Германія

Федэратыўная Рэспубліка Германія
ням.: Bundesrepublik Deutschland
Герб Германіі
Сцяг Германіі Герб Германіі
Дэвіз: «Адзінства і Права і Свабода
ням.: Einigkeit und Recht und Freiheit»
Гімн: «Песня немцаў (трэці слупок)»
Заснавана 3 кастрычніка 1990 года (Дзень нямецкага адзінства)
Дата незалежнасці 23 мая 1949 года
Афіцыйная мова нямецкая[прым 1][прым 2]
Сталіца дэ-юрэ: Берлін
дэ-факта: Берлін і Бон
Найбуйнейшыя гарады Берлін, Гамбург, Мюнхен, Кёльн
Форма кіравання Федэратыўная парламенцкая рэспубліка
Федэральны прэзідэнт
Федэральны канцлер
Франк-Вальтэр Штайнмаер
Олаф Шольц
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
63-я ў свеце
357.375,62 км²
2,42 %
Насельніцтва
• Ацэнка (2018)
Шчыльнасць

≧83 000 000[1] чал. (17-я)
229 чал./км²  (36-я)
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$4,199 трлн[2]  (5-ы)
$50 100  (27-ы)
ІРЧП (2020) 0,936[3] (вельмі выс.) (6-ы)
Валюта еўра[прым 3]
Авіякампанія Lufthansa
Інтэрнэт-дамен .de
Код ISO (Alpha-2) DE
Код ISO (Alpha-3) DEU
Код МАК GER
Тэлефонны код +49
Часавыя паясы +1 (улетку +2)
  1. Федэральнае міністэрства юстыцыі (ням.)
  2. Літаратурная нямецкая мова ўтворана на аснове верхненямецкага дыялекта. дацкая, лужыцкая, фрызская і цыганская з’яўляюцца афіцыйна прызнанымі мовамі нацыянальных меншасцей. Ніжненямецкая — рэгіянальным дыялектам.
  3. Да 2002 года — нямецкая марка.

Герма́нія (ням.: Deutschland праслухаць), поўная назва Федэраты́ўная Рэспу́бліка Герма́нія (ням.: Bundesrepublik Deutschland), таксама Няме́ччына[4] — федэратыўная краіна ў Заходняй Еўропе, якая мяжуе з Польшчай і Чэхіяй на ўсходзе, Аўстрыяй і Швейцарыяй на поўдні, Францыяй, Люксембургам, Бельгіяй і Нідэрландамі на захадзе, Даніяй на поўначы. На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў, на поўдні падкрэслена араграфічным рубяжом Альпаў.

ФРГ з’яўляецца федэратыўнай, дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай, якая ўзначальваецца федэральным канцлерам і ў склад якой уваходзяць 16 адміністрацыйных адзінак, вядомых як федэральныя землі. Германія — вельмі дэцэнтралізаваная краіна, дзе кожная з зямель захоўвае абмежаваны «суверэнітэт». Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны з’яўляецца Берлін. Фінансавая сталіца — Франкфурт-на-Майне.

У рэльефе Германіі выдзяляюць тры прыступкі: нізіна на поўначы, невысокія старыя горы ў цэнтральнай частцы, на поўдні праходзіць горная сістэма Альпаў. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, з адносна цёплай зімой і прахалодным летам. Галоўныя рэкі цякуць з поўдня на поўнач — гэта Одэр, Эльба, Рэйн. Жывая прырода за доўгую гісторыю асваення моцна пацярпела ад чалавека, аднак сёння Германія адносіцца да ліку краін з найбольш прагрэсіўным экалагічным заканадаўствам.

У антычныя часы тэрыторыя сучаснай Германіі была заселена германскімі плямёнамі, што паспяхова супрацьстаялі Рыму. У X стагоддзі нямецкія землі сталі ядром Свяшчэннай Рымскай імперыі. У пачатку XVI стагоддзя Германія была калыскай Рэфармацыі. У познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе Германія існавала як садружнасць невялікіх княстваў, сярод якіх у XVIII ст. узвысілася Прусія. У 1815 быў створаны Германскі саюз, а ў 1871 годзе, дзякуючы Ота фон Бісмарку, на карце Еўропы ўзнікла Германская імперыя. Параза ў Першай сусветнай вайне прывяла да звяржэння манархіі. Саступкі па Версальскім міры прывялі да ідэй рэваншызму і росквіту фашызму, што разам з нацысцкай ідэалогіяй, вылілася ў Другую Сусветную вайну і Халакост. Пасля капітуляцыі нацысцкага ўрада ў 1945 годзе, тэрыторыя краіны была падзелена на акупацыйныя зоны, на якіх у 1949 былі створаны Федэратыўная Рэспубліка Германія і Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Чатыры дзесяцігоддзі Халоднай вайны скончыліся падзеннем Берлінскай сцяны і аб’яднаннем дзвюх частак краіны 3 кастрычніка 1990 года. Сёння гэты дзень адзначаюць як дзяржаўнае свята.

З насельніцтвам у 83 млн чалавек ФРГ з’яўляецца самай многанаселенай сярод краін, што цалкам знаходзяцца ў Еўропе і першай краінай ЕС. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў для Германіі характэрны адмоўны натуральны прырост і старэнне насельніцтва. Германія з’яўляецца еўрапейскім лідарам па прыёме імігрантаў, што ў рэшце рэшт вылілася ў міграцыйны крызіс. Іміграцыя ператварыла Германію з монанацыянальнай краіны ў шматнацыянальную. Германія — краіна гарадоў, прычым ніводзін горад не вылучаецца завялікімі памерамі. Найбуйнейшая ўрбанізаваная зона ляжыць у сярэднім цячэнні Рэйна з адгалінаваннем па ягоным прытоку Рур і вядома як Рэйн-Рурскі мегалаполіс з ядрамі ў Дортмундзе і Эсэне.

Германія — высокаразвітая постіндустрыяльная краіна, што валодае магутнай сучаснай эканомікай. З’яўляецца вялікай дзяржавай, сусветным тэхналагічным і прамысловым лідарам. Па паказчыку намінальнага валавога ўнутранага прадукту Германія знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе і на чацвёртым у свеце. У 2014 годзе яна займала трэцяе месца па аб’ёмах імпарту і экспарту. Германія мае адзін з найвышэйшых паказчыкаў індэкса чалавечага развіцця ў свеце. У ФРГ дамінуе канцэпцыя сацыяльнай рынкавай эканомікі: нават сярод еўрапейскіх дзяржаў Германія вылучаецца высокім узроўнем жыцця, сацыяльнай бяспекі, аховы здароўя, вышэйшай адукацыі, клопатам аб навакольным асяроддзі. Германія з’яўляецца адной з краін-заснавальніц Еўрапейскага Саюза, асновай Еўразоны. Таксама ФРГ удзельнічае ў ААН, НАТА, Вялікай сямёрцы (G7) і Дваццатцы (G20).

Вялікія і славутыя сыны Германіі здзейснілі шмат дасягненняў у мастацтве і архітэктуры, музыцы, філасофіі і кіно, кухні і спорце, навуцы і культуры. На тэрыторыі краіны размешчаны 44 аб’екты, якія ўключаны ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Этымалогія назвы

[правіць | правіць зыходнік]

Слова 'deutsch' ([dɔʏtʃ]) у нямецкай мове паходзіць ад старажытнанямецкага diutisc заходнефранкскай — * Þeodisk ), якое азначае «які належыць да народа» (словы Þeudā у прагерманскай і ўтворанае ад яго старажытнанямецкае diot [a] у агульным сэнсе азначалі «народ»). Так ідэнтыфікавалі сябе германцы у супрацьлегласць суседнім народам, якія казалі на іншых мовах: славянскіх на ўсходзе і раманскіх на поўдні.

Падчас Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 адбылося адрачэнне нямецкага кайзера Вільгельма II ад улады. Нягледзячы на тое, што манархія была зрынута і новай нямецкай уладай было абвешчана аб стварэнні Нямецкай рэспублікі (ням. «Deutsche Republik» або «Republik Deutschland»), назва краіны нават ужо пры Веймарскай рэспубліцы так і засталася Deutsches Reich («Германская імперыя», або «Германская дзяржава»).

Пасля падзення манархіі ў Аўстра-Венгрыі ў 1919 годзе, была створана Нямецкая Аўстрыя (ням. Republik Deutschösterreich), якая хацела далучыцца да германскай рэйху, але не магла, бо па Сен-Жэрменскім мірным дагаворы з краінамі-пераможцамі ёй забаранялася ўваходзіць у склад Германіі, ці складаць з ёй якія-небудзь саюзы.

Пасля Другой сусветнай вайны саюзнікі-пераможцы прымянялі да акупаванай тэрыторыі былой Германскай імперыі (без Аўстрыі) назву Deutschland. У 1949 годзе былі падпісаны канстытуцыі двух Германій: капіталістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Германія («Bundesrepublik Deutschland») і сацыялістычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі («Deutsche Demokratik Republik»). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у 1990 годзе, поўная афіцыйная назва Германіі гучыць па-нямецку так: «Bundesrepublik Deutschland» (ці «Deutschland»).

