Прусы

Прусы
Прусы забіваюць Адальберта
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Прусія
Мова пруская
Рэлігія політэізм
Блізкія этнічныя групы яцвягі

Пру́сы (лац.: Pruteni)  — сярэдневяковы заходні балцкі народ, які насяляў паўднёва-усходняе ўзбярэжжа Балтыйскага мора (прыкладна да кан. XVII ст.).

Паходжанне і рассяленне

[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне прусаў, як і іншых балтаў, звязваюць з культурай шнуравой керамікі. Відавочна, далейшы працэс фарміравання адбываўся ўжо на поўдні Балтыкі, дзе продкі прусаў мелі цесныя кантакты з продкамі славян, да пачатку н.э. — кельтамі, затым — готамі.

У 98 г. н.э. Тацыт называў насельнікаў паўднёвага ўсходу Балтыкі «эстыямі» і сцвярджаў, што яны займаюцца земляробствам і гандлююць бурштынам, хаця самі яго каштоўнасці не разумеюць. Іардан (VI ст.) лічыў іх адным з плямён гоцкага саюза. Але ў II ст. н.э. Пталемей узгадваў народ Borusci. Паходжанне гэтай назвы з'яўляецца спрэчным. Большасць даследчыкаў звязвае яе з назвай ніжняга цячэння Нёмана (Рус, Русна), але ёсць гіпотэзы, што назва прусаў значыла проста «людзі», паходзіла ад назвы германскага народа фрызаў або была дадзена суседнімі народамі ў дачыненні да іх правадыроў і значыла «коннікі».

Канчаткова на фарміраванне і рассяленне прусаў паўплывала міграцыя славян ў VI—VIII стст., якія занялі тэрыторыі к захаду ад іх, а таксама выціскнулі ў Прыбалтыку балтаў, што да таго насялялі іншыя рэгіёны Усходняй Еўропы. Крыніцы высокага і позняга сярэднявечча фіксуюць прусаў на тэрыторыі к захаду і на поўнач ад Віслы, усходу ад Нёмана і далей. Прусы не мелі адзінства. Аўтары звычайна вылучалі пэўныя рэгіёны або плямёны, да якіх таксама часам далучалі яцвягаў і галіндаў. У гэтай сувязі спрэчным застаецца пытанне, ці можна лічыць прусаў адзіным народам.

У пісьмовых крыніцах гісторыя прусаў стала фіксуецца з IX ст. Відавочна ў IX—X ст, яны пацярпелі ад нападаў вікінгаў, але не былі заваяваны імі. Адам з Брэмена (XI ст.) называў іх людзьмі добразычлівымі, схільнымі да дапамогі, але наракаў на тое, што яны — паганцы. У 997 г. была прадпрынята першая няўдалая спроба ахрысціць гэты народ архібіскупам Адальбертам з Прагі, якая скончылася яго забойствам. У 1009 г. на мяжы Прусіі з Літвой загінуў місіянер Бруна з Квертфурта. Безвынікова скончылася місія оламаўцкага біскупа ў 1141 г.

Прускія аб'яднанні ў XIII ст.

З XII ст. тэрыторыя, населеная прусамі, стала аб’ектам польскай экспансіі. Прычым, у паходзе 1147 г. удзельнічалі прадстаўнікі Русі. 26 кастрычніка 1206 г. Папа Інакенцій III выдаў булу, у якой фактычна абвяшчаў крыжовы паход для хрысціянізацыі Прусіі. У 1215/1216 г. нават быў прызначаны прускі біскуп. Але дацкі напад 1210 г. і ваенныя кампаніі польскіх князёў 1220-ых гг. асаблівага плёну не прынеслі. У 1222 і 1226 гг. прусы самі нападалі на Польшчу. У 1224 г. жаданне далучыць Прусію да Рымскай імперыі выказаў нямецкі імператар. У гэтай сітуацыі Конрад I Мазавецкі звярнуўся за дапамогай да Тэўтонскага ордэна і перадаў яму ў карыстанне на 30 гадоў частку сваіх зямель.

