Мінскі працэс 1946 года

Мінскі працэс 1946 года — судовы працэс над нямецкімі ваеннымі злачынцамі, які адбыўся ў Мінску ў студзені 1946 года.

Суддзямі на працэсе былі генерал-маёр юстыцыі Кедраў (старшыня), палкоўнікі юстыцыі Сахараў і Вінаградаў (сябры суду), маёр юстыцыі Іваноў (сакратар). Абвінавачванне прадстаўляў ваенны пракурор генерал-маёр юстыцыі Ячэнін. Абарону здзяйснялі адвакаты Міхальскі, Бядросаў, Савенка, Татарынцаў, Гаўрылаў, Плявака і Пятрэнка (Франц Карл Гес адмовіўся ад адваката і абараняў сябе сам).

Абвінавачанымі былі 18 прадстаўнікоў нямецкае акупацыйнае ўлады на Беларусі: генералы, афіцэры, унтэр-афіцэры, радавыя, прадстаўнікі вермахту і войск СС, паліцыі, гестапа, жандармерыі, сябры нацысцкай партыі і беспартыйныя. Тым самым прысуд выносіўся як бы не толькі пэўным ваенным злачынцам, але ўсёй нямецкай ваеннай машыне агулам.

Першае пасяджэнне Ваеннага Трыбуналу адбылося ўвечары 15 студзеня 1946 года ў Мінску ў памяшканні акруговага Дому Афіцэраў. Працэс быў адкрытым, на пасяджэннях прысутнічала каля 1000 чалавек, якія прадстаўлялі ўсе вобласці і раёны БССР. На сцэне за сталом сядзелі суддзі, абвінавачаныя сядзелі на 18 лаўках бокам да гледачоў.

Абвінавачванні зачытваліся цэлы дзень. Падсудныя вінаваціліся ў знішчэнні мірных савецкіх грамадзян, зверскіх расправах і здзеках з савецкіх ваеннапалонных, масавым згоне грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства, разбурэнні гарадоў, вёсак і рабаванні цывільнага насельніцтва. Судовае следства цягнулася да 27 студзеня, калі распачаліся спрэчкі бакоў. Большая частка пасяджэнняў 28 студзеня была прысвечаная выступам адвакатаў, якія сцвярджалі, што падсудныя, безумоўна, вінаватыя, але заслугоўваюць паблажкі, бо, па-першае, раскаяліся, а па-другое, толькі выконвалі загады вышэйшага кіраўніцтва краіны. Пасля падсудным было нададзена права апошняга слова. Усе яны раскайваліся, прасілі літасці і асуджалі фашызм, толькі камандзір 26-га паліцэйскага палка падпалкоўнік Георг Роберт Вайсіг папрасіў памілаваць не сябе, а свайго маладога падначаленага, а обер-лейтэнант СС Ганс Герман Кок абвясціў, што: «Усе тыя злачынствы, якія я здзейсніў у Расіі, я здзейсніў не толькі праз паслухмянае выкананне тых загадаў, якія давалі мае начальнікі, але таксама з прызнання і выканання расавай тэорыі. Забіваў і знішчаў таксама па ўласнай ініцыятыве. … Шмат крыві на маіх руках. …У дадзены момант чакаю смяротнага прысуду».

Прысуд быў абвешчаны 29 студзеня і быў сустрэты апладысментамі. 14 з 18-і падсудных (Іаган Георг Рыхерт, Эбергард Герф, Готфрыд фон Эрдмансдорф, Георг Роберт Вайсіг, Эрнест Аўгуст Фальк, Ганс Герман Кок, Паўль Карл Айк, Карл Макс Лангут, Бруна Франц Мітман, Франц Карл Гес, Райнгард Георг Моль, Рольф Оскар Бурхард, Аўгуст Іозеф Бітнер, Фішэр) былі асуджаныя да смяротнага пакарання, астатніх (Ганс Іозеф Хехтль, Бруна Макс Гец, Родэнбуш, Гетэрых) засудзілі да ссылкі на катаржныя працы на тэрмін 15—20 гадоў.

Здзяйсненне пакарання было прызначана на 30 студзеня. Месцам для яго быў выбраны мінскі іпадром (участак абмежаваны вуліцамі Ульянаўская і Чырвонаармейская, а таксама Свіслаччу). На беразе Свіслачы былі ўсталяваныя 6 т-падобных і 2 г-падобных шыбеніцы. Да гарызантальных брусоў былі прымацаваныя шыльды з прозвішчамі і ваеннымі званнямі асуджаных. Каля Ульянаўскай вуліцы была ўсталявана трыбуна і слуп з дзвюма раструбамі рэпрадуктараў. Паводле розных сведчанняў, сабралася каля 100 тысяч гледачоў.

А 14:25 задняй хадой да шыбеніцаў пад’ехала 14 «Студэбекераў». Не заглушаючы матораў, салдаты адкінулі барты і, узняўшы на ногі асуджаных, накінулі тым петлі на шыі. Пакаранні пачаліся а 14:30. Першым быў павешаны генерал-лейтэнат Рыхерт, а за ім і ўсе астатнія.