Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар дамініканцаў (Віцебск)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/4a/Viciebsk%2C_Zamkavaja%2C_Daminikanski._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%97%D0%B0%D0%BC%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%8F%2C_%D0%94%D0%B0%D0%BC%D1%96%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28W._Bojarski%2C_1884%29.jpg/220px-Viciebsk%2C_Zamkavaja%2C_Daminikanski._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%97%D0%B0%D0%BC%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D1%8F%2C_%D0%94%D0%B0%D0%BC%D1%96%D0%BD%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%28W._Bojarski%2C_1884%29.jpg)
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар дамініканцаў — колішні рымска-каталіцкі кляштарны комплекс у Віцебску. Дзейнічаў у XVII — першай палове XIX стст. Займаў пляц плошчай 4950 м²[1] на левым беразе Дзвіны пры ўпадзенні ў яе ручая.
Комплекс складаўся з мураванага касцёла, драўлянага аднапавярховага кляштарнага корпуса на мураваным падмурку і шэрагу гаспадарчых збудаванняў[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Віцебскі дамініканскі кляштар заснаваў падкаморы Адам Кісель (з Брусілава) у 1682 годзе (магчыма, раней — у 1642[2]). У 1771 годзе (паводле іншых звестак — у 1731[1]) пачалося ўзвядзенне мураванага касцёла, якое завяршылася толькі ў XIX ст. у значна спрошчаным варыянце (вынікае з абмерных чарцяжоў, зробленых у час закрыцця кляштару)[3]. У 1811 годзе каля касцёла збудавалі новы кляштарны корпус[1].
Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) у 1832 годзе расійскія ўлады ліквідавалі кляштар. Таго ж года будынак касцёла перадалі Віцебскаму гарнізоннаму батальёна[3]. У наш час кляштарныя збудаванні не існуюць (магчыма, захаваліся падмуркі).
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/1/18/Viciebsk%2C_Ru%C4%8Daj-Ni%C5%BEni_Zamak._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%A0%D1%83%D1%87%D0%B0%D0%B9-%D0%9D%D1%96%D0%B6%D0%BD%D1%96_%D0%97%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%28J._Pie%C5%A1ka%2C_1800%29.jpg/308px-Viciebsk%2C_Ru%C4%8Daj-Ni%C5%BEni_Zamak._%D0%92%D1%96%D1%86%D0%B5%D0%B1%D1%81%D0%BA%2C_%D0%A0%D1%83%D1%87%D0%B0%D0%B9-%D0%9D%D1%96%D0%B6%D0%BD%D1%96_%D0%97%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%28J._Pie%C5%A1ka%2C_1800%29.jpg)
Касцёл — помнік архітэктуры барока[2]. Гэта была 3-нефная прамавугольная ў плане базіліка з паўкруглая алтарнай часткай і сіметрычнымі сакрысціямі па баках вімы прэзбітэрыя. Хвалістая познебарочная ў ніжняй частцы структура галоўнага фасада-нартэкса была незавершанай. Вышэй за карніз цэнтральнага нефа вежы накрывалі пакатыя шатры з трохвугольным класіцыстычным франтонам паміж імі[3].
Касцёл меў цыліндрычныя скляпенні на распалубках[2], што падтрымліваліся апорнымі слупамі ў форме латарынгскага крыжа і адпаведныя ім тонкімі спаранамі падпружнымі аркамі[3]. Інтэр’ер упрыгожвалі шэсць прысценных разьбяных алтароў[4].
Апроч драўлянага кляштарнага корпуса, у склад комплексу ўваходзілі будынкі флігеля (7 жылых і 1 нежылое памяшканне), лядоўні, свірана, бровара, стайні, пуні[1] і кузні[2] (агульная плошча 4950 м²). Пры кляштары меўся агарод (1531 м²)[1].
У сілуэце Віцебска
[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ а б в г д Монастыри восточной и западной традиций 2002, с. 291.
- ↑ а б в г д Кулагін 2001, с. 171.
- ↑ а б в г Габрусь 2001, с. 232.
- ↑ Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 4 (26), 2003.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
- Тамара Габрусь. Святыні ордэна прапаведнікаў // «Наша Вера» № 4 (26), 2003.
- Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Міхаіла Арханёла і кляштар дамініканцаў (Віцебск)
- Касцёл і кляштар дамініканцаў у Віцебску на Radzima.org