Вілія
Вілія | |
---|---|
літ. Neris | |
Характарыстыка | |
Даўжыня | 498 км |
Басейн | 56 100 км² |
Расход вады | 186 м³/с |
Вадацёк | |
Выток | |
• Месцазнаходжанне | каля в. Вялікае Поле, Докшыцкі раён |
• Каардынаты | 54°41′23″ пн. ш. 27°52′03″ у. д.HGЯO |
Вусце | Нёман |
• Каардынаты | 54°54′01″ пн. ш. 23°52′19″ у. д.HGЯO |
Размяшчэнне | |
Водная сістэма | Нёман → Балтыйскае мора |
| |
Краіны | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ві́лія, або Вялля́, Ві́лля[1] (літ.: Neris — Нярыс) — рака ў Беларусі і Літве, правы прыток Нёмана.
Даўжыня 498 км, у т.л. тэрыторыі на Беларусі — 264 км. Плошча вадазбору 25,1 тыс. км², у т.л. на тэрыторыі Беларусі — 11 тыс. км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 186 м³/с.
Назва «Вілія»
[правіць | правіць зыходнік]У заходнярускіх летапісах назва фігуруе ў форме «Велья»[2], якая праз прамежкавую форму *Vъlьja ад адпачатнай балцкай формы Vilija[3].
Назвай Vilija таксама называюцца дзве ракі на тэрыторыі Літвы[4], назвай «Вілія» — тры ракі на правабярэжжы Прыпяці (прытокі прыпяцкай ракі Гарынь і дняпроўскай ракі Цецераў), дзе гэтая назва прызнаецца балцкай назоўнай спадчынай[5].
Ад індаеўрапейскага *ṷel- «круціць, віць, каціць»[6]. Ад яго таксама назва ракі Вільня, што звязаная з літоўскімі vilnià [= вільня́], vilnė, vilnis «хваля», vilnyti «хвалявацца, ісці хвалямі; наплываць (хвалямі)»[7].
Рачныя назвы Вілія, Вільня матываваныя хуткаплыннасцю ракі, якая хутка «накатвае» хвалямі.
Таго ж паходжання і корань Val- са значэннем «валіць, навальвацца, прыбываць»[8], які ў балцкай рачной назве Валажода «Хуткая плынь» (прытокі прыпяцкай Пцічы і бярэзінскай Мяны).
Па сёння ў народным ужытку беларусаў засведчаная форма назвы «Вялля»[9][10].
Назва «Нярыс»
[правіць | правіць зыходнік]«Літоўскі» варыянт назвы Нярыс (Neris) у форме Nere засведчаны ўжо ў 1260 годзе і даволі часты ў XIV стагоддзі ў крыжацкіх запісах. Літоўскамоўныя аўтахтоны Гервяцкага краю таксама ў маўленні аддаўна ўжываюць форму назвы Neris.
Ад гэтага варыянту вілейскай назвы на працягу ўсяго цячэння ракі, пачынаючы ад Смаргоні, утвораныя тапонімы, якія ў літоўскім асяроддзі гучаць як Paneriai: Панара (паміж Смаргонню і Барунамі), Панарцы (на Віліі ніжэй за Міхалішкі), на літоўскім адрэзку Віліі — на тэрыторыі Вільнюса і ніжэй за яго з двух бакоў Кярнаве.
Пачатак называння Віліі назвай тыпу Neris геаграфічна звязваюць з утокам у Вілію ракі Нарачанкі (цячэ з возера Нарач)[11]. У яе назве той жа корань Nar- / Ner-, ад літоўскага nerti «ныраць», narus «ныркі» (семантыка назвы звязаная з глыбінёй). Мяркуецца, што адпачатна Віліяй верхняе цячэнне ракі называлі верхневілейскія балцкія плямёны.
На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі той жа корань Ner- у гідронімах тыпу Няропля, Няруса (прыток Дзясны), Нерата (возера ля дзвінскай ракі Таропы)[12], Нераста (рака на Павоччы)[13].
Выток
[правіць | правіць зыходнік]Згодна з этнаграфічнымі запісамі, выток Віліі мясцовымі жыхарамі лакалізуецца «ад Сцёп-каміня», з балаціны з назвай «Засцеб’е»[14].
На карце канца XVI стагоддзя на месцы цяперашняга верхавога балота «Засцеб’е» адлюстраванае прадаўгаватае возера, з якога, як мяркуецца, даўней і пачыналася Вілія.
Сцёп-камень (або Сцёб-камень) — вертыкальна пастаўлены ў няпамятныя часы на вытоках Віліі камень тыпу менгіра. Яго назва звязаная з балцкім *stabas «камень» і найверагодней адпачатна гучала проста як «Ста́бас», што значыла «Камень». На ўсходзе старабалцкай тэрыторыі той жа корань у балцкіх рачных назвах тыпу Стабна «Каменная (рака)»[15].
Камень «Стабас» — духоўна-матэрыяльная спадчына верхневілейскіх балцкіх плямёнаў, якія ўшаноўвалі вытокі Віліі. Таксама мяркуюць, што яго сакральна-абрадавая функцыя магла датычыцца ўсёй мясціны водападзелу, з якой у розныя бакі расцякаюцца рэкі, бо недалёка ад Сцёп-каменя таксама пачынаюцца прытокі верхняга цячэння Бярэзіны[16].
Можна меркаваць, што вертыкальная пастаўленасць каменя «Стабас», які некалі стаяў на беразе разлеглага верхавога возера, надавала яму значэнне Восі, Слупа, што забяспечваў сувязь паміж светамі, чалавечым і падземным (у арыентаваным на хтанічнасць светапоглядзе), або нябесным і зямным (у светапоглядзе з большай роляй нябеснай, светлавой сакральнасці).
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Справа: Сэрвач, Нарач, Страча, Жэймяна, Швянтойі, Сластаўка. Злева: Дзвінаса, Ілія[заўв 1], Уша, Сянканка, Ашмянка, Смердзія. Амаль усе прытокі Віліі каналізаваныя. Усяго ў басейне ракі больш за 40 каналаў агульнай даўжынёй каля 300 км.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]Гарады: Вілейка, Вільнюс, Каўнас (у вусці). Зоны адпачынку: Вілейка, Плёсы; Помнікі прыроды: Бярозкаўскі дуб-велікан. Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, галавень, стронга ручаёвая, падуст, сом, мянтуз, вугор.
Агульнае
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца з невялікага балота за 1 км на паўночны ўсход ад вёскі Вялікае Поле Докшыцкага раёна, перасякае мяжу з Літвой за 2 км на паўночны захад ад вёскі Жарнэлі Астравецкага раёна, упадае ў Нёман на тэрыторыі Літвы каля Каўнаса. На рацэ створана Вілейскае вадасховішча, частка вады якога па Вілейска-Мінскай воднай сістэме перапампоўваецца ў раку Свіслач.
Рэжым адрозніваецца інтэнсіўным веснавым разводдзем (каля 45 % гадавога сцёку) і нізкім стаяннем вады ў летнюю межань. Пасля здачы ў эксплуатацыю Вілейскага вадасховішча ўзроўневы і сцёкавы рэжым плаціны ў межах Беларусі зарэгуляваны. Замярзае ў верхнім цячэнні ў пачатку снежня, у сярэднім і ніжнім — у канцы снежня — пачатку студзеня, крыгалом у 2-й палове сакавіка ад вусця да вярхоўя. Сярэдняя тэмпература вады летам 18—20 °C, найбольшая ў ліпені (27,9 °C, 1956).
Даліна звілістая, добра распрацаваная, у верхнім цячэнні шырынёй 1—3 км, бліжэй да вусця звужаецца да 0,2—0,4 км. Амаль на ўсім працягу тэрасы. Пойма ў верхнім цячэнні ў асноўным забалочаная, шырыня яе 200—400 м, ніжэй перарывістая, шырынёй 50— 70 м, месцамі да 600 м; на ўчастку паміж вёскамі Стахі і Раздоры Вілейскага р-на шмат старыц.
Рэчышча ў вярхоўі моцназвілістае, шырыня яго ад 1 м да 2 м, каля вусця Ушы 40—60 м (месцамі да 100 м), да ўпадзення Балошынкі 60—70 м; шмат астравоў, адмелін, асяродкаў, трапляюцца парожыстыя ўчасткі. Берагі стромкія, у вярхоўі тарфяністыя. Веснавое разводдзе пачынаецца ў канцы сакавіка і доўжыцца каля 50 сутак.
Тэрыторыя басейна Віліі ўтварае гістарычную вобласць Павілле.[17]
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Упадае ў паўднёвы заліў Вілейскага вадасховішча, перад будаўніцтвам вадасховішча ўпадала непасрэдна ў Вілію.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Вынікі пошуку «Вільля» — Вікікрыніцы . be.wikisource.org. Праверана 26 лістапада 2023.
- ↑ В. Н. Топоров. Vilnius, Wilno, Вильна: город и миф // Балто-славянские этноязыковые контакты. Москва, 1980. С. 16, 17.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1958. C. 519.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 382—384.
- ↑ О. Н. Трубачев. Труды по этимологии: Слово. История. Культура. Т. 4. Москва, 2009. С. 645.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1140—1143.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 384.
- ↑ V. Mažiulis. Prūsų kalbos etimologijos žodynas. Vilnius, 2013. C. 923.
- ↑ Вілейка. Вілія. Вялля
- ↑ V. Vaitkevičius. Neris: 2007 metų ekspedicija. Antra knyga. Vilnius, 2012. C. 203, 227.
- ↑ V. Vaitkevičius. Vilija-Neris: vardo istorijos vingiai // Liaudies kultūra. 2005. Nr. 6 (105). C. 12—15.
- ↑ Р. А. Агеева. Гидронимия Русского Северо-Запада как источник культурно-исторической информации. Москва, 2004. С. 193.
- ↑ Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. — Москва, 1976. — С. 137.
- ↑ V. Vaitkevičius. Neris: 2007 metų ekspedicija. Pirma knyga. Vilnius, 2009. C. 52—53.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 209.
- ↑ Кашкурэвіч Т. Касмаграфія і тапаграфія ў крыўскіх легендах пра камяні-краўцы ды пра паходжанне рэк Вялля (Нярыс) і Бярэзіна // Druvis. 2005, № 1. С. 37-46.
- ↑ Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі Архівавана 29 лістапада 2014. // Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Вілія
- Звяруга Я. Г. Беларускае Павілле у жалезным веку і раннім сярэднявякоўі Архівавана 29 лістапада 2014.// Матэрыялы па археалогіі Беларусі, вып. 10. — Мінск, ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», 2005
- Лойка П. Унутраная палітыка ВКЛ (XIV — сярэдзіна XV ст.) // Бібліятэка гістарычных артыкулаў.
- Мястэчка Буйвіды над Віліяй атрымала герб Архівавана 6 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- Экспедыцыя — не паўтарэнне пройдзенага Архівавана 4 сакавіка 2016. // Рэгіянальная газета
- Вяз, з вышыні якога бачныя адразу тры гарады — Маладзечна, Вілейку і Смаргонь Архівавана 18 сакавіка 2017. // Рэгіянальная газета