Пагоня
«Пагоня», герб ВКЛ | |
---|---|
Версіі | |
Сярэдні герб ВКЛ. 1555 г. | |
Дэталі | |
Носьбіт | Вялікае Княства Літоўскае |
Зацверджаны | XIV стагоддзе |
Заснаванне | 1918 |
Выкарыстанне | былы дзяржаўны герб Беларусі |
«Пагоня» — асабісты герб польскага караля Уладзіслава Ягайлы, пазней агулам роду Гедзімінавічаў, атрымаў дзяржаўны статус у Вялікім Княстве Літоўскім[1] ва ўладарства вялікага князя Вітаўта[2]. Традыцыйны нацыянальны герб беларусаў[3]. Дзяржаўны герб Беларускай Народнай Рэспублікі (1918—1919) і Рэспублікі Беларусь (1991—1995), пад назвай «Віціс» дзяржаўны герб Літвы.
Уяўляе сабою выяву ўзброенага воіна на белым кані на чырвоным полі шчыта. Вершнік трымае ва ўзнятай правай руцэ меч, у левай — белы, чырвоны або сіні шчыт з залатым шасціканцовым крыжам. На левым баку ў вершніка похвы мяча, з-пад сядла звісае трохканцовая гунька (чапрак) , яе колер ў розныя часы мяняўся ад сіняга да залаціста-жоўтага[4].
14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь надаў гербу «Пагоня» статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці[5].
Вытокі
[правіць | правіць зыходнік]На ўзнікненне герба «Пагоня» і замацаванне яго на землях Вялікага Княства Літоўскага ўплываў шэраг чыннікаў, кожны з іх асобна не быў вырашальным[7]:
- Пэўны ўплыў агульнаеўрапейскай геральдычнай традыцыі коннай выявы феадальнага валадара на яго пячатцы (у т.л. у Польшчы, Чэхіі[8], германскіх землях, Ордэне тампліераў, гэты ж уплыў заўважны на пячатках наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча, полацкага князя Нарымонта-Глеба і інш.)
- Атаясненне герба «Пагоня» з асобай абаронца Айчыны і адлюстраванне тагачаснага жыцця краю, пад сталай ваеннай пагрозай.
- Уплыў грэка-хрысціянскіх культаў — святых Дзімітрыя Салунскага і Георгія Пераможцы, адаптацыя іх да мясцовай традыцыі і фарміраванне культу ўласных заступнікаў, у спалучэнні з постацямі святых князёў Барыса і Глеба.
- Выказвалі таксама думку пра персаніфікацыю паганскага бога Ярылы, аднак, яго культ з’явіўся толькі ў XVIII ст. і лакальна, а шырокавядомы стаў як адзін з «кабінетных багоў» яшчэ пазней.
Вершнік на пячатцы — спачатку конны партрэт вялікага князя літоўскага, пазней быў пераасэнсаваны як сімвал пагоні — даўняй традыцыі агульнага пераследу ворага. На думку Міхася Ткачова, сімвалізм «Пагоні» сягае ў даўніну да племянной ваеннай арганізацыі, калі кожны быў адказны за жыцці супляменнікаў. У выпадку нападу кожны мужчына, які мог насіць зброю, быў абавязаны ўдзельнічаць у абароне і пагоні за ворагам. Традыцыя агульнай пагоні з’явілася ў часы ваеннай дэмакратыі, захоўвалася ў часы Кіеўскай дзяржавы і потым Вялікага княства Літоўскага. Пад уплывам еўрапейскай геральдыкі і рыцарскіх традыцый ідэя абароны Айчыны, спалучаная з традыцыяй агульнай пагоні, увасобілася ў разуменні графічнага сімвала — герба «Пагоня»[9].
Кароль і вялікі князь Ягайла ў прывілеі ад 20 лютага 1387 года пісаў: «Калі будзе патрэба праследаваць якіх бы там ні было ворагаў, непрыяцеляў і самой зямлі нашай Літоўскай уцекачоў, то для праследавання такім спосабам, які традыцыйна завецца пагоняй (pogonia), абавязаны выступаць не толькі людзі, хто носіць зброю, але і кожны мужчына, у якіх бы абставінах ці становішчы ён ні знаходзіўся, толькі б мог насіць ваенную зброю»[10].