Славянская назва Германія паходзіць ад лацінскага «Germania», якое ўзыходзіць да тэкстаў антычных аўтараў I стагоддзя н. э. і ўтворана ад этноніма «германцы» (лац. Germanus). Упершыню назва была ўжыта Юліем Цэзарам у «Занатоўках аб гальскай вайне» у дачыненні да плямёнаў, якія пражывалі за Рэйнам. Само слова, верагодна, мае нелацінскія карані і паходзіць ад кельцкага «Gair» («сусед»).

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]
Германія: суседзі і вялікія гарады
Востраў Руген у Балтыйскім моры, Заходняя Памеранія

Германія займае цэнтральнае становішча ў заходняй Еўропе. Германія мяжуе з дзевяццю краінамі: з Даніяй на поўначы (працягласць агульнай мяжы — 67 км), з Польшчай (442 км) на паўночным усходзе і з Чэхіяй (811 км) на ўсходзе, з Аўстрыяй (815 км) на паўднёвым усходзе, са Швейцарыяй (316 км) на поўдні, з Францыяй (448 км) на паўднёвым захадзе, з Люксембургам (135 км) і Бельгіяй (156 км) на захадзе і з Нідэрландамі (567 км) на паўночным захадзе. Агульная працягласць мяжы складае 3757 км. Частка межаў праходзіць па вялікіх рэках: польская мяжа — па Одэры (Одры), швейцарская і французская — па Рэйне. Паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя рубяжы адзначаны гарамі: Багемскі лес і Рудныя горы на мяжы з Чэхіяй, Альпы — з Аўстрыяй і Швейцарыяй.

На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў. Паміж морамі пракапаны Кільскі канал. Паўночнаморскае ўзбярэжжа вядома пад назвай Ватавага мора — тут у шырокай прыліўнай паласе чаргуюцца балоты і пясчаныя выспы. Проста насупраць Ватавага мора, якое працягваецца і ў Нідэрландах з Даніяй, знаходзяцца Фрызскія астравы. Востраў Гельгаланд з’яўляецца самым аддаленым нямецкім востравам з пастаянным насельніцтвам. Востраў Руген у Балтыйскім моры з’яўляецца самым вялікім нямецкім востравам па плошчы. А самы вялікі паўвостраў — Фішланд-Дарс-Цынгіс.

Тапаграфічная карта Германіі (нямецкая версія).

Геалогія і рэльеф

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрыторыя Германіі знаходзіцца на сутыку геалагічна старажытных (дакембрыйскіх) пліты Усходне-Еўрапейскай платформы (на поўначы і паўночным усходзе) і яе Балтыйскага шчыта (на поўначы) са складкаватымі абласцямі: геалагічна маладой (кайназойскай) Альпійска-Карпацкай горнай сістэмай на поўдні і старажытнай герцынскай на захадзе. Германію можна падзяліць на тры геалагічныя рэгіёны: Цэнтральна-Еўрапейская Дэпрэсія, Цэнтральныя Еўрапейскія блокі і Альпы.

Характар рэльефу абумоўвіў падзел тэрыторыі краіны: Германія падзяляецца на тры буйныя шыротнаарыентаваныя вобласці:

Цугшпіцэ ў Баварыі з вышынёй у 2962 метраў з’яўляецца самым высокім пунктам Германіі.
  • Альпы — на крайнім поўдні. Геалагічна маладыя горы Альпы з’яўляюцца самымі высокімі і доўгімі гарамі Германіі. Нямецкія Альпы вышынёю толькі ад 2000 м амаль цалкам знаходзяцца ў Баварыі. Памежная з Аўстрыяй гара Цугшпіцэ (2962 м) з’яўляецца самай высокай вяршыняй Германіі.
  • горы Сярэдняй Германіі — у цэнтры і ў паўднёвай частцы. Яны распасціраюцца ад паўночнага краю цэнтральнага горнага парога і да Альп, Верхняга Рэйну і Бодэнскага возера. Горы, як правіла, растуць з поўначы на поўдзень па вышыні і працягласці. Самым высокім пунктам гэтай часткі з’яўляецца пік Фельдберг (1493 м) у Шварцвальдзе, а пасля Вялікі Арбэр (1456 м) у Баварскім лесе. Вяршыні вышынёю больш за 1000 метраў над узроўнем мора ёсць таксама ў Рудных гарах, Фіхтэльгебіргэ, Швабскіх Альбах і горным масіве Гарц, дзе акрамя таго, знаходзіцца самая высокая кропка паўночнай Германіі — гара Брокен (1142,2 м).
  • Паўночна-Германская нізіна — на поўначы. На поўнач ад Цэнтральнага нямецкага ўзвышша горы адсутнічаюць і сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае не больш за 100 м. Гэта створаны старажытнымі покрыўнымі ледавікамі рэльеф нізін і там-сям раскіданых узвышшаў. Адзіным пунктам вышэй за 200 метраў тут з’яўляецца пагорак Хайдэохэ з вышынёй у 201,4 м (назва самой вышыні па-ням. Heideberg) які знаходзіцца ў муніцыпалітэце Грэдэн (федэральная зямля Брандэнбург).

Германія, як і ўся Заходняя Еўропа, адрозніваецца ўмераным марскім кліматам з агульнай заходняй цыркуляцыяй атмасферы. Паколькі ўзімку воды Паўночнай Атлантыкі цяплейшыя, чым суша, цёплае паветра распаўсюджваецца ў Еўропе, забяспечваючы тэмпературы нашмат вышэйшую за сярэднія для дадзеных шырот. На ўсход і на поўдзень клімат становіцца больш кантынентальным.

Восеньскі мяшаны лес ва ўмераным клімаце.

У цэлым узімку тэмпературы памяншаюцца да ўсходу: ізатэрма студзеня 0 °C праходзіць па лініі Любек — Бон. На поўдні краіны тэмпературы паніжаюцца за кошт большых вышынь. Снежны полаг звычайна трымаецца 20-25 дзён на поўначы, больш 40 дзён у паўднёвай Баварыі і звыш 100 дзён у Альпах і на вяршынях Шварцвальда. Улетку сітуацыя процілеглая. Тэмпературы падвышаюцца ў паўднёвым кірунку, і самыя высокія паказчыкі адзначаюцца на Верхнерэйнскай нізіне. Сярэдняя тэмпература ліпеня там 19 °C. Летнія тэмпературы на Паўночна-Германскай нізіне павышаюцца на ўсход і паўднёвы ўсход. Сярэдняя тэмпература ліпеня ў Берліне 18,5 °C.

Сярэднія гадавыя сумы ападкаў на Паўночна-Германскай нізіне дасягаюць 750 мм на ўзбярэжжы Паўночнага мора і паступова памяншаюцца да ўсходу. На поўдзень ад нізіны ва ўмовах рассечанага рэльефу размеркаванне ападкаў ускладняецца: у гарах выпадае звыш 1000 мм, а часам і да 2000 мм ападкаў, тады як у некаторых ізаляваных катлавінах за год выпадае не больш за 500 мм. Гэткія жа малыя сумы ападкаў выпадаюць у паласе, змешчанай да поўначы ад Сярэднегерманскіх гор, у іх дажджавым ценю. На поўдні і ўсходзе максімум ападкаў прыходзіцца на лета, паўночна-заходнія прыморскія раёны атрымліваюць большую частку ападкаў узімку ва ўмовах мяккага надвор’я.

Рэйн і замак Рэйнштайн.

З шасці рэк з найбуйнейшымі басейнамі, Рэйн, Эльба, Везер, Эмс (Паўночнае мора) і Одэр (Балтыйскае мора) належаць да рэк Паўночнай Атлантыкі; і толькі Дунай упадае ў Чорнае мора, якое гідраграфічна звязана з Міжземным морам. Вадазборы гэтых двух сістэм падзяляюцца адзін ад аднаго Галоўным Еўрапейскім водападзелам.

Самая вялікая і славутая рака Германіі — Рэйн, які жывіцца ад велізарнага веера прытокаў у перадгор’ях Альпаў. Паміж Бінгенам і Бонам гэтая рака праразае глыбокую цясніну ў Рэйнскіх Сланцавых гарах, далей выходзіць на Паўночна-Германскую нізіну і ўпадае ў Паўночнае мора. У пачатку лета адбываецца разводдзе, абумоўленае раставаннем снега ў гарах. Горы Сярэдняй Германіі, дзе пачынаецца шмат прытокаў Рэйна, маюць цалкам іншы рэжым з максімумам сцёку ўзімку, калі выпарэнне мінімальнае. Спалучэнне гэтых двух крыніц забяспечвае Рэйну не толькі багаты, але і рэгулярны сцёк, што вельмі спрыяльна для суднаходства.

