Маргер (паэма)
Маргер | |
---|---|
польск.: Margier | |
![]() Першае выданне | |
Жанр | Паэма |
Аўтар | Уладзіслаў Сыракомля |
Мова арыгінала | польская |
Дата напісання | 6 жніўня 1854 |
Дата першай публікацыі | 1855 |
Асобнае выданне | 1855 |
Выдавецтва | Рубен Рафаловіч |
Месца публікацыі | Вільня |
Колькасць старонак | 136 |
![]() |
«Ма́ргер» (польск.: Margier) — гістарычная паэма Уладзіслава Сыракомлі. Паэт называў яе «найлепшым з дзяцей свайго духу»[1].
Твор паэт пісаў з канца 1852[2] да 6 жніўня 1854 г. у Барэйкаўшчыне, а ў 1855 г. паэма выйшла асобным выданнем[3].
Напісанне
[правіць | правіць зыходнік]Паэма заснаваная на гераічнай абароне Пілянскага (у літоўскай Жамойці) замка ў 1336 годзе супраць крыжакоў.
Пасля доўгай абароны мужныя літоўцы на чале з Маргерам, згубіўшы надзею на ратунак і не хочучы здавацца ў палон, здзейснілі самагубства ў вогнішчы[4]. На гэтую гістарычную падзею ўвагу Ўладзіслава Сыракомлі звярнула пісьменніца Паўліна Вільконская[5].
Сыракомля пісаў паэму некалькі месяцаў і быў з яе вельмі задаволены[1]. Пішучы ўступ, паэт, на думку Тадэвуша Піні, арыентаваўся на «Дзеву возера» Вальтэра Скота, якога Сыракомля ў маладосці ахвотна чытаў[6].
Змест
[правіць | правіць зыходнік]Падчас сутычкі з крыжакамі, у палон да літоўцаў трапляе немец Рансдорф. Літоўцы хочуць яго забіць, але правадыр Маргер захоўвае яму жыццё і загадвае занесці яго ў свой замак "Пулен", дзе параненага крыжака лекуюць. Маргер яго ўпадабаў і нават адмовіўся прынесці яго ў ахвяру богу Поклюсу. Дачка правадыра Эгле (польск.: Egle, ад літ. eglė "яліна, елка") нават закахалася ў палоннага. Але Маргера пагадзіўся ў выніку даць немца ў ахвяру, праз што Эгле вызваліла Рансдорфа і з дапамогай старога Лютаса выпусціла таго з замка праз падземныя хады, узяўшы толькі прысягу, што Рансдорф нікому пра іх не распавядзе[7].
Немец вяртаецца да сваіх, марачы доўга пра літоўку, якая ўратавала яму жыццё. Тым часам крыжакі збіраюцца на новую вайну з Літвою, жадаючы здабыць замак Пулен. Рансдорфа як дасведчанага чалавека, які ведае мясцовасць, бяруць з сабой і даюць кіраваць адным атрадам. Аднак ён сам сабе прысягае, што не выдасць патаемнага ходу[8].
У гэты час вестка пра ўцёк крыжака ў замку пакінула вялікае ўражанне на ўсіх. Маргер здагадаўся, хто ў гэтым вінаваты і прабачыў дачцэ, але святары пагражалі страшнай помстай бога і жадалі задобрыць Поклюса, аддаўшы Эгле ў ахвяру, інакш на Літву зваліцца вялікае няшчасце. Маргер, хочучы ўратаваць Айчыну, аддае дачку святарам, тая чакае часу свайго спалення. Рансдорф даведваецца пра гэта ад Лютаса, якога крыжакі схапілі ў палон і якому немец захаваў жыццё. З гэтымі весткамі, Рансдорф не зажадаў больш стрымлівацца прысягай, бо каханне яго апанавала. Крыжакі атачаюць замак з усіх бакоў, лезуць на сцены, а Рансдорф з атрадам ідзе патаемным ходам і хутка з’яўляецца ў цэнтры замка. Пачынаецца бітва, літоўцы абараняюцца з двух бакоў. Рансдорф жа бяжыць да запаленай вязніцы, выносіць адтуль непрытомную Эгле і ўцякае да крыжачкага лагера[9].