Працяглы час герб не меў уласнай назвы і падаваўся апісальна, напрыклад як «чоловека на кони з мечом» у Хроніцы Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцка[11]. Назва герба як «Пагоня» зафіксавана толькі з канца XVI ст.[2]. Версія пра ўжыванне такой назвы ўжо ў 1282 годзе, якую можна сустрэць у літаратуры[12], ідзе ад Тэадора Нарбута.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Выява конніка адзін папулярнейшых сімволаў розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам «Пагоні» было заходнееўрапейскае іканаграфічнае выражэнне тытула князь (dux) у XI—XIII ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом абр прапарцом і са шчытом, на кані, які крочыць або бяжыць галопам[13]. Выкарыстанне сімвала «Пагоня» як герба легендарных літоўскіх князёў на землях старадаўняй Беларусі летапісамі XVI ст., то бок часу калі гербы быў рэальнасцю, апісваецца з 1270—1290-х гадоў.
- Пячатка Багуслава I, князя люцічаў, 1170 год
- Пячатка Мікалая, суправіцеля бодрычаў, 1189 год
- Пячатка Казіміра I Апольскага, 1226 год
- Пячатка наўгародскага князя Аляксандра Яраславіча. Аверс, пасля 1236 года
- Пячатка вялікага князя маскоўскага Дзмітрыя Іванавіча, XIV ст.
- Пячатка полацкага князя Нарымунта Гедзімінавіча, 1338 год
- Пячатка князя Скіргайлы, 1386 год
- Пячатка Лугвена Альгердавіча, 1395 год
- Выява з пячаткі вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, 1432 год
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першая згадка гербу ўзору «Пагоні» ў беларуска-літоўскіх летапісах XVI ст. сустракаецца пад 1278 годам у сувязі з легендарным князем Нарымонтам, быццам малодшым братам вялікага князя літоўскага Трайдзеня:
Той Наримунт мел герб, або клейнот, рицерства своего таковый, и тым печатовался, Великому князству Литовскому зоставил его, а то такий: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном, мечъ голый, яко бы кого гонячи держал над головою, и есть оттоля названый «погоня». Хроніка Літоўская і Жамойцкая[14][15] |
Густынскі летапіс XVII ст. кажа пра ўзнікненне герба ўзору «Пагоні» ў часы вялікага князя літоўскага Віценя (1294—1316):
А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцар збройный на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня. Густынскі летапіс[16] |
Магчыма, на праўдзе сімвал узору «Пагоні» ўпершыню з’яўляецца на пячатцы вялікага князя Гедзіміна (1316—1341)[18][19]. Выява на гэтай пячатцы Гедзіміна адрознівалася ад пазнейшай «Пагоні» — коннік трымаў у руцэ дзіду, а не меч, цяпер пячатка захоўваецца ў гістарычным музеі Вільні. Пэўна ж сімвал узору «Пагоні» вядомы на пячатцы полацкага князя Нарымонта-Глеба Гедзмінавіча, датаванай 1330 годам[20][21]. Магчыма, быў сімвал узору «Пагоні» і на пячатцы вялікага князя Альгерда, якой ён у 1366 годзе замацаваў дагавор з польскім каралём Казімірам, паводле Гумоўскага, вакол выявы вершніка на гэтай пячатцы быў «рускі» надпіс[22].
У першыню выяву вершніка змясцілі на геральдычным шчыце ў XIV ст. на пячатцы польскага караля Уладзіслава Ягайлы (1386 і 1387), на гэтай гэтай жа пячатцы ўпершынб быў выяўлены і падвоены крыж, такім чынам, аформіўся герб пазней вядомы як «Пагоня». Потым выява вершніка на геральдычным шчыце вядома на пячатцы вялікага князя Вітаўта (1401), але яна спалучалася не з падвоеным крыжам, а з Калюмнамі. Пазней гэты герб менавіта ў версіі створанай для Ягайлы стаў гербам Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ пазней атрымаў назву «Пагоня». У канцы XIV ст. сімваламі ўзору «Пагоні» карысталіся не толькі Гедземінавічы, але і некаторыя Рурыкавічы.