«Востраў-кветка» ў Бодэнскім возеры

Акрамя Рэйна ў Паўночнае мора нясуць свае воды Везер і Эльба. Паколькі жыўленне ад снягоў Альпійскай вобласці адсутнічае, на гэтых рэках у канцы лета і ўвосень назіраецца межань. Одэр і яго асноўны прыток Нейсэ бяруць пачатак у горах Сярэдняй Германіі. На поўдні краіны ў Шварцвальдзе пачынаецца і цячэ на ўсход Дунай. Яго водны рэжым фармуецца ў асноўным пад уплывам правых прытокаў (Ізар, Ін, Вертах), якія бяруць пачатак у Альпах. Летнія паводкі і зімовая межань ствараюць неспрыяльныя ўмовы для навігацыі.

Натуральныя азёры ў асноўным ледавіковага паходжання. Ледавікі ўтварылі большасць буйных азёр у перадгор’ях Альпаў і у Гальштынскай Швейцарыі (горныя) і ў Мекленбургу (старажытныя покрыўныя). Самым вялікі возерам, якое цалкам ляжыць на нямецкай тэрыторыі, з’яўляецца возера Мюрыц — частка Мекленбургскага паазёр’я. А самым вялікім памежным возерам, большая частка якога належыць Германіі, з’яўляецца Бодэнскае возера, акваторыя якога належыць таксама Аўстрыі і Швейцарыі.

Поле ў Саксоніі.

Разнастайнасць глебаў залежыць пераважна ад мясцовых мацярынскіх парод і характару карэннага расліннага полага. Пясчаныя субстраты Паўночнагерманскай нізіны моцна вышчалачаны, асабліва пад верасоўнікамі і хваёвымі лясамі. Гэтыя бедныя кіслыя падзолістыя глебы не спрыяльныя для вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Ёсць буйныя арэалы кіслых балотных глеб. Глебы прыбярэжных маршаў пасля правядзення меліярацыі становяцца ўрадлівымі.

Глебы гор Сярэдняй Германіі вельмі разнастайныя. Трывалыя карэнныя пароды горных масіваў доўгі час падвяргаліся выветрыванню ва ўмовах прахалоднага вільготнага клімату, і там сфармаваліся вышчалачаныя кіслыя бурыя лясныя глебы, якія часам змяшчаюць шмат камянёў. Самыя ўрадлівыя глебы распаўсюджаныя на нізінах і рачных тэрасах, асабліва пры наяўнасці лёсавых адкладаў, — гэта чарназёмы, якія сустракаюцца на ўсход ад Гарца і ў Цюрынгіі і пераходзяць у бурыя лясныя глебы. Тут размешчаныя лепшыя ворныя землі.

Глебы Альпаў адрозніваюцца ў залежнасці ад вышыннага становішча мясцовасці і стромкасці схілаў. Гэта маламагутныя камяністыя глебы, вышчалачанасць якіх узрастае з вышынёй.

Расліннасць і жывёльны свет

[правіць | правіць зыходнік]
Лес у гарах Цюрынгскі лес зімой. Каля 32 адсоткаў нямецкай зямлі занята лясамі.

Германія цалкам знаходзіцца ва ўмеранай кліматычнай зоне. Таму, у асноўным, яе флора будзе прадстаўлена раслінамі шыракалістых і змешаных лясоў. Агульная колькасць дзікіх відаў раслін у Германіі ацэньваюць у 9.500 відаў. Акрамя таго, расце каля 14.000 відаў грыбоў. У густанаселенай Германіі, дзе карэнныя лясы былі альбо зведзеныя, альбо замененыя лесапасадкамі (пад лесапасадкі адводзяцца бяднейшыя землі, асабліва хвоі, натуральная расліннасць амаль не захавалася. Карэнныя лясы з дуба і бярозы на поўначы краіны на працягу стагоддзяў былі замешчаныя арэаламі апрацаваных земляў у атачэнні пашаў-верасоўнікаў. У цяперашні час і верасоўнікі прадстаўленыя толькі ў запаведніках. Нізкагор’і Сярэдняй Германіі пакрытыя пышнымі букавымі лясамі, якія чаргуюцца з буйнымі масівамі пасадак яловых лясоў. На пясчаніках з’яўляецца хвоя.

У больш высокіх гарах Сярэдняй Германіі і ў Альпах букавыя лясы з вышынёй змяняюцца букава-піхтавымі, а затым яловымі. У самых высокіх масівах, а таксама ў Альпах вышэй 2200—2800 м растуць травы, лішайнікі і імхі. Здзіўляе багацце кветкавых раслін.

Сярод самых характэрных жывёл у лясах Германіі вылучаюцца вавёрка, дзік і лісіца. Звычайныя высакародны алень, казуля і лань. На высечках прыжыліся зайцы, трусы і іншыя грызуны, замест лясных птушак там распаўсюджваюцца тыповыя для адкрытых прастораў і жывых загарадзяў віды. На альпійскіх лугах жыве сурок. Забруджванне рэк пагражае існаванню выдры. Вільготныя раёны па берагах Балтыйскага і Паўночнага мораў маюць важнае значэнне для пералётных птушак Еўропы, асабліва качак, гусакоў і балотных птушак. На дахах паўночнай Германіі часам можна ўбачыць гнёзды буслоў.

Дыск з Небрыі, каля 1600 гадоў да н. э., знойдзены на тэрыторыі сучаснай зямлі Саксонія-Анхальт

На тэрыторыі Германіі чалавек упершыню пасяліўся ў эпоху ніжняга палеаліту (500—300 тыс. гадоў да н. э.), аб чым сведчаць археалагічныя знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца.

У мезаліце на поўдні і ў цэнтры Германіі выяўлена тардэнуазская і азыльская культуры, у той час як на поўначы — культуры Лінгбі і Маглемозе. У неаліце на тэрыторыі Германіі распаўсюдзілася культура лінейна-стужачнай керамікі, з носьбітамі якой звязваюць развіццё ручнога земляробства і пераход да жывёлагадоўлі.

У жалезным веку на тэрыторыі Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая) і латэнская археалагічныя культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская).

Першыя сведчанні пра германцаў ў пісьмовых крыніцах адносяцца да старажытнагрэчаскага падарожніка і навукоўца Піфея з Масаліі.

Германскія плямёны (100 да н.э. — 500 гг. н. э.)

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне I стагоддзя да н.э. землі, размешчаныя на захад ад Рэйна, а пазней і частка тэрыторый на поўдзень ад Дуная, дзякуючы ваенным паходам Юлія Цэзара, увайшлі ў склад Рымскай імперыі. Рымляне, прытрымліваюсыся сваёй экспансіянісцкай палітыкы, паспрабавалі распаўсюдзіць свой уплыў і на іншыя тэрыторыі. Аднак, спроба аказалася няўдалай: у 9 годзе да н.э. рымскае войска пацярпела поўнае паражэнне ад аб’яднаных германскіх плямёнаў, узначаленых правадыром племя херускаў Армініям.

На момант напісання Тацытам сваёй працы «Германія», германскія плямёны жылі ўздоўж Рэйна і Дуная, займаючы большую частку тэрыторыі сучаснай Германіі. Пэўныя рэгіёны ўсё ж трапілі пад уладу Рыма, з іх былі створаны правінцыі Белгіка, Галія, Верхняя і Ніжняя Германія, Рацыя і Норык. Заснаваныя рымлянамі гарады, у прыватнасці Аўгсбург, Кёльн, Майнц і Трыр, у далейшай гісторыі сталі важнымі палітычнымі і эканамічнымі цэнтрамі.

У III стагоддзі на тэрыторыі Германіі ўзнік шэраг буйных заходнегерманскіх плямёнаў: франкі, саксы, англы, лангбарды, алеманы і іншыя. З’яўляючыся добрымі ваярамі, германцы прыцягваліся рымлянамі да разнастайных ваенных мэтаў, а неўзабаве атрымалі дазвол пасяліцца ў памежнай зоне імперыі і атрымліваць рымскае грамадзянства. Такая практыка хутка ператварылася ў пагрозу, калі сам Рым стаў залежным ад варвараў. Германскія ваеначальнікі і іх ваенныя часткі ўсё часцей вырашалі лёс імператараў, пакуль у рэшце рэшт, у 476 годзе палкаводзец Адаакр ня скінуў апошняга рымскага кіраўніка з трону. Адначасова адбывалася Вялікае перасяленне народаў, таму ў V стагоддзі готы, вандалы, франкі, саксы і іншыя плямёны стварылі на тэрыторыі разваленай Заходняй Рымскай імперыі ўласныя каралеўствы.

Да VI стагоддзя землі на ўсход ад Эльбы былі пакінутыя нямецкімі плямёнамі, а гэтую тэрыторыю засялілі заходнеславянскія плямёны палабаў, люцічаў і абадрытаў. Варта адзначыць, што палабскія славяне заснавалі вялікую колькасць замкаў і паселішчаў, якія пасля сталі нямецкімі гарадамі: Любеч (Любэк), Звярынай (Шверын), Будышын (Баўцэн), Бранібор (Брандэнбург).

