Мінск Крышталь
«Мінск Крышталь» | |
---|---|
Тып | адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1893 |
Заснавальнікі | Янкель і Зэльман Ракаўшчыкі |
Краіна | Беларусь |
Размяшчэнне | Мінск |
Адрас | Ленінскі раён, Кастрычніцкая вул., д. 15[1] |
Ключавыя постаці | Ігар Шустаў, Андрэй Чырко |
Галіна | прамысловасць |
Прадукцыя | брэндзі, віно, віскі, гарэлка, джын, кальвадос, настойка, ром, слівовіца і тэкіла |
Абарот | ▼1295,736 млрд бел.рублёў[2] (2015 г.; $79,72 млн)[3] |
Аперацыйны прыбытак | ▼6,005 млрд руб (2015 г.; $0,37 млн) |
Чысты прыбытак | ▼0,664 млрд руб (2015 г.; 0,041 млн) |
Матчына кампанія | канцэрн «Белдзяржхарчпрам»[4] |
Даччыныя кампаніі | ААТ «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод», заводы «Белалка», «Прыдзвінне» і «Радамір» |
Сайт | kristal.by |
«Мінск Крышта́ль» — дзяржаўны лікёра-гарэлачны завод Беларусі, заснаваны ў 1893 годзе ў Мінску братамі Янкелем і Зэльманам Ракаўшчыкамі.
Ёсць найбуйнейшым вытворцам гарэлкі ў Беларусі. На 2020 год у склад ААТ «Мінск Крышталь» уваходзілі: 3 спіртзаводы — Бярэзінскі, Урэцкі (Любанскі раён) і Хотаўскі (Стаўбцоўскі раён); Сноўскі крухмальны завод (Нясвіжскі раён) і агракамбінат «Туча» (Клецкі раён)[5]. З 2015 года «Мінск Крышталь» узначальваў холдынг, у склад якога ўваходзілі 7 дзяржаўных ААТ альгакольнай галіны: Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод», «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» (Магілёўская вобласць), «Мазырскі спіртагарэлачны завод» (Гомельская вобласць) і Харчовы камбінат «Весялова» (Барысаўскі раён)[6]. У Беларусі налічвалася 105 уласных крамаў «Мінск Крышталь» — 38 у Мінску; 19 у Мінскай вобласці, з іх 2 у Маладзечне; 13 у Віцебскай вобласці, з іх 4 у Віцебску, 3 у Оршы і па 2 у Наваполацку і Полацку; 12 у Магілёўскай вобласці, з іх 5 у Магілёве і 4 у Бабруйску; 10 у Гродзенскай вобласці, з іх 3 у Гродна; 8 у Гомельскай вобласці, з іх 2 у Гомелі; 5 у Брэсцкай вобласці[7]. Гандлёвыя прадстаўніцтвы працавалі ў 3 краінах: Арменіі — ТАА «Ар-Бе» (Ераван), Латвіі — ТАА «Белхарчпрам» (Рыга) і Расіі — ТАА «МКР» (Масква)[8].
Вырабы
[правіць | правіць зыходнік]На 2020 год ААТ «Мінск Крышталь» вырабляла:
- спіртовыя напоі — бальзам, брэндзі, віно, віскі, гарэлку («Белая Русь»), джын, кальвадос, настойку, ром, слівовіцу і тэкілу;
- бакалею — кісель, кукурузныя крупы і бульбяныя чыпсы[9].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1893 годзе браты Янкель і Зэльман Ракаўшчыкі адчынілі на Ніжне-Ляхаўскай вуліцы Мінску дрожджа-вінакурны завод, якім меў паравую машыну і 20 супрацоўнікаў. У 1905 годзе вырабы прадпрыемства адзначылі Залатым медалём выстаўкі ў Парыжы (Францыя). У 1906-м узнагародзілі Залатым медалём Растоўскай выстаўкі пастаўшчыкоў імператарскага двара. У 1910 годзе на заводзе ўсталявалі дынама-машыну, лякамабіль і газагенератар. У 1911 годзе гарэлку завода адзначылі Галоўнай узнагародай Рымскай выстаўкі (Італія). Да 1913 годзе завод зрабіўся найбольшым вытворцам гарэлкі на тэрыторыі Беларусі. У 1918 годзе расійскія бальшавікі нацыяналізавалі завод, які выкарыстоўвалі ў якасці складоў. У 1924 годзе ўрад Беларускай ССР аднавіў спіртзавод у якасці дзяржаўнага прадпрыемства. У 1964 годзе Мінскі дрожджа-вінны камбінат утварыў аб’яднанне «Крышталь», у якое ўвайшлі 4 лікёра-гарэлачныя заводы. У 1976 годзе на яго аснове стварылі аб’яднанне спіртавой і лікёра-гарэлачнай прамысловасці, куды ўліліся яшчэ 9 спіртзаводаў[10].