Літоўцы, бачачы, што ім не перамагчы, пастанаўляюць здзейсніць самагубства. Літоўцы гінуць у вогнішчы, застаецца адзін Маргер. Жадаючы ўжо ўваткнуць у свае грудзі меч, ён заўважае каля замка лодку, што плыве па Нёмане, з Рансдорфам і Эгле. З астатніх сілаў літовец хапае лук і выпускае дзве стралы. Целы немца і дачкі падаюць у ваду, а Маргер спакойна працінае сабе грудзі і падае мёртвы ў вогнішча пасярод сваіх суродзічаў[10].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Па публікацыі на паэта пасыпалася злосная крытыка, якую ён успрымаў балюча. Творцу вінавацілі за фанабэрыстасць і ганарыстасць у прадмове, дзе Сыракомля адкрыта прызнаваў «Маргера» за найлепшы свой твор. Праз ціск крытыкі Сыракомля думаў нават кінуць пісьменніцтва[11].
Прыяцель паэта Язэп Крашэўскі шчыра пісаў у газеце «Gazeta Warszawska», што «Маргер» не з’яўляецца такім шэдэўрам, як здаецца Сыракомлю, што лепш яму ісці заўсёды толькі за сэрцам, бо тады ён піша найпрыгажэй і найчуллівей. Сыракомлю гэта моцна закранула, аднак ён не пакрыўдзіўся[12].
Тадэвуш Піні адзначае, што, дарма што многія перавагі і прыгожыя ўступы, «Маргер» саступае іншым паэмам («Дабрародны Ян Дубарог», «Акраец хлеба»)[1]. Даследчык заўважае:[13]
… у гэтым творы няма той натуральнасці, той прастаты, якая паказвае, што адзін выпадак выплывае з другога ясна і дакладна. Тут усё апавяданне абапіраецца толькі на выпадковых здарэннях. Які ж гэта неасцярожны правадыр, які дазваляе непрыяцелю хадзіць спакойна па сваім замку, не маючы намеру забіць яго, а потым дапускаючы, што ён выйдзе на волю! Які легкадумны стары Лютас, які Рансдорфу паказвае патаемны ход, выпускае яго на свабоду, а потым зусім без патрэбы кажа яму пра зняволенне Эглі, быццам прагнуў, каб немец парушыў прасягу і ў адчаі памкнуўся на дапамогу каханай, несучы адначасова згубу ліцвінам.
Тадэвуш Піні таксама сцвярджае, што ў паэме Сыракомлі нічога новага адносна Міцкевічавых «Гражыны» і «Конрада Валенрода» няма; нічога новага пра звычаі старажытных літоўцаў не даведацца з яе, акрамя як пра рэлігію, якую Сыракомля, на ягоную думку прадставіў дакладней, хаця карціна прынашэння ахвяр, паводле Піні, не адпавядае рэчаіснасці[14].
Пераклады
[правіць | правіць зыходнік]У 1882 годзе Ян Нечас зрабіў і выдаў пераклад на чэшскай мове[15]. На літоўскую мову паэма перакладзена двойчы: Сімонасам Норкусам-Наркявічусам (1883)[16] і Антанасам Валайцісам (1936)[17]. У 1880 годзе Ліядор Пальмін апублікаваў свой пераклад на рускую мову ў маскоўскім часопісе «Русская Мысль»[18]. Іншы рускі пераклад зрабіў Міхаіл Зянкевіч[19].
На беларускую мову перакладзены толькі ўрывак (перакладчык А. Мікус):
Бой трывае, цвярдыня палае – літва сабе радзіць:
Пасярэдзіне пляцу ахвярнае вогнішча ладзяць.
Жудкі роспачы енк дасягае самога падзем’я;
Йдзе вядуння, а з ёю багі, быццам прывіды з цемры.
Яе дух узмацнеў, яна Зніч назаўжды загасіла,
З яго іскры апошняй раздзьмула агонь з усёй сілы.
А крыжак на ўсё тое няўцямна здаля пазірае:
Грудзі вояў сякерай страшною ўскрывае старая.
Пад лязом вайдэлоткі літвінскія шэрагі таюць,
Хто сканаў – аднаго на другога, як дровы, складаюць.