Першыя 7 братоў Тэўтонскага ордэна на чале Германа Балка з’явіліся на памежжы Прусіі ў 1230 г. Але ўжо ў 1233 г. яны захапілі Самбію. Прусаў абвясцілі народам, падначаленым непасрэдна Папе і ордэну. У 1235 г. да Тэўтонскага ордэна быў далучаны рыцарскі ордэн Добжынскіх братоў, а ў 1237 г. — ордэн братоў-мечнікаў. У 1243 г. Прусія была падзелена тэўтонамі на 4 дыяцэзіі. Мясцовае насельніцтва некалькі разоў паднімала паўстанні супраць захопнікаў, але цярпела паражэнне. Адным з найбольш выдатных правадыроў паўстанцаў быў Генрых Монтэ. Заваяванне прусаў і яцвягаў працягвалася да 1283 г., пасля чаго ваенныя дзеянні былі перанесены ў Жамойць і Літву.

Аднак заваяванне не азначала поўнага вынішчэння народа. Прусы працягвалі існаваць яшчэ некалькі стагоддзяў і, у выніку, былі асіміляваны немцамі і літоўцамі.

Тапонім «Прусы» на тэрыторыі Беларусі. Крыніца: http://toponim.by/be/?q1=прус

У сувязі з войнамі Тэўтонскага ордэну й польскіх князёў на тэрыторыі Прусіі, частка тамтэйшага жыхарства была змушаная міграваць на ўсход, часткова ў Верхняе Панямонне, на землі роднасных прусам яцвягаў. Гэта адбылося ў апошняй траціне ХІІІ ст. У Іпаццеўскім летапісе ёсць запіс, у якім паведамляецца, што ў 1276 годзе прыйшлі Прусы да князя Трайдзеня, прыгнечваныя праз немцаў са сваёй айчыны. Ён жа прыняў іх да сябе і пасадзіў частку ў Горадні, а частку — у Слоніме. Польскі гісторык Е. Ахманьскі адзначаў, што размяшчэнне прусаў-борцяў абмяжоўваецца менавіта паўднёваю Літвою, наднёманскай і надвялейскай, куды ўцякалі са свае радзімы пад ціскам крыжакоў і яцвягі, шукаючы паратунку ў Літоўскім гаспадарстве. Е. Ахманьскі мяркуе таксама, што пад Радунню знаходзілася пруская калёнія Скалёва-Сколва, што складалася з групы вёсак, узнікненне якіх трэба звязваць з выправаю Кейстута й Альгерда на Скаловію ў 1365 годзе. На тэрыторыі Беларусі цяпер існуюць шматлікія тапонімы з коранем прус, у тым ліку вёскі Прусы (напрыклад, гл. Максім Лужанін) і інш.

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць крыніц сведчыць пра тое, што галоўным заняткам прусаў было земляробства. Тацыт лічыў, што ў гэтым заходнія балты былі больш паспяховымі, чым іх суседзі-германцы. Апрацоўка зямлі, вырошчванне і збор ураджаю вяліся з дапамогай плуга з жалезным лемешам, сярпа, касы-гарбушы. Галоўная сельскагаспадарчая культура — азімае жыта. Былі таксама вядомы авёс, лён, пшаніца, розныя віды гародніны.

Разам з земляробствам важную ролю адыгрывалі бортніцтва, лоў рыбы, паляванне на футравых звяроў і ласёў. У жывёлагадоўлі асаблівае месца займала конегадоўля. Прусы спажывалі конскае мяса і напоі з конскага малака. Лічылася, што іх п'юць толькі высакародныя, а простыя людзі і рабы — напоі з мёду.

Прусы здабывалі і ўмелі апрацоўваць балотнае жалеза, ліць бронзу, ведалі кераміку і ткацтва. Са старажытных часоў прусы збіралі, апрацоўвалі і гандлявалі бурштынам. Шырока былі распаўсюджаныя металічныя ўпрыгожванні, у тым ліку са срэбра: пераплеценыя каралі з кольцамі і дубчыкамі на канцах, пацеркі, шыйныя кольцы з падвескамі, фібулы і г. д. Часта яны аздабляліся выявамі рагатых жывёл. У III—IV ст. на поўдні прускіх зямель узнік так званы «ступеньчаты» стыль вырабу фібул. Археолагі лічаць насельніцтва старажытнай Прусіі заканадаўцам моды ў вытворчасці жаночых упрыгажэнняў сярод балтаў. Адсюль новыя стылі распаўсюджваліся ў іншыя землі.

Большасць насельніцтва жыла ў адносна невялікіх сельскагаспадарчых селішчах (10 — 14 гаспадарак). На мяжы I—II тыс. н. э. будаваліся пераважна прамавугольныя жытлы каркаснага тыпу памерамі ад 3,5 на 3 м да 5,6 на 4,4 м. Драўляны каркас ставіўся на мур з камення, абіваўся жэрдкамі і абмазваўся глінай. Унутры ладзіўся каменны агмень. Сустракаюцца заглыбленыя канструкцыі каркаснага тыпу (відавочна, выкарыстоўваліся як гаспадарчыя і часовыя пабудовы). Але разам з селішчамі існавалі добра ўмацаваныя гарадзішчы.

Асновай арганізацыі прускага грамадства была сельская абшчына, якая фарміравала адно паселішча і складалася з пашыраных і малых нуклеарных сямей. На чале сям'і заўсёды стаяў мужчына. Ён мог забіць або прадаць у рабства любога члена сваёй сям'і. Маёмасць і гаспадарка пераходзілі ў спадчыну ад бацькі да сына. Жанчыны знаходзіліся ў падначаленым стане. Існаваў звычай куплі нявесты. Прычым, бацька і сын маглі купіць нявесту разам. Спачатку на ёй жаніўся бацька, а пасля яго смерці — сын.

У X—XIII стст. адбывалася сацыяльная дыферэнцыяцыя. Абсалютную большасць насельніцтва складалі асабіста свабодныя абшчыннікі, але да XIII ст. частка з іх ужо была ў залежным стане ад вярхушкі грамадства, прадстаўленай князямі і дружыннікамі, жыўшымі ў гарадзішчах. Вылучаліся багатыя і бедныя. На ніжняй прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаялі рабы. Іх было мала, але яны з'яўляліся маёмасцю гаспадара.

Адзінай дзяржавы ў прусаў не было. У XIII ст. існаваў шэраг буйных аб'яднанняў:

  • Самбія (Sambia)
  • Натангія (Natangia)
  • Вармія (Varmia)
  • Пагудыя (Pogesania)
  • Памезанія (Pomesania)
  • Любавія (Lubavia)
  • Бартыя (Bartia)
  • Надрувія (Nadruvia)
  • Сасна (Sasna)
  • Кульм (Culm)

У складзе прускіх аб'яднанняў называлі таксама землі яцвягаў (Sudovia) і галіндаў (Galindia).

Этымалогія назваў застаецца спрэчнай. Невядома, ці былі гэтыя аб'яднанні тэрытарыяльнымі, племяннымі або прадстаўлялі першасныя малыя дзяржавы.

Пруская мова адносіцца да балтыйскай моўнай групы. Да заваявання Тэўтонскім ордэнам пісьмовасці не мела.

Тацыт паведамляў, што заходнія балты шанавалі гаспадыню і нараджальніцу ўсіх багоў і ў якасці адметнага знака яе культа насілі выявы дзіка. Але ў пазнейшыя часы такі рэлігійны культ сярод прусаў быў невядомы.

Пётр з Дусбурга лічыў, што яны шанавалі ўсю прыроду замест бога. У казаннях пра забойства каталіцкіх місіянераў узгадваліся свяшчэнныя гаі і лясы. У прусаў меліся прадстаўнікі рэлігійных культаў, якія адыгрывалі важную ролю ў пахавальным абрадзе. Нябожчыкаў спальвалі ў спецыяльных месцах, а іх рэшткі хавалі ў урнах або гаршках у плоскіх долах. Разам з памерлымі спальваліся некаторыя іх рэчы, з заможнымі — коні. Пётр з Дусбурга апавядае пра вярхоўнага жраца Крыве, рэзідэнцыя якога знаходзілася ў Рамаве (Romouae) у Надрувіі. Яго ўлада распаўсюджвалася таксама на ўсходніх балтаў-паганцаў.

У крыніцах XVI—XVII стст. фігуравалі імёны старажытных багоў прусаў: Акапірмс (вярхоўны бог неба і зямлі), Пяркунас (бог маланкі), Патолс (бог смерці), Патрымпс (бог урадлівасці) і інш.