Міграцыйны крызіс у Літве (2021)

Міграцыйны крызіс у Літве (літ.: Migrantų krizė Lietuvoje[1][2]) паўстаў вясной 2021 года пасля рэзкага павелічэння наплыву нелегальных мігрантаў з краін «трэцяга свету». Літоўскія ўлады абвінавачваюць суседнюю Беларусь у арганізацыі патоку бежанцаў, у той час як афіцыйны Мінск адмаўляе сваё дачыненне, звязваючы падзеі з пандэміяй COVID-19 і абвастрэннем эканамічных праблем у краінах у стадыі развіцця[3].

Перадгісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

У 2015 годзе ў Еўропе пачаўся найцяжэйшы міграцыйны крызіс. Асноўны паток ішоў з Сірыі і Афганістана, значную долю склалі выхадцы з Ірака і Лівіі. Прыкладна 25% прыбылі з афрыканскага кантынента[4]. Раней у краінах Блізкага Усходу і Афрыкі ўспыхнуў шэраг буйных ваенных канфліктаў, якія суправаджаліся цяжкай эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыяй. Некалькі мільёнаў чалавек вымушаны былі бегчы за мяжу. Асноўны ўдар прынялі на сябе Заходняя, Цэнтральная і Паўночная Еўропа. Прыток бежанцаў у Прыбалтыку быў мінімальны[5][6].

Шмат у чым нелегалаў стрымлівалі беларускія пагранічнікі, якія затрымлівалі парушальнікаў яшчэ на сваёй тэрыторыі[7].

9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Паводле папярэдніх звестак ЦВК рэспублікі, перамогу на іх атрымаў дзеючы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка з вынікам 80,08% галасоў. Святлана Ціханоўская, якая была яго асноўным канкурэнтам, набрала 10,09% галасоў. Апазіцыя абвясціла вынікі сфальсіфікаванымі. У Мінску і іншых гарадах краіны пачаліся масавыя акцыі пратэсту[8]. Святлана Ціханоўская пакінула Беларусь, знайшоўшы прытулак у суседняй Літве. Краіны Еўрапейскага Саюза, у тым ліку Літоўская Рэспубліка, падтрымалі беларускую апазіцыю, што пагоршыла іх адносіны з Мінскам.

Паток нелегалаў

[правіць | правіць зыходнік]

Вясной 2021 года, на фоне пагаршэння адносін з Беларуссю, Літва заявіла пра рост патоку нелегальных мігрантаў, якія пранікаюць у краіну праз беларуска-літоўскую мяжу[3].

Паводле даных Службы дзяржаўнай аховы мяжы Літвы, колькасць схопленых нелегалаў са студзеня па ліпень 2021 года перавысіла адзнаку ў 1,5 тысячы. Крыху пазней была названая лічба 2,2 тысяч нелегальных мігрантаў[9]. Для параўнання, у 2020 годзе ў краіну здолелі пратачыцца толькі 74 замежніка, у 2019 годзе — 36. Найбольшая эскалацыя адбылася пасля таго, як у канцы чэрвеня Беларусь замарозіла пагадненне з ЕС аб рэадмісіі нелегальных мігрантаў. Неўзабаве штодня па некалькі дзясяткаў чалавек незаконна пачалі пераходзіць літоўскую мяжу[10]. У сувязі з нарастаючым міграцыйным крызісам літоўскія ўлады абвясцілі надзвычайную сітуацыю дзяржаўнага ўзроўню[9].

У ліпені прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа падпісаў праект паправак у заканадаўства, які абмяжоўвае ў правах нелегальных мігрантаў. Так, змены прадугледжваюць забарону бежанцам пакідаць лагеры размяшчэння, а таксама дазваляюць паліцыі арыштоўваць нелегалаў на тэрмін да 6 месяцаў. У сваю чаргу, дадзенае рашэнне выклікала спрэчкі ў палітычнай сферы і грамадстве Літвы. Шэраг дэпутатаў выказаўся супраць дадзеных паправак, бо яны парушаюць не толькі правы чалавека, але і некаторыя прынцыпы Канстытуцыі краіны[9].

Адначасова літоўскія сілавікі пачалі ўстаноўку спіральных загарод з калючага дроту. На 27 ліпеня працягласць загароды склала пяць кіламетраў, чакалася закупка яшчэ 20 км дроту. Аднак падобныя мерапрыемствы практычна не паўплывалі на паток мігрантаў. Да гэтага моманту ў Літву незаконна перабраліся 2 730 чалавек[11]. На 28 ліпеня колькасць нелегалаў склала 2839, большасць з іх — грамадзяне Ірака[12].

