Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (2001)

< 1994   2006 >
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
9 верасня 2001 года
Яўка: 83,86%
Кандыдат: Аляксандр Лукашэнка Уладзімір Ганчарык Сяргей Гайдукевіч
Партыя: самавылучэнне самавылучэнне ЛДПБ
Галасоў: 4 666 680
(75,65 %)
965 261
(15,65 %)
153 199
(2,48 %)

Вынік выбараў: Аляксандр Лукашэнка абраны Прэзідэнтам Беларусі
Палітыка
Беларусь

Артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Беларусі

Канстытуцыя Беларусі


Прэзідэнт Беларусі


Савет Міністраў


Нацыянальны сход


Судовая сістэма



Адміністрацыйная сістэма


Выбары

  • Палітычныя партыі
  • Рэферэндумы:
  • Парламенцкія выбары:
  • Прэзідэнцкія выбары:

Чарговыя выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 9 верасня 2001 года. У першым туры перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка.

Перадвыбарчае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднія прэзідэнцкія і парламенцкія выбары праходзілі ў 1994 і 1995 гадах адпаведна паводле Канстытуцыі 1994 года. Пасля абрання прэзідэнтам Лукашэнка павялічыў дэкрэтамі свае паўнамоцтвы за кошт Вярхоўнага Савета (ВС). Пасля рэферэндуму 1996 года яго паўнамоцтвы яшчэ больш узраслі, а тэрмін знаходжання на пасадзе быў прадоўжаны да 2001 года. Насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда аб кансультатыўным статусе рэферэндуму 1996 года Канстытуцыю 1994 года змянілі ў адпаведнасці з пастаўленымі на рэферэндум пытаннямі. Замест ВС стварылі дзвюхпалатны парламент, дзе Палата прадстаўнікоў складалася з 110 дэпутатаў, а Савет Рэспублікі — з 69 сенатараў. У Палату ўключылі частку 199 дэпутатаў ВС. У 1997 годзе Савет Еўропы прыпыніў удзел урада Беларусі ў арганізацыі ў якасці асацыяванага сябра. Парламенцкая асамблея АБСЕ захоўвала дачыненні з ВС да выбараў у Палату ў жніўні 2000 года. 7 чэрвеня 2001 года Палата прадстаўнікоў Беларусі прызначыла прэзідэнцкія выбары на 9 верасня. Грамадскія аб’яднанні здолелі аб’яднаць у «Беларускую ініцыятыву „Незалежнае назіранне“» больш як 10 тысяч зарэгістраваных наглядальнікаў за выбарамі. Некалькі апазіцыйных палітычных партый утварылі «Каардынацыйную Раду». Іх прадстаўнікі цягам 1999 года, да лістапада, беспаспяхова вялі перамовы з урадам аб доступе да ўрадавага вяшчання, пашырэнні паўнамоцтваў парламента, скасаванні абмежавальнага выбарчага заканадаўства і аднаўленні грамадзянскіх правоў.

Прававыя ўмовы

[правіць | правіць зыходнік]

Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) ухвалілі ў лютым 2000 года. Змены ў яго ўнеслі ў ліпені. Артыкул 79 ВК дазваляў правесці выбары ў адзін тур пры ўдзеле больш як паловы выбаршчыкаў і наборы адным з кандыдатаў больш як паловы іх галасоў. Артыкул 33 ВК надаваў Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) права тлумачыць выбарчае заканадаўства. 15 чэрвеня 2001 года Канстытуцыйны суд дазволіў рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Зянона Пазняка, хоць той пражываў 3 гады за мяжою, на падставе Артыкула 80 Канстытуцыі. Лукашэнка абмежаваў правы партый, вылучэнцаў і грамадскія аб’яднанні ў выбарчай гонцы дэкрэтамі № 8, 11 і 20. Участковыя выбарчыя камісіі адмаўляліся падаваць падрабязныя вынікі галасавання. Назіральнікам забаранялася знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў, а таксама пры перадачы пратаколаў галасавання ў вышэйшыя камісіі. Прэзідэнцкі дэкрэт № 11 ад 7 мая 2001 года забараніў дэманстрацыі з удзелам больш як 1000 чалавек без папярэдняга дазволу старшыні абласнога або гарадскога выканаўчага камітэта. За парушэнне дэкрэту партыям і прафсаюзам пагражала забарона.

