Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча
Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча — навучальная ўстанова ордэна піяраў у Полацку ў 1822—1830 гадах, створана на базе пераведзенага сюды паводле імператарскага ўказу ад 28 жніўня 1822 года Віцебскага піярскага вучылішча .
Месцілася ў будынках скасаванай Полацкай езуіцкай акадэміі. Згодна са статутам падзялялася на прыхадское вучылішча, 4-класнае павятовае вучылішча і 3-гадовыя «курсы вышэйшых навук». Ад езуітаў вучылішча перайшлі бібліятэка (больш за 24 тысячы тамоў), фізічны і мінералагічны кабінеты, музей, друкарня.
Выкладанне вялося на польскай мове. У 1823 годзе былі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў (большасць з іх скончыла Віленскі ўніверсітэт). Каб стварыць асветніцкі цэнтр, падобны да ўніверсітэцкага, была значна пашырана навучальная праграма і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў.
У павятовай вучылішча выкладаліся: закон Божы, польская, лацінская, французская, нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне. «Курсы вышэйшых навук» падзяляліся на літаратурныя i матэматычныя аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, даследчая фізіка, грамадзянскае права, лацінская, грэчаская, польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы.
Пры вучылішчы дзейнічаў інтэрнат (канвікт) на 40 юнакоў. Вучэльня мела трывалыя сувязі з Віленскім універсітэтам, у канцы 1822 годзе лекцыі па гісторыі тут чытаў прафесар гэтага ўніверсітэта I. Лялевель. У вучылішча дзейнічаў філіял таварыства філаматаў (раскрыты паліцыяй у снежні 1823 года).
Папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь А. Чартарыйскі меркаваў надаць вучылішчу афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 годзе ўсходняя Беларусь адышла да Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825—1826 гадах па ініцыятыве візітара прафесара В. Сянкоўскага праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная форма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за выхаванцамі і выкладчыкамі.
Пасля стварэння ў 1829 годзе Беларускай навучальнай акругі ўлады пачалі працэс скасавання вучылішча. Летам 1830 года вучэльня была зачынена, а піяры пераведзены ў Вільню.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя, М. А. Ткачоў: Уклад. Т. В. Габрусь. — Мн.: Беларусь, 2003. — 351 с. — ISBN 985-01-0415-5.
- Квитницкая Е. Д. Белорусские коллегиумы XVIII века. // Архитектурное наследство. — Москва: «Стройиздат», 1972, Выпуск 19.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.