1 жніўня былі затрыманыя 289 мігрантаў, якія незаконна перасяклі беларуска-літоўскую мяжу. Большасць з іх назваліся грамадзянамі Ірака. Начальнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДГ) Рустамас Любаевас таксама заявіў, што ў ноч з 1 на 2 жніўня сілавікам удалося злавіць яшчэ 109 чалавек. Прадстаўнік САДГ Гедрус Мішуціс адзначыў, што калі раней нелегалы звычайна перасякалі мяжу ноччу і пазбягалі ўчасткаў, аснашчаных відэаназіраннем, то зараз яны пераходзяць яе нават пад камерамі і ў любы час сутак[13].

Агульная колькасць мігрантаў на пачатак месяца перавысіла 4 тысячы[14].

У ноч на 3 жніўня літоўскія сілавікі, выконваючы даручэнне міністра ўнутраных спраў Агне Білатайтэ, пачалі масава вяртаць бежанцаў на беларускую тэрыторыю. За ноч памежнікі развярнулі некалькі груп нелегалаў[15]. Яна дазволіла супрацоўнікам памежнай службы ўжываць сілу ў дачыненні да нелегальных мігрантаў. Білатайтэ ўдакладніла, што ўвядзенне новых паўнамоцтваў дапаможа памежнікам больш эфектыўна прадухіляць парушэнні з боку бежанцаў, у тым ліку скрыжаванне межаў па-за спецыяльных пунктаў і памежнага кантролю[16]. Падобная ініцыятыва дала станоўчы вынік: за суткі ў краіну пранікла толькі 35 чалавек[17].

Беларускі транзіт

[правіць | правіць зыходнік]

Усе бежанцы папярэдне спыняліся ў Мінску, куды прыбывалі рэгулярнымі рэйсамі з Стамбула ці Багдада[18]. Рэгулярныя авіярэйсы з Багдаду ідуць 5 разоў на тыдзень. Крыху пазней з’явіўся штотыднёвы рэйс з Сулейманіі ў Мінск. З 5 жніўня запушчаныя палёты з Басры, а з 7 жніўня планавалася і з Эрбіля. Паколькі ўсе квіткі ў сталіцу Беларусі маментальна раскупляюцца, пайшлі чартарныя рэйсы з Ірака на Мінск. З Турцыі ажыццяўляецца 8 рэгулярных авіярэйсаў у тыдзень. У выніку самалёты авіякампаніі «Белавія», якія трапілі пад санкцыі заходніх краін, атрымалі загрузку[19].

У Іраку пад выглядам турыстаў да «Белавія» на борт садзяцца бежанцы, у асноўным мужчыны ва ўзросце да 35 гадоў. Турыстычныя фірмы, з якімі працуе Мінск, акрамя авіябілетаў, візы і турпакета плацяць за кожнага чалавека заклад у 1500—3000 еўра. Робіцца гэта на той выпадак, калі грамадзянін не пакіне ва ўстаноўлены тэрмін тэрыторыю Беларусі і пяройдзе ў разрад нелегальных імігрантаў. Такім чынам аплачваюцца выдаткі Рэспублікі Беларусь на яго злоў і дэпартацыю на радзіму[19].

7 жніўня было паведамлена, што Ірак на нявызначаны час спыняе ўсе пасажырскія авіязносіны з Мінскам — з Багдада ў Беларусь будуць лётаць толькі пустыя самалёты, на якіх грамадзяне краіны змогуць вярнуцца на радзіму[20].

У жніўні нелегальныя мігранты сталі сталі распрацоўваць новы маршрут — перасякаць мяжу Беларусі з Латвіяй (за чатыры дні за незаконнае перасячэнне латвійска-беларускай мяжы затрыманы 218 чалавек, гэта ў сем разоў больш колькасці затрыманых парушальнікаў Усходняга ўчастка за ўвесь мінулы год); у сувязі з абвастрэннем абстаноўкі на латвійска-беларускай мяжы ў Латвіі ўведзены рэжым надзвычайнай сітуацыі ў памежных Краслаўскім і Аўгшдаўгаўскім краях. Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі прыняло рашэнне накіраваць у Даўгаўпілс спецназ Відземскай роты, які базуецца ў Смілтэне[21].

Напачатку 2022 года ўрад Літвы прыняў рашэнне не працягваць надзвычайнае становішча ўздоўж мяжы з Беларуссю. Таксама рэжым надзвычайнага становішча адмяняецца ў лагерах, дзе знаходзяцца мігранты[22].