Рыхтаванне і правядзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Правядзеннем выбараў займаліся ЦВК, 7 тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) абласнога ўзроўню і 161 — раённага, а таксама 6753 ўчастковыя выбарчыя камісіі (УВК) ў Беларусі і 37 УВК у дыпламатычных прадстаўніцтвах за мяжой. На 81 % ТВК і УВК складаліся з супрацоўнікаў, найманых выканаўчай уладай. З 2179 членаў ТВК толькі 67 (3 %) прадстаўлялі партыі, з 78 407 членаў УВК — толькі 172 (0,2 %).

Улік выбаршчыкаў

[правіць | правіць зыходнік]

На 4 верасня ў спіс для галасавання ўнеслі 7 221 434 выбаршчыкаў. Пры агалошванні вынікаў выбараў ЦВК абвясціла аб наяўнасці ў спісе 7 356 343 выбаршчыкаў. У дзень выбараў колькасць выбаршчыкаў узрасла на амаль 108 тысяч, у тым ліку на 32 тысячы ў Мінску.

Улік вылучэнцаў

[правіць | правіць зыходнік]

Для збору неабходных для рэгістрацыі вылучэнца 100 000 тысяч подпісаў ЦВК зарэгістравала 22 ініцыятыўныя групы. 16 з іх падалі сабраныя подпісы на праверку ў выбарчыя камісіі. 14 жніўня рэгістрацыю ў ЦВК прайшлі:

22 жніўня ў адпаведнасці з пагадненнем апазіцыйнай кааліцыі Домаш зняў сваю кандыдатуру на карысць Ганчарыка.

Выбарчая кампанія і вяшчанне

[правіць | правіць зыходнік]

Вылучэнцам дазвалялася выкарыстоўваць у агітацыі толькі сродкі агульнага выбарчага фонду. Афіцыйная кампанія пачалася 14 жніўня пасля ўліку вылучэнцаў. 3 верасня ў Мінску адбылася сустрэча Ганчарыка з трыма тысячамі выбаршчыкаў, а 4 верасня — сустрэча Лукашэнкі з 2,5 тысячамі выбаршчыкаў. Лукашэнка пагражаў выслаць з краны кіраўніка кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ і звінаваціў краіны «спелага народаўладдзя» ў «нападзе» на Беларусь, што стрымлівае гаспадарчае развіццё краіны. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што параза на выбарах Лукашэнкі для яе была б «асабістай трагедыяй». Назіраўся пераслед апазіцыі і назіральнікаў: адымалася офіснае абсталяванне і агітацыйныя матэрыялы. З 13 жніўня паводле закону забаранялася публікаваць вынікі грамадскіх апытанняў. Аднак 30 жніўня дзяржаўная «Народная газета» надрукавала вынікі апытання, што ўказвала на «гарантаваную перамогу Лукашэнкі ў першым туры (65-70 %)».

У краіне панавала дзяржаўнае вяшчанне. БТ і «Народная газета» распаўсюдзілі інтэрв’ю дэпутата расійскай Дзяржаўнай Думы Уладзіміра Жырыноўскага, які абвінаваціў Гайдукевіча ў неправамерных дзеяннях. 27 жніўня Назіральны савет па інфармацыйных спрэчках пры ЦВК задаволіў скаргу Гайдукевіча супраць БТ і «Народнай газеты» і забавязала іх даць кандыдату бясплатны эфірны час і газетную плошчу для абвяржэння. Аднак 28 жніўня БТ ізноў паказала інтэрв’ю расійскага палітыка. На пачатку выбарчай кампаніі друкарня «Мэджык», дзе выдаваліся няўрадавыя газеты, прыпыніла дзейнасць да змены кіраўніка на праўладнага, які спрыяў цэнзуры. Перад выбарамі шэраг няўрадавых выданняў зазналі адыманне і крадзеж камп’ютарнага абсталявання, канфіскацыю газетных накладаў, закрыццё рэдакцыйных сядзіб, затрыманне журналістаў і цэнзуру. 31 жніўня «Предпринимательская газета» выйшла з «белымі плямамі» на першай паласе, а «Народная воля» — 5 і 8 верасня. 6 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала свой безвыніковы пратэст на гэтыя дзеянні Дзяржаўнаму камітэту друку.

