Карней Іванавіч Чукоўскі
Карней Іванавіч Чукоўскі | |
---|---|
руск.: Корней Чуковский | |
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | руск.: Николай Васильевич Корнейчуков |
Дата нараджэння | 19 (31) сакавіка 1882[1][2] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 кастрычніка 1969[1][4][…] (87 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Марыя Барысаўна Гольдфельд[d] |
Дзеці | Lydia Chukovskaya[d], Мікалай Карнеевіч Чукоўскі[d] і Марыя Карнееўна Чукоўская[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | паэт, перакладчык, эсэіст, дзіцячы пісьменнік, журналіст, літаратурны крытык, гісторык літаратуры, пісьменнік, празаік, публіцыст, літаратурны тэарэтык |
Гады творчасці | з 1901 |
Мова твораў | руская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Прэміі | |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Карней Іванавіч Чукоўскі (руск.: Корне́й Ива́нович Чуко́вский, сапр. Мікалай Васілевіч Карнейчукоў; 31 сакавіка 1882, Санкт-Пецярбург — 28 кастрычніка 1969) — рускі празаік, літаратурны крытык, дзіцячы паэт, літаратуразнавец, перакладчык. Доктар філалагічных навук (1957).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Мікалай Карнейчукоў нарадзіўся 19 (31) сакавіка 1882 года ў Санкт-Пецярбургу. Ён быў пазашлюбным сынам Эмануіла Левенсана і Кацярыны Карнейчуковай. Пасля таго як Э. Левенсан пакінуў сваю незаконную сям’ю і ажаніўся, яго маці з дзецьмі пераехала ў Адэсу. З гэтага часу будучы пісьменнік рос бязбацькавічам і бачыў свайго бацьку даволі рэдка. Пасля рэвалюцыі 1917 г. літаратурны псеўданім М. Карнейчукова — Карней Іванавіч Чукоўскі стаў яго пашпартным імем.
З 1901 г. Чукоўскі пісаў артыкулы для перыядычнага выдання «Адэскія навіны». 26 мая 1903 г. ажаніўся з Марыяй Гольдфельд. У гэтым жа годзе быў камандзіраваны ў Лондан, дзе пачалося яго доўгае сяброўства з англійскай літаратурай.
У 1905 г. пачаў выдаваць у Пецярбургу сатырычны часопіс «Сігнал», што прывяло яго да збліжэння з пецярбургскімі пісьменнікамі. З 1906 г. жыў у мястэчку Куокала (зараз Рэпіна) пад Пецярбургам.
Да рэвалюцыі 1917 г. і пасля яе пісаў аналітычныя артыкулы па творчасці рускіх і савецкіх пісьменнікаў: Някрасава, Чэхава, Караленкі, Блока, Ахматавай, Маякоўскага. Таксама публікаваў свае пераклады з англійскай У. Уітмена. У 1920-я гг. напісаў шэраг сваіх казак для дзяцей, якія сталі культавымі і зрабілі яму імя: «Мыйдадзір», «Тараканішча» і інш. У канцы 1920-х — 1930-я гг. К. Чукоўскі сутыкнуўся з моцнай апазіцыяй яго творчасці з боку ўплывовых асоб у літаратуры. У той час ішла барацьба за класавы падыход у літаратуры (напрыклад, стварэнне негатыўных вобразаў дзяцей непралетарскага паходжання і станоўчых герояў з дзяцей працоўных класаў), што было непрыемна К. І. Чукоўскаму, бо ён вельмі любіў дзяцей і праводзіў з імі шмат часу. Таксама літаратурныя крытыкі лічылі шкодным чытаць дзецям чароўныя казкі, таму што ў іх апісваліся нерэальныя падзеі. Нават узнік тэрмін «чукоўшчына». У 1931 г. ад цяжкай хваробы памерла дачка пісьменніка, Мурачка, якой ён прысвяціў шмат вершаў. А ў 1938 г. быў расстраляны зяць К. Чукоўскага Мацвей Бранштэйн.
У 1930-я гг. Чукоўскі займаўся распрацоўкай тэорыі мастацкага перакладу і перакладам англійскай і амерыканскай літаратуры на рускую: М. Твена, О. Уайльда, Р. Кіплінга.
Таксама, у 1933 г. выдаў свае філалагічнае даследаванне дзіцячай мовы «Ад двух да пяці», у якім ён сабраў дзіцячыя выказванні з усяго СССР на розныя тэмы, уключаючы такія сур’ёзныя як смерць і рэлігія, сістэматызаваў іх і правеў паралелі з рознымі дыялектамі рускай мовы.
Апошнія гады свайго жыцця пісьменнік правеў на сваёй дачы ў Перадзелкіна. Сярод яго апошніх праектаў — спроба арганізаваць выданне пераказу біблейскіх апавяданняў для дзяцей.
Памер 28 кастрычніка 1969 г. ад віруснага гепатыту. Пахаваны на могілках у Перадзелкіна.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар казак у вершах «Кракадзіл» (1916), «Мыйдадзір» (1923), «Тараканішча» (1923), «Муха-цакатуха» (1924), «Бармалей» (1925), «Тэлефон», «Хвядорына гора» (абедзве 1926), «Айбаліт» (1929), «Лімпапо» (1935).
Галоўныя асаблівасці яго паэтычнага свету — багацце і зменлівасць зрокавых вобразаў, мілагучнасць паэтычнай мовы, рухомасць рытму, дакладнасць і лаканічнасць паэтычнага выказвання, гульнявы характар вершаваных твораў.
Карней Чукоўскі — адзін з заснавальнікаў савецкай школы тэорыі мастацкага перакладу («Прынцыпы мастацкага перакладу», 1919; «Высокае майстэрства», 1941), яму належаць выдатныя пераклады У. Уітмена (1907, «Мой Уітмен», 2-е выд. 1969).
Аўтар даследавання «Майстэрства Някрасава» (1952, Ленінская прэмія 1962), літаратурна-крытычнага эсэ пра пісьменнікаў і дзеячаў культуры (кніга «Сучаснікі», 1962).
У 1968 г. быў апублікаваны збор «Вавілонская вежа і іншыя старажытныя легенды», але свайго чытача ён убачыў толькі ў 1990 г. Іншымі пасмертнымі выданнямі К. Чукоўскага стаў яго дзённік «Чукоккала», які ён вёў на працягу дзесяцігоддзяў.
Крытычная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Найбольш грунтоўна К. Чукоўскі даследаваў асобу і творчасць М. Някрасава. Яму ўдалося прасачыць сувязь асабістых трагедый паэта і яго даволі сумнай творчасці, у якой часта прысутнічалі вобразы смерці, магіл, трунаў. Чукоўскі апісвае Някрасава як шчырую двудушную асобу, якая асуджае ў сваіх творах свае ўласныя дзеянні; прычыну гэтага К. Чукоўскі бачыў у пераломным часе і барацьбе кансерватыўных і рэвалюцыйных плыняў у расійскім грамадстве часоў жыцця і дзейнасці гэтага паэта[5].
Грунтоўна, рознабакова Карней Чукоўскі аналізаваў творчасць і іншых пісьменнікаў дарэвалюцыйнай Расіі і СССР у наступных артыкулах: «Талстой, як мастацкі геній», «Уладзімір Караленка як публіцыст», «Ранні Бунін», «Ахматава і Маякоўскі», «Дзве душы М. Горкага», «Аляксандр Блок як чалавек і паэт». Цікавая яго заўвага наконт неалагізмаў, якія ўнеслі ў рускую мову Маякоўскі і некаторыя іншыя паэты: «гэтыя новаўвядзенні законны і каштоўны, але безумоўна столь жа законны і каштоўны тыя ганьба і праклёны, якімі іх сустракаюць раўніцелі старазапаветнага слова… разбушавалася слова, а будзе ўведзена ў берагі, усялякая рухлядзь і дрэнь пройдзе, а моцнае і патрэбнае застанецца»[6]. Пры гэтым ён у доказ гэтай думкі праводзіць паралелі з стварэннем у англійскай мове дзеясловаў ад уласных імён, напрыклад, to outherod Herod (пераірадзіць Ірада, быць больш жорсткім, чым Ірад, біблейскі цар, які загадаў забіць маленькіх дзяцей у Віфлееме)"[7].
Нядзіва, што Чукоўскаму была крыўднай культавая папулярнасць яго твораў для дзяцей і малавядомасць яго навуковых літаратурных даследаванняў[8].
Працы аб перакладзе
[правіць | правіць зыходнік]- Прынцыпы мастацкага перакладу (1919, 1920)
- Мастацтва перакладу (1930, 1936)
- Высокае мастацтва (1941, 1964, 1966)
Адносіны з савецкай уладай
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя сучасныя даследчыкі творчасці К. Чукоўскага лічаць, што ён ненавідзеў савецкую ўладу[8]. Аднак, на прыкладзе кнігі «Ад двух да пяці» можна заўважыць, што гэта было не зусім так. У гэтым творы аўтар вядзе палеміку з прыхільнікамі класавага падыходу ў літаратуры і прыводзіць доказы карыснага ўплыву казак на ўраўнаважанае развіццё асобы дзіцяці. Але з іншага боку ён піша і пра дрэнны ўплыў пурытанскага рэлігійнага выхавання дзяцей у Англіі Новага часу, а таксама ўхваляе антырэлігійны светапогляд савецкіх дзяцей (на падставе такіх дзіцячых фраз: «бабуля, а чаму ў цябе над іконай стоп-сігнал свеціць?»)[9]
Карней Чукоўскі пісаў адрачэнне ад казак у 1929 г., калі савецкія чыноўнікі ад літаратуры зацкавалі яго за ягоную творчасць[10], але пры тым ён, ужо прызнаны ў Савецкім саюзе і за яго межамі пісьменнік, маючы розныя ўзнагароды ад савецкай улады, у 1966 годзе падпісаў ліст 25-ці дзеячаў культуры і навук генеральнаму сакратару ЦК КПСС Л. І. Брэжневу супраць рэабілітацыі Сталіна[11] і сябраваў з дысідэнтамі. Ён як і большасць іншых пісьменнікаў СССР згаджаўся з аднымі з’явамі савецкай рэчаіснасці і не мог прымірыцца з іншымі. Яго творчасць была апалітычнай[12], таму ў яго працах не часта можна сустрэць тое, што можна трактаваць як прасавецкае ці антысавецкае.
Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Собр. соч. Т. 1-6. М., 1965-69.
- От двух до пяти. Мн., 1982.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]Па-беларуску выйшлі «Майдадзір» (Мн., 1953), «Казкі» (Мн., 1959). На беларускую мову творы К. Чукоўскага перакладалі Ю. Гаўрук, У. Дубоўка, А. 3арыцкі, А. Куляшоў, Я. Сіпакоў і інш. У 2022 годзе выйшла кніга «Добры доктар Будзь-Здароў» у перакладзе Андрэя Скурко.
Зноскі
- ↑ а б в Жданов В. В. Чуковский К. // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 8.
- ↑ Чуковский Корней Иванович // Литераторы Санкт-Петербурга. ХХ век / под ред. О. В. Богданова
- ↑ В. Львов-Рогачевский Чуковский, Корней Иванович // Энциклопедический словарь Гранат — 7 — Александр Наумович Гранат, 1910. — Т. 48.
- ↑ а б Жданов В. В. Чуковский Корней Иванович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1978. — Т. 29 : Чаган — Экс-ле-Бен. — С. 252. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ К. Чуковский Сочинения в 2-х томах. т.2.Критические рассказы. М.: «Правда», 1990, с. 47-53
- ↑ К. Чуковский Сочинения в 2-х томах. т.2.Критические рассказы. М.: «Правда», 1990, с. 327
- ↑ тамсама с. 326
- ↑ а б Корней Чуковский: "Я готов бить кулаками мамаш, которые сообщают мне, что их дети знают наизусть мою «Путаницу» Архівавана 25 красавіка 2012. Аргументы и факты в Беларуси 31.03.2012
- ↑ К. И. Чуковский. От двух до пяти
- ↑ Чукоўскі К. І.
- ↑ Письма деятелей науки и культуры против реабилитации Сталина
- ↑ Існуе думка, што галоўны герой «Тараканішча» быў вобразам Сталіна, але гэта вершаванае апавяданне было выдадзена ў 1923 г., калі яшчэ ішла барацьба за ўладу паміж Сталінам, Троцкім і іншымі партыйнымі лідарамі. Сітуацыя, калі «пакарыліся зверы вусатаму», адлюстроўвае шырокі спектр магчымых жыццёвых сюжэтаў: адносіны насельніцтва краіны з уладаром-дыктатарам, адносіны працоўнага калектыву з шэфам-тыранам, сямейная тыранія і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Петровский М. Книга о Корнее Чуковском — М., 1966.
- Смирнова В. О детях и для детей. 2-е изд. — М., 1967.