21 чэрвеня ў Цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе ўзніклі беспарадкі. На той момант на тэрыторыі цэнтра і намётавага мястэчка, спешна пабудаванага з-за павелічэння колькасці мігрантаў, знаходзілася каля 200 замежнікаў, у асноўным грамадзян Ірака. Увечары група просьбітаў прытулку, якія жывуць у намётавым гарадку, пачала выказваць незадаволенасць сваім прававым статусам ў Літве і абмежаваннямі, накладзенымі на іх судом. Некалькі дзясяткаў замежнікаў сталі паводзіць сябе агрэсіўна, шумець, спрабавалі выйсці з тэрыторыі цэнтра рэгістрацыі і не падпарадкоўваліся патрабаванням памежнікаў[23].

Каб прадухіліць магчымыя беспарадкі, памежнікі ўжылі слёзатачывы газ і зрабілі два стрэлы ў паветра з помпавага пісталета гумовымі кулямі. У цэнтр прыбылі служачыя спецыяльна падрыхтаванай да такіх інцыдэнтаў групы спецыяльнага прызначэння VSAT, праваахоўнікі з бліжэйшых застаў, паліцэйскія і Служба грамадскай бяспекі. Неўзабаве замежнікі вярнуліся ў палаткі, сітуацыя нармалізавалася. Медыцынская дапамога нікому не спатрэбілася[23].

26 ліпеня жыхары вёскі Руднінкай выйшлі пратэставаць супраць будаўніцтва лагера для нелегалаў. Як заявіла міністр унутраных спраў Літвы Агне Білатайтэ, на суседнім з населеным пунктам вайсковым палігоне планавалася стварэння лагера для 1,5 тысячы мігрантаў. Аднак пратэстоўцы перакрылі сваімі аўтамабілямі дарогу, якая вяла да намётавага мястэчка, што прыпыніла працы па яго ўзвядзенні. Мясцовыя журналісты паведамлялі, што ў акцыі прынялі ўдзел каля 500 чалавек. Пратэсты ўспыхнулі і ў горадзе Дзевенішкес. Тут улады таксама планавалі размясціць нелегалаў, дзе для гэтага хацелі прыстасаваць адну з непрацуючых школ[24].

У канцы ліпеня ўспыхнуў канфлікт у вёсцы Верабеяй, у якой знаходзілася каля 160 чалавек. Ініцыятары пратэсту абвясцілі галадоўку, забараніўшы есці нават дзецям. Да гэтага сутычкі ўзнікалі ў пункце Кабеляй і ў горадзе Друскінінкай — сумарна ў бойках з паліцэйскімі, якія ахоўваюць месцы размяшчэння нелегалаў, удзельнічалі больш за 100 чалавек. 2 жніўня ў пункце размяшчэння нелегалаў каля вёскі Руднінкай, дзе змяшчалася каля 380 чалавек, пачаліся пратэсты, якія былі падушаныя паліцыяй з дапамогай слёзатачывага газу і вадамётаў[25].

Літоўскі бок 9 лістапада паведаміў, што ўначы больш за 500 мігрантаў з групы на польскай граніцы былі перакінутыя на беларуска-літоўскую граніцу каля Гродна. Літоўскі Кабінет міністраў узгадніў увядзенне ў памежных з Беларуссю раёнах рэжыму надзвычайнага становішча з 10 лістапада на 1 месяц[26]. Неўзабаве Сейм зацвердзіў гэтае рашэнне[27].

Абвінавачванні

[правіць | правіць зыходнік]

На адрас Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

У сярэдзіне чэрвеня літоўскі бок абвінаваціў кіраўніцтва суседняй краіны і Аляксандра Лукашэнкі ў арганізацыі нападаў на свае межы. Вільня мяркуе, што афіцыйны Мінск мэтанакіравана выкарыстоўвае замежнікаў як «гібрыдную зброю» супраць ЕС у якасці помсты за эканамічныя санкцыі з-за інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair і падаўленне пратэстаў у жніўні 2020 года[18]. Кіраўнік камітэта бяспекі і абароны Сейма Літвы Лаўрынас Касчунас абвінаваціў беларускія ўлады ў арганізацыі беспарадкаў у цэнтры рэгістрацыі замежнікаў у Пабрадзе беспарадкаў[23].

