Вікіпедыя:Ігнаруйце ўсе правілы
Старонка ёсць часткай правіл Вікіпедыі. Пададзеных тут норм мусяць трымацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваннем правіл упэўніцеся, што на змены ёсць кансэнсус (згода) супольнасці. Калі ёсць сумневы, спачатку абмяркуйце змены на старонцы размоў. |
Сцісла: Правілы Вікіпедыі маюць другаснае значэнне ў параўнанні з яе мэтамі. Таму, калі якоесьці правіла замінае вам паляпшаць Вікіпедыю або падтрымліваць яе функцыянаванне, ігнаруйце яго. Калі правілы ў той або іншай сітуацыі супярэчаць, з вашага пункту гледжання, здароваму сэнсу, альбо вы не ведаеце або не зразумелі тое ці іншае правіла, то кіравацца варта здаровым розумам і асноўнымі прынцыпамі і мэтамі праекта. |
Правілы Вікіпедыі маюць другаснае значэнне ў параўнанні з яе мэтамі. Таму калі пэўнае правіла замінае вам паляпшаць Вікіпедыю або падтрымліваць яе функцыянаванне, ігнаруйце яго[1][2].
Калі вы хочаце працаваць у Вікіпедыі, вы не мусіце папярэдне прачытаць якіясьці правілы. Калі вы робіце тое, што лічыце слушным, вы, хутчэй за ўсё, не памыліцеся, ну, а калі і памыліцеся, то не страшна — мы ўсе робім памылкі. Што б вы ні зрабілі, гэта лёгка выправіць: папярэднія версіі старонкі застаюцца ў гісторыі старонкі і іх можна аднавіць. Калі хтосьці не пагодзіцца з вашымі рэдагаваннямі, ён скажа вам пра гэта, і вы зможаце гэта абмеркаваць. Так што не хвалюйцеся, праўце смела і дапамагайце паляпшаць гэту свабодную энцыклапедыю.
Нягледзячы на сваю назву, правіла «Ігнаруйце ўсе правілы» не супярэчыць іншым правілам. Яно тут дзеля таго, каб мы не забывалі пра сваю галоўную мэту — стварэнне энцыклапедыі. У параўнанні з гэтай мэтай, правілы не значаць нічога. Добра, калі яны спрыяюць дасягненню гэтай мэты. Калі яны перашкаджаюць, то іх трэба выправіць.
Што значыць «Ігнаруйце ўсе правілы»?
[правіць зыходнік]- Вы не мусіце знаёміцца з правіламі, калі збіраецеся зрабіць штосьці ў Вікіпедыі;
- Не трэба бяздумна прытрымлівацца пісьмовых інструкцый — звяртаць увагу варта толькі на тое, ці стала энцыклапедыя лепей па тым, як вы зрабілі тое або іншае рэдагаванне;
- Сіла правіла не ў тым, што яно называецца «правілам» або «рэкамендацыяй», а ў тым, што яно адлюстроўвае меркаванні і метады працы мноства ўдзельнікаў (гл. таксама Вікіпедыя:Кансэнсус);
- Большасць правіл з’яўляюцца ўрэшце апісальнымі, а не прадпісальнымі; яны з’яўляюцца апісаннем практыкі, якая існавала на момант іх складання. Часам яны адстаюць ад рэчаіснасці (гл. таксама Вікіпедыя:Прадукт, працэс, правіла);
- Юрыдычнае чаплянне да хібаў у правілах тут не вітаецца. Вікі-тэхналогіі не ўтрымліваюць у сабе якіхсьці тэхнічных асаблівасцей або шчылін, якімі можна было б паспрабаваць скарыстацца. Вікіпедыя — не эксперымент у заканатворчасці, не месца для авалодання майстэрствам вядзення судовых працэсаў або мастацтва пераконваць партнёраў у неабходнасці змяняць правілы гульні дзеля атрымання ў ёй перавагі;
- Дух правіла важнейшы, чым яго літара. Агульная мэта — стварэнне энцыклапедыі — важнейшая і за тое, і за іншае. Калі дзеля дасягнення агульнай мэты больш карысна праігнараваць нейкае правіла, значыць, магчыма, так і трэба зрабіць;
- Выкананне правіл не настолькі важна, як імкненне кіравацца здаровым сэнсам і паважлівае стаўленне да тых, хто не пагаджаецца з вамі. (гл. таксама Вікіпедыя:Этычныя паводзіны);
- Правілы Вікіпедыі — не цэласная сістэма законаў, яны не могуць ахапіць усе прыватныя выпадкі, і існуе магчымасць узнікнення сітуацый, калі нейкую праблему варта развязваць іначай, чым гэта вынікае з літары правіл. У гэтым выпадку трэба аддаць перавагу кансэнсусу і здароваму сэнсу.
