябрь 1917 — ноябрь 1918. — Кишинёв: Центральная типография, 2000.
- Худяков В. В. В цветущих акациях город… Бендеры: люди, события, факты. — Бендеры: Полиграфист, 1999. — С. 108—112. — ISBN 5-88568-090-6
- Молдавская Советская Социалистическая Республика. — Кишинёв: Главная редакция Молдавской Советской Энциклопедии, 1979. — С. 108—110.
- История Молдавской ССР. С древнейших времён до наших дней. — Кишинёв: Штиинца, 1982.
- Alexandru V. Boldur. Istoria Basarabiei. — Bucureşti: Editura Victor Frunză, 1992.
- Alexandru Bobeica. Sfatul Ţării: stindard al renaşterii naţionale. — Chişinău: Universitas, 1993. — ISBN 5-362-01039-5
- Ion Calafeteanu, Viorica-Pompilia Moisuc. Unirea Basarabiei şi a Bucovinei cu România 1917—1918: documente. — Chişinău: Hyperion, 1995.
- Ştefan Ciobanu. Unirea Basarabiei : studiu şi documente cu privire la mişarea naţională din Basarabia în anii 1917—1918, Universitas, Chişinău, 1993 ISBN 5-362-01025-5 // Alfa, Iaşi, 2001
- Gheorghe E. Cojocaru. Sfatul ţării: itinerar, Civitas, Chişinău, 1998, ISBN 9975-936-20-2
- Dinu Postarencu. O Istorie a Basarabiei în date si documente (1812—1940), Editura Cartier, Chişinău, 1998
- Marin C. Stănescu. Armata româna si unirea Basarabiei şi Bucovinei cu România : 1917—1919, Ex Ponto, Constanţa, 1999, ISBN 973-9385-75-3
- Mihai Taşcă. Sfatul Ţării şi actualele autorităţi locale, Timpul, no. 114 (849), June 27, 2008 (ст. 16)
- Ion Ţurcanu. Unirea Basarabiei cu România : 1918 : preludii, premise, realizari, Tipografia Centrală, Chişinău, 1998, ISBN 9975-923-71-2