Пазіцыю Літвы падтрымалі і ў астатнім Еўрасаюзе. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль абвінаваціў Мінск у накіроўванні міграцыйнага патоку. Ён падкрэсліў, што, з іх пункта гледжання, «ператварэнне мігрантаў у інструменты палітыкі цалкам непрымальна, гэта парушае еўрапейскія каштоўнасці і прынцыпы». Міністэрства замежных спраў Беларусі назвала абвінавачанні бяздоказнымі. Як заявіў прэс-сакратар Анатоль Глаз у каментарыі ТАСС, «гэта супярэчыць рэчаіснасці. Мы ўважліва чытаем усе падобныя заявы і ніяк не можам знайсці ў іх ні сапраўднае жаданне вырашаць праблему, ні логіку ці здаровы сэнс. Толькі шаблонныя бяздоказныя абвінавачанні і пагрозы»[28].

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што з-за санкцый Захаду больш не будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны ЕС. Беларускі лідар прапанаваў пакласці «факты на стол», якія пацвердзілі б дачыненне Беларусі. Лукашэнка таксама рэкамендаваў суседзям «пачынаць з сябе» і пашукаць у самой Літве злачынныя групоўкі, якія зарабляюць на арганізацыі нелегальнай міграцыі[28]. Тым не менш Беларусь на нейкі час павялічыла колькасць авіярэйсаў з Ірака[7]. Адначасова ў Інтэрнэце з’явіўся відэаролік, дзе беларускія пагранічнікі суправаджалі мігрантаў да літоўскай мяжы[14].

18 жніўня Дзяржаўная памежная служба Літвы апублікавала відэа, на якім 12 беларускіх афіцэраў у спецадзенні незаконна перасеклі літоўскую тэрыторыю, штурхаючы групу мігрантаў[29][30][31]. 20 жніўня Канцлер Германіі Ангела Меркель рэзка асудзіла прымяненне ўладамі Беларусі «ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія церпяць бедства»[32].

9 верасня польская памежная служба апублікавала відэа з беларускімі вайсковымі машынамі, якія перавозяць мігрантаў і інструктуюць іх на беларускім баку мяжы[33].

7 лістапада беларускія памежнікі паведамілі аб мёртвым мігранце са Шры-Ланкі, знойдзеным недалёка ад літоўскай мяжы[34].

На адрас Літвы

[правіць | правіць зыходнік]

Як паведамляла БелТА, заўважаны выпадкі жорсткага абыходжання з мігрантамі з боку супрацоўнікаў літоўскай памежнай службы. У прыватнасці, Беларусь папракнула Літву ў тым, што яе памежнікі не даюць мігрантам ежу, ваду, збіваюць іх дубінкамі, а таксама адкрываюць па-над іх галоў агонь, каб выгнаць нелегалаў назад на беларускую тэрыторыю[9].

У пачатку жніўня афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Беларусі заявіў, што на тэрыторыі Літвы збіваюць мігрантаў, у тым ліку траўмы ёсць у жанчын і дзяцей. Паводле заявы ведамства, літоўскія памежнікі таксама сілай выдвараюць мігрантаў на беларускую тэрыторыю. Дзяржпамежкамітэт абвінаваціў Вільнюс у тым, што такія дзеянні парушаюць правы чалавека. Ён падкрэсліў, што крокі, прынятыя Літвой, падлягаюць расследаванню з боку міжнародных органаў[35].

Раней паведамлялася, што літоўскія памежнікі не пусцілі каля 180 нелегальных мігрантаў з Беларусі. Са слоў кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамаса Любаеваса, мігрантаў разгортвалі ўздоўж усёй літоўска-беларускай мяжы, пераважна ў ваколіцах Варэны. Як дадаў Любаевас, супрацоўнікі памежнай службы скарысталіся новымі паўнамоцтвамі аб аказанні сілавога супраціву нелегалам, аднак не ўдакладніў, якія канкрэтна меры ўжываліся да бежанцаў[35].

У ноч на 4 жніўня, паводле інфармацыі ад Дзяржпагранкамітэта, у раёне аграгарадка Беняконі пасля сігналу мясцовых жыхароў беларускія памежнікі выявілі збітага да паўсмерці іракца. Пацярпелы мігрант фактычна перапаўз кантрольна-следавую паласу з боку Літвы. На целе ахвяры — сляды жорсткага збіцця, мужчына знаходзіўся ў цяжкім стане. Памежнікі спрабавалі аказаць першую дапамогу, але нелегал памёр на месцы[36]. Міністр абароны Літвы Арвідас Анушаўскас адмаўляў дачыненне літоўскіх сілавікоў і заявіў, што гэты інцыдэнт падстроены[37].