- Калі правілы ў той або іншай сітуацыі супярэчаць, з вашага пункту гледжання, здароваму сэнсу альбо вы не ведаеце або не зразумелі тое ці іншае правіла, то кіравацца варта здаровым сэнсам і асноўнымі прынцыпамі і мэтамі праекта.
Што пры гэтым варта мець на ўвазе
[правіць зыходнік]- Гэтае правіла не сведчыць пра тое, што ўсякае дзеянне з’яўляецца апраўданым. Гэтае правіла нельга разглядаць як карт-бланш. Удзельнікі, якія ігнаруюць правілы, пры патрэбе мусяць растлумачыць, якім чынам іх дзеянні спрыяюць паляпшэнню энцыклапедыі. Фактычна, такое пытанне могуць у пэўны момант задаць кожнаму. Калі адбыўся канфлікт, то дзеянні, якія сапраўды спрыяюць паляпшэнню энцыклапедыі, вызначаюцца на аснове кансэнсусу;
- Гэтае правіла не з’яўляецца перашкодай для таго, каб паказваць іншым на ўчыненыя імі парушэнні правіл, — пры гэтым, аднак, вы мусіце разумець, што «парушальнік», магчыма, сапраўды меў рацыю (гл. таксама Вікіпедыя:Зыходзьце з сумленнасці ўдзельнікаў);
- На гэтае правіла нельга спасылацца, калі вас спытаюць, чаму вы парушылі тое ці іншае правіла. Большасць правіл грунтуюцца на значным практычным досведзе і маюць пад сабой даволі сур’ёзныя падставы; у вас мусяць быць сур’ёзныя прычыны для таго, каб іх ігнараваць;
- Гэтае правіла не вызваляе вас ад адказнасці. Вы па-ранейшаму адказваеце за наступствы вашых дзеянняў для энцыклапедыі і іншых удзельнікаў, калі гэтыя наступствы можна было прадбачыць;
- Гэтае правіла не з’яўляецца падставай да таго, каб выкарыстоўваць Вікіпедыю для мэт, якія супярэчаць мэтам стварэння свабоднай энцыклапедыі (гл. таксама Вікіпедыя:Чым не з’яўляецца Вікіпедыя);
- Гэтае правіла не значыць, што абсалютна для кожнага правіла можа існаваць вынятак. Так, напрыклад, відавочныя парушэнні аўтарскага права ніяк не могуць спрыяць паляпшэнню свабоднай энцыклапедыі (хоць абмежаванае выкарыстанне матэрыялаў, на якія пашыраецца аўтарскае права, можа быць прымальным).
Гл. таксама
[правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць зыходнік]- ↑ «IAR is policy, always has been» (англ.) («ІУП — гэта правіла, і заўсёды было такім» — кароткае тлумачэнне змен, якое Джымі Вэйлз пакінуў 19 жніўня 2006 г.)
- ↑ «If rules make you nervous and depressed…» (англ.) (арыгінал старонкі, створанай Лары Сэнгерам)