Свяшчэнная Рымская імперыя

[правіць | правіць зыходнік]
Змяненне межаў Свяшчэннай Рымскай імперыі (962—1806)

Пасля распаду Рымскай імперыі ў Заходняй Еўропе ўтварылася Франкская дзяржава, якая ўжо праз тры стагоддзі, пры Карле Вялікім, ператварылася ў імперыю (800 г.). Імперыя Карла ахоплівала тэрыторыі некалькіх сучасных дзяржаў, у прыватнасці Германіі. Аднак імперыя Карла Вялікага праіснавала нядоўга — унукі гэтага імператара падзялілі яе паміж сабой, у выніку чаго ўтварыліся тры каралеўствы — Заходне-Франкскае (пазней Францыя), Усходне-Франкскае (пазней Германія) і Сярэдзіннае каралеўства (неўзабаве распалася на Італію, Праванс і Латарынгію).

Іаган Гутэнберг — сусветны першадрукар

Традыцыйна датай заснавання першай германскай дзяржавы прынята лічыць 2 лютага 962 года: у гэты дзень Усходне-Франкскі кароль Атон I быў каранаваны ў Рыме і стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Нягледзячы на спробы імператараў аб’яднаць Свяшчэнную Рымскую імперыю, яна распалася на шматлікія незалежныя дзяржавы і гарады. У XVI стагоддзі Германія стала цэнтрам Рэфармацыі каталіцкай царквы. Рэфармацыя паклала пачатак некалькім рэлігійным войнам у Германіі, самая працяглая і разбуральная з якіх — Трыццацігадовая — завяршылася ў 1648 Вестфальскім мірам. У выніку была замацавана раздробненасць Германіі і ўлада імператара ўсё яшчэ заставалася чыста намінальнай.

Такое становішча захоўвалася да 1806 года, калі нямецкі імператар Франц II, які як раз перад гэтым, у 1804-м, стаў таксама імператарам Аўстрыйскай імперыі, пакінуў трон пад ціскам французскага імператара Напалеона. Пры Напалеоне Банапарце колькасць нямецкіх княстваў і вольных гарадоў значна скарацілася.

Аб’яднанне Германіі

[правіць | правіць зыходнік]

Венскі кангрэс 1815 года спрыяў далейшаму аб’яднанню Германіі, у выніку чаго з 38 нямецкіх дзяржаў утварыўся вольны Нямецкі саюз пад вяршынствам Аўстрыі. У ходзе нямецкай рэвалюцыі 1848 года ўзнік першы дэмакратычны парламент Германіі. Пасля рэвалюцыі 1848 года, стаў наспяваць канфлікт паміж узвышаючайся Прусіяй і Аўстрыяй. Гэта прывяло да вайны 1866 года, якая ў якой Прусія атрымала перамогу і далучыла некалькі нямецкіх княстваў, пасля чаго Германскі саюз распаўся.

Германская імперыя (1871—1918)

У 1866 годзе, быў створаны Паўночнагерманскі саюз, які пад вяршынствам Прусіі аб’яднаў усе нямецкія дзяржавы на поўнач ад Майна. Падчас Франка-прускай вайны, 18 студзеня 1871 г. у Люстэркавай залі Версальскага палаца, Вільгельм Першы быў абвешчаны імператарам Германскай імперыі. Значную ролю ў аб’яднанні Германіі згуляў першы канцлер Германскай імперыі, князь Ота фон Бісмарк.

Першая і Другая сусветныя войны

[правіць | правіць зыходнік]

У 1914 г. Германія ўступіла ў Першую сусветную вайну, параза ў якой прывяла да Лістападаўскай рэвалюцыі, і як выніку — да краху імперыі, а таксама стварэння так званай Веймарскай рэспублікі.

У 1933 г. канцлерам Германіі стаў кіраўнік Нямецкай нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Адольф Гітлер, пры якім дзяржава праводзіла агрэсіўную экспансіянісцкую і рэваншысцкую палітыку, якая ў 1939 годзе прывяла да пачатку Другой сусветнай вайны.

Дзве Германіі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля таго, як Германія пацярпела паражэнне ў Другой сусветнай вайне, яе дзяржаўнасць была прыпыненая, ад тэрыторыі Германіі аддзеленыя вялікія тэрыторыі на ўсходзе, а астатнія былі падзелены на 4 зоны акупацыі: савецкую, амерыканскую, брытанскую і французскую. 23 мая 1949 года на тэрыторыі амерыканскай, брытанскай і французскай зон акупацыі была створана Федэратыўная Рэспубліка Германія (ФРГ), а 7 лістапада таго ж года, на тэрыторыі савецкай зоны акупацыі — Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У падтрымку Усходняй Германіі Мікіта Хрушчоў патрабаваў ад заходніх дзяржаў фактычнага яе прызнання, пагражаючы закрыць доступ у Заходні Берлін. Аднак да 1970-х гадоў заходнія саюзнікі адмаўляліся прызнаць ГДР, настойваючы на аб’яднанні Германіі ў адпаведнасці з пасляваеннымі дамоўленасцямі.

Берлінская сцяна

[правіць | правіць зыходнік]

У 1959 годзе ў ГДР пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі і нацыяналізацыі шматлікіх дробных прадпрыемстваў. Да 1960 года прыватнае валоданне зямлёй знізілася ад 52 % у 1958 да 8 %. У той жа час усё больш жыхароў Усходняй Германіі (ГДР) уцякалі ў Заходнюю (ФРГ), у 1961 годзе — каля 207 000 грамадзян. У жніўні таго ж года ўрад ГДР, каб блакаваць паток бежанцаў, загадаў збудаваць бетонны плот з калючым дротам, каб забараніць свабодны праход паміж Усходнім і Заходнім Берлінам. Так была пабудавана Берлінская сцяна, якая да 1990 годзе стала ўвасабленнем жалезнай заслоны.

Аб’яднанне Германіі

[правіць | правіць зыходнік]

За 1985 год каля 400 000 грамадзян ГДР падалі заяву аб выдачы пастаяннай выязной візы. Прадстаўнікі інтэлігенцыі і царкоўныя дзеячы ўжо адкрыта крытыкавалі рэжым за адсутнасць палітычных і культурных свабод. Незадаволенасць большасці ўсходнегерманскіх грамадзян урадам дасягнула кульмінацыі ў 1989 годзе. У той час, калі суседнія дзяржавы спрабавалі лібералізаваць свае рэжымы, сацыялістычная адзіная партыя Германіі наадварот, вітала жорсткае падаўленне дэманстрацыі кітайскіх студэнтаў у чэрвені 1989 года на плошчы Цяньаньмэнь. У канцы таго ж года, грамадзянская незадаволенасць вылілася ў каласальныя дэманстрацыі пратэсту ў самой ГДР. У лістападзе 1989 упала Берлінская сцяна.

У сакавіку 1990 года грамадзяне ГДР прынялі ўдзел у першых дэмакратычных выбарах за апошнія 58 гадоў. Перамогу атрымаў блок партый, блізкіх па ідэях да заходнегерманскага Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, які выступаў за аб’яднанне Германіі. Першым абраным прэм’ер-міністрам ГДР стаў Лотар дэ Мэзьер, пад кіраўніцтвам якога былі ажыццёўлены важныя змены, у прыватнасці адноўлены 5 федэральных зямель (ліквідаваныя ў 1952 г.), а 3 кастрычніка 1990 г. ГДР спыніла самастойнае існаванне і была ўключана ў склад ФРГ.

Згодна з Бон-Берлінскім актам, прынятым парламентам 10 сакавіка 1994 годзе, Берлін зноў стаў сталіцай аб’яднанай Германіі, у той час як Бон атрымаў унікальны статус саюзнага горада (па-ням. Bundesstadt) — горада федэральнага значэння з захаваннем шэрагу федэральных міністэрстваў. Перанос урада канчаткова завяршыўся ў 1999 годзе.

Пасля ўз’яднання Германія стала адыгрываць больш важную ролю ў дзейнасці Еўрапейскага Саюза і НАТА. Краіна накіравала свае войскі для забеспячэння стабільнасці на Балканах і паслала свой міратворчы кантынгент у Афганістан. Гэтыя дзеянні былі ўспрынятыя неадназначна, паколькі згодна з пасляваеннымі дамоўленасцямі, Германія мела права на разгортванне войскаў толькі для абарончых мэтаў. Разгортванне жа войскаў на чужых тэрыторыях не падпадала пад абарончыя дзеянні, аднак парламенцкае галасаванне па гэтым пытанні легалізавала ўдзел Германіі менавіта ў міратворчым кантэксце.

Першай жанчынай-канцлерам у 2005 годзе была абрана Ангела Меркель. У перыяд з 2005 па 2009 гг. яна стаяла на чале так званай «Вялікай кааліцыі», якую падтрымлівала яе ўласная парламенцкая група (у складзе ХДС і ХСС) і сацыял-дэмакратычная партыя (СДПГ). Пасля ўсеагульных выбараў 27 верасня 2009 г. Меркель сфармавала цяперашні кааліцыйны ўрад, у якім Сацыял-дэмакратычную партыю замяніла Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП). У 2013 і 2018 Меркель была пераабрана на пасаду канцлера ў трэці і чацвёрты раз.