ЦВК зарэгістравала 21 887 назіральнікаў. Беларуская ініцыятыва «Незалежнае назіранне» здолела прыцягнуць да назірання за выбарамі больш як 10 тысяч чалавек. Каля 10 тысяч назіральнікаў выставіў Беларускі патрыятычны саюз моладзі разам з іншымі праўладнымі аб’яднаннямі Рэспубліканскага каардынацыйнага савета кіраўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў (РКСКППГА). У красавіку старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі заявіў, што «міжнародная дапамога ў падрыхтоўцы назіральнікаў за выбарамі была вярбоўкай разведчыкаў» і прыгразіў пераследам яе арганізатарам. 8 верасня ЦВК пазбавіла ўліку каля 2 тысяч назіральнікаў ад грамадскага аб’яднання «Вясна» і каля тысячы назіральнікаў ад Фонду імя Льва Сапегі, што былі аднымі з найбольшых удзельнікаў у «Незалежным назіранні». Беларуская ініцыятыва «Незалежнае назіранне» ладзіла на 500 выбарчых участках паралельны падлік галасоў, які старшыня ЦВК назвала «шарлатанствам». Міністэрства юстыцыі забараніла праводзіць апытанні выбаршчыкаў на выхадзе з участкаў. Назіральнікам забаранялася знаходзіцца каля сталоў выдачы бюлетэняў[1]. У дзень выбараў на выбарчыя ўчасткі Гродзенскай вобласці не дапусцілі траціну з 350 назіральнікаў, што ўваходзілі ў «Незалежнае назіранне».

ЦВК таксама акрэдытавала 717 замежных назіральнікаў з 45 краін, што прадстаўлялі 13 міжнародных арганізацый. Большасць з іх аб’ядналася ў Міжнародную місію па абмежаваным назіранні за выбарамі. Астатнія прадстаўлялі Таварыства выбарчых служачых Усходняй і Сярэдняй Еўропы, а таксама Міжпарламенцкі сход СНД. 24 жніўня прадстаўнік праўладнага РКСКППГА Міхайла Вобразаў заявіў, што замежныя назіральнікі «ліюць бруд на вынікі нашых выбараў» і «нашая задача палягае ў тым, каб іх спыніць».

Да дня выбараў 136 скарг паступіла ў ЦВК, якая іх усе адхіліла. 70 скарг атрымалі выбарчыя камісіі ніжэйшага роўню і органы пракуратуры. 10 верасня Ганчарык, Беларускі Хельсінкскі камітэт і «Незалежнае назіранне» падалі ў ЦВК скаргі з патрабаваннем скасаваць вынікі датэрміновага галасавання па прычыне яго «шырокай фальсіфікацыі». ЦВК адхіліла ўсе тры скаргі 14 верасня. 23 верасня Ганчарык падаў скаргу ў Вярхоўны суд, якую той адхіліў 27 верасня.

Галасаванне і падлік галасоў

[правіць | правіць зыходнік]

Падчас датэрміновага галасавання, што адбывалася з 4 па 8 верасня, скрыні для бюлетэняў не апячатваліся. Пад канец датэрміновага галасавання 8 верасня ЦВК абвясціла, што ў датэрміновых выбарах узялі ўдзел 14,7 % выбаршчыкаў. У дзень выбараў назіральнікі ад «Незалежнага назірання» падвяргаліся затрыманням і пазбаўляліся допуску на выбарчыя ўчасткі Магілёўскай вобласці.

ЦВК размясціла папярэднія вынікі падліку галасоў на сваім сайце 9 верасня, а канчатковыя вынікі выбараў абвясціла 12 верасня[2]. Паводле ЦВК вынікі галасавання былі наступнымі[3]:

Вобласць Яўка Галасоў за Гайдукевіча Галасоў за Ганчарыка Галасоў за Лукашэнку
Брэсцкая 85,84 % 2,44 % 15,73 % 76,17 %
Віцебская 84,67 % 2,41 % 12,76 % 77,45 %
Гродзенская 85,67 % 2,87 % 15,08 % 76,96 %
Гомельская 85,74 % 1,76 % 8,34 % 85,00 %
Магілёўская 85,26 % 2,17 % 9,84 % 83,03 %
Мінск 77,59 % 3,37 % 30,50 % 57,37 %
Мінская 84,12 % 2,32 % 14,84 % 76,56 %
Уся краіна 6 169 087 (83,86 %) 153 199 (2,48 %) 965 261 (15,65 %) 4 666 680 (75,65 %)

Беларуская апазіцыя, ЗША і ЕС не прызналі вынікі выбараў, заявіўшы, што яны прайшлі са шматлікімі парушэннямі і не адпавядалі дэмакратычным стандартам.[4][5] Назіральнікі ад СНД і Расіі палічылі, што істотных парушэнняў падчас выбараў не было, і іх вынікі адказваюць волевыяўленню беларускага народа.

Зноскі