  1. Migrantų krizė Lietuvoje: nuo absurdo iki tragedijos
  2. Migrantų krizė: Lietuvai paramą atsiuntė Austrija, Graikija, Suomija ir Slovėnija
  3. а б Главная проблема Литвы прямо сейчас — нелегальные мигранты из Беларуси // Meduza, 29 июля 2021
  4. Миграционный кризис в Европе. Досье ТАСС
  5. OECD: Migration Policy Debates. «OECD» (1 верасня 2015). — ОЭСР: Дебаты о миграционной политике. Праверана 18 кастрычніка 2015.
  6. Asylum and first time asylum applicants by citizenship, age and sex Monthly data (rounded). Eurostat (2 верасня 2015).
  7. а б Антон Ходасевич. ЛУКАШЕНКО МСТИТ ЗАПАДУ МИГРАНТАМИ // Независимая газета, 3 августа 2021
  8. История акций протеста в Белоруссии против результатов выборов президента // ТАСС, 13 августа 2020
  9. а б в г Нелегальные хроники: мигранты сводят Литву с ума
  10. Константин Эггерт. Мигранты в Литве: Лукашенко, "колючка" на границе и проблемы Вильнюса // Deutsche Welle, 23.07.2021
  11. Колючая проволока не спасает: нелегальные мигранты умудряются перебираться в Литву на участках, где построено спиральное заграждение(недаступная спасылка) // Комсомольская правда, 27 июля 2021
  12. Протестуют и мигранты, и местные: что происходит в Литве
  13. В Литве поймали рекордное число нелегалов // Lenta.ru, 2 августа 2021
  14. а б Белорусских пограничников засняли при «доставке мигрантов в Литву»
  15. Литва: нелегальных мигрантов возвращают в Беларусь, возможность применения силы зависит от ситуации
  16. На границе Белоруссии и Литвы погиб нелегальный мигрант // Lenta.ru, 4 августа 2021
  17. С тех пор как в Литве ужесточили порядок, в страну проникло лишь 35 беженцев
  18. а б «Он называл себя спасителем Европы». Литву захлестнул поток беженцев. Что ждет ЕС и как в этом замешан Лукашенко? // Белорусский партизан, 14 июля 2021
  19. а б Владимир Юрицые. Война Миров. «Багдадский экспресс» Александра Лукашенко // Интернет-газета Zonakz, 4 августа 2021
  20. Ирак на неопределенное время останавливает авиасообщение с Минском — RU.DELFI
  21. В приграничных краях Латвии введен режим ЧС // Sputnik, 10.08.2021
  22. reuters.com
  23. а б в Мигранты из Ирака взбунтовались в Литве // Sputnik, 24 июня 2021
  24. Жители Литвы протестуют против лагеря для нелегалов
  25. Алексей Поплавский. «Угроза христианскому миру»: в Литве требуют остановить поток нелегалов из Белоруссии Архівавана 4 жніўня 2021. // Газета.ru, 3 августа 2021
  26. Літва збіраецца ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы, Радыё Свабода, 9 лістапада 2021
  27. "Літва ўвяла надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю". Белорусский партизан. 2021-11-11. Архівавана з арыгінала 11 лістапада 2021. Праверана 9 лютага 2022.
  28. а б МЗС Беларусі: абвінавачванні ЕС у стварэнні міграцыйнага крызісу бяздоказныя // Sputnik Belarus, 3 жніўня 2021
  29. Lithuania says Belarus officers illegally pushed migrants over border. BBC (18 жніўня 2021). Праверана 18 жніўня 2021.
  30. Video footage taken by Latvian border guards show participation of Belarusian militarized units in trafficking of migrants to the border with Latvia. www.baltictimes.com. Праверана 9 верасня 2021.
  31. Naujas Lietuvos pasieniečių atsakas baltarusiams: «Mes gi irgi filmuojam». lrytas.lt (17 жніўня 2021).(недаступная спасылка)
  32. Радыё Свабода Архівавана 21 жніўня 2021.
  33. Straż graniczna publikuje nagranie działań białoruskich służb. Jest reakcja Mińska — Wiadomości (польск.). wiadomosci.radiozet.pl (9 верасня 2021). Праверана 9 верасня 2021.
  34. Возле беларусско-литовской границы нашли тело мигранта, reform.by (руск.)
  35. а б Белоруссия обвинила Литву в избиении мигрантов // Lenta.ru, 3 августа 2021
  36. Белорусскими пограничниками обнаружен избитый до полусмерти гражданин Ирака // Беларусь Сегодня, 4 августа 2021
  37. Литва обвинила Лукашенко в планировании инцидента с убитым нелегалом