Германія — дэмакратычная парламенцкая рэспубліка. Усе палітычныя працэсы кантралюе прыняты ў 1949 годзе Асноўны закон ФРГ — фактычна, Канстытуцыя, — які дэкларуе грамадзянам краіны захоўванне правоў чалавека, вяршэнства права, падзел уладаў. Пасля аб’яднання Германіі ў 1990-м Асноўны закон ФРГ нязменным выглядзе быў распаўсюджаны на ўсходнія землі. Каб унесці ў Асноўны закон папраўкі, неабходны галасы больш чым двух трацін абедзвюх палат парламента.

Заканадаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]
Зала для пленарных пасяджэнняў Бундэстага ў будынку Рэйхстага

Парламент складаецца з двух палатаў: вышэйшай (Бундэсрат, 79 крэслаў) і ніжэйшай (Бундэстаг, 709 крэслаў). Выбары у Бундэстаг праходзяць кожныя 4 гады па прапарцыйнай сістэме. Кіруе палатай яе прэзідэнт (Bundestagspräsident). У Бундэсраце ажыццяўляецца прадстаўніцтва федэральных земляў. Кожная зямля дэлегуе ў вышэйшую палату ад трох (Брэмен, Саар, Мекленбург і Гамбург) да шасці (Баварыя, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Бадэн-Вюртэмберг, Ніжняя Саксонія) сенатараў.

З канца 1949 і па сённяшні дзень галоўнымі палітычнымі сіламі з’яўляюцца дзве партыі: Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), што выступае блокам з Хрысціянска-сацыяльным саюзам у Баварыі (ХСС) і Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі (СДПГ). Каб атрымаць парламенцкую большасць, пасля выбараў партыі ствараюць кааліцыі. На апошніх выбарах у Бундэстаг 24 верасня 2017 традыцыйна перамог блок ХДС/ХСС, набраўшы каля 36 % галасоў (246 крэслаў). На другім месцы (154 крэслы) прыйшла СДПГ. Упершыню, і адразу на адразу трэцім месцы (84 крэслы), у ніжнюю палату прабілася маладая правапапулісцкая партыя Альтэрнатыва для Германіі (АДГ). Таксама 5-адсоткавы парламенцкі парог на гэтых выбарах пераадолелі партыі: ліберальная Свабодная дэмакратычная партыя, левапапулісцкая партыя Левыя (Die Linke), Зялёныя. Паколькі ніводная з партый не набрала абсалютнай большасці галасоў, 7 лютага 2018 года ХДС/ХСС ды СДПГ зноў стварылі «вялікую кааліцыю»[5]

Выканаўчая ўлада

[правіць | правіць зыходнік]
Рэзідэнцыя Федэральнага канцлера, Берлін

Прэзідэнт ФРГ выконвае прадстаўнічыя функцыі, а рэальныя паўнамоцтвы мае федэральны канцлер. Прэзідэнт абіраецца Федэральным сходам складам 30 чалавек з ліку Бундэстага і Бундэсрата, што збіраецца дзеля гэтага кожныя пяць год. У 2017 годзе новым прэзідэнтам стаў Франк-Вальтэр Штайнмаер. Партыя, якая перамагае на парламенцкіх выбарах, прапаноўвае свайго канцлера і фарміруе ўрад, які павінен мець большасць дэпутатаў у Бундэстазе. Федэральным канцлерам ужо чацвёрты тэрмін запар (з 22 лістапада 2005 года) застаецца Ангела Меркель, пераабраная на пасаду канцлера ў трэці і чацвёрты раз у 2013 і 2018 гадах.

Знешняя палітыка

[правіць | правіць зыходнік]

Германія — адна з вядучых і найбольш аўтарытэтных дзяржаў на сусветнай арэне. Ачольвае спіс найбуйнейшых эканомік Еўропы. ФРГ з’яўляецца адным з заснавальнікаў і актыўным удзельнікам Еўрапейскага саюза, «хрыбтом і сэрцам» арганізацыі. Пасля паражэння ў Другой сусветнай вайне краіна перагледзела сваю ідэалогію і апошніх 75 гадоў з’яўляецца актыўным міратворцам у Еўропе і свеце.

Адносіны з Беларуссю

[правіць | правіць зыходнік]

Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 13 сакавіка 1992 года. З 2009 года паслом Рэспублікі Беларусь у Германіі з’яўляецца Андрэй Уладзіміравіч Гіра. З 2012 паслом Германіі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Вальфрам Маас.

У 1992 і 1995 гадах міністры замежных спраў Германіі прыязджалі ў Беларусь[6]. У красавіку 2002 года старшыня ўрада Беларусі Генадзь Навіцкі наведаў Германію. У 2003 годзе нямецкія прадстаўнікі ў Парламецкім сходзе АБСЕ падтрымалі прапанову аб наданні правамоцнага статусу ў ім Нацыянальнаму сходу Беларусі[6].

Краіны таксама актыўна супрацоўнічаюць у культурнай сферы. У Мінску ў 1993 годзе было адкрыта аддзяленне Інстытута імя Гётэ[7]. Ажыццяўляюцца паездкі беларускіх дзяцей з раёнаў, пацярпелых ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, на аздараўленне ў Германію.

У Беларусі і Германіі налічваецца 19 пар пародненых гарадоў, у тым ліку Мінск — Бон, Віцебск — Франкфурт-на-Одэры, Віцебск — Нінбург, Магілёў — Айзенах, Полацк — Фрыдрыхсгафен, Светлагорск — Хельмштэт, Нясвіж — Лайхінген.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 федэральных зямель (ням. Bundesländer) — 13 вялікіх зямель і 3 гарадоў-зямель (вольныя гарады Берлін, Гамбург і Брэмен, праўда, у склад зямлі Брэмен уваходзяць два падзеленых Ніжняй Саксоніяй гарады: уласна Брэмен ды Брэмерхафен. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг (Landtag) для зямель, гарадскі сход (Gemeinde) для вольных гарадоў). Правы зямель, як і вольных гарадоў, абмежаваны Асноўным законам ФРГ. Для зручнасці кіравання буйныя землі падзеленыя на адміністрацыйныя акругі (Regierungsbezirk). На муніцыпальным узроўні ФРГ складаецца з 401 раёна (Kreise) — 294 сельскіх і 107 гарадскіх.

Карта Федэральная зямля Сталіца Плошча (у км²) Насельніцтва Шчыльнасць (на 1 км²)
Карта адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Федэратыўнай Рэспублікі Германіі Бадэн-Вюнтэмберг Штутгарт 35.751 10 879 618 304
Баварыя Мюнхен 70 550 12 930 751 183
Берлін (як сталіца ФРГ) 892 3 574 830 4008
Брандэнбург Пасдам 29 654 2 494 648 84
Гамбург (як вольны горад) 755 1 810 438 2397
Брэмен Брэмен 419 671 489 1601
Гесэн Вісбадэн 21 115 6 213 088 294
Мекленбург-Пяредняя Памеранія Шверын 23 213 1 612 362 69
Ніжняя Саксонія Гановер 47 616 7 926 599 166
Паўночны Рэйн-Вестфалія Дзюсельдорф 34 113 17 865 516 524
Рэйнланд-Пфальц Майнц 19 854 4 052 803 204
Саар Саарбрукен 2569 996 651 388
Саксонія Дрэздэн 18 449 4 081 783 221
Саксонія-Ангальт Магдэбург 20 452 2 245 470 110
Шлезвіг-Гольштэйн Кіль 15 802 2 881 96 182
Цюрынгія Эрфурт 16 202 2 158 128 133
Федэратыўная Рэспубліка Германія Берлін 357 376 82 521 653 231
Полава-ўзроставая піраміда, 2016

Па колькасці насельніцтва (каля 83 млн чал.)[1] Германія займае першае месца ў Еўропе (без Расіі). Паводле перапісу 2011 года, насельніцтва Германіі на 31 снежня 2011 года складала 80.327.900 жыхароў. 15,7 % насельніцтва былі маладзей за 18 гадоў, 42,3 % паміж 18 і 49 гадамі, 20,8 % паміж 50 і 64 гадамі. 21,2 % былі старэйшымі за 65 гадоў. Вялікая працягласць жыцця (80,9 гадоў у 2018) з’яўляецца адначасова і вялікім дасягненнем і прычынай старэння насельніцтва. Сярэдні ўзрост у 2018 годзе складаў 47,4 гадоў.[2]

Мужчына ў баварскім народным строі

Узровень нараджальнасці ў 2018 годзе быў вельмі нізкім у параўнанні з іншымі краінамі свету (8,6 на 1000), у сярэднім на кожную жанчыну прыходзілася 1,46 дзіцяці. Асабліва нізкая нараджальнасць адзначаецца на ўсходніх землях, на тэрыторыі былой ГДР. Смяротнасць у 2018 годзе складала прыблізна 11,8 на 1000 жыхароў.[2]. Такія адмоўныя дэмаграфічныя паказчыкі назіраюцца з канца ХХ стагоддзя, таму для Германіі характэрна ўстойлівая дэпапуляцыя, праўда, значна кампенсаваная іміграцыяй. У 2010-х іміграцыя настолькі ўзрасла, што агульная колькасць насельніцтва павялічылася на 2 мільёны чалавек. Традыцыйна вялікія сем’і ў мігранцім асяроддзі павысілі агульную нараджальнасць. Паводле даследванняў 2015 года, 36 % дзяцей да 5 гадоў у Германіі прыйшлося на сем’і імігрантаў.