У 2002 годзе Мінскі вінна-гарэлачны завод пераўтварылі ва ўнітарнае прадпрыемства «Мінск Крышталь». У 2011 годзе 59 % экспарту прыпала на Літву праз гандлёвы дом ТАА «Белхарчпрам». Яшчэ 18 % экспартавалі праз ТАА «Рэйпер» у Турцыю. У 2012 годзе 95 % продажаў у Беларусі прыпадала на Мінск. У 2013 годзе на галаўным прадпрыемстве «Мінск Крышталь» усталявалі бракеражныя аўтаматы і дэпалетызатары. У філіяла «Туча» (Клецкі раён) ўзвялі бульбасховішча на 15 000 тонаў. На Сноўскім крухмальным заводзе (Нясвіжскі раён) дабудавалі ачышчальныя збудаванні. У 2013 годзе акцыз складаў 70 % цаны гарэлкі «Крышталь», цана якой вырасла за год з 25 000 ($2,8) да 52 000 рублёў ($5,8) за пляшку. У выніку прадпрыемства ўвайшло ў лік найбольшых падаткаплатнікаў Мінску і выплаціла 1,6 трлн беларускіх рублёў ($178,4 млн) падаткаў. ААТ «Мінск Крышталь» павялічыў сваю долю на рынку Беларусі з 30 % да 36 %. Аднак падзенне продажаў гарэлкі ў Беларусі склала 25 % да ўзроўню 2012 года. У 2013 годзе «Мінск Крышталь» увёў пасады абласных кіраўнікоў продажамі і адчыніў абласныя гуртовыя склады. Сыравіну ў цэх рэктыфікацыі пастаўлялі 3 даччыныя спіртзаводы: Бярэзінскі, Урэцкі (Любанскі раён) і Хотаўскі (Стаўбцоўскі раён). Частку збожжа нарыхтоўвалі на даччынай СВФ «Туча». Для гарэлкі выкарыствоўвалі ваду, апрацаваную крэмніем. Саму гарэлку фільтравалі срэбрам праз 2 устаноўкі. Налічвалася 24 фірмавыя крамы. Гандлёва-лагістычны цэнтр займаў 0,7 гектара і мог змяшчаць ад 350 000 дэкалітраў гарэлкі[10].
17 ліпеня 2015 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынга па вытворчасці алкагольнай прадукцыі», паводле якога прызначыў яго "кіраўнічай кампаніяй — ААТ «Мінск Крышталь». У склад холдынга пастанаўлялася да 1 верасня 2015 года ўключыць 7 дзяржаўных ААТ: Брэцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка», Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзвінне», Гомельскі лікёра-гарэлачны завод «Радамір», «Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод», «Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод» (Магілёўская вобласць), «Мазырскі спіртагарэлачны завод» (Гомельская вобласць) і Харчовы камбінат «Весялова» (Барысаўскі раён). Паводле падпункту 2.7 Указу, «дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў не распаўсюджваецца на алкагольную прадукцыю, што вырабляецца арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад холдынга». Таксама паводле падпункту 2.4 холдынгу адтэрмінавалі выплату акцызаў на 90 дзён з дня адгрузкі спіртовых вырабаў[11].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Бутэлька гарэлкі Белая Русь
- Гарэлка «Браты»
Зноскі
- ↑ "Кантакты"(руск.). ААТ «Мінск Крышталь». 2020. Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за долар)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ "Агульныя звесткі"(руск.). ААТ «Мінск Крышталь». 2020. Архівавана з арыгінала 6 красавіка 2020. Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ Будова (руск.). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ Пра нас (руск.). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ Крамы (руск.). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ Партнёры (руск.). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ Бакалея (руск.)(недаступная спасылка). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2020. Праверана 19 сакавіка 2020.
- ↑ а б Уладзімір Хількевіч, Алена Даўжанок. «Нельга проста «сядзець» на традыцыях — патрэбна іх развіваць» // Звязда : газета. — 16 лістапада 2013. — № 216 (27581). — С. 6-7. — ISSN 1990-763x.
- ↑ А. Лукашэнка. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2015 года № 326 «Аб стварэнні і дзейнасці холдынга па вытворчасці алкагольнай прадукцыі» (руск.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (22 ліпеня 2015). Праверана 19 сакавіка 2020.(недаступная спасылка)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Электронны зварот грамадзян (руск.)(недаступная спасылка). ААТ «Мінск Крышталь» (2 лістапада 2020). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2020. Праверана 19 сакавіка 2020.