Дзеці грознай Літвы, што ад роспачы й шалу п’яныя,
Забіваюцца самі, у вогнішча скачуць жывымі.
Не адзін літасць страціўшы бацька сярод тлуму й дыму
Немаўля сваё выхапіў з зыбкі і ў вогнішча кінуў.
А матуля выцягвае ды паўспалёнага корміць;
Той ідзе і яе ўбіць – яна нежывая ўжо з гора.
Маргер кажа у трубы зайграць святарам сваім гучна,
Каб узняць у тых, хто йдзе ў ахвяру, іх духу рашучасць.
А сам з колькімі мужнымі сцены цвярдыні абрынуў,
Каб упалі на немца й літва мела лішняй хвіліну –
Яе лёсам спаўняцца ў не бачанай светам ахвяры. –
Дык не ўбачыш, чужой веры носьбіт, ні здрады, ні свары![20]
Гэты перакладзены ўрывак у 2015 г. пакладзены на музыку музычным праектам "Anafelas".[21] У сінгле "Margier" партыю дуды выканаў перакладчык урыўку А. Мікус.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]За назву сваёй паэмы "Маргер" Сыракомля ўзяў імя правадыра Пілянскага замкавага гарнізону Маргера. Гэтае імя - двухасноўнае старабалцкага (старалітоўскага) тыпу, складаецца з асноў Mar-, Gir-[22]. Адыменнае прозвішча "Margir" бытавала ў Горадні яшчэ на сутыку XVIII і ХІХ стагоддзяў, яно засведчанае ў метрыцы горадзенскага касцёла пад 1800 годам[23].
Зноскі
- ↑ а б в Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 112.
- ↑ Spasowicz, Wł. Władysław Syrokomla (польск.). — 1881. — С. 80.
- ↑ Syrokomla, Wł. Margier (польск.). — Wilno: R. Rafałowicz, 1855. — 136 с.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 111-112.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 111.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 117.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 112-113.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 113.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 113-114.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 114.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 133.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 134.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 114-115.
- ↑ Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — 1901. — С. 115-116.
- ↑ Syrokomla, Vl., Nečas, J. Margěr (чэшск.). — Praha: Nákladem knihkupectví I.L. Kobrova, 1882. — 105 с.
- ↑ Sigitas Birgelis Kunigas, rašytojas ir knygnešys(літ.) // Punskas.pl. — 2018/05/22.
- ↑ Vladislavas Sirokomlė, Margis (Margiris), vertė. Antanas Valaitis, Kaunas: Sakalas, 1936
- ↑ Сырокомля, В. Маргеръ(руск.) // Русская Мысль. — 1880. — № 1-2.
- ↑ Кондратович, Л. Избранные произведения: перевод с польского (руск.). — Москва: Государственное издательство художественной литературы, 1953. — С. 161-246. — 293 с.
- ↑ 25 лютага – Дзень балцкага духу . Svajksta.
- ↑ ANAFELAS ‘Піляны’ . Stigmata.
- ↑ Z. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 112.
- ↑ Metryki Zmarlych Parapii Grodzienskiey w powiecie i Dekanacie Grodzienskim za Rok 1800 // LAIA, ф. 604, воп. 46, спр. 2. . Familysearch.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Pini, T. Władysław Syrokomla i jego utwory (польск.). — Lwów: Macierz Polska, 1901. — 247 с.
- Spasowicz, Wł. Władysław Syrokomla (польск.). — Lwów: Księgarnia Polska, 1881. — 148 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Варабей, М. П. Асэнсаванне хрысціянскага і язычніцкага ў паэме «Маргер» Уладзіслава Сыракомлі // Мова – Літаратура – Культура. — Мінск: РІВШ, 2016. — С. 79-82. — ISBN 978-985-586-012-0. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2021.
- Варабей, М. Хрысціянізацыя ВКЛ вачыма Уладзіслава Сыракомлі ў гістарычнай паэме «Маргер» // Беларуска-польскія моўныя, літаратурныя, гістарычныя і культурныя сувязі. — Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2016. — С. 217-221. — ISBN 978-985-553-407-6. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2017.