Палітыку прыцягнення працоўных мігрантаў ФРГ распачала яшчэ ў 1960-х, тады ж слоўнікавы склад многіх моў свету папоўніўся нямецкім «гастрарбайтар». У 2016 годзе каля 10 млн жыхароў Германіі (12 %) не мелі нямецкага грамадзянства, што складае большую палову ад агульных 22,5 % імігрантаў ці дзяцей імігрантаў (гэтыя людзі, незалежна ад іх сённяшняга грамадзянства, ці прынамсі адзін з іх бацькоў, прыехалі ў Германію пасля 1955 года). У 2016 Германія знаходзіцца на другім месцы ў свеце пасля ЗША па колькасці імігрантаў.[8]

Этнічны склад насельніцтва Германіі даўно не аднастайны: хоць больш за 80 % жыхароў краіны — гэта немцы, іх доля працягвае скарачацца. У апошнія гады за кошт імігрантаў расце ўдзельная вага іншых этнічных груп. Найбольш іншаземцаў (11,7 %) па стане на 2016 год завітала з іншых еўрапейскіх краёў (пераважна з Польшчы, Расіі і былой Югаслвавіі); 4,9 % склалі выхадцы з Заходняй Азіі — гэта пераважна туркі (найбольшая этнічная меншасць увогуле) і арабы.[9] У 2011—2015 колькасць афрыканскіх мігрантаў вырасла на 46 %, але іх доля пасюль не перавышае 1 %. Пры выбары месца жыхарства імігранты аддаюць перавагу больш заможным землям былой ФРГ. Гарадамі з найбольшай доляй іншаземцаў у 2010 годзе былі Афенбах-на-Майне (25,8 %), Мангейм (23,6 %) і Мюнхен (23,5 %).[10].

Сям’я фрызаў за кавай, 1897

Да традыцыйных нацыянальных меншасцяў, чые продкі спрадвеку пражывалі на тэрыторыі краіны, у Германіі адносяць: датчан (лікам каля 50 000, зямля Шлезвіг-Гольштэйн); лужычан (60 000, зямля Саксонія, у горадзе Котбус лужыцкая мова з’яўляецца афіцыйнай); фрызаў (землі Ніжняя Саксонія і Шлезвіг-Гольштэйн); цыган (паўсюль).[11]

Кёльнская Катэдра
Афіцыйная колькасць мігрантаў (2016)[12]
Нумар Дзяржава Колькасць
1. Сцяг Турцыі Турцыя 1.492.580
2. Сцяг Польшчы Польшча 783.085
3. Сцяг Сірыі Сірыя 637.845
4. Сцяг Італіі Італія 611.450
5. Сцяг Румыніі Румынія 533.660
6. Сцяг Грэцыі Грэцыя 348.475
7. Сцяг Харватыі Харватыя 332.605
8. Сцяг Балгарыі Балгарыя 263.320
9. Сцяг Афганістана Афганістан 253.485
10. Сцяг Расіі Расія 245.380

У сваю чаргу каля 5 млн немцаў жывуць за мяжой.

Нямецкая мова ў Германіі мае статус дзяржаўнай, гэта самая распаўсюджаная мова, а таксама — сродак міжнацыянальных зносін. Яна роднасная з суседнімі галандскай і фрызскай мовамі, у меншай ступені — з паўночнаеўрапейскімі, якія таксама адносяцца да германскай моўнай групы. Нямецкая мова з’яўляецца роднай для прыблізна 100 млн чалавек — гэта самая распаўсюджаная матчына мова ў ЕС. Папулярызацыю мовы Шылера па ўсім свеце праводзіць Інстытут імя Гётэ. Мовы нацыянальных меншасцяў — фрызская, верхнялужыцкая, цыганская і інш. — абаронены Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных моў.

Эсэн — адно з ядраў Рэйн-Рура

Рэлігійная гісторыя Германіі поўная супярэчнасцей і трагізму. Падчас Другой Сусветнай вайны было амаль цалкам знішчана іудзейскае насельніцтва. У пасляваенныя дзесяцігоддзі ў Заходняй Германіі канфесійная структура ўскладнялася за кошт іміграцыі, ГДРаўскія землі паскорана секулярызаваліся. За чвэрць стагоддзя пасля аб’яднання Германіі ўзрасла колькацсь мусульман і пратэстантаў евангельскай веры. Станам на 2017 год, каля 57 % насельніцтва належыць да адной з хрысціянскіх канфесій: 28,2 % з’яўляюцца каталікамі (галоўным чынам на поўдні і захадзе краіны), 26 % — пратэстантамі (перад усім лютэране, што пераважаюць на поўначы), каля 2 % — праваслаўнымі (мігранты з усходняй і паўднёвай Еўропы). Ужо каля 5,5 % жыхароў Германіі вызнае іслам. Значная частка насельніцтва краіны (па некаторых звестках, да 50 %) да ліку веруючых сябе не адносіць.

Германія — адна з найбольш густанаселеных краін Еўропы. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 230 чал./кв.км. Больш за 80 % насельніцтва Германіі жыве ў гарадах, трэцяя частка з іх — у буйных гарадах, пры гэтым ніводзін горад не вылучаецца гіпертрафаванасцю. Берлін (3,7 млн чал), Гамбург (1,8 млн), Мюнхен (1,4 млн) з’яўляюцца ядрамі найбуйнейшых агламерацый. Усяго нямецкая статыстыка выдзяляе 11 агламерацый (Metropolregion), 33 гарады выдзяляюцца як рэгіяполісы (Regiopole).[13] У мегалаполісе Рэйн-Рур пражываюць каля 12 млн чал. Мегалаполіс працягваецца ланцужком уздоўж Рэйна і яго прытокаў і, складаючыся з падобных памерамі гарадоў-ядраў (Кёльн, Эсэн, Бохум, Дортмунд, Дзюсельдорф), па сутнасці з’яўляецца канурбацыяй.

Германія з’яўляецца высокаразвітай постіндустрыяльнай краінай. Доля Германіі ў сусветным ВУП складае каля 3 % (па намінале — 5 %), а ў еўрапейскім  — каля чвэрці. ВУП на душу насельніцтва ў 2017 г. складаў 50 100 $.[2] Для эканомікі Германіі пачатку ХХІ стагоддзя характэрная з’ява, што атрымала назву «надіндустрыялізацыі» — доля прамысловасці ў ВУП выключна вялікая ў параўнанні з іншымі развітымі краінамі свету, галоўным чынам за кошт прадукцыі машынабудавання і хімічнай прамысловасці. Больш за 30 % прамысловай прадукцыі экспартуецца (у машынабудаванні — 40 %). Разам з 18 іншымі краінамі-членамі ЕС Германія фарміруе Еўразону. Гаспадарчы комплекс краіны моцна інтэграваны ў еўрапейскую эканоміку.

Пасля аб’яднання ў 1990 г. ФРГ і ГДР Германія стала краінай з найбольшым эканамічным патэнцыялам у Еўропе. Аб’яднанне Германіі, хоць і стварыла праблемы, дало новыя магчымасці для развіцця эканомікі. Мадэль сацыяльнага рынкавай гаспадаркі ўяўляе сабой кампраміс паміж эканамічным ростам і раўнамерным размеркаваннем багацця. Такая асаблівасць эканамічнага развіцця краіны атрымала назву «Рэйнскі капіталізм». Высокі ўзровень сацыяльных гарантый прывёў да таго, што 40 % чыстага прыбытку нямецкіх кампаній ідзе на аплату працы, адлічэнні ў сацыяльныя фонды. Па ўзроўні жыццёвых стандартаў Германія займае адно з першых месцаў у свеце.

Прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Германія мае шырока разгалінаваную і добра збалансаваную прамысловасць, вядучую ролю ў складзе якой адыгрываюць апрацоўчыя вытворчасці. У сувязі з вычарпаннем мінеральна-сыравінных рэсурсаў, а таксама з узмацненнем экалагічных патрабаванняў да прамысловай вытворчасці ў краіне практычна зніклі вуглездабыўная, жалезарудная, медная, уранавая галіны. У выніку ўдзельная вага горназдабыўной прамысловасці скарацілася яшчэ больш. У апошні час усё больш галін прамысловасці ФРГ залежаць ад імпарту першаснай сыравіны, паўфабрыкатаў і паліва, але іх адрознівае высокая прадукцыйнасць працы.

Здабыўная прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

У ХХ ст. Рурскім, Аахенскім і Саарскім басейнах здабываўся каменны вугаль, буры — у раёнах Кёльна, Лейпцыга, Гале і Котбуса. У канцы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў здабыча вугалю была згорнута. 21 снежня 2018 года ў горадзе Батропе была ўрачыста закрыта апошняя каменнавугальная шахта, такім чынам скончылася цэлая эканамічная эпоха.[14]. Здабыча бурага вугалю (каля 180 млн тон у год — гэта першае месца ў свеце з вялікім адрывам) працягвае заставацца важным складнікам энергетыкі Германіі, асабліва на ўсходніх землях, роўна як і аб’ектам нападак эколагаў.[15]

Паўночны паток

Энергетыка краіны працуе на імпартных энерганосьбітах. Нафту да нафтаперапрацоўчых заводаў дастаўляюць па нафтаправодах з Ратэрдама, Марселя, Генуі і праз уласныя марскія парты Расток, Вільгельмсгафен, Брэмергафен, Гамбург. Найбуйнейшыя цэнтры перапрацоўкі нафты — Карлсруэ, Інгальштат, Эмден, Гамбург, Брэмен. Газ краіна атрымлівае транзітам па газаправодах: з Расіі праз краіны Ўсходняй Еўропы (Ямал — Еўропа) і па дне Балтыйскага мора (Паўночны паток, 55 млрд м³)[16]; і з паўночнаморскіх радовішчаў Нарвегіі — праз Нідэрланды. У 2018—2019 будуецца паралельная галінка газаправода Паўночны паток-2, адкрыццё якой павялічыць падводны транзіт да 110 млрд м³.

Электраэнергетыка краіны прадстаўлена усімі асноўнымі тыпамі электрастанцый, сярод якіх пераважаюць цеплавыя на вугалі (40 % электраэнергіі ў 2018). Паколькі 85 % здабытага ў Германіі бурага вугалю выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, цеплавыя электрастанцыі сканцэнтраваны ў раёнах колішняй здабычы бурага вугалю. Цяпер яны паступова пераходзяць на імпартнае паліва. Яшчэ каля 12 % даюць ЦЭС на прыродным газе. Агульнымі намаганнямі ўрада, прамыслоўцаў і эколагаў плануецца дарэшты згарнуць вугальную энергетыку да 2038 года. Замяніць яе закліканы альтэрнатыўныя крыніцы, якія ў ХХІ стагоддзі дэманструюць імклівы скачок. У 2016 годзе на альтэрнатыўную энергетыку прыходзілася амаль 30 % выпрацоўкі спажыванай электраэнергіі (Ветракі — 12,3 %, біямаса — 7,9 %, фотаэлементы сонечных станцый — 5,9 %).[17]

Доля атамных ЭС што ў канцы ХХ ст давалі больш за траціну электраэнергіі, у 2010 зменшылася да 22 %, у 2017 — да 11,63 %[18]. Закрыццё АЭС — балючае для нямецкага ўрада пытанне. У 2002 годзе ўпершыню было вырашана аб закрыцці ўсіх рэактараў да 2022. Фукусімская трагедыя вымусіла канчаткова заняць цвёрдую пазіцыю па гэтым пытанні. Невядома, ці будуць закрыты да 2022 ўсе АЭС, але ўрад Меркель настроены рашуча.

Машынабудаванне

[правіць | правіць зыходнік]

У прамысловасці вядучую ролю гуляе машынабудаванне. Траціну прамысловай прадукцыі дае аўтамабілебудаванне. На працягу 2010-х Германія займае трывалае 4-е месца ў свеце па колькасці выпушчаных аўтамабіляў (у 2017 — 5,7 млн).[19]. Канцэрны «Даймлер», БМВ, «Фольксваген», МАН маюць заводы не толькі на радзіме, але і па ўсім свеце. Найбуйнейшы аўтагігант — Volkswagen Group — у 2016 заняў другі радок у спісе аўтамабілебудаўнічых кампаній (10,1 млн адзінак), амаль што пацясніўшы японскую Таёту. Даймлер і БМВ размясціліся на 13 і 14 радках з прыблізна 2,5 млн аўто.[20]. Такім чынам, нямецкія кампаніі даюць 20 % сусветнай вытворчасці аўтамабіляў. Традыцыйна развітая авіяцыйная прамысловасць, якая ў другой палове ХХ ст. трансфармавалася ў аэракасмічную. Галоўныя цэнтры — Мюнхен і Гамбург.

Лайнер Silhouette, Папенбург

У канцы ХХ стагоддзя Германія займала адно з вядучых месцаў у свеце па будаўніцтве марскіх суднаў (1-е  — У Еўропе і 3-е — у свеце). Сёння на рынку грузавых суднаў немцаў моцна пацяснілі кітайскія і карэйскія карабелы. Прадпрыемствы ў Брэмене і Папенбурзе выпускаюць круізныя лайнеры і люксавыя яхты.[21] Ва ўсім свеце шырокай папулярнасцю карыстаецца нямецкая электратэхнічная прамысловасць («Сіменс», «Бош»).

Хімічная прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Па аб’ёмах хімічнай вытворчасці Германія саступае толькі ЗША і Кітаю (канцэрны «Велла» (Wella AG), «Хенкель», «Баер» і інш.) Вялікае значэнне мае выпуск сінтэтычных і штучных матэрыялаў і валокнаў. Доўгі час хімічная прамысловасць развівалася на аснове вугальнай сыравіны, таму вытворчасць азотных угнаенняў, выбуховых рэчываў, сінтэтычных смол, каўчуку, пластмас размешчана ў раёнах яго былой здабычы. Развіццё нафтахіміі абумовіла зрух вытворчасці да мора.

Лёгкая і харчовая прамысловасць

[правіць | правіць зыходнік]

Развітыя лёгкая (у т.л. тэкстыльная) і харчовая прамысловасць. На ўвесь свет вядомыя маркі спартыўнай вопраткі і абутку «Адыдас» (8 прадпрыемстваў і 25 даччыных фірмаў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Паўночнай Афрыцы) і «Пума» (даччыныя фірмы ў ЗША, Францыі, Швейцарыі, Іспаніі). Дзясяткі гатункаў піва экспартуюцца ў іншыя краіны Еўропы. Па аб’ёмах піваварнай вытворчасці, экспарту і спажывання яе прадукцыі Германія займае першае месца ў Еўропе, а ў свеце саступае толькі ЗША.

Сельская гаспадарка

[правіць | правіць зыходнік]

У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 35 % зямель і вырабляецца каля 1 % ВУП краіны. Пасля аб’яднання дзвюх Германій краіна стала найбуйнейшым сельскагаспадарчым вытворцам Еўропы, аднак высокаінтэнсіўная сельская гаспадарка пакрывае патрэбы насельніцтва і прамысловасці не больш чым на 80 %. Германія з’яўляецца найбуйнейшым у свеце імпарцёрам сельгаспрадукцыі —  мяса, харчовага і кармавога збожжа, алею, гародніны і садавіны.

Больш за 3/4 кошту сельгаспрадукцыі дае жывёлагадоўля: развядзенне малочнай буйной рагатай жывёлы і свінагадоўля, на базе якіх адбываецца вытворчасць цвёрдых сыроў, масла і мясапрадуктаў. Па пагалоўі свіней краіна лідзіруе ў Еўропе. Раслінаводства адыгрывае другарадную ролю і спецыялізуецца пераважна на вытворчасці кармоў: кармавых карняплодаў, кукурузы на зялёны корм і сілас, кармавых траў.

Важнай прадукцыяй раслінаводства з’яўляюцца збожжавыя: пшаніца, жыта, авёс. Германію адрознівае высокая ўраджайнасць пшаніцы — да 70 ц/га. Спецыяльныя гатункі ячменю вырошчваюць для вытворчасці піва. Сярод іншых напрамкаў вылучаецца вытворчасць цукровых буракоў. Баварыя — найбуйнейшы ў свеце раѐн хмеляводства. Ва Усходняй Германіі вялікія плошчы адведзены пад бульбу. З алейных культур вырошчваюць рапс, пасевы якога значна перавышаюць пасевы сланечніка. Вінаградарства і вінаробства лепш за ўсё развіваюцца ў далінах рэк Рэйн і Мозель (знакамітыя рэйнскія і мозельскія віны).

Нямецкі аўтабан. На заднім плане — ветравая ферма

Густая і добра арганізаваная транспартная сетка забяспечвае высокае развіццё эканомікі ФРГ. Цэнтральнае становішча ў Еўропе, інтэнсіўнасць гаспадарчых сувязей з суседнімі краінамі абумовілі вялікую долю трансгранічных перавозак. Самы важны від траспарту — аўтамабільны. Асфальтаваныя шашэйныя дарогі краіны маюць працягласць 644.480 км. (2010) Германія займае адно з першых месцаў па шчыльнасці высакаякасных аўтамабільных дарог (аўтабанаў), якімі перасоўваецца больш за 42 млн аўтамабіляў. Па працягласці чыгунак Германія сёмая ў свеце (каля 33 500 км, з іх амаль 20 000 — электрыфікаваныя).[2] Па гушчыні чыгуначнай сеткі Германія значна пераўзыходзіць усе краіны большага за сябе памеру.

Франкфурцкі аэрпорт — найбуйнейшы паветраны хаб Еўропы

Найбуйнейшыя парты і тэрміналы пабудаваны і эксплуатуюцца ў Брэмене, Дуйсбургу, Брэмергафене, Гамбургу, Карлсруэ, Любеку, Растоку, Вільгельмсгафене. Важную ролю як суднаходныя шляхі гуляюць рэкі і сістэма каналаў. Працуе 550 аэрапортаў з асфальтаванымі ўзлётна-пасадкавымі палосамі, найбуйнейшыя з іх — у Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гановеры, Гамбургу і інш. Трубаправодны транспарт агульнай працягласцю 48 тыс. км транспартуе кандэнсат, газ, нафту, нафтапрадукты.

Шырокае развіццё атрымалі гарадскі транспарт і сувязь. Менавіта ў Германіі ў 1881 г. адкрылі першую ў свеце трамвайную лінію (Siemenns), а ў 1931 г. ажыццявілі першую тэлевізійную трансляцыю.

Важнае месца ў эканоміцы займае міжнародны турызм. Найбольшую папулярнасць атрымалі такія курортныя гарады як Бадэн-Бадэн (асноўны цэнтр турызму ў гарах Шварцвальд), Вісбадэн, Байрот, Ахен. Вялікая колькасць музеяў, помнікаў прыроды; гісторыя і архітэктура старадаўніх нямецкіх гарадоў прыцягвае ў Германію турыстаў з усяго свету, ды і самі немцы вельмі любяць падарожнічаць.

Знешні гандаль

[правіць | правіць зыходнік]

Германія займае 3-е месца ў свеце пасля ЗША і Кітая па аб’ѐме знешняга гандлю. Яе доля ў сусветным экспарце тавараў складае 10 %. Экспарт значна перавышае імпарт. У яго структуры дамінуе прадукцыя машынабудавання і хімічнай прамысловасці, але таксама шырока прадстаўлена прадукцыя іншай апрацоўчай вытворчасці. У імпарце вялікая ўдзельная вага нафты і газу, металургічнай сыравіны, прадуктаў харчавання; прысутнічае і гатовая прадукцыя.

Для Беларусі Германія ўваходзіць у лік асноўных гандлёвых партнёраў. Імпарт з ФРГ носіць ярка выражаны інвестыцыйны характар, Германія — партнёр нумар адзін для Беларусі па пастаўках высокатэхналагічнага абсталявання.

Узброеныя сілы

[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкія ўзброеныя сілы вядомы як Бундэсвер. Пасля паражэння ў Другой сусветнай вайне ФРГ прышлося моцна скараціць узброеныя сілы. У 1955 годзе Заходняя Германія ўвайшла ў склад ваеннага блока НАТА, усходняя далучылася да Варшаўскага дагавору. Сённяшняя Германія — адна з самых актыўных краін НАТА, якая забяспечвае ваенна-палітычны альянс падчас усіх міратворчых аперацый (Афганістан, Сербія, Македонія, Косава, Самалі і так далей) значнай доляй асабістага складу. Нямецкія войскі таксама ўваходзілі ў склад шматнацыянальных сіл ААН у Цэнтральнай і Заходняй Афрыцы. З 2000 года замежныя аперацыі бундэсвера штогод абыходзяцца бюджэту краіны прыкладна ў 1,5 млрд еўра.

10 лістапада 2004 міністр абароны Германіі Петэр Штрук апублікаваў планы рэфармавання ўзброеных сіл, паводле якіх колькасць вайскоўцаў і грамадзянскіх асоб, занятых у абслугоўванні частак бундэсвера, скароціцца на траціну (будуць звольненыя 35 тыс. вайскоўцаў і 49 тыс. грамадзянскіх асоб), а 105 пастаянных ваенных гарнізонаў на тэрыторыі Германіі будуць распушчаны. Разам з скарачэннем будуць праведзены рэформы сістэмы камплектавання арміі і асноўных прынцыпаў яе прымянення. З 1 ліпеня 2011 абавязковы воінскі прызыў у войска Германіі спынены. Такім чынам, бундэсвер перайшоў да цалкам прафесійнай арміі.

Рэформа прынцыпаў прымянення арміі азначае скарачэнне апорных пунктаў бундэсвера ў агульнай складанасці з 600 да 400. У першую чаргу гэта закране базы сухапутных сіл на тэрыторыі краіны. Міністэрства абароны не бачыць сэнсу ў тым, каб трымаць у межах Германіі цяжка ўзброеныя часткі. Паколькі раёнам магчымых аперацый бундэсвера цяпер лічыцца ўвесь свет, то прынята рашэнне, што больш правільна будзе утрымліваць ваенныя базы за межамі Германіі, на тэрыторыі краін НАТА Усходняй Еўропы, куды неўзабаве будуць перадыслакаваныя галоўныя ударныя групоўкі НАТА.

Пры гэтым змяняецца тэрміналогія — тут мяркуецца размясціць не «ваенныя базы», а «апорныя пункты хуткага разгортвання» і «зоны супрацоўніцтва ў галіне бяспекі», гэта значыць плацдармы, якія стануць асновай для «хуткага разгортвання ўзброеных сіл супраць тэрарыстаў і варожых дзяржаў».

  1. а б https://www.destatis.de/EN/PressServices/Press/pr/2019/01/PE19_029_12411.html
  2. а б в г д https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/gm.html Архівавана 30 мая 2015.
  3. http://hdr.undp.org/sites/default/files/2018_human_development_statistical_update.pdf
  4. Некрашэвіч, С., Байкоў, М. Руска-беларускі слоўнік / Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; [рэд. В. Булгакаў; прадм. С. Запрудскага]. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 703 с. — С. 184. — ISBN 978-5-00076-013-0. Выданне распрацавана пад грыфам слоўнікавай камісіі гуманітарнай секцыі Інстытута беларускай культуры
  5. ХДС/ХСС і СДПГ зноў стварылі «Вялікую кааліцыю»
  6. а б Аляксандр Ціхаміраў. Беларусь можа ўвайсці ў Еўропу праз нямецкія вароты Архівавана 22 ліпеня 2011.// Пагоня. 26 лютага 2009
  7. Двухбаковыя адносіны на сайце Федэральнага міністэрства замежных спраў ФРГ (англ.)
  8. https://www.un.org/en/development/desa/population/migration/data/estimates2/estimates15.asp
  9. https://www.destatis.de/DE/Publikationen/Thematisch/Bevoelkerung/MigrationIntegration/Migrationshintergrund2010220167004.pdf?__blob=publicationFile
  10. Statistisches Bundesamt: Regionalatlas (online)
  11. https://web.archive.org/web/20130421151141/http://www.bmi.bund.de/SharedDocs/Downloads/EN/Broschueren/2010/nat_minderheiten.pdf?__blob=publicationFile
  12. Ausländische Bevölkerung nach Geschlecht und ausgewählten Staatsangehörigkeiten, Statistisches Bundesamt, abgerufen am 30. Juni 2017.
  13. http://www.deutsche-metropolregionen.org/fileadmin/ikm/01_monitoring/IKM_Monitoring2010.pdf Архівавана 12 ліпеня 2012.
  14. https://www.dw.com/ru/%D0%BA%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D1%86-%D0%B4%D0%BE%D0%B1%D1%8B%D1%87%D0%B8-%D0%BA%D0%B0%D0%BC%D0%B5%D0%BD%D0%BD%D0%BE%D0%B3%D0%BE-%D1%83%D0%B3%D0%BB%D1%8F-%D0%B2-%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D0%B8-%D0%B2%D1%8B%D0%B2%D0%BE%D0%B4%D1%8B-%D0%B4%D0%BB%D1%8F-%D1%80%D0%BE%D1%81%D1%81%D0%B8%D0%B8/a-46813347
  15. https://www.dw.com/ru/%D0%B2-%D0%B3%D0%B5%D1%80%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B8%D0%B8-%D0%B7%D0%B0%D0%BA%D0%B0%D0%BD%D1%87%D0%B8%D0%B2%D0%B0%D0%B5%D1%82%D1%81%D1%8F-%D1%8D%D0%BF%D0%BE%D1%85%D0%B0-%D0%B4%D0%BE%D0%B1%D1%8B%D1%87%D0%B8-%D0%B1%D1%83%D1%80%D0%BE%D0%B3%D0%BE-%D1%83%D0%B3%D0%BB%D1%8F/g-47231796
  16. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2018. Праверана 13 сакавіка 2019.
  17. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2019. Праверана 12 сакавіка 2019.
  18. %.https://pris.iaea.org/PRIS/CountryStatistics/CountryDetails.aspx?current=DE.
  19. http://www.oica.net/category/production-statistics/
  20. http://www.oica.net/wp-content/uploads/World-Ranking-of-Manufacturers.pdf
  21. https://www.deutschland.de/ru/topic/ekonomika/torgovye-marki-i-rynki/sudostroenie-v-germanii
  • Беларуска-нямецкае грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучаснасць, перспектывы. / Міжнар. асац. беларусістаў, Нац. навук.-асвет. цэнтр імя Ф. Скарыны; Рэдкал.: А. Мальдзіс (адк. рэд.) і інш. — Мінск: Цэнтр імя Ф. Скарыны, 1996. — 172 с.