Даўжыня звычайна 50 — 80 (часам да 120) см, маса 2—8 (часам да 20) кг. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, рыла завостранае, глотка невялікая; на сківіцах, акрамя дробных зубоў, моцпыя іклы. Луска дробная, заходзіць на шчэлепныя накрыўкі. Спіна і бакі зеленавата-шэрыя, бруха белае. Па баках 8 — 12 бурых плямін, якія зліваюцца ў папярочныя палосы. Спінных плаўнікоў 2, пярэдні з калючымі прамянямі; грудныя і брушныя — збліжаны.
Пашыраны ў вадаёмах басейнаў Балтыйскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Адрозніваюць аселую (туводную) форму і паўпрахадную, якая жыве ў саланаватых водах паўднёвых мораў, а на нераст падымаецца ў рэкі. У Беларусі водзіцца ў невялікай колькасці ў буйных рэках і многіх чыстых азёрах. Штучна зарыбляюць прамысловыя вадаёмы.
Трымаецца пераважна на глыбокіх, чыстых месцах з пясчаным або камяніста-галечнікавым грунтам каля дна. Патрабавальны да кіслароднага рэжыму, дрэнна пераносіць забруджванне вады.
Драпежнік, корміцца рыбай (пераважна плоткай, верхаводкай і інш.), ракамі, жабамі.
Полавая спеласць у 3—4 гады, у самцоў на год раней за самак. Адкладванне ікры аднаразовае ў маі — чарвені, пасля зыходу паводкі, пры тэмпературы 15—16 °C, на мелкаводдзі. Нерастуе парамі, на працягу 2 сутак самец клапоціцца аб кладцы, якая адкладваецца ў гнёзды на розны субстрат. Плоднасць 100—700 тыс. ікрынак.
Мае хуткія тэмпы росту, сяголеткі пад восень дасягаюць даўжыні 10—15 см.
Каштоўная прамысловая рыба. Аб’ект таварнага і аматарскага рыбалоўства.
Мяса белае, нятлустае, далікатнае, без дробных костак, з высокімі смакавымі вартасцямі. Утрымлівае 19 % бялкоў, 1 % тлушчу, добра засвойваецца. У рэстаранах сучаснай Беларусі — адна з найбольш папулярных рыб (пераважна завозіцца). Прадаецца ў свежым, марожаным выглядзе і ў кансервах.
Існуе велізарная колькасць рэцэптаў прыгатавання, як гарачага, так і халоднага: смажаць (у тым ліку шашлыкі), вараць, запякаюць, тушаць у малацэ з цыбуляй, гатуюць пад маянэзам, у жэле, гатуюць галубцы і г.д. Асабліва смачныя заліўныя з судака. Вельмі складаная тэхналогія судака «па-Радзівілаўску» (адна з самых складаных страў літоўска-беларускай кухні). Скрэбці судака належыць асцярожна, бо ў плаўніках і жаберных вечках маюцца вострыя калючкі[1].