Сімвал ўзору «Пагоня» на пачатку не быў стабільны, напрыклад, коннік мог глядзець у левы (геральдычны) бок, але з 1-й паловы XV ст., паводле правілаў еўрапейскай геральдыкі, яго стабільна павярнулі ў правы бок.
Першая выява «Пагоні» з шасціканцовым крыжом з’явілася на гербавай пячатцы польскага караля Ягайлы[21]. Пра вытокі крыжа выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі, але ён адназначна мае хрысціянскае паходжанне. Тым часам тлумачэнне крыжа з «Пагоні» як сімвала паганскага бога Ярылы лічаць неверагодным[2].
- Вітаўт (1385)
- Вітаўт (1426)
- Аляксандр (1501)
- Жыгімонт Аўгуст (1539)
Паводле Статута 1588 года, усе паветы мусілі мець пячатку з выявай «Пагоні», якой замацоўваліся гаспадарскія (вялікакняжацкія) судовыя позвы да абывацеляў, іншыя дакументы замацоўваць гэтымі пячаткамі забаранялася:
Тежъ мы, господаръ, даемъ подъ геръбомъ того паньства нашого, великого князства литовъского, «Погонею» печать до кожъдого повету, на которой естъ написани около геръбу имя того повету. А тую печать писаръ земъский присяжный у себе самъ, а не хъто инъшый, ховати маеть, которою печатью и под тытуломъ нашымъ позвы мають быти печатованы и выдаваны. А иные никоторые листы, выписы и сознанья, кроме только самыхъ позвовъ, тою печатю не маеть быть печатованы. АРТЫКУЛ 12 // Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года |
На працягу XV—XVIII ст. «Пагоню» змяшчалі на брамах гарадоў і замкаў[21]. Гэта знайшло адлюстраванне ў гарадской геральдыцы — напрыклад, на гербе Магілёва. Таксама «Пагоня» ўваходзіла ў склад гербаў Беластока, Дрысы, Лепеля, Магілёва, Пулаў, Рэчыцы, Седльцаў і Суража.
Розныя версіі «Пагоні» сталі гербамі шэрага ваяводстваў Вялікага Княства Літоўскага — Віленскага, Менскага, Берасцейскага, Новагародскага, Мсціслаўскага, Полацкага. На думку Цітова, гербы з выявай «Пагоні» прыпадаюць на этнічную тэрыторыю беларусаў, а суседнія землі мелі іншыя[23].
- Мсціслаўскае
- Берасцейскае
- Віцебскае
- Менскае
- Полацкае
Агулам, вядома пяць варыянтаў[24] сярэдневяковай «Пагоні»:
- Класічная — у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
- Такі ж яздок, але ва ўздзетай руцэ дзіда, якую ён рыхтуецца кінуць у ворага.
- Голы (без засцерагальнага ўзбраення) яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Іканаграфія такога варыянта не сустракаецца, але вядома падобная версія XVII ст. Маскоўскага герба.
- Т. зв. «Малая Пагоня»: на шчыце толькі асноўная дэталь герба — збройная рука з голым мячом. Колер поля чырвоны або залаты. Існуе дзве адметныя версіі «Малой Пагоні».
- «Татарская Пагоня»: у зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука ў сваіх насцігаючых.
З мінімальнымі стылістычнымі зменамі «Пагоня» была дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага і часткай герба Рэчы Паспалітай да 1795 года, калі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі апынулася ў складзе Расійскае імперыі.
У Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ па захопе ўсходняй часткі Вялікага Княства Літоўскага Расійскай імперыяй (1772) царскі ўрад пастанавіў стварыць Палявы гусарскі беларускі полк. У 1775 годзе ён быў укамплектаваны выхадцамі з Беларускай губерні. Гэты полк атрымаў у наступным годзе ўласны штандар з гербам, дзе шчыт падзелены на два полі: у верхнім, залатым, выява чорнага двухгаловага арла, а ў «дольнай чырвонай частцы выява Літоўскага ўзброенага ездака на белым кані з уздзетай шабляй». Прыкладна ў той жа час (1870-я гады) утварыўся і Полацкі Мушкецёрскі полк. Ён атрымаў у якасці герба на баявы сцяг рассечаны шчыт: у правым залатым полі выява палавіны чорнага расійскага арла, у левай, чырвонай, — «Пагоня». Згодна з указам ад 19 верасня 1827 году «Пагоняй» упрыгожваліся сцягі лейб-гвардыі Гарадзенскага гусарскага палка.
Герб «Пагоня» знайшоў сваё адлюстраванне не толькі на штандарах вайсковых частак, што фарміраваліся з ураджэнцаў Беларусі, але і на гербах «беларускіх» (Полацкае намесніцтва, Магілёўскае намесніцтва, Віцебская губерня) ды «літоўскіх» (Гродзенская губерня і Віленская губерня) адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Расійскай імперыі.
- Гродзенская губерня (да 1845 г.)
Апроч таго, былы агульнадзяржаўны сімвал увайшоў у склад гербаў шэрага ўсходніх беларускіх гарадоў (Віцебск, Веліж, Гарадок, Дзвінск, Дрыса, Лепель, Магілёў, Невель, Полацк, Себеж, Сураж, Чэрыкаў). У кожным з нададзеных расійскімі ўладамі гербаў шчыт падзяляўся на дзве часткі: у верхняй, па геральдычных паняццях «пануючай», размяшчаўся двухгаловы арол, а ў дольнай, «падпарадкаванай» — «Пагоня».
У канцы 1850-х гадоў «Пагоню» змясцілі на дзяржаўным гербе Расійскай імперыі як сімвал былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.
У час паўстання 1863—1864 гадоў герб «Пагоня» ў спалучэнні з польскім «Арлом Белым» зрабіўся сімвалам нацыянальна-вызваленчай барацьбы за дэмакратычную перабудову грамадства. Кіраўнік задушэннем паўстання Мураўёў-вешальнік аддаў распараджэнне аб забароне нашэння жалобных і рэвалюцыйных знакаў — чорных шапак з белымі султанамі, спражак з аб’яднаным гербам Польшчы і Літвы.
Такім чынам, герб «Пагоня» ў XIX ст. з аднаго боку з’яўляўся афіцыйным сімвалам, а з іншага — неафіцыйным, рэвалюцыйна-дэмакратычным. Але ва ўсіх выпадках ён атаясамліваўся з канкрэтнай тэрыторыяй — тэрыторыяй сучаснай Беларусі[25].
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]У пачатаку 20 стагоддзя герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваўся беларускім нацыянальным рухам. Ідэю вяртання да гістарычнага дзяржаўнага сімвала ў паэтычнай форме выказаў Максім Багдановіч, які ўвосень 1916 года напісаў верш «Пагоня».
У 1918 годзе «Пагоню» абвясцілі дзяржаўным гербам Беларускай Народнай Рэспублікі, яе выява размяшчалася на пячатках беларускіх дзяржаўных устаноў. Нацыянальны беларускі герб ужываўся ў сімволіцы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну (1920).
У 1920 годзе літоўцы ўзялі за герб уласнай незалежнай дзяржавы варыянт герба Вялікага Княства Літоўскага — «Віціс». У літоўскай мове не было слова для яго абазначэння, Сіманас Даўкантас яшчэ ў 1845 годзе прапанаваў называць «Пагоню» словам «Віціс»[26]. Выкарыстанне герба Вялікага Княства Літоўскага мусіла падмацаваць прэтэнзіі Літоўскай Рэспублікі на гістарычную пераемнасць з ім. Аднак у 1920—1930-я гады многія дзяржаўныя дзеячы Літвы адзначалі неадпаведнасць гэтага герба менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 годзе прэм’ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне «Пагоні» і паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага герба. Відавочна, гэтую працу спынілі падзеі 1939—1940 гадоў[27][28].
У міжваенны час «Пагоня» ўжывалася ў Заходняй Беларусі на гербах Віленскага, Палескага, Падляшскага і Наваградскага ваяводстваў Польскай Рэспублікі. Тым часам у БССР герб «Пагоня» ніяк не выкарыстоўваўся.
Падчас Другой сусветнай вайны герб «Пагоня» разам з іншымі нацыянальнымі сімваламі вярнула да ўжытку Беларуская Цэнтральная Рада. Але, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944)[29], гэтае выкарыстанне было неафіцыйным да апошніх дзён нямецкай акупацыі. Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гаўляйтарам Беларусі Вільгельмам Кубэ і надрукаванае ў газеце «Раніца» (27 чэрвеня 1942), пра дазвол карыстацца «Пагоняй» побач з нямецкай сімволікай «пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці», аказалася, па выніках пазнейшых даследаванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі[27].
25 сакавіка 1946 года для цырымоніі прыняцця прысягі сяброў Саюза беларускіх патрыётаў на вернасць Беларусі дзяячка нацыянальна-вызваленчага руху Алеся Фурс намалявала «Пагоню», за што была асуджаная да 25 гадоў савецкіх канцэнтрацыйных лагераў.
У пасляваенны час беларускую нацыянальную сімволіку, у тым ліку і «Пагоню», выкарыстоўвала беларуская эміграцыя.
- Медаль II з’езду «Згуртаваньня Беларускіх Скаўтаў на Чужыне»
- Помнік «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы
- Помнік загінулым у 1939—1945 беларусам у нямецкім горадзе Ляймен, усталяваны Ю. Жывіцам
- Паштовая марка, выпушчаная ў 1950 годзе беларускай дыяспарай
А ў 1980-я гады напярэдадні распаду СССР герб «Пагоня» разам з бел-чырвона-белым сцягам зрабіліся сімваламі нацыянальнага адраджэння Беларусі. Вяртанню беларускай нацыянальнай сімволікі спрыялі гістарычна-культурныя аб’яднанні і клубы («Талака», «Паходня», «Узгор’е» і інш.) і Беларускі Народны Фронт, а таксама партыі дэмакратычнага кірунку (БСДГ, НДПБ, Сялянская партыя, АДПБ і інш.)[30].
Афіцыйнае прызнанне «Пагоні» і бел-чырвона-белага сцяга як нацыянальных сімвалаў беларусаў адбылося разам з прыняццем Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі (1990). Пад гэтай сімволікай прайшлі красавіцкія і майскія забастоўкі працоўных Беларусі 1991 года, якія адыгралі сваю ролю ў крушэнні таталітарызму ў краіне[30]. А 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь»[31]. Дзяржаўным гербам Беларусі стаў старажытны беларускі герб «Пагоня», Дзяржаўным сцягам Беларусі — Бел-чырвона-белы сцяг[30].
Выгляд той рэдакцыі герба «Пагоня», якая была прынята ў якасці дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у 1991 г., мае наступныя адметнасці:
- шчыт рыцара белы, з залатым крыжам Еўфрасінні (патрыяршым);
- старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
- конь у статычнай (абарончай) позе.
Новы эталон «Пагоні» быў спецыяльна распрацаваны беларускімі мастакамі Яўгенам Кулікам, Уладзімірам Крукоўскім і Львом Талбузіным[32].
Аднак у 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка, які быў абраны прэзідэнтам краіны ў 1994, ініцыяваў рэферэндум, у выніку якога «Пагоню» пазбавілі статусу дзяржаўнага герба, і яна трапіла пад негалосную забарону.
У 2000-я гады герб «Пагоня» быў уключаны ў дзяржаўны спіс нематэрыяльных гістарычна-культурных каштоўнасцей Беларусі, а ў 2009 годзе «Пагоня» стала афіцыйным гербам Віцебскай вобласці.
Падчас расійскага ўварвання ва Украіну, распачатага ў 2014 годзе, а таксама падчас другога ўварвання ў 2022 годзе, гербам «Пагоня» карысталіся беларускія добраахвотнікі на баку Украіны, у прыватнасці атрад «Пагоня», тактычная група «Беларусь», полк Каліноўскага і беларускі полк «Пагоня».
Сучаснасць
[правіць | правіць зыходнік]У наш час «Пагоняй» як нацыянальным гербам працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі. Акрамя таго, герб «Пагоня» актыўна выкарыстоўваецца ў спартыўных і культурных мерапрыемствах па-за межамі краіны.
Сёння «Пагоня» ёсць на эмблемах некалькіх беларускіх грамадскіх аб’яднанняў:
- Партыя БНФ
- Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ
- Згуртаванне Беларусаў Свету «Бацькаўшчына»
- Беларускі Хельсінкскі камітэт.
«Пагоню» маюць у сваім складзе гербы наступных населеных пунктаў:
- Беласток
- Бранск
- Веліж
- Дрыса
- Ізяслаў
- Лепель
- Ліпнішкі
- Людзвінавас
- Магілёў
- Невель
- Пулавы
- Рэчыца
- Себеж
- Седльцы
Наступныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі маюць «Пагоню» ў складзе сваіх гербаў:
- Бельскі павет
- Віцебская вобласць
- Гомельская вобласць
- Падляскае ваяводства
- Жытомірская вобласць
- Сямяціцкі павет
Таксама версія «Пагоні» з’яўляецца гербам Літвы.
Апроч гэтага, стылізаваная выява «Пагоні» як герба Вялікага Княства Літоўскага прысутнічае на найвялікшым у свеце фарфоравым пано «Шэсце князёў» у Дрэздэне.
У прыватных гербах
[правіць | правіць зыходнік]У філатэліі
[правіць | правіць зыходнік]- Марка БНР з Пагоняй.
- Марка БНР з Пагоняй.
- Пагоня як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Стандартная марка з Пагоняй.
- Міхал Клеафас Агінскі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
- Тадэвуш Касцюшка ў абрамленні вянка з Пагоняй.
- Якуб Ясінскі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
- Тамаш Ваўжэцкі ў абрамленні вянка з Пагоняй.
- Язэп Драздовіч з карцінай «Пагоня».
- Прысвячэнне Грунвальдскай бітве.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Sandomierz 14 ст.
- З Codex Bergshammar , 1441—1456
- З Wappen besonders von deutschen Geshlchtern, 1475
- З Das Wappenbuch Conrads von Grünenberg, 1480
- З Das Wappenbuch Conrads von Grünenberg, 1480
- З гербоўніка 1-й пал. 16 ст.
- З Sammelband mehrerer Wappenbücher, каля 1530
- З I Статута, 1531
- З Stemmata Polonica, каля 1555
- Фрагмент шпалеры, каля 1555
- З Arma regni Poloniae, 1572
- З Маскоўскага тытулярніка, 1672
- Харугва Аўгуста Моцнага, 1702
- З Сенатарскай залы, 1720-я
- Вайсковая харугва ВКЛ, 1764—1792
- Эталон Пагоні 1991 года
- Герб БНР
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ а б в Насевіч В. Сімвал Вялікага княства Архівавана 18 красавіка 2010. // «Чырвоная Змена» № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
- ↑ М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 391.
- ↑ Дайнюс Разаўскас. Белы Вершнік з узнятым мячом на чырвоным фоне. Сімволіка герба Вялікага княства Літоўскага // DRUVIS №2. Almanach Centru etnakasmalohiji «Kryuja» / Пад. рэд. Тодара Кашкурэвіча. — Мн., 2008. — С. 137. — 242 с. — 299 экз.
- ↑ Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2011. Праверана 27 лютага 2022.
- ↑ Сьцяг і герб // «Мастацтва» № 8, 1992.
- ↑ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 98.
- ↑ А. Л. Хорошкевич. «Конные печати» Александра Невского и традиции средневековой сфрагистики // Князь Александр Невский и его эпоха. — С-Пб., 1995.
- ↑ М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы
- ↑ Земский привилей боярам-католикам ВКЛ (1387) . starbel.by. Праверана 12 кастрычніка 2023.
- ↑ ПРСЛ, т. XXXV.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. с.132
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. с.131-132
- ↑ Хроника Литовская и Жемайтская // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ↑ Хроника Быховца // ПСРЛ. Т. 32 — М.: Наука, 1973.
- ↑ Густынская летопись // ПСРЛ. Т. 40. — СПб., 2003.
- ↑ Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 106.
- ↑ У. А. Юргенсон. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі i нумізматыкі Архівавана 14 студзеня 2010. // «Беларускі гістарычны часопіс» № 8, 2003.
- ↑ Аляксей Шаланда. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага // «Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne» № 16.
- ↑ а б Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010. С. 99.
- ↑ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 392.
- ↑ Gumowski M. Pieczecie Ksiazat Litewskich // Ateneum Wilenskie. R. VII. Z. 3—4, 1930. S. 709—710.
- ↑ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 25—26.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 144.
- ↑ Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993. С. 36.
- ↑ Як здарылася, што Жамойць пачала называцца Літвою? // 100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. І. Сверчанка, Зм. Занько. ― Мн.: рэдакцыя газета «Звязда», 1993. ― с. 54
- ↑ а б Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 155.
- ↑ Міхась Скобла. Анатоль Цітоў: «Гербу „Пагоня“ — 730 гадоў» Архівавана 11 жніўня 2011. // Радыё Свабода, 31 студзеня 2008.
- ↑ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5. С. 156.
- ↑ а б в М. А. Ткачоў. Беларускія нацыянальныя сімвалы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. С. 393.
- ↑ s:Заканадаўчыя акты аб дзяржаўнай сімволіцы Рэспублікі Беларусь (1992)
- ↑ Артыкул С.Мікулевіча «Сапраўдныя беларускія сімвалы» ў «Нашай Ніве»
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цітоў А. Наш сімвал — Пагоня: Шлях праз стагоддзі. — Мн.: Полымя, 1993.— 40 с.: іл. ISBN 5-345-00740-3.
- Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999. — 176 с. — ISBN 985-6299-36-5.
- Цітоў А. К. Геральдыка Беларусі. — Мн.: МФЦП, 2010.— 144 с.: іл. ISBN 978-985-454-500-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Шаланда А. Пагоня // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 382. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Латышонак А. Дзяржаўная сымболіка Беларускай Народнай Рэспублікі Архівавана 13 мая 2009. // Жаўнеры БНР. Беласток-Вільня, 2009. С. 303—306.
- Лялькоў Ігар. Пытаньне дзяржаўнай сымболікі ў Беларусі: гісторыя і сучасны стан Архівавана 7 ліпеня 2007. // ARCHE № 1, 2002.
- Насевіч В. Сімвал Вялікага княства Архівавана 18 красавіка 2010. // Чырвоная Змена № 33 (13891), 28 сакавіка 1995.
- Юргенсон У. А. Эвалюцыя дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага па дадзеных сфрагістыкі і нумізматыкі Архівавана 14 студзеня 2010. // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 8.
- Аляксей Шаланда. Генезіс «Пагоні» — дзяржаўнага герба Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага Архівавана 19 лістапада 2008. // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 16
- Як узніклі нашы дзяржаўныя сімвалы? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Пагоня ў Вікіцытатніку | |
Пагоня на Вікісховішчы |
- Нацыянальныя сімвалы Беларусі(недаступная спасылка) (27 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 20 красавіка 2017. Праверана 16 лютага 2015.
- Герб Беларусі ў фармаце Corel DRAW(недаступная спасылка) (27 кастрычніка 2010). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 16 лютага 2015.
- Гербы беларускай шляхты Архівавана 20 жніўня 2017. Герб Пагоня і яго карыстальнікі (бел.)
- Сяргей Мікулевіч. Сапраўдныя беларускія сімвалы . Наша Ніва (3 сакавіка 2012).
- «Пагоня» працягласцю восем вякоў / Загадкі беларускай гісторыі на YouTube
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |