Крывічы

Крывічы́ — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).

На думку некаторых даследчыкаў, напрыклад К. Бугі, А. Спіцына, В. Сядова, магчыма, крывічы былі заходняга паходжання, з зямель сучаснай Польшчы або Германіі[1]. Самая вялікая па займанай тэрыторыі ўсходнеславянская супольнасць[2]. На аснове аб’яднання (правадырства) крывічоў у другой палове X ст. сфарміравалася Полацкая дзяржава.

Гісторыкі па-рознаму выводзяць назву «крывічы»: ад імя вярхоўнага правадыра (Крыў/Крыва?), ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, параднёныя), ад «крывізны» мясцовасці (узгорысты рэльеф) і інш.

Крывічы займалі значны абшар Усходняй Еўропы. Яны жылі ў вярхоўях Дняпра, Дзвіны і Волгі. Звесткі пра іх змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пры апісанні падзей IX—X стст. Пра крывічоў («крывіцеінаў») пісаў таксама візантыйскі імператар і гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны. Летапіс ХІІ ст. называе полацкіх князёў «крывіцкімі» або «крыўскімі».

Падчас славянскай каланізацыі занялі землі паміж Пскоўскім возерам на поўначы і верхнім Сожам, Дзясной і Бярэзінай на поўдні; паміж вярхоўямі Волгі на паўночным усходзе і Віліі на захадзе. На поўдні крывічы межавалі з дрыгавіцкім і радзіміцкім насельніцтвам, на поўначы з наўгародскімі славенамі, на захадзе суседнічалі з балцкімі супольнасцямі. Летапіснае паведамленне знаходзіць пацвярджэнне і ў археалагічным матэрыяле. Даследчыкі не знаходзяць якога-небудзь выразнага этнаграфічнага падзелу паміж землямі, якія засялялі крывічы[3].

Летапісныя звесткі ўказваюць на прысутнасць скандынаваў на поўначы Усходняй Еўропы (862 год), згадваюць паход Аскольда і Дзіра на крывічоў (865 год) і захоп Алегам Смаленска (882 год)[4].

Паводле займаных водных сістэм, адрозніваюцца крывічы дзвінскія, дняпроўскія, пскоўскія.

На тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан даследчыкамі вывучаліся паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх і смаленскіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў, у якой прысутнічаюць элементы матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінах яны часта разглядаюцца як полацка-смаленская група.

Крывічы — адна з асноўных частак старабеларускага этнасу і беларускай народнасці[5].

  1. Ермаловіч, С. 29.
  2. Ермаловіч, С. 28.
  3. Мяцельскі, А. Землі Беларусі і Смаленскае княства (IX—XIII стст.) / Андрэй Мяцельскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 17.
  4. і Смаленскае княства… — С. 18.
  5. Грынблат, С.134.
  • Гринблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории (руск.). — Мн.: Наука и техника, 1968. — 288 с.
  • Штыхаў Г. В. Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — 191 с.
  • Ермаловіч М. І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1990. — 366 с. ISBN